Гісторыя Слуцка
Слуцк — старажытны магдэбургскі горад, цэнтр гістарычнага рэгіёна (частка Наваградчыны), колішняя рэзідэнцыя князёў Алелькавічаў. У часы Радзівілаў горад стаў цэнтрам вытворчасці шаўковых паясоў, аднаго з сімвалаў беларусаў. У 1920 годзе ў ваколіцах Слуцка адбылося ўзброенае выступленне ў абарону незалежнасці Беларусі. Да нашага часу захаваліся барочныя царква Святога Міхала Арханёла і жылы корпус кляштара бернардзінцаў, класіцыстычныя будынкі дваранскага сходу, кальвінскай гімназіі. Сярод мясцовых славутасцей вылучаліся гарадскія ўмацаванні з трыма мураванымі брамамі, зруйнаваныя расійскімі ўладамі , а таксама царква Святой Тройцы, касцёл Святога Антонія, кальвінскі збор і сінагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагоддзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі . Акрамя таго, у горадзе знаходзілася вялікая колькасць помнікаў драўлянай сакральнай архітэктуры часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Ранняе Сярэдневякоўе
[правіць | правіць зыходнік]Першай пісьмовай згадкай Слуцка традыцыйна лічыцца запіс у «Аповесці мінулых часоў»: «В лѣто 6624. Приходи Володимеръ на Глѣба; Глѣбъ бо бѧше воевалъ Дрѣговичи и Случескъ пожегъ…»[1]. Між тым, у розных гістарычных крыніцах існуюць упамінанні Слуцка раней за 1116 год, якія не маюць спасылак на дакументы: паводле звестак кіева-пячэрскага архімандрыта Іосіфа Трызны (XVII ст.), Уладзімір Святаславіч надаў Тураўскай епархіі ў 1005 годзе разам з іншымі гарадамі і Слуцк[2].
Магчыма, каля 1020-х гадоў у абмен на ваенную падтрымку Кіева Полацкаму княству былі перададзены Менск з акругай, праз што Слуцк надоўга стаў памежным фарпостам Тураўскай воласці, што цягам двух наступных стагоддзяў вызначала яго сувязі.
У пачатку ХІІ стагоддзя Слуцк з наваколлямі некалькі разоў ваяваў Глеб Менскі, але беспаспяхова.
У 1149 годзе Юрый Далгарукі перадаў Слуцк («и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче») чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу.
У 1160 годзе Слуцк стаў сталіцай удзельнага Слуцкага княства, першым князем якога быў Уладзімір Мсціславіч, унук Уладзіміра Манамаха. Яго княжанне доўжылася два гады, пасля чаго яго зрынула кааліцыя князёў, ачоленых Расціславам Мсціславічам: «Рюрик и Святополк Гюргевичь Туровьским и Святослав Всеволодович с братомъ Ярославом и съ Олгомъ Святославичем и с Володимиричемъ и съ Кривьскими князьми идоша къ Случьску». На кароткі час Слуцкае княства ўвайшло ў склад Тураўскага, але ў 1190-я гады канчаткова адасобілася ад іншых[2].
Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]У першай палове XIV стагоддзя разам з іншымі землямі сучаснай Беларусі ў склад Вялікага Княства Літоўскага ўвайшло і Слуцкае княства. Уладзімір Альгердавіч, брат Ягайлы, замест Кіеўскага княства атрымаў меней значнае Слуцкае. Алелькавічы, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча, валодалі княствам у 1395—1612 гадах[2].
У XV стагоддзі Слуцк стаў адным з буйных феадальных гарадоў. Ён меў Верхні, Ніжні і Новы замкі. Узрасла яго роля і ў палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Так, у 1433 годзе горад быў цэнтрам выступлення незадаволеных феадалаў супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча[3]. У 1481 годзе тут спланавалі і распачалі выступленне ўжо супраць Казіміра Ягайлавіча[3].
У грамаце 1441 года вялікі князь Казімір пералічыў 15 найбольш буйных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, сярод якіх значыўся і Слуцк. 21 красавіка 1441 года трэцім з гарадоў сучаснай Беларусі яму надалі права на самакіраванне[4]. Слуцк таксама стаў першым прыватнаўласніцкім горадам, які атрымаў Магдэбургскае права, бо ўсе папярэднія знаходзіліся ў дзяржаўнай уласнасці. Органам самакіравання з’яўляўся магістрат, ачолены войтам і бурмістрамі[3].
