Каляды
Каля́ды (састарэлае дыялектнае роздвяны́е свята́[1], калядныя святкі, калядныя нядзелі[2]) — народнае зімовае свята. Працягваюцца дванаццаць дзён з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня — з першай Каляды да Вадохрышча.
У гадавым коле народных земляробчых абрадаў і свят займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркавана да рэлігійных свят Нараджэнне Хрыстова і Хрышчэнне Гасподняе. На Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання Каляд шчыльна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі.
Для Каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжвалі калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.
У гадавым коле Каляды супрацьстаяць Купаллю, якое святкавалася блізка да летняга сонцастаяння.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва Каляды паходзіць, верагодна, ад лац.: Calendae календы (назва першага дня кожнага месяца ў рымлян) або ад славянскага «кол», «кола».
Час святкавання Калядаў
[правіць | правіць зыходнік]У мінулыя часы святкаванне Калядаў мела дакладную прымеркаванасць да руху сонца па небасхіле. Вядома, што на перыяд з 18 па 23 снежня ў прыродзе ўсталёўвалася незвычайная раўнавага. Ноч, усеагульнае панаванне якой пачыналася з восеньскага раўнадзенства, пераставала павялічвацца, і на працягу гэтых 5 дзён захоўвалася хоць і напружаная, але ўсё ж раўнавага. І толькі ў ноч з 24 на 25 снежня святло атрымлівала першую прыкметную перамогу — дзень паступова пачынаў павялічвацца. Такім чынам, пачатак Калядаў быў цесна звязаны з зімовым сонцастаяннем, якое і з’яўляецца, прыродай апасродкаваным, пачаткам Новага года.
Далей у наступных раздзелах у дужках пададзены спачатку даты святкавання Калядаў, а праз «/» пададзены адпаведнікі дат святкавання Калядаў для тых, хто святкуе паводле Юліянскага календара.
Святкаванне
[правіць | правіць зыходнік]Вялікая куцця
[правіць | правіць зыходнік]Першая вячэра (24-25 снежня/6—7 студзеня), што мела назву «Поснай» ці «Вялікай Куцці» — гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з’яўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысціянскія ўяўленні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, што асенсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду. Святочная вячэра складалася з 12 страваў. Перш чым пачаць вячэру, гаспадар браў гаршчок з куццёй і тройчы абыходзіў хату, затым стукаў у акно, а жонка з хаты пыталася: «Хто там стукае?» Гаспадар адказваў: «Сам Бог стукае з цёплай, мокрай вясною, з гарачым небурлівым летам, з сухой і багатай восенню.» Жонка павінна была адказаць: «Просім дахаты.» На першую куццю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавіта Куцця і сімвалізуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны. Дзеля павелічэння прыплоду і ўдойнасці рэшту куцці давалі свойскай жывёле.
На Куццю, асабіста на першую, запрашалі ў госці мароз, каб задобрыць яго, каб ён потым не шкодзіў гаспадарцы:
«Мароз, Мароз! Хадзі куццю есць,
І іржа, і бель, хадзіце цяпер!
Улетку к нам не бывайце,
Хлеба нашага не ўбівайце,
А ў махавым балоце прабывайце!»
Шчодрая куцця
[правіць | правіць зыходнік]Вечар напярэдадні Новага года (31 снежня-1 студзеня / 13 студзеня — 14 студзеня) называецца «шчодрым», «ласым». Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці. Яшчэ загадзя гаспадар біў кормную свінню, «каб Каляда не гневалася да дала на ўсё добры ўраджай, а на гавядо харошы прыплод». Свіння, якая выступала ў якасці ахвяры Багам у старажытных грэкаў, рымлян, германцаў і кельтаў, захавала гэта значэнне і ў беларусаў. На стол ставілі смажаныя каўбасы, свежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчакай. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася, як сімвал урадлівасці. Для таго, каб куры несліся дома, а не на чужых дварах, пасля святочнай вячэры прыносілі ў хату абруч, выкладвалі ў яго рэшткі вячэры і кармілі ў гэтым абручы курэй. Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асоб.
