Гісторыя пошты

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Карэта Каралеўскай Пошты (Вялікабрытанія, каля 1820).

Гісто́рыя по́шты — даследаванне развіцця паштовай сувязі, важны раздзел філатэліі. Патрэбнасць у атрыманні звестак з іншых мясцовасцей і краін зыходзіць да глыбокай старажытнасці і першапачаткова задавальнялася з дапамогай ганцоў, якія прыносілі паведамленні, як вусныя, так і пісьмовыя ці сімвалічныя па форме. З развіццём людской цывілізацыі адбываліся змены і развіццё спосабаў, сродкаў і формаў паштовай сувязі.

Першабытныя людзі[правіць | правіць зыходнік]

Афрыканскія полыя тамтамы.

Дагістарычныя людзі выкарыстоўвалі для перадачы важнай інфармацыі голас, што спрыяла з'яўленню мовы. Аднак вусная перадача звестак была недасканалай, бо чалавечы голас можна пачуць толькі на блізкай адлегласці. Для ўзмацнення гуку тысячагоддзі таму сталі выкарыстоўваць полыя ствалы дрэў і, пазней, барабаны (каля 6000 гадоў да н. э.). З дапамогай умоўных ударных сігналаў навіны перадаваліся ад аднаго паселішча да іншага. Акрамя таго, чалавек выкарыстоўваў для перадачы звестак агонь і дым. Барабаны тамтамы дагэтуль выкарыстоўваюцца для сувязі на вялікія адлегласці некаторымі афрыканскімі плямёнамі, а дым ад вогнішчаў яшчэ ў XX ст. ужываўся для гэтых жа мэт індзейцамі Канады.

Антычнасць[правіць | правіць зыходнік]

Наступным відам сувязі ў гісторыі чалавецтва сталі ганцы — спачатку пешыя, потым конныя. У старажытных дзяржавах Месапатаміі, Егіпта, Грэцыі, Персіі, Кітая, Рымскай імперыі існавала добра наладжаная дзяржаўная паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з пешымі і коннымі ганцамі па прынцыпе эстафеты.

Старажытны Усход[правіць | правіць зыходнік]

Карціна Рэрыха «Ганец».

Гісторыя пошты шчыльна звязаная з гісторыяй пісьменнасці. З зараджэннем апошняй інфармацыя стала перадавацца ў пісьмовым выглядзе, што стала пачаткам эры паштовай сувязі. Спачатку такая сувязь была эпізадычнай. З узнікненнем рабаўладальніцкіх дзяржаў на Старажытным Усходзе, кіраўнікі якіх мелі патрэбу ў пастаяннай інфармацыі аб становішчы ва ўласнай краіне і на падуладных ім тэрыторыях, паштовая сувязь стала набываць арганізаваны характар.

Старажытнаегіпецкі малюнак, які паказвае дзейнасць пошты.

Першыя ўстановы арганізаванай службы паведамленняў узніклі дастаткова рана ў антычныя часы. Упершыню паштовае паведамленне з'явілася каля 5000 гадоў таму ў Месапатаміі для перадачы інфармацыі, захаванай у выглядзе гліняных лістоў. Не менш старажытнай з'яўляецца паштовая сувязь у Егіпце.

Першапачаткова падобныя службы выкарыстоўваліся пераважна ў ваенных мэтах і не прызначаліся для сувязі паміж грамадзянскімі асобамі. Такімі былі службы паведамленняў у Старажытным Егіпце, Асірыі, Вавілоне і Персіі. Асабліва развітымі яны былі ў Егіпце, таму могуць разглядацца як папярэднікі сучаснай пошты. У часы IV дынастыі фараонаў (2900—2700 да н. э.) дзейнічала служба асаблівых пешых (скараходаў), а таксама конных ганцоў, якая забяспечвала сувязь па ваенных дарогах з Лівіяй, Эфіопіяй і Аравіяй.

