Класіфікацыя паштовых марак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Класіфікацыю паштовых марак, што маюцца ў калекцыі, палягчаюць каталогі.

Класіфіка́цыя пашто́вых ма́рак — адно са складаных пытанняў філатэліі. Існуючыя класіфікацыі паштовых марак значна адрозніваюцца, а часам і пярэчаць адна адной, бо фарміруюцца па розных прыкметах — па іх прызначэнні[1][2], па характары іх эмітэнта[3] і г. д.

Тыпы класіфікацый марак[правіць | правіць зыходнік]

Па прызначэнні[правіць | правіць зыходнік]

Перу (1871): першая памятная (камемарацыйная) марка.

Першыя паштовыя маркі мелі адзінае прызначэнне — выкарыстоўваліся для аплаты лістоў аднаго тыпу. Пазней пачалі з'яўляцца разнастайныя паштовыя паслугі, што прывяло да патрэбнасці ў з'яўленні новых відаў марак — для заказных, службовых лістоў, для дастаўкі газет і г. д. Адпаведна знакі паштовай аплаты і іншыя маркі падзяляюць у філатэлістычнай літаратуры на некалькі груп[1]:

  1. Маркі агульнага карыстання.
  2. Службовыя маркі.
  3. Маркі-віньеткі і падобныя да іх непаштовыя маркі.

Маркі агульнага карыстання[правіць | правіць зыходнік]

Маркі першай групы ўжываюцца на самых розных відах паштовай карэспандэнцыі. Да іх адносяцца стандартныя маркі, якія друкуюцца вельмі вялікімі накладамі. Іх дызайн часта застаецца нязменным дзесяцігоддзямі[1].

У першую групу ўваходзяць і памятныя (юбілейныя, камемарацыйныя) маркі, прысвечаныя тым ці іншым падзеям або людзям. Першая памятная марка была выдадзена ў Перу ў 1871 г. з нагоды 20-годдзя адкрыцця чыгункі паміж Лімай і Кальяа. З тых часоў шматлікія камемарацыйныя выпускі сталі вельмі папулярнымі сярод філатэлістаў — прыхільнікаў тэматычнага калекцыяніравання.

Яшчэ адна вялікая падгрупа — маркі прадметнай тэматыкі, якія, як правіла, выпускаюцца серыямі ў некалькі штук і ўпрыгожваюцца малюнкамі раслін, жывёл, тэхнікі, рэпрадукцыямі мастацкіх твораў і г. д. Яны не з'яўляюцца ні стандартнымі, ні камемарацыйнымі[1].

Да марак агульнага карыстання адносяцца таксама паштова-дабрачынныя маркі. Іх намінал складаецца з кошту паштовых паслуг і дадатковай сумы, якая спаганяецца на дабрачынныя патрэбы і звычайна прастаўляецца на саміх марках. Першыя падобныя маркі былі выпушчаныя ў Вікторыі і Новым Паўднёвым Уэльсе (Аўстралія) у 1897 г., а на тэрыторыі Беларусі (якая тады ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі) — падчас руска-японскай вайны ў 1905 г., прычым яны мелі надбаўкі ў 3 капейкі на карысць сямей загінуўшых салдат. У СССР паштова-дабрачынныя маркі ўпершыню з'явіліся ў 1921 г. для дапамогі галадаючым Паволжа. Па правілах Міжнароднай філатэлістычнай федэрацыі, калі надбаўка перавышае палову наміналу, такія маркі не дапускаюцца на афіцыйныя філатэлістычныя выставы[1][4].

Першая група ўключае таксама маркі, прызначаныя для аплаты асаблівых паштовых паслуг або відаў дастаўкі[1]:

  1. Заказныя маркі, або маркі для заказных паштовых адпраўленняў. Часам на іх прадугледжана спецыяльнае свабоднае месца, дзе пазначаецца нумар адпраўлення.
  2. Спешныя маркі, або маркі спешнай пошты (экспрэс-пошты). Упершыню яны былі выдадзеныя ў ЗША ў 1885 г., а ў СССР — у 1932 г.
  3. Газетныя маркі. Яны выкарыстоўваюцца для дастаўкі газет і ўпершыню ўвайшлі ў жыццё ў 1851 г. у Аўстрыі.
  4. Маркі з паведамленнем аб уручэнні, якія пазначаюцца літарамі «AR» або надпісам «Avis de réception».

