Юрка Гаўрук
Юрка Гаўрук | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | Юрый Паўлавіч Гаўрук |
Дата нараджэння | 6 мая 1905 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 лютага 1979 (73 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, паэт |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Юрка (Юрый Паўлавіч) Гаўрук (23 красавіка (6 мая) 1905, Слуцк Мінскай губерні, цяпер Мінскай вобласці — 18 лютага 1979, Мінск; псеўданім: С. Дробуш) — беларускі перакладчык, паэт, літаратурны крытык, рэжысёр[1].
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў сям'і служачага. З 1915 сям'я Ю. Гаўрука ў бежанстве ў Пскове. Скончыў слуцкую школу 2-ой ступені (1921), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава[ru] ў Маскве ў 1925 годзе[1]. З 1924 запісваў на Случчыне беларускі фальклор. Член «Маладняка». Восенню 1925 абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пераехаў у Горкі (1925—1931). У 1931—1935 дацэнт кафедры літаратуры Магілёўскага педінстытута, чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
Арыштаваны 8 лютага 1935 у Магілёве. Асуджаны 28 красавіка 1935 асобай нарадай пры НКУС за «антысавецкую агітацыю» да 8 гадоў пазбаўлення волі; высланы з Беларусі; больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 27 лютага 1958. Пераехаў у Мінск. У 1957—1967 працаваў памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы[1]. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я. Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п'есы з сусветнай класікі.
Асабовая справа Ю. Гаўрука № 15523 захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобласці.
Творчасць[правіць | правіць зыходнік]
Працаваў у галіне перакладу з французскай, англійскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай на беларускую мову. Дэбютаваў перакладам у 1925 (верш Г. Гейнэ «Ткачы[de]»). Свае творы друкаваў у часопісах «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і іншых. Пераклаў п'есы У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926)[1], «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла[ru]» (1954), «Канец — справе вянец[ru]» (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра[ru]» (1982). У яго перакладзе ставіліся п'есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г. Фігейрэду (1957), «Забыты ўсімі» Н. Хікмета[ru] (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В. Гюго (1962), «Мяцеліца» Л. Ляонава[ru] (1965), «Дзядзька Ваня[ru]» А. Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах[ru]» Мальера (1967), «Улада цемры[ru]» Л. Талстога (1969), «Залатая карэта» Л. Ляонава (1971), «Багна[ru]» А. Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (1972), «Ноч памылак[en]» О. Голдсміта, «Выбух» І. Дварэцкага[ru][1].
Аўтар зборніка краязнаўчых апавяданняў «Вясковыя рыскі» (1926). Аўтар першай на Беларусі[1] анталогіі паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў»[2] (1928). У 1969 выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя»[3], у 1975 — зборнік выбраных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах»[4], у 1990 — «Выбранае» (вершы і пераклады)[1].
Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Дж. Байрана, Лесі Украінкі, У. Сасюры, П. Варанько[ru], асобнымі выданнямі выйшлі раман А. Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А. Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э. Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К. С. Прычард[ru] «Дачка ўрагану» (1977). Пераклаў таксама творы Ж.-Б. Мальера, Я. Шварца («Снежная каралева[ru]»), вершы П. Варанько[ru] (1976), Б. Алейніка[ru] (1977), апавяданне «За што?[ru]» Л. Талстога і балада «Парука, Шылер[de]» Ф. Шылера (1978), навелы А. Маруа і апавяданні Р. Інанішвілі[ru], Г. Гогічайшвілі (пераклаў з грузінскай мовы разам з Т. Цулукідзэ, 1979)[1][5].
На рускую мову пераклаў аповесць «Люба Лук'янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К. Чорнага і «Серадзібор» (1966) П. Пестрака[1].
Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986)[1].
Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]
- Агні ў прасторах: Выбраныя пераклады. — Мн., 1975;
- Узвіхраны ветразь: Вершы. Паэма. Пераклады. — Мн., 1990;
- Ступень адказнасці: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. — Мн., 1986.
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 1,9 Гаврук Юрка // Биографический справочник. — Белоруссская ССР. Краткая энциклопедия. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 132. — 737 с.
- ↑ Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. — Мн.: Маладняк, 1928. У зборнік увайшлі пераклады з англійскай твораў Дж. Г. Байрана, П. Б. Шэлі, А. Тэнісана[ru], Г. Лангфела, У. Уітмена, з нямецкай — Ф. Шылера, Г. Гейнэ, Т. Кёрнера[ru], з французскай — В. Гюго, Ш. Леконта дэ Ліля[ru], Ш. Бадлера, П. Верлена, А. Тэр'е[ru], з італьянскай — Ф. Петраркі, Дж. Кардучы, А. Негры[ru], з польскай — А. Міцкевіча, У. Бранеўскага.
- ↑ У склад зборніка ўвайшлі пераклады твораў А. Пушкіна, А. Міцкевіча, балад Ф. Шылера.
- ↑ У зборнік, апроч некаторых перапрацаваных перакладаў з «Кветак з чужых палёў», увайшлі пераклады з англійскай асобных санетаў У. Шэкспіра, урыўкаў з трагедый «Гамлет», «Атэла», «Кароль Лір», камедыяў «Канец — славе вянец» і «Сон у летнюю ноч», твораў Р. Бёрнса, І. В. Гётэ, з венгерскай — твораў Б. Балашы[ru], Д. Бержэні[ru], Ш. Кішфалудзі[ru], з рускай — А. Пушкіна, В. Брусава, С. Ясеніна, Дзм. Кедрына[ru], з украінскай — П. Тычыны[ru], М. Рыльскага[ru], Ул. Сасюры, Л. Украінкі, з армянскай — Г. Эміна[ru].
- ↑ Алеся Лапіцкая Паэт і пераклады // Літаратура і мастацтва. — Мн.: Звязда, 2015. — № 19.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Гаўрук Юрка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995. Т.2.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль.. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Гілевіч Н. Майстар «з краю музыкі і слова» // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
- Гілевіч Н. Паэт-інтэлігент брусаўскай школы: Памяці Ю. П. Гаўрука // Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
- Семяжон Я. Урокі настаўніка // ЛіМ. 1980, 16 мая;
- Лiўшыц У. Быў чалавекам вельмi светлай душы // у кнiзе «Раскопкi вакол Горацкага Парнаса».- Горкi: 2001. С.107-111.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2. — Мн., 2005.
- Нарадзіліся 6 мая
- Нарадзіліся ў 1905 годзе
- Нарадзіліся ў Слуцку
- Памерлі 18 лютага
- Памерлі ў 1979 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Перакладчыкі паводле алфавіта
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі СССР
- Перакладчыкі на беларускую мову
- Перакладчыкі на рускую мову
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты Беларусі
- Паэты СССР
- Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
- Літаратурныя крытыкі Беларусі
- Літаратурныя крытыкі СССР
- Рэжысёры паводле алфавіта
- Рэжысёры Беларусі
- Рэжысёры СССР
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў
- Сябры літаратурнага аб’яднання Маладняк
- Аршанскі Маладняк