Старажытнаегіпецкая пошта была заснавана пераважна на выкарыстанні шматлікіх пешых ганцоў, дзякуючы якім фараоны маглі без асаблівых цяжкасцей ажыццяўляць кантакты з далёкімі правінцыямі. У Бені-Хасане на насценным роспісе адной з пячор-грабніц, якая адносіцца да эпохі Сярэдняга царства, выяўлены ганец, які перадае чалавеку паведамленні аб уварванні варожага племені. Вядома пра прафесійных ганцоў, якія існавалі ў Егіпце ў эпоху XII дынастыі (1985—1785 да н. э.), якія развозілі царскія загады ажно да Азіі. Ганцы павінны былі пераадольваць доўгія адлегласці як мага хутчэй. Для транспарціроўкі лістоў таксама ўжывалі паштовых галубоў.

Паштовыя галубы з прымацаванымі паведамленнямі.

Уяўленні аб паштовай справе ў Старажытным Егіпце можна скласці з дакумента на папірусе, які датуецца прыкладна 255 годам да н. э. і змяшчае ўліковыя запісы дастаўкі паштовых адпраўленняў адным пасыльным. Падобныя высокаразвітая паштовая сістэма хутка стала распаўсюджвацца ў іншых краінах.

Асірыйская легенда паведамляе пра ганцоў, якія разносілі загады Семіраміды па ўсіх частках яе царства.

Паштовая справа ў Персідскай манархіі — у выглядзе яскравай сістэмы паштовай сувязі, вядомай пад назвай «ангарыён», — была ўведзена ў VI ст. да н. э., у часы кіравання цара Кіра II (550—529 да н. э.). Перадача паведамленняў ажыццяўлялася пераважна праз конных ганцоў (ангараў). Аднак маюцца згадкі аб тым, што падобная паштовая сістэма існавала ў Персіі крыху раней. З апісанняў Герадота і Ксенафонта вядома, што пры Кіры II на найважнейшых дарогах былі ўсталяваныя паштовыя станцыі, якія знаходзіліся адна ад адной на аднолькавых адлегласцях, якія складалі сярэдні дзённы прабег каня. Гэтыя станцыі былі прызначаны для адпачынку кур'ераў.

Старажытная Грэцыя[правіць | правіць зыходнік]

У Грэцыі паштовая сістэма была дастаткова добра наладжана ў выглядзе сухапутнай і марской паштовай сувязі, але яна не магла значна развівацца з-за множнасці гарадоў-дзяржаў, якія ваявалі між сабой. Урады для перадачы паведамленняў мелі ў сваім распараджэнні, як правіла, пешых пасланцаў. Яны называліся гемерадромамі. Ганцы-бегуны пераадольвалі за гадзіну адлегласць у 55 стадый (каля 10 км) і за адзін рэйс — 400—500 стадый.

Самы вядомы з гэтых кур'ераў быў Філіпід, які, па паведамленні Плутарха, у 490 годзе да н. э. данёс у Афіны звестку аб перамозе ў бітве пры Марафоне і памёр ад знясілення. Гэты бег быў першым марафонам у гісторыі. Філіпід перадаў толькі вуснае пасланне.

Для перадачы асабліва спешных паведамленняў ужо ў старажытнасці пасылалі верхавых ганцоў. Як піша Дыядор Сіцылійскі, адзін з военачальнікаў Аляксандра Македонскага трымаў пры сваім штабе ганцоў — вершнікаў на вярблюдах.

Старажытны Рым[правіць | правіць зыходнік]

У Рымскай рэспубліцы лад паштовай справы быў, імаверна, запазычаны ў персаў. Спачатку толькі багатыя патрыцыі, якія валодалі шматлікімі рабамі, мелі ўласных ганцоў. Для ўрадавых і прыватных мэт існавалі ганцы (cursores, statores, пазней viatores і tabellarii, ад tabella — дошка для пісьма), а таксама прыватныя прадпрымальнікі, якія аддавалі ўнаймы павозкі і ўючнае быдла (cisiarii і jumentarii); іх калегіі аб'ядноўваліся ў адну карпарацыю. Гай Юлій Цэзар заклаў асновы для стварэння ўласна дзяржаўнай пошты, якая ўзнікла і атрымала значнае развіццё пры імператары Аўгусце. У тыя часы пошта называлася cursus publicus (дзяржаўная пошта), яна была падпарадкавана непасрэдна імператару і не выкарыстоўвалася для прыватных пасланняў. Дзякуючы адзінай паштовай сетцы існавала сувязь паміж асобнымі часткамі Рымскай імперыі. Гэта была велізарная, разгалінаваная сістэма паштовай сувязі, якая працавала па пэўным рэгламенце.