Звычай «Пячы ката»
[правіць | правіць зыходнік]У вёсках Міншчыны быў распаўсюджаны абрад «пячы ката». З хлеба, пірага, сала, каўбасы рабілася фігурка ў выглядзе ката. Яе падвешвалі на палка ці на столі. Яна раскачвалася, і моладзь спрабавала ўхапіць «ката» і трошкі адкусіць ад яго. На Бярэзіншчыне тулава і галаву «ката» рабілі з печанага цеста, вушы — з сала, а хвост — з каўбасы.
Вадзяная куцця
[правіць | правіць зыходнік]Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» Каляда (5 студзеня — 6 студзеня / 18—19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста ў водах Іардану ўстаноўлена гэта свята. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці посных страваў. У хрысціянскім свеце на Хрышчэнне знайшлі адбітак старажытныя вераванні ў магію вады. Апоўначы гаспадыні хадзілі на рэчку ці на возера і чэрпалі ваду, якую пасля захоўвалі, як гаючую. На Хрышчэнне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому — тады ўраджай гаспадар збярэ першым. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хвароб і ад шкоднага ўплыву ведзьмаў. У некаторых вёсках на Хрышчэнне на рэчцы выраблялі са снегу і лёду вялікі крыж, які спачатку палівалі вадой, а потым — бураковым расолам, каб ён набыў чырвоны колер. Побач знаходзілася вялікая бочка з вадой, якую асвячаў святар.
У гэты дзень выконваўся таксама абрад «запісвання Каляды», мэтай якога была засцярога дома, усёй гаспадаркі ад уздзеяння нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар вынімаў з печы гаршчок з куццёй, ставіў у ім зроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду. Вечарам гаспадар, узяўшы першы блінец ці верх куцці, абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сценах крыжы крэйдай.
На працягу ўсіх Калядаў забаранялася займацца г. зв. «крывымі» працамі (шыць, віць, плесці, рабіць крывога і колападобнага, сячы сякераю), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны з’явіцца на свет, абазязкова народзяцца «крывыя», пакалечаныя. Скрайне непажадана было пазычыць што-небудзь з хаты, асабліва агонь, хлеб, дзяжу — гэта магло прывесці да нястачы ў гаспадарцы. З другога боку, лічылася, што той, хто першы на Каляды пойдзе па ваду, будзе здаравейшы за ўсіх, а калі свінням на першы дзень пасля Куцці кінуць у вочы снегу — іх ніхто не зможа сурочыць на працягу года.
Калядаванне
[правіць | правіць зыходнік]Калядаванне — традыцыя з язычніцкімі каранямі. Увечары група сялян (часам дзяўчат, хлопцаў, дзяцей) апраналася ў жывёл (Казу, Тура, Бусла, Зайца), у розных дзіўных чароўных істот (Дзеда, Бабу, Цыгана, Чорта) і хадзілі па вёсцы або ехалі на возе. Яны спыняліся ля кожнага двара, і кожны гаспадар павінны быў запрасіць іх сабе ў хату, інакш, верылі сяляне, на будучы год шчасця і дабрабыту не будзе. Калядоўнікі спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі імправізаваныя сцэны. Пад канец выступлення яны ў форме песні ці вершаванага звароту жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу. Прыводзім адзін з традыцыйных тэкстаў.
Май усяго даволі,
А бяды ніколі!
Стары год канчаем,
Новы зачынаем:
З ранняй вясною,
З буйнай травою,
З збожжам каласістым,
З зярном ядраністым…
— [3].
і ў форме вясёлай песні ці вершаванага звароту патрабавалі ўзнагароды за сваё выступленне.
Добры вечар, гаспадару!
Вынесь жа нам каўбас пару.
Ой, пахадзі каля печкі,
Пашукай жа нам перапечкі.
Ой, пахадзі каля кваскі,
Пашукай жа нам каўбаскі.
Вынесь жа сала, не скупіся,
Каб твой ячмень урадзіўся,
Каб нажалі сто коп жыта,
Каб уся сям’я была сыта…
— [3].