У якасці марак для спецыяльных відаў перасылкі пошты выкарыстоўваюць авіяцыйныя, чыгуначныя, паромныя, параходныя, аўтамабільныя і іншыя маркі[1].

Службовыя маркі[правіць | правіць зыходнік]

Маркі другой групы ўяўляюць сабой службовыя знакі паштовай аплаты, якія выкарыстоўваюцца ўстановамі, арганізацыямі, уключаючы паштовыя службы, пэўнымі катэгорыямі асоб. У гэтай групе вылучаюць наступныя падгрупы[2]:

Службовыя маркі для аплаты дзяржаўнай і ведамаснай карэспандэнцыі. Раннім прыкладам такіх марак з'яўляецца выпуск у 1873 г. у ЗША дзевяці серый для канцылярыі Прэзідэнта, Міністэрства юстыцыі, ваеннага і іншых ведамстваў, якія пры аднолькавых малюнках і наміналах адрозніваліся колерамі. Для вырабу службовых марак вельмі часта рабіліся наддрукоўкі на паштовых марках агульнага карыстання. Так, у 19011904 гг. у якасці службовых ужываліся брытанскія маркі ў 6 пенсаў з партрэтам Эдуарда VII і наддрукоўкай, якая вызнаецца за вельмі рэдкую.

У СССР службовыя маркі адзіны раз ужываліся ў 1922 г. для аплаты службовай карэспандэнцыі Народнага камісарыята замежных спраў і іншых арганізацый, якая дастаўлялася паветранай поштай з Берліна ў Маскву. Адна з марак наміналам у 50 капеек з наддрукоўкай «Паветраная пошта / 1200 германскіх марак» з'яўляецца адной з самых рэдкіх савецкіх марак[2].

Некаторыя службовыя маркі, напрыклад, маркі Іспаніі 1916 г. для дэпутатаў кортэсаў і сенатараў, не мелі наміналу і з'яўляліся бясплатнымі. У 19071922 гг. у Егіпце выкарыстоўваліся бясплатныя службовыя маркі, якія вырабляліся з дапамогай наддрукоўкі «O. H. H. S.» («Для службы Яго Вялікасці») на паштовых марках розных гадоў, у тым ліку 1888 г.

Службовыя маркі для патрэб паштовых службаў. Іх налеплівалі, напрыклад, на лісты, калі іх ускрывалі, каб вызначыць атрымальніка або адпраўшчыка, як гэта было ў выпадку падобных марак ЗША 1920 г. Надпіс на гэтых марках паведамляў:«Officially sealed» («Ускрыта ў службовым парадку»). Да гэтай падгрупы адносяць маркі для лістоў, атрымальнік якіх адмовіўся іх забраць або не быў знойдзены, а таксама штрафныя маркі[2].

Порта-маркі, або даплатныя. З дапамогай гэтых марак пазначаецца, колькі атрымальнік павінен даплаціць у тым выпадку, калі карэспандэнцыя не аплачана або не цалкам аплачана адпраўшчыкам[2].

Калі з'явіліся паштовыя маркі для франкіравання лістоў, або франка-маркі, то ў першыя дзесяцігоддзі порта-маркі выконвалі крыху іншую функцыю. Яны выкарыстоўваліся, калі кошт перасылкі было цяжка вызначыць загадзя, асабліва пры адпраўцы лістоў за мяжу. Толькі з усталяваннем у 1874 г. Сусветнага паштовага саюза былі вызначаныя аднастайныя паштовыя тарыфы. Упершыню порта-маркі ўвялі ва ўжытак у 1859 г. у Францыі. Сярод шматлікіх прыкладаў даплатных марак можна назваць больш за 50 знакаў паштовай аплаты з наддрукоўкай «Postage due» («Паштовая даплата») на марках агульнага карыстання Паўночнага Барнеа, маркі Аўстрыі 1916 г. з наддрукоўкай «Porto» і інш. У СССР даплатныя маркі выпускаліся да 1925 г.[2]

Маркі палявой і салдацкай пошты. Першыя ўжываюцца для аплаты лістоў у дзеючую армію, другія — у мірны час. Звычайна гэта перасылка ажыццяўляецца бясплатна. Напрыклад, на падобных марках Францыі 1901 г. стаяла наддрукоўка а «F. M.». «Fran­chise Militaire» — «Вызвалена ад аплаты, ваеннае»)[2][6].