Паштовыя перавозки ажыццяўляліся на сушы з дапамогай коней, на моры — на караблях. У больш буйных цэнтрах былі ўсталяваныя станцыі лятучак пошты (mansiones, пазней stationes), якія служылі для адпачынку і начоўкі падарожных вершнікаў і вазніц і звычайна знаходзіліся адна ад адной на дзень шляху. Тут стаялі падрыхтаваныя жывёлы і, на выпадак патрэбы, павозкі. Паміж кожнымі дзвюма mansiones (на адлегласці 7—14 км) былі ўсталяваныя 6—8 драбнейшых станцый (mutationes) для замены коней. У тыя часы маглі казаць: «Statio posita in…», што значыць «станцыя знаходзіцца ў пэўным месце». Ад лацінскага слова posita, вельмі імаверна, пайшло слова post — пошта.

Спешныя пакеты перасылаліся праз конных кур'ераў (veredarii), падарожныя перавозіліся ў лёгкіх павозках (rheda), розныя рэчы — у вазах (clabularia). Карыстанне дзяржаўнай поштай дазвалялася толькі ў дзяржаўных мэтах і пэўным чыноўнікам. У спешных выпадках цэлыя ваенныя атрады перавозіліся сродкамі cursus publicus. У якасці выключэння і на падставе асаблівых дазволаў (diplomata, evectiones, tractoriae) дзяржаўнай поштай маглі карыстацца і іншыя асобы, падарожныя чыноўнікі, асабліва ветэраны, а потым — і царкоўныя служачыя.

Кіраванне дзяржаўнай поштай было сканцэнтравана ў руках аднаго з найвышэйшых дзяржаўных чыноў: спачатку прэфекта прэторыя, а з часоў Канстанцінамагістра афіцый. Кіраванне поштай у правінцыях належала намеснікам, пры якіх для вырашэння праблем з тэхнічнай часткай пошты знаходзіліся спецыяльныя прэфекты (prefecti vehiculorum), пазней — procuratores cursus publici. Пастаўка коней, іншых транспартных сродкаў і вершнікаў складала натуральную павіннасць навакольнага насельніцтва і жыхароў скораных краін.

Хаця дзейнасць рымскай дзяржаўнай пошты і абмяжоўвалася ўрадавымі патрэбамі, яна мела вялікае значэнне. Дзякуючы выдатнай сетцы дарог, бяспецы і парадку паведамленняў, а таксама шырокаму ліставанню паміж грамадзянскімі і ваеннымі ўладамі, на станцыях дзяржаўнай пошты развіўся вельмі жывы рух. Адлегласць ад Брытаніі да Балканаў, Каўказа, Анатоліі, Сірыі, Палесціны і Іарданіі і ад вусця Рэйна да Лівійскай пустыні і Александрыі можна было пераадольваць адносна хутка. Калі Цэзар, карыстаючыся пераменнымі прыватнымі конямі, мог пераадольваць да 100 міль за дзень, то Тыберый з дапамогай cursus publicus праязджаў за дзень адлегласць у два разы болей. З найважнейшых правінцый звесткі ў Рыме атрымлівалі штодзень. На станцыях уздоўж найбольш ажыўленых дарог утрымліваліся па 20—40 коней і мулаў. Гэта арганізацыя пратрымалася да падзення Заходняй Рымскай імперыі, з яе падзеннем знікла і cursus publicus. Ва Усходняй Рымскай імперыі дзяржаўная пошта праіснавала прыблізна да 520 года.