Гаспадар выносіў калядоўнікам хлеб, сала, мяса, садавіну, каўбасы, бліны. Усё гэта калядоўшчыкі складалі ў торбу, якая ад двара да двара рабілася ўсё цяжэйшай. На развітанне яны жадалі гаспадару шчасця, багацця, каб сыны жаніліся і дачкі замуж выходзілі. І ішлі далей па вёсцы. Калі ў гурце быў персанаж-Каза, то сігналам несці пачастунак быў момант, калі Каза падала на падлогу і быццам «памірала». Гэта азначала вялікае няшчасце: значыць, не будзе ўраджаю і дабрабыту. Трэба ажывіць казу: прынесці пачастункаў. І калядоўшчыкі спявалі адпаведныя песні. Прыводзім адну з іх:
Гаспадар ідзе,
Кілбасу нясе,
Сем кускоў сала,
Штоб каза ўстала.
Паўмеркі жыта,
Штоб каза была сыта
Паўмеркі аўса,
Штоб каза расла.
— [3].
На Палессі хадзілі калядаваць са «звяздой» — зоркай на кіі. Зорку абцягвалі белай тканінай, у сярэдзіне гарэла знічка.
На Беларусі калядоўшчыкаў звалі па-рознаму: «каляднікі», «звездары», «шчадраванцы», «шчодры», «цары», «конікі, цыганы», «шчадруючыя госці», «кабылу водзяць», «каза ходзіць». Прыходу калядоўшчыкаў сяляне чакалі з нецярпеннем. У народзе казалі: «Каляды прыйдзе — добры год будзе», «Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць», «Чыю хату каза міне, там цэлы год нялюдскае жыццё будзе».
Калядаванне таварыствам «Талака» (Мінск, 1989 г.) | |||
---|---|---|---|
Калядныя персанажы
[правіць | правіць зыходнік]Абрадавыя тэксты называюць калядоўшчыкаў «ад Бога прысланымі», «гасцямі з далёкага краю, з-пад самага Раю». Калядныя персанажы сімвалізуюць гасцей з «таго» свету, з замагілля, якія ў святочны час ходзяць па зямлі, нясуць ад Бога дабрабыт і размяркоўваюць яго паміж людзьмі. Каб атрымаць сваю долю будучага дабрабыта, трэба адарыць калядоўшчыкаў. Большасць калядных персанажаў мае старажытныя, язычніцкія карані. Прыводзім дадзеныя Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.
Дзед
[правіць | правіць зыходнік]Галоўным персанажам-калядоўшчыкам быў вельмі старажытны вобраз — Дзед. Ён сімвалізуе памерлых продкаў, «дзядоў». Аблічча старца ў фальклоры мае і Бог, якія вандруе па зямлі, узнагароджвае і карае людзей. Найчасцей менавіта Дзед водзіць казу. У песнях нават сустракаюцца такія радкі: «…Пабойся, козачка, // Старога дзеда // З сівой барадой, // Ён табе згубя, // Шкуру злупя, // Дуду пашые…». Магчыма, гэта ўспамін аб старажытнай традыцыі, калі казу прыносілі ў ахвяру.
Да маскі Дзеда абавязкова прымацоўвалі доўгую бараду, якая сімвалізавала багацце і ўрадлівасць. Сувязь барады і ўраджаю падказвае нават назва апошняга жнівеньскага снапа — «Дзедава барада», або «Богава барада». Разам з Дзедам часта ходзіць яго парны персанаж — Баба. Цікава, але ў даўніну Дзед часта выступаў як эратычны персанаж. Ён мог прычапляць да пояса вялікую моркву, якая азначала мужчынскі орган. Адметны факт, што вясною, у пачатку Масленіцы на поўначы Беларусі існаваў абрад «Пахаванне Дзеда», калі сяляне сімвалічна адпявалі і закопвалі ляльку ў выглядзе старога барадатага мужыка, з морквай, прычэпленай да пояса. Магчыма, у абодвух выпадках гаворка ідзе пра нейкага старажытнага язычніцкага персанажа — бога ўраджаю ці першапродка.
Баба
[правіць | правіць зыходнік]Як і Дзед, увасабляе памерлых продкаў. У беларускім народны календары ёсць як святочныя дні «Дзяды», так і святочныя дні «Бабы». Як і Дзед, апраналася ў старое адзенне, што падкрэслівага яе «іншасветнае» паходжанне. На поўначы Беларусі пасля Калядаў, у апошнія дні масленіцы, ладзіўся абрад «Пахаванне Бабы», на які жартоўна аплаквалі, адпявалі і хавалі ў снег ляльку ў выглядзе жанчыны.
