Моршын

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Горад
Моршын
укр.: Моршин
Сцяг Герб
Сцяг
Герб
090901 Morschyn Ukraine Spa.JPG
Краіна
Вобласць
Каардынаты
Глава
Ільніцкі Руслан Якаўлевіч
Першае згадванне
Плошча
20 км²
Насельніцтва
6 тыс. чалавек (2015)
Агламерацыя
Часавы пояс
Тэлефонны код
+38032606
Паштовыя індэксы
82482, 82483
Аўтамабільны код
BC / 14
Афіцыйны сайт
Моршын на карце Украіны ±
Моршын (Украіна)
Моршын
Моршын (Львоўская вобласць)
Моршын

Моршын (укр.: Моршин) — горад абласнога значэння ў Львоўскай вобласці Украіны на Прыкарпацці. Добра вядомы як адзін з найлепшых і перспектыўнейшых бальнеялагічных курортаў Украіны. Да Львова — 90 км чыгункай і 82 км аўтадарогай.

Курорт[правіць | правіць зыходнік]

Моршын валодае разнастайнымі па хімічным складзе мінеральнымі водамі. Для хранічных захворванняў страўніка, кішачніка, падстраўнікавай залозы з поспехам прымяняюцца мінеральныя воды крыніцы № 1 і свідравіны № 6 з сульфатна-хларыдным, магніева-натрыевым і хларыдна-сульфатным, каліева-магніева-натрыевым іённым складам. Пры спадарожных захворваннях нырак і мачавыводзячых шляхоў, а таксама пры парушэннях абмену рэчываў выкарыстоўваецца слабамінералізаваная вада крыніцы № 4.

У комплексе лячэбных мерапрыемстваў хворым прызначаюцца мінеральныя, хвойныя, жамчужныя і іншыя лячэбныя мікраклізмы, гразі — і азакерыталячэнне, лячэбная фізкультура, інгаляцыі і іншыя працэдуры.

Біяхімічныя, імуналагічныя і бактэрыялагічныя абследаванні праводзяцца на базе санаторыя «Днестр», кансультацыя лекараў вузкіх спецыяльнасцяў — у агульнакурортным лячэбна-дыягнастычным цэнтры.

Геаграфічнае палажэнне[правіць | правіць зыходнік]

Горад размешчаны на схіле Карпацкага хрыбта на вышыні 340 м над узроўнем мора ў 82 км на поўдзень ад Львова, у 100 км ад Івана-Франкоўска. Адрозніваецца своеасаблівым ландшафтам і мяккім кліматам. Лета ў Моршыне неспякотнае, вільготнае, а восень — доўгая і цёплая. Сярэдняя тэмпература летніх месяцаў каля +18, а халадней за ўсё бывае ў студзені (-4). Сярэднегадавая сума ападкаў у Моршыне складае 759 мм, больш за ўсё ў канцы вясны і летам. Летнія і восеньскія месяцы прымальныя для аэрагелиатэрапіі, правядзення спартыўных гульняў, купання ў возеры, прагулак у лесе, дзе шмат ягад і грыбоў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першае пісьмовае згадванне аб Моршыне датуецца 2 студзеня 1482 года ў судовым запісу, дзе згадваецца, што сяло Моршын належыць шляхцічу Юрыю Нагваздану і ўваходзіць у склад Польскага каралеўства. Да таго часу гэта было невялікае паселішча, якое налічвала 12 двароў.

З даўніх часоў сяляне ў Моршыне выкарыстоўвалі крыніцы для выварвання солі. Пазней за гэты промысел вырашылі ўзяцца тагачасныя ўласнікі Моршына Бранецкія, якія дамагліся ад каралеўскай канцылярыі дазволу на адкрыццё саляных шахт. Было выкапана пяць шахтавых калодзежаў для здабычы расола, з якога шляхам выварвання атрымлівалася соль. Аднак промысел не апраўдаў сябе — моршынская соль была горкай і непрыдатнай для ўжывання.

У сувязі з гэтымі солеварнямі згадваюцца два імя — Пётр Морштін і Юрый Морштін, немцаў па паходжанні, якія атрымалі ў арэнду гэтыя землі ад польскага караля Казіміра. Гісторыкі дапускаюць, што назва горада Моршы паходзіць ад іх прозвішчаў.

У 1875 годзе з пракладкай праз Моршын чыгункі Стрый-Станіслаў жыццё горада значна ажывілася. Тагачасны гаспадар купец Баніфацый Штыллер прыцягваў увагу людзей да маляўнічай мясцовасці, з якой цяпер было добрая камунікацыя. Запрошаныя Штыллерам лекары В. Пясецкі і. С. Дзікоўскі пачалі арганізацыю ў Моршыне клімата- і водалячэння па ўзоры заходніх курортаў, якія былі ў той час даволі моднымі. У маі 1878 года С. Дзікоўскі дакладвае аб магчымасці арганізацыі курорта ў Моршыне на пасяджэнні «бальнеалагічнай камісіі» ў Кракаве. Лекар Лютастанскі, які правёў інспекцыю Моршына, распавядае аб наяўнасці на курорце памяшкання на 12 ваннаў, трох жылых памяшканняў для прыезджых, драўлянага вадаправода. Таксама ён звяртае ўвагу на тры крыніцы з горка-салёнай вадой.