Для прыватнай пошты звычайна карысталіся паслугамі падарожных сяброў, што тлумачыла доўгі час дастаўкі. Так, вядомы выпадак, калі нейкі Аўгусцін атрымаў ліст праз дзевяць гадоў. Калі ж адлегласць да адрасата была не вельмі вялікай, рымлянін пасылаў свайго раба, які за дзень пераадольваў пешшу да 75 км.

Іншыя высокаразвітыя культуры[правіць | правіць зыходнік]

У Кітаі паштовая служба пешых і конных ганцоў узнікла даволі рана; яе заснавалі яшчэ пры дынастыі Чжоу (1123—249 да н. э.). У тыя часы паштовае злучэнне падтрымлівалася з дапамогай 80 ганцоў і 8 галоўных кур'ераў, для якіх на адлегласці 5 км былі зроблены пастоі для харчавання і на большым аддаленні — пункты для начлегу. Гэта паштовая сістэма была значна пашырана пры дынастыі Цынь (221—206 да н. э.) і асабліва пры дынастыі Хань (206 да н. э. — 220).

У часы росквіту культуры мая таксама мелася развітая служба ганцоў, але пра яе вядома вельмі мала.

Сярэдневякоўе[правіць | правіць зыходнік]

Развіццё ў Еўропе[правіць | правіць зыходнік]

Ранняе Сярэдневякоўе[правіць | правіць зыходнік]

Паштовы ражок — адзін з сімвалаў пошты.

З падзеннем Заходняй Рымскай імперыі ў Еўропе перастала існаваць буйная арганізаваная сістэма перадачы звестак. Зрэшты, Хлодвіг (кароль Францыі з 482 па 511 гады) спрабаваў узнавіць паштовую сувязь з рэшткаў рымскай дзяржаўнай пошты, але без асаблівага поспеху. Да часоў Карла Вялікага (768814) паведамленні дастаўляліся з вялікімі складанасцямі. Карл Вялікі і яго пераемнікі не зрабілі сур'ёзных спроб у аднаўленні рымскай дзяржаўнай пошты. Нават сістэма ганцоў не мела вялікага поспеху, была дэцэнтралізаванай: фактычна кожны феадал меў свайго ганца, паслугамі якога карыстаўся асабіста.

Манастырская і ўніверсітэцкая пошты[правіць | правіць зыходнік]

У феадальнай сярэдневяковай Еўропе XIXV стст., пры раздробленасці дзяржаўнай улады, перасылку звестак прымалі на сябе пераважна асобныя духоўныя і свецкія карпарацыі. У абмене думак больш за ўсё тады адчувала патрэбу царква, паколькі, па-першае, яе лад трымаўся на цэнтралізацыі, а, па-другое, яна з'яўлялася цэнтрам інтэлектуальнага жыцця тых часоў. Архівы царкоўных устаноў і рэгесты Рымскай Курыі сведчаць, што яшчэ ў самым пачатку сярэдніх вякоў адбываўся жывы абмен пасланняў паміж кіраўніком Каталіцкай Царквы і яе членамі; але няма згадак пра існаванне спецыяльнага царкоўнага інстытута ганцоў ці кур'ераў. Толькі паміж шматлікімі адгалінаваннямі духоўных ордэнаў падтрымліваліся правільныя зносіны праз пасрэдніцтва вандроўных манахаў, якія выконвалі ролю кур'ераў і бралі з сабой данясенні. Манастыры такім чынам мелы ўласную сістэму зносін — манастырскую пошту. Манастырскія кур'еры падтрымлівалі сувязь паміж асобнымі манастырамі і Папам Рымскім, паміж манаскімі ордэнамі і іх брацтвамі. У землях нямецкага ордэна для гэтай мэты ўзнікла спецыяльная адміністрацыя і былі ўсталяваныя станцыі для змены коней.