Каза
[правіць | правіць зыходнік]Увасабляе дабрабыт, урадлівасць, багацце. Сімвалізуе смерць і адраджэнне прыроды. Ролю Казы выконваў чалавек ў масцы, у вывернутым кажуху, або пудзіла казы, яе набітая сенам скура, канструкцыя з дрэва ў выглядзе жывёліны ці нават чэрап казы на кіёчку. Часам Казу мог замяняць персанаж Авечкі ці Барана.
У старажытнасці балты і славяне прыносілі коз у ахвяры. Нават у калядных абрадах захаваўся эпізод смерці (або забойства) казы.
Таксама Казой у народзе звалі зорку сузор’я Капэла, — самую высокую і яскравую зорку на калядным небе. Адзін этнаграфічны запіс сведчыць, што з’яўленне на небе зоркі Казы было знакам пачатку Куцці (каляднай вячэры). На Мазыршчыне калядную вячэру нават звалі «Куцця святога козліка». У беларускім калядных песнях ёсць эпізод, дзе каза з казлянятамі ратуюцца ад воўка і ўзбіраюцца на высокае дрэва (гэта значыць, на неба). Паводле Д. Свяцкага, беларусы называлі казлянятамі згуртаванне зорак, сёння вядомае як Пляяды, а воўка сімвалізаваў Месяц. Блізу зімовага сонцастаянна Месяц на кароткі час закрывае сабою Пляяды («Воўк з’ядае казлянятаў»), а пасля зноў адкрывае (казляняты адраджаюцца). Сувязь Казы з ураджаямі падкрэсліваецца і ў калядных песнях:
…Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам!
— [3].
Цікава, што ў жніўні існаваў звычай пакідаць нязжатымі ў полі некалькі каласкоў «казе на бараду». У іншых мясцінах некалькі нязжатую купачку каласкоў звалі «казёл».
Мядзведзь
[правіць | правіць зыходнік]Ролю Мядзведзя выконваў чалавек з вывернутым кажухом, у масцы. Часта нехта з калядоўшчыкаў вадзіў яго на ланцугу. Мядзведзь весяліў гаспадароў, рабіў розныя жартаўлівыя дзеянні. Ён сімвалізаваў здароўе, багацце, плоднасць і сілу. Адначасова ён увасабляе дзікую прыроду, з якою трэба пасябраваць, дамовіцца, каб яна была прыхільнай. Вобраз Мядзведзя фігурырые і на свяце Дажынкі, якое адзначалася ў канцы лета. Сяляне запрашалі лясных звяроў (у тым ліку Мядзведзя) на поле са збожжам.
Тур, Карова, Бык
[правіць | правіць зыходнік]Персанаж-Тур суправаджаў калядоўшчыкаў на Палессі, у іншых раёнах яго замянялі Карова ці Бык. Гэты вобраз стварала маска, да якой часта прымацоўваліся сапраўдныя рогі. Тур звязаны з вобразам бога Вялеса. Апошні быў адначасова і богам жывёлагадоўлі, і богам зімы. Таксама Тур мог быць сімвалам раніцы, світанку, свята, якое прыходзіла пасля зімовага сонцастаяння, калі дзень пачынаў расці, а ночы — карацець. Бык увасабляе святло нават у загадках: «Белы бык у акно тык» (дзень), «Сівы бык у вакенца шмык» (світанне).
Бусел
[правіць | правіць зыходнік]Акрамя персанажаў-жывёл былі і персанажы-птушкі, найчасцей — Бусел. Сустракаўся таксама і Жораў. Касцюм рабіўся такім чынам: майстравалі галаву бусла з чырвонай дзюбай, прымацоўвалі яе на палку. Чалавек насіў яе над сабою ўверсе, як галаву на шыі, а сам хаваўся пад белай прасцінай. Бусел танцаваў, дзёўб прысутных (пад усеагульны смех), заглядваў у гаршкі з ежай. У аварбоўцы касцюмы дамініравалі 3 колеры — белы, чырвоны і чорны. Нэта наогул старажытныя колераварая трыяда беларускай народнай вопраткі, і яна мела глыбокі сімвалічны сэнс.