У 1502 годзе адбыўся першы набег татараў на Слуцк. Князь Сямён Алелькавіч з ваяводзічам падольскім Янам Бучацкім разбілі загон татараў колькасцю 150 чалавек (паводле звестак Хронікі Літоўскай і Жамойцкай — 1500)[5] на рацэ Ушы пад Бабруйскам[6]. У Хроніцы Быхаўца ёсць звесткі на гэты конт:
Тою ж восенню прыйшла вестка каралю Аляксандру, што татары, перайшоўшы раку Прыпяць, ваююць па валасцях. І кароль напісаў да князя Сямёна Міхайлавіча Слуцкага і паслаў яму на дапамогу ваяводзіча падольскага Яна Бучацкага, а з ім дваран сваіх літоўскіх ды рускіх і рацаў нямала. Князь жа Сямён Слуцкі з панам ваяводзічам і з усімі вышэйназванымі дваранамі гналіся за татарамі і дагналі некаторых за Бабруйскам, за шэсць міль ад горада, на рацэ Ушы. Было іх толькі паўтараста. І, дагнаўшы, пабілі іх і назад вярнуліся.
Арыгінальны тэкст (англ.)Toie że oseni pryde west korolu Alexandru, iże tatarowe, pereszedszy reku Prypiat, wojuiut po wołostem. Korol że pisał do kniazia Semena Michayłowicza Słuckoho, y posłał k nemu na pomocz wojewodycza podolskoho pana Jana Buczackoho, a s nim dworan swoich litowskich y ruskich y racow nemało; kniaź Semen że Słucki z panom wojewodyczom y so wsimi wyszereczennymi dworany honili za tatary y dohnali ich nemnohich za Bobruyskom w szesty milach, na rece na Usze; było ich tolko pułtorasta.
5 жніўня 1506 года, пад час аднаго з татарскіх набегаў, войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Міхалам Глінскім ушчэнт разбіла крымскіх татараў пад Клецкам.
З 1507 года Слуцк увайшоў у склад Наваградскага ваяводства, у гэты час тут быў замкавы суд і месца збору паспалітага рушэння[7]. У 1508 годзе князь Міхал Львовіч Глінскі ўчыніў феадальны мяцеж, пад час якога Слуцк быў спалены, акрамя замку. З прычыны разбурэння горада і знішчэння большай часткі ягонага насельніцтва татарамі, а таксама паўстання князь слуцкі Сямён Алелькавіч адклікаў права на самакіраванне[8].
Па смерці Юрыя Алелькавіча (1578 год) у 1582 годзе Слуцк падзялілі паміж сабой тры ягоныя сыны: Старое Места, Новае Места і Востраў (прадмесце па-за гарадскімі ўмацаваннямі) — у кожнай з якіх быў свой князь і войт[9]. Такім чынам, горад кіраваўся трыма князямі і трыма войтамі. Слуцк быў зноў аб’яднаны ў 1592 годзе: па смерці Юрыя ў маі 1586 года, Аляксандра — у чэрвені 1591 года і Яна Сямёна — у сакавіку 1592 года ўся спадчына дасталася маленькай дачцэ Юрыя Соф’і, якую апякаў спачатку Юрый, а потым яго брат Геранім Хадкевіч.
Соф’я, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў[10], памерла 19 сакавіка 1612 года пад час родаў, нарадзіўшы нежывое дзіця[11], па чым уся маёмасць перайшла да яе мужа Януша VI Радзівіла[12].
У маі 1617 года адбылося заснаванне кальвінскай гімназіі, адкрытай у 1624 годзе[13]. У гэтым жа годзе таксама адкрылася школа для месцічаў[13]. У 1630—1640 гадах Багуслаў Радзівіл ператварыў Слуцк у горад-крэпасць; пры княскім двары вёўся Слуцкі летапіс, была бібліятэка. На падставе гэтых кніг і летапісу Мацей Стрыйкоўскі напісаў сваю «Хроніку» [14].
На просьбу жыхароў Слуцка, перададзеную Багуславам Радзівілам каралю 27 жніўня 1652 года, горад паўторна атрымаў Магдэбургскае права, пацверджанае 24 сакавіка 1653 года соймам Рэчы Паспалітай[15]. Згодна з прывілеем, Слуцку таксама надалі герб. Паводле адных звестак, гэта была «Пагоня» («у чырвоным полі на белым кані збройны рыцар імчыцца ўлева»[15]). Згодна з іншымі крыніцамі, горад атрымаў герб «Пагоньчык» («у блакітным полі срэбны конь з крыламі; на чырвонай гуньцы пад княжацкай каронай манаграма Radzivil Dux»;[16] таксама разглядаецца версія, што манаграма расшыфроўваецца як Boguslaus Radzivil Dux[17]), што таксама пацвярджаецца знаходжаннем гэтага герба на мескай пячатцы ў XVII—XVIII стагодздзях[15].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія войскі некалькі разоў спрабавалі захапіць горад, але здабыць яго так і не здолелі. Хоць сам Слуцк не быў разбураны, аднак захопнікі спалілі і зруйнавалі ягоныя прадмесці[15]. У той час грамадска-палітычная сітуацыя ў Слуцку была нестабільнай, што прыводзіла да выступленняў супраць уладаў горада. Гэтак, у 1661 годзе мяшчанаў не задаволіла ўвядзенне новага гандлёвага падатку[18]. У 1684, 1685, 1695 і 1699 гадах адбыліся выступленні жыхароў[18].