Пры ўніверсітэтах, куды вучні з'язджаліся з самых розных краін, таксама ствараліся карпарацыі прафесійных ганцоў, якія карысталіся рознымі прывілеямі. У XIIXIII стст. славіліся ганцы ўніверсітэтаў у Балоньі, Салерна, Неапалі, Манпелье, Тулузе, пазней — ганцы парыжскага ўніверсітэта Сарбоны. Ганцы ўніверсітэцкай пошты падтрымлівалі сувязь паміж вучнямі і іх сем'ямі; некаторыя з універсітэцкіх поштаў за пэўную плату дастаўлялі паведамленні прыватным асобам.

Купецкая пошта і пошта мяснікоў[правіць | правіць зыходнік]

Далейшае развіццё грамадства, найперш гандлю і рамёстваў, а таксама навукі і культуры, спрыяла павышэнню зацікаўленасці ў перадачы паведамленняў і прывяло да з'яўлення шматлікіх і разнастайных службаў пасыльных і поштаў гарадоў, якія абслугоўвалі гэтых купцоў і рамеснікаў. Паступова права карыстання гэтымі поштамі стала надавацца і іншым слаям насельніцтва.

Купецкая пошта была створана пры буйных гандлёвых дамах, якія ўтрымлівалі ўласных кур'ераў. Хутка асобныя купцы сталі запазычваць гэту ідэю і аб'ядналіся з тым, каб сабраная пошта магла перавозіцца па прызначэнні. Пачатак купецкай пошты можна знайсці ў Рэспубліцы Венецыя. У той жа час адзінай дзяржаўнай пошты ўсё яшчэ не было.

Крыху пазней з'явілася, так званая, «пошта мяснікоў». Цэх мяснікоў, якія адпраўляліся дзеля сваіх закупак у вялікія падарожжы, прымаў на сябе, па ўзгадненні з гарадамі і купецкімі гільдыямі, перавозку лістоў і пасылак. У некаторых гарадах Паўднёвай Германіі гэта было абавязкам цэха мяснікоў, за што ён вызваляўся ад грамадскіх павіннасцей. Такім чынам ўтварылася пошта мяснікоў, якая праіснавала да канца XVII ст. і ў некаторых месцах атрымала значэнне дзяржаўнай установы (напрыклад, у Вюртэмбергу).

Гарадская і каралеўская пошты[правіць | правіць зыходнік]

З развіццём гарадскіх вольнасцей адным з найважнейшых сродкаў зносін у Сярэднія вякі з'яўляўся інстытут гарадскіх ганцоў, які з XIV ст. існаваў амаль паўсюдна, але асаблівае развіццё атрымаў у буйных гандлёвых цэнтрах Германіі і Італіі. Са шматлікіх захаваных да нашых часоў рэгламентаў гарадскіх ганцоў у Кёльне, Майнцы, Нардхаўзене (XIV ст.), Страсбургу (1443 год), Аўгсбургу (1552 год), Брэслау (1573 год) і г. д. бачна, што яны знаходзіліся ў падпарадкаванні гарадской рады, якой пад прысягай абавязваліся падпарадкоўвацца. Яны не атрымлівалі жалаванне ні ад грамады, ні ад асобных карпарацый ці купецкіх гільдый. Сыходзячы з горада ў пэўныя дні, яны ці пешшу, ці на конях ва ўстаноўленыя тэрміны дастаўлялі па прызначэнні карэспандэнцыю гарадскога кіравання, як і лісты і пасылкі гараджан, з якіх спаганялі плату па таксе.

Карта паштовых зносін Еўропы ў 1563 годзе.

Трывалае і шырокае развіццё інстытут гарадскіх ганцоў атрымаў дзякуючы саюзам гарадоў на Рэйне і ў Ніжняй Германіі. Ганцы рэйнскага гарадскога саюза падтрымлівалі правільныя зносіны ад Кёльна і Майнца праз Франкфурт у Нюрнберг. Сваёй дакладнасцю ў вытрымліванні тэрмінаў славіліся ганцы ганзейскіх гарадоў, якія падтрымлівалі зносіны паміж Гамбургам, Брэменам, Амстэрдамам і Антверпенам, а таксама на ўсход праз Шчэцін, Данцыг і Кёнігсберг ажно да Рыгі. У Паўднёвай Германіі першае месца займалі ганцы Аўгсбурга. Акрамя ліній на Нюрнберг (тройчы на тыдзень), Ліндау і Рэгенсбург, яны падтрымлівалі зносіны з Італіяй; у Венецыю яны прыбывалі праз Брэнер за восем дзён.