Сам бусел сімвалізаваў вышэйшы свет. Гэты быў пасланец Неба, Бога. Ён адказваў за нябесныя стыхіі, найперш за вецер. Ёсць дзве падобныя народныя казкі, у якіх дзед атрымлівае чароўны прадмет, якія заўсёды прыносіў яму ежу. У першым варыянце казкі прадмет (торбачку) дае бусел, у другім — вецер. Абодва персанажа, відаць, успрымаюцца як роўназначныя: яны належаць да нябеснай стыхіі і прыносяць дабрабыт.
Воўк
[правіць | правіць зыходнік]На Гродзеншчыне, Віцебшчыне і на Палессі рабілі на каляды маску Ваўка. Гэты персанаж любіў красці дзяўчын, таму апошніх ад яго хавалі. Сам ён сядзеў за спінамі іншых калядоўшчыкаў і сачыў, дзе б гэта скрасці дзяўчыну. Часам ён сапраўды выкрадаў дзеўку (жартоўна, канечне). Хлопцы гналіся за ім, аднімалі дзяўчыну ці выкуплялі ў Воўка. А потым як бы «праганялі» яго з вёскі, «што, мол, у нас хлопцы свае ёсць, і дзевак нашых не забірай». Цікава, што ў народных казках воўк таксама часам дапамагае герою скрасці нявесту. Ёсць і народная балада, дзе воўк перамог у спаборніцтве за руку каралеўны і пацягнуў яе ў сваё логавішча.
Заяц
[правіць | правіць зыходнік]Рэдкі персанаж у калядным гурце. Наогул гэты звер лічыўся негатыўным, ён прыносіў няшчасце. У час каляднага дзеяння за ім мог ганяцца іншы персанаж — Воўк. Заяц ратаваўся ад яго і паўсюль хаваўся.
Дзяцел
[правіць | правіць зыходнік]Персанаж Дзяцел быў падобны на Бусла. Калядоўшчык хаваўся ў выварачанай шубе, з якой высоўкаў палку з загнутым канцом («дзюбу») і стукаў ёю па сценках.
Чорт
[правіць | правіць зыходнік]Касцюм Чорта адпавядаў народнаму ўяўленню пра гэтага персанажа: калматы, чорны, з рагамі і казлінай барадою. Калі Дзед увасабаляў Бога, то Чорт мог быць яго антытэзай. Цікава, але большасць калядных персанажаў у фальклоры і паданнях звязана з Чортам: казу і воўка, паводле падання, стварыў не Бог, а Чорт. А конь узнік таму, што бог ператварыў у яго самога Чорта.
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]Персанаж часта сустракаўся на Магілёўшчыне. Чалавека накрывалі белымі просцінамі, давалі ў рукі драўляную касу. Смерць ганялася за прысутнымі, а яны ўцякалі з крыкам «Смерць прыйшла!». У Давыд-Гарадку калядоўшчык-Смерць апранаў белы балахон, парык, калпак, белыя пальчаткі і белыя бахілы.
Поп
[правіць | правіць зыходнік]Звычайна гэта парадыйны персанаж, часам паўставаў у негатыўна-камічным святле. Стаўленне да святароў у народзе было неадназначным. З аднаго боку, яны ўспрымаліся як пасярэднікі паміж Богам і людзьмі, як лекары ад хваробаў. З іншага боку лічылася, быццам поп мае «урочлівае вока», можа навесці на чалавеку няшчасці і хваробы. У народнай свядомасці гэта набліжала святара да чарадзея.
Салдат
[правіць | правіць зыходнік]Цікава, але і салдат у фальклоры ўспрымаўся як госць з Іншасвету, з замагіля, «чужынец», блізкі да нячыстай сілы, уладар таемных ведаў. Персанаж з’явіўся ў беларускай традыцыі пасля далучэння да Расійскай Імперыі. Тады была ўведзеная рэкруцкая павіннасць, якой раней на Беларусі не было. Маладых хлопцаў на 25 год забіралі ў войска, адрывалі ад родных мясцін, пазбаўлялі магчымасці стварыць сям’