1878 год стаў годам першага афіцыйнага лячэбнага сезону з адкрыццём «Установы для лячэння грудных хвароб». З таго часу мінеральныя воды крыніц Моршына становяцца прадметам вывучэння. Першы хімічны аналіз расола крыніцы № 1 надрукаваны прафесарам Львоўскага ўніверсітэта. В. Радзішэўскім ў 1881 годзе.

У 1879 годзе былі ачышчаны і добраўпарадкаваны два шахтавых калодзежа, якія былі названыя імёнамі ўладальніка курорта Штыллера і ягонай жонкі — крыніцы «Баніфацый» і «Магдалена» (цяпер крыніцы № 1 і № 2). Акрамя таго імём дачкі Людмілы Штыллер назваў крыніцу № 3 з прэснай вадой, а імём сына Адама — шахтавы калодзеж № 5.

Курортны сезон 1880 года адкрыўся з новай назвай — «Лячэнне мінеральнымі водамі і гразямі». Ваду мінеральных крыніц пачынаюць ўжываць для ваннаў, а тарфяны бруд — для гразевых ваннаў і аплікацый. Моршын стаў бальнеа-гразевым курортам.

У 1880—1881 гадах былі зробленыя першыя спробы ўнутранага ўжывання вод крыніцы «Баніфацый», якія, відавочна, былі паспяховымі, бо з 1883 года гэтая вада ўжо прадаецца ў бутэльках.

Моршын стаў вядомым, пра яго ведалі не толькі ў Аўстра-Венгрыі, а і за яе межамі. У рэкламных праспектах, якія выходзілі перад Першай сусветнай вайной, Моршын параўноўвалі з папулярнейшымі еўрапейскімі курортамі, яго называлі «галіцкім Спа» і «галіцкім Карлсбадам». Аб лячэбных уласцівасцях моршынскай вады ў тыя гады пісалі шмат даследчыкаў, прыраўноўваючы яе да водаў вядомых тады нямецкіх, венгерскіх і чэшскіх курортаў. Моршынскі расол экспартаваўся ў ЗША, Англію, Італію, Румынію і іншыя краіны. Да Моршына курсіравалі цягнікі з Варшавы.

У 1930 гадах на курорце былі пабудаваныя водалячэбніца, гразелячэбніца, інгаляторый і бювет мінеральных вод — «грыбок», які стаў сімвалам горада. У 1935 годзе па праекце інжынера Никадземовіча Таварыствам галіцкіх лекараў пачалося будаўніцтва «Курортнага дома» — цяпер санаторый «Мармуровы палац».

З прыходам савецкай улады прыватныя пансіянаты былі аб’яднаныя ў санаторыі, якіх на пачатак 1950-х гадоў было дзевяць. У 1957 годзе пачала функцыянаваць моршынская курортная паліклініка. У 1960 годзе курорт быў перададзены ў кіраванне прафсаюзам. У 1965—1975 гадах на курорце была пабудавана сталовая на 800 месцаў, аддзяленне сувязі, кінатэатр і Дом культуры. Пабудаваны сучасны бювет мінеральных вод, разлічаны на 6000 людзей адначасовага наведвання.

У 1979 годзе на курорце пабудаваны новы санаторны комплекс «Пралеска» для бацькоў з дзецьмі. Апошні буйны санаторый — «Лаванда» — быў пабудаваны ў 1980-х гадах.

Папулярнасць курорта ўзрастала. У 1964 годзе курорт наведалі каля 50 тыс. чалавек, у 1973 годзе − 60 тыс., у 1977 годзе на курорце лячылася амаль 70 тыс. асоб. Моршын становіцца курортам усесаюзнага значэння.

З прыходам незалежнасці дзяржаўная маёмасць санаторыяў, якая кіравалася прафсаюзамі, перайшла ва ўпраўленне ЗАТ «Укпрофздраўніца», даччынай структуры Федэрацыі прафсаюзаў Украіны. На курорце функцыянуюць 6 санаторыяў, падпарадкаваных ЗАТ «Укпрофздраўніца» — «Світанак», «Днестр», «Лаванда», «Чарамош», «Пярліна Прыкарпацця», «Пралеска». Ім жа кіруецца гарадскі Дом культуры і агульнакурортны бювет мінеральных вод. Маюцца 3 прыватных санаторыі — «Моршинский», «Мармуровы Палац» і пансіянат «Барыс», а таксама ведамасныя — пансіянат «Зорацвет», санаторый «Геолаг Прыкарпацця». У суседнім сяле Лясовічы — санаторыі «Ніва» і «Прыкарпатская ватра». Агульная змяшчальнасць санаторыяў — каля 5000 пацыентаў штомесяц.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]