Сучасная цэнтралізаваная пошта зарадзілася з узмацненнем дзяржаўнай улады. У Францыі Людовік XI эдыктам ад 19 чэрвеня 1464 года заснаваў каралеўскіх кур'ераў (maîtres coureurs royaux). Па ўсіх яго валоданнях была раскідана сетка станцый для змены коней; на чале ўсёй арганізацыі стаяў grand maître. Гэта пошта прызначалася выключна для патрэб урада; каралеўскім кур'ерам пад пагрозай смяротнай кары забаранялася выконваць даручэнні прыватных асоб. У патэнце Карла VIII ад 27 студзеня 1487 года каралеўскія кур'еры былі названыя chevaucheurs en postes. Хутка пасля таго не толькі ў Францыі, але і ў Германіі ды Італіі словам «пошта» сталі называць усю сукупнасць устаноў, якія былі заснаваныя дзяржавай ці пад кантролем дзяржавы для перасылкі як урадавай, так і прыватнай карэспандэнцыі і для перавозкі пасажыраў.

Пошта Турн-і-Таксіс[правіць | правіць зыходнік]

Першая спроба арганізацыі пошты — у самым сучасным сэнсе гэтага слова і на шырокіх міжнародных пачатках — была зроблена членамі роду Таса (пазней Тасіс ці Таксіс; у 1650 годзе да прозвішча была дададзена прыстаўка Турн) з Бергама, якія прынялі на сябе падтрымку зносін паміж габсбургскімі ўладаннямі. Пошта Турн-і-Таксіс праіснавала з другой паловы XV ст. да 1867 года і зрабіла велізарны ўклад у развіццё паштовай сувязі ў Еўропе.

Развіццё па-за Еўропай[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі на яе тэрыторыі ад Іспаніі да Персіі ўстанавілася панаванне арабаў. У VII ст. у ісламскім халіфаце ўзнікла добра арганізаваная рэгулярная паштовая служба, паслугамі якой у абмежаваных памерах маглі карыстацца і прыватныя асобы. Паштовя сувязі, якія існавалі на той час, сталі яшчэ больш развітымі. Паштовыя кур'еры мелі асаблівыя знакі адрознення, каб іх можна было пазнаць здалёк. Ім выдаваліся спецыяльныя таблічкі, своеасаблівыя пасведчанні, якія вывешваліся вакол шыі і праз плячо з дапамогай жоўтых стужак.

Маюцца дадзеныя пра існаванне пошты інкаў у Перу і пошты ацтэкаў у Мексіцы. Тут ужо да пачатку XVI ст. існавалі паштовыя ганцы, якія, акрамя дзяржаўных паведамленняў, дастаўлялі да стала кіраўнікоў свежыя рыбу, садавіну і іншыя прадукты харчавання.

Ганцы ацтэкаў перадавалі амаль усе паведамленні вусна. Яны ўпляталі ў валася чырвоныя стужкі ці размахвалі кінжалам пры радасных навінах (напрыклад, пра перамогу); благія навіны перадаваліся кіраўніку на каленях.

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

У XVIXVII стст. у Францыі, Швецыі, Вялікабрытаніі ўзнікла цэнтралізаваная каралеўская пошта. Ідэя паштовай рэгаліі, г. зн. выключнага права ўрада ўтрымліваць у межах дзяржаўнай тэрыторыі паштовыя ўстановы, упершыню была высунута ў канцы XVI ст., а ў XVII ст. стала ажыццяўляцца. Першым з германскіх кіраўнікоў, які ўстанавіў дзяржаўную пошту і прызнаў за ёй характар манаполіі, быў вялікі курфюрст Фрыдрых Вільгельм (1646). Яго прыклад падтрымалі іншыя значныя імперскія чыны. Тады ж утрыманне пошты стала разглядацца не толькі як права, але і як абавязак урадаў.

