Перайсці да зместу

Сацыялізм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Сацыяліст)
Серп і молат — знакі марксісцкага руху

Сацыялізм — палітычная ідэалогія, якая ставіць на мэце пабудову эканамічнай і грамадска-палітычнай сістэмы, што прадугледжвае грамадскую ўласнасць на сродкі вытворчасці і сумеснае кіраванне эканомікай, а таксама займаецца тэарэтычнай абаронай такіх прынцыпаў[1]. Грамадская ўласнасць можа ўключаць кааператыўныя прадпрыемствы, агульную ўласнасць, прамую дзяржаўную ўласнасць альбо аўтаномныя дзяржаўныя прадпрыемствы[2][3]. Сацыялістычная эканоміка, заснаваная на вытворчасці для выкарыстання, мае прамое размеркаванне эканамічных унёскаў дзеля задавальнення эканамічных патрэбаў і патрэбаў чалавека, у залежнасці ад фізічных аб’ёмаў рэсурсаў, некаторых фізічных велічыняў альбо прамога вымярэння працоўнага часу[4].

Як палітычны рух, сацыялізм спалучае ў сабе разнастайныя палітычныя філасофіі, пачынаючы ад рэфармізму да рэвалюцыйнага сацыялізму. Прыхільнікі дзяржаўнага сацыялізму выступаюць за нацыяналізацыю сродкаў вытворчасці, размеркавання і абмену, як стратэгіі рэалізацыі сацыялізму. Сацыял-дэмакраты выступаюць за пераразмеркаванне падаткаабкладання і дзяржаўнае рэгуляванне капіталу ў рамках рыначнай эканомікі[5]. У адрозненне ад анархісцкага руху, які з’яўляецца прыхільнікам прамога кантролю працоўных над сродкамі вытворчасці, не абапіраючыся на дзяржаўную ўладу, сацыялізм абапіраецца на дзяржаўную ўласнасць на прамысловасць.

Сучасны сацыялізм паходзіць з палітычных рухаў інтэлігенцыі і працоўных XVIII стагоддзя, якія крытыкавалі сацыяльныя наступствы індустрыялізацыі і прыватнай уласнасці. Нягледзячы на тое, што на пачатку XIX стагоддзя тэрмін «сацыялізм» ужываўся ў дачыненні да сацыяльных праблем капіталізму, незалежна ад метадаў іх вырашэння, да канца XIX стагоддзя сацыялізмам сталі называць сістэму, альтэрнатыўную да капіталізма і заснаваную на некаторых формах грамадскай уласнасці[6]. Сацыялісты-ўтапісты, як, напрыклад, Роберт Оўэн, спрабавалі ствараць самападтрымліваючыяся камуны, каб выйсці з капіталістычнага грамадства. Сацыялісты савецкай мадэлі эканамічнага развіцця, марксісты-ленінцы, выступалі за стварэнне цэнтралізаванай планавай эканомікі ў аднапартыйнай дзяржаве, якая валодае сродкамі вытворчасці. Югаслаўскі, венгерскі, усходненямецкі і кітайскі камуністычныя ўрады ўвялі розныя формы рыначнага сацыялізму, спалучаючы кааператыўныя і дзяржаўныя мадэлі са свабодным валютным рынкам і свабоднай сістэмай цэн, але без свабоды цэнаўтварэння на сродкі вытворчасці[7].

Арыгінальная канцэпцыя сацыялізму — гэта эканамічная сістэма, пры якой вытворчасць арганізавана такім чынам, каб тавары і паслугі непасрэдна вырабляліся па сабекошце, а таксама існавала прамое размеркаванне рэсурсаў у адпаведнасці з задавальненнем эканамічных патрабаванняў без фінансавых разлікаў, без падпарадкавання эканамічным законам капіталізму, як то закон кошту. Сацыялізм часцяком цягне за сабой канец капіталістычным эканамічным катэгорыям, як то арэндная плата, працэнты, прыбытак і грошы[8].