З 1672 года ў Слуцку працавала друкарня, перавезеная сюды з Елгавы. На ёй друкаваліся як кнігі рэлігійнага зместу, так і свецкая літаратура, календары, геаграфічныя даведнікі. У 1673—1687 гадах з друкарні выйшла 23 кнігі агульным накладам 24 200 асобнікаў[19]. Аднак у 1705 годзе яе перавезлі ў Каралевец.
На 1683 год у Слуцку працавала 16 рамесных гільдыяў (у 1777 годзе — 18)[20]. У 1730—1740-я гады ў горадзе ўзніклі суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў. У XVII стагоддзі ў Слуцку паявілася адна з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі аптэк[21].
20 сакавіка 1767 года ўтварылася Слуцкая канфедэрацыя, мэтай якой было прымусіць Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўраўнаць у правах канфедэратаў і каталіцкую шляхту[22]. Фактычна мэтай гэтай канфедэрацыі, як і Торунскай пратэстанцкай і Радамскай каталіцкай канфедэрацый, была дэстабілізацыя ўнутранага становішча Рэчы Паспалітай[22]. Канфедэрацыю прыняла пад «найвышэйшую пратэкцыю» Кацярына II, расійская імператрыца.
У лістападзе 1791 года на базе Слуцкага княства ўтварыўся Случарэцкі павет у складзе Наваградскага ваяводства.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
Па падпісанні канвенцыі аб другім падзеле Рэчы Паспалітай 12 студзеня (23 студзеня) 1793 года Слуцк разам з іншымі гарадамі Вялікага Княства Літоўскага апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе ў якасці павятовага цэнтру быў уключаны ў Мінскую губерню[22].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Повѣсть временныхъ лѣт черноризца Федосьева манастыря Пачерьскаго
- ↑ а б в Грыцкевіч 1985, с. 3—6.
- ↑ а б в Грыцкевіч 1985, с. 7—9.
- ↑ Даты, падзеі, людзі // Звязда : газета. — 21 красавіка 2012. — № 79 (27194). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ↑ Канановіч У., Набегі крымскіх татар на Случчыну(недаступная спасылка)
- ↑ Грыцкевіч 1985, с. 10—11.
- ↑ ЭнцВКЛ 2005, с. 589.
- ↑ Ігар Ціткоўскі Загадкі слуцкага герба // Інфа-Кур’ер.
- ↑ Грыцкевіч 1985, с. 12.
- ↑ 890 год з часу першага летапіснага ўпамінання (1116) г. Слуцка Архівавана 6 сакавіка 2016.
- ↑ Святло далёкай зоркі Архівавана 31 кастрычніка 2008.
- ↑ Грыцкевіч 1985, с. 14.
- ↑ а б Грыцкевіч 1985, с. 129—130.
- ↑ Семянчук А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. — Гародня: ГрДУ, 2000. [1] Архівавана 4 верасня 2011.
- ↑ а б в г Грыцкевіч 1985, с. 17—20.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 234.
- ↑ Кірыла Карлюк Манаграма князя Багуслава або загадка герба Слуцка // Наша Ніва. — 2011. — № 23.
- ↑ а б Грыцкевіч 1985, с. 22—23.
- ↑ Грыцкевіч 1985, с. 114—115.
- ↑ ЭнцВКЛ 2005, с. 590.
- ↑ Упершыню Слуцкі краязнаўчы музей за 50-гадовую гісторыю паказвае сваю археалагічную калекцыю . Тэлеканал «Беларусь 2».(недаступная спасылка)
- ↑ а б в Грыцкевіч 1985, с. 28—29.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Грыцкевіч А. Слуцк // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 589—590. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- Грицкевич А. П. Древний город на Случи (руск.). — По родному краю. — Мн.: Полымя, 1985. — 158 с. — 30 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гісторыя Слуцка