З развіццём вытворчых адносін і зараджэннем капіталізму ўзнікла неабходнасць арганізацыі рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі як унутры краін, так і паміж дзяржавамі. Ужо ў пачатку XVIII ст. былі дзяржаўныя дзеячы (напрыклад, Фрыдрых-Вільгельм I у Прусіі), якія адмовіліся ад фіскальных поглядаў на пошту і бачылі яе задачу ў патаненні паштовых тарыфаў і як мага большай даступнасці паштовых паслуг для насельніцтва. У адрозненне ад Францыі, дзе перасылка лістоў (poste aux lettres) была аб'яўлена дзяржаўнай манаполіяй, але разам з урадавай поштай меліся прыватныя прадпрыемствы па перавозцы пасажыраў (messageries), у найбуйнейшых германскіх дзяржавах дзейнасць урадавай пошты ўключала як перасылку лістоў і тавараў, так і перавозку пасажыраў.

У тыя часы прыбыццё паштовай карэты ў маленькі населены пункт было значнай падзеяй. Аб сваім набліжэнні паштальён гучна трубіў у паштовы ражок. Навіны дастаўляліся з хуткасцю ў 70 км за суткі — прыкладна столькі праязджаў паштовы дыліжанс.

Мэтазгоднай арганізацыяй славіліся ўрадавыя пошты Саксоніі, БраўншвайгГановера, Гесэна, асабліва ж Брандэнбург—Прусіі. Па галоўнай прускай лініі КлевэМемель пошта з 1655 года ішла двойчы на тыдзень; з Кёнігсберга ў Берлін яна даходзіла за 4 дні, а з Кёнігсберга ў Клевэ — за 10 дзён. Гэта хуткасць была для тых часоў незвычайнай. Акрамя галін на Гамбург, Шцэцін, Лейпцыг і Брэслау, паштовыя зносіны падтрымліваліся на захадзе з Галандыяй, на ўсходзе — з Варшавай і шведскай поштай у Рызе. У справе перавозкі пасажыраў Прусію, аднак, ужо ў канцы XVIII ст. пераўзышлі краіны з больш дасканалымі дарогамі. Менавіта таму сучаснікі былі ўражаныя, калі ў 1821 годзе ў Прусіі былі ўсталяваныя Nagler’sche Schuellposten са зручнымі для падарожных экіпажамі.

У XIX ст. глабальны паварот у паштовай справе быў выкліканы распаўсюджваннем чыгункі ды развіццём параходства. З'яўленне ў пачатку XIX ст. паравоза ды парахода, а ў пачатку XX ст. самалёта значна паскорыла хуткасць перасылкі паштовых адпраўленняў. Паштовая сувязь стала агульнадзяржаўнай і пачала абслугоўваць усё насельніцтва.

Праз спалучэнне чыгуначных і параходных ліній адкрылася магчымасць устанаўлення правільных паштовых зносін паміж найбольш аддаленымі краінамі. Першыя спробы ў гэтым кірунку былі зробленыя ў 1835 годзе брытанскім лейтэнантам Вэгхарнам, які арганізаваў брытанска-індыйскую пошту, якая на параходах перавозілася з Марселя ў Александрыю, адтуль спачатку па канале Махмудыя, а потым па чыгунцы ў Суэц, затым зноў параходамі дастаўлялася ў Бамбей і Калькуту. У пачатку XX ст. гэта пошта ўжо дастаўлялася праз тунэль Мон-Сені ў Брындзізі, адкуль паштовымі параходамі прама перавозілася праз Суэцкі канал у Індыю і краіны Далёкага Усходу.

У 1820 годзе гандляр паперай Брэвер у Брайтане вынайшаў канверт. Важнай вяхой у гісторыі паштовай сувязі стаў выпуск паштовай маркі ў 1840 годзе ў Вялікабрытаніі. Пазней там ды ў калоніях сталі ўжывацца заказныя канверты.