Такая сістэма вельмі кантрастуе з капіталізмам, дзе вытворчасць ажыццяўляецца з мэтай атрымання прыбытку, і, такім чынам, заснавана на ўскосным размеркаванні. У ідэальным капіталізме, заснаваным на вольнай канкурэнцыі, узмацненне канкурэнтнага ціску прымушае камерцыйныя прадпрыемствы рэагаваць на патрэбы спажыўцоў.

Рыначны сацыялізм — гэта мноства розных эканамічных тэорый і сістэм, якія выкарыстоўваюць рыначныя механізмы, каб арганізаваць вытворчасць і выдзяленне фактараў вытворчасці сярод сацыяльных прадпрыемстваў з эканамічным прыбыткам, які атрымлівае грамадства як сацыяльныя дывідэнды, а не прыватны капітал уладальнікаў[9]. Варыяцыі рыначнага сацыялізму ўключаюць мюцюялізм і неакласічныя эканамічныя мадэлі, як то мадэль Ланге.

Правы ўласнасці на сродкі вытворчасці могуць быць заснаваны на прамой уласнасці карыстальнікаў прадукцыйнай уласнасці праз працоўны кааператыў, або сумеснай уласнасці ўсяго грамадства з дэлегаваным працоўнаму калектыву кіраваннем і кантролем над сродкамі вытворчасці, або дзяржаўнай уласнасці ад дзяржаўнага апарату. Дзяржаўная ўласнасць можа выяўляцца праз стварэнне дзяржаўных прадпрыемстваў, нацыяналізацыі або муніцыпалізацыі. Асноўнай асаблівасцю сацыялістычнай эканомікі з’яўляецца тое, што прадпрыемствы, якія маюць формы дзяржаўнай уласнасці, вырабляюць тавары і паслугі па планах, даведзеных зверху, што з’яўляецца па сутнасці каманднай эканомікай[10][11].

Роля і выкарыстанне грошай у гіпатэтычнай сацыялістычнай эканоміцы з’яўляецца спрэчнай праблемай. Такія сацыялісты, як Карл Маркс, Роберт Оўэн і П’ер-Жазэф Прудон, выступалі за розныя віды працоўных распісак альбо працоўных крэдытаў, якія, як і грошы, могуць быць выкарыстаны для набыцця прадметаў спажывання, але, у адрозненне ад грошай, яны не могуць стаць капіталам і выкарыстоўвацца для размеркавання рэсурсаў у працэсе вытворчасці.

  1. «Home : Oxford English Dictionary»(недаступная спасылка). Oed.com.
  2. O’Hara, Phillip (September 2003). «Encyclopedia of Political Economy, Volume 2». Routledge. p. 71. ISBN 0-415-24187-1.
  3. Nove, Alec. «Socialism». New Palgrave Dictionary of Economics, Second Edition (2008)
  4. David Schweickart, James Lawler, Hillel Ticktin, Bertell Ollman (1998) «The Difference Between Marxism and Market Socialism». pp. 61-63
  5. Frank Roosevelt, David Belkin (1994). «Why Market Socialism?» M. E. Sharpe, Inc. p. 314. ISBN 1-56324-465-9.
  6. Phillip Gasper (October 2005). «The Communist Manifesto: a road map to history’s most important political document». Haymarket Books. p. 24. ISBN 1-931859-25-6.
  7. «Market socialism» Dictionary of the Social Sciences. Craig Calhoun, ed. Oxford University Press 2002
  8. Bockman, Johanna (2011). Markets in the name of Socialism: The Left-Wing origins of Neoliberalism. Stanford University Press. p. 20. ISBN 978-0-8047-7566-3.
  9. O’Hara, Phillip (September 2003). Encyclopedia of Political Economy, Volume 2. Routledge. p. 70. ISBN 0-415-24187-1
  10. «Review of Commanding Heights by the Fred Seigel of the Democratic Leadership Council» Архівавана 24 лютага 2012.. Dlc.org. 1 July 1998.
  11. «Excerpt from Commanding Heights». Amazon.com.