Маркі-віньеткі[правіць | правіць зыходнік]

Маркі трэцяй групы — непаштовыя маркі, якія не служаць для аплаты паштовай карэспандэнцыі, хаця і могуць распаўсюджвацца праз паштовыя ўстановы[2].

Па характары эмітэнта[правіць | правіць зыходнік]

Па характары эмітэнта маркі падзяляюць на[3]:

  • афіцыйныя — выпускаюцца паштовымі адміністрацыямі або з іх дазволу непаштовымі арганізацыямі і могуць быць выкарыстаныя для аплаты паштовых паслуг. Часам да афіцыйных выпускаў прылічваюцца мясцовыя выпускі ў выпадку, калі на момант паштовай эмісіі мясцовае паштовае ведамства з'яўлялася найвышэйшай паштовай інстанцыяй:
    • стандартныя;
    • камемарацыйныя, або памятныя;
    • паштова-дабрачынныя, або паўпаштовыя;
    • спецыяльнага прызначэння (для аплаты паштовых адпраўленняў — паветранай пошты, спешнай пошты, нятонучай пошты, пасылак і пакетаў і г. д.[7]);
  • паўафіцыйныя — эмітуюцца непаштовымі арганізацыямі або мясцовымі паштовымі ведамствамі без дазволу паштовай адміністрацыі як найвышэйшай паштовай інстанцыі, але якая не супраць звароту такіх марак, прычым аплачаная імі карэспандэнцыя дастаўляецца адрасату;
  • неафіцыйныя — выдаюцца прыватнымі асобамі або арганізацыямі без дазволу паштовай адміністрацыі або нават у парушэнне яе прамой забароны;
  • маркі прыватнай пошты — выпускаліся ў некаторых краінах прыватнымі асобамі або арганізацыямі раней за з'яўленне там дзяржаўнай пошты або паралельна з ёй і прызначаліся для паштовага абслугоўвання тэрыторый, дзе дзяржаўная пошта не функцыянавала па тых або іншых прычынах.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д е ё Кисин Б. М. Марки разного назначения Архівавана 15 красавіка 2016. // Филателия СССР. — 1975. — № 12. — С. 55—56. — (Рубрики: Мир увлечений; Школа начинающего коллекционера). (Праверана 20 сакавіка 2016)
  2. а б в г д е ё ж Кисин Б. Марки разного назначения Архівавана 15 красавіка 2016. // Филателия СССР. — 1976. — № 2. — С. 57—58. — (Рубрики: Мир увлечений; Школа начинающего коллекционера). (Праверана 20 сакавіка 2016)
  3. а б Спутник филателиста 1971, с. 51—52.
  4. Новосёлов В. А.. Глава 11. Почты разные нужны, марки разные важны. Почтово-благотворительные марки. Знакомство с филателией: Мир филателии. Смоленск: Мир м@рок; Союз филателистов России (30 кастрычніка 2008). — Электронная книга. Архівавана з першакрыніцы 15 снежня 2015. Праверана 15 снежня 2015.
  5. Нумар па «Каталозе-даведніку (КД) айчынных знакаў паштовай аплаты» часопісаў «Філатэлія СССР» і «Філатэлія».
  6. Владинец-Европа. {{{загаловак}}}.
  7. Новосёлов В. А.. Глава 11. Почты разные нужны, марки разные важны. Марки посылочные (пакетные). Знакомство с филателией: Мир филателии. Смоленск: Мир м@рок; Союз филателистов России (30 кастрычніка 2008). — Электронная книга. Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2012. Праверана 11 сакавіка 2009.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Качинский А. Классификация марок Архівавана 15 красавіка 2016. // Филателия СССР. — 1973. — № 11. — С. 26—27. (Праверана 20 сакавіка 2016)
  • Марки (почтовые) // Большой филателистический словарь / Н. И. Владинец, Л. И. Ильичёв, И. Я. Левитас, П. Ф. Мазур, И. Н. Меркулов, И. А. Моросанов, Ю. К. Мякота, С. А. Панасян, Ю. М. Рудников, М. Б. Слуцкий, В. А. Якобс; под общ. ред. Н. И. Владинца и В. А. Якобса. — М.: Радио и связь, 1988. — С. 166—168. — 320 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-256-00175-2. (Праверана 20 сакавіка 2016)
  • Соколов М. П., Ниселевич Л. М., Смыслов А. М. Спутник филателиста / Всесоюзное общество филателистов. — М.: Связь, 1971. — 167 с. — &&&&&&&&&&050000.&&&&&050 000 экз.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]