Выбух і пажар на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» (2010)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Выбух і пажар на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»
Тып Выбух, пажар
Прычына Парушэнне рэжыму эксплуатацыі абсталявання
Месца Пінск
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Дата 25 кастрычніка 2010
Час ~13:00 UTC+3
Загінулых 14
Пацярпелых 21
Пінск (Беларусь)
Пінск
Пінск

Выбух і пажар на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» у Пінску адбыліся 25 кастрычніка 2010 года[1]. Па дадзеных на 1 лістапада, загінула 14 чалавек[2]. Па інфармацыі Міністэрства працы, гэта буйнейшая прамысловая аварыя ў Беларусі за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў[3].

Выбух на заводзе па вытворчасці драўняна-стружкавых пліт адбыўся прыкладна ў 13:00 25 кастрычніка. У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях лічаць, што выбух адбыўся з-за «адкладанняў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул»[2]. З-за выбуху пачаўся пажар; акрамя таго, адбылося абвальванне даху памяшкання, дзе знаходзілася 48 чалавек. Пажар быў ліквідаваны ў 15:14 дзякуючы дзеянням больш за 10 пажарных разлікаў[4].

Два чалавекі загінулі на месцы. Усяго ў Пінскую цэнтральную бальніцу прывезлі 18 чалавек (па іншым дадзеным, 19[1]); большасць з іх потым перавялі ў бальніцы Мінска і Брэста. 15 з іх знаходзіліся ў рэанімацыі; 14 чалавек атрымалі апёкі III і IV ступеняў (найбольш цяжкія) больш чым 60 % цела[5]. 3 і 4 лістапада былі абвешчаны днямі жалобы ў Брэсцкай вобласці[6].

Спіс памерлых[2]
  • Жукоўскі Віктар Канстанцінавіч (1955 г.н.)
  • Казюр Генадзь Фёдаравіч (1964 г.н.)
  • Калодзіч Аляксандр Сяргеевіч (1987 г.н.)
  • Квашалі Алег Юр’евіч (1962 г.н.)
  • Мароз Аляксандр Міхайлавіч (1987 г.н.)
  • Міхаевіч Аляксандр Міхайлавіч (1976 г.н.)
  • Муга Ігар Афінагенавіч (1971 г.н.)
  • Рапута Яўген Валер’евіч (1984 г.н.)
  • Саковіч Кацярына Сяргееўна (1986 г.н.)
  • Старадуб Міхаіл Іванавіч (1958 г.н.)
  • Тарэлка Сяргей Мікалаевіч (1985 г.н.)
  • Хамлюк Аляксандр Мікалаевіч (1959 г.н.)
  • Шаўчук Мікалай Аляксандравіч (1950 г.н.)
  • Шынкарук Аляксандр Анатолевіч (1974 г.н.)

Паводле словаў супрацоўнікаў прадпрыемства, калі яны прапанавалі кіраўніцтву холдынгу ўшанаваць памяць загінулых хвілінай маўчання, адказам сталі пагрозы, што, калі ў кагосьці спыніцца станок ці хтосьці проста спыніць працу, той ён будзе неадкладна звольнены[7].

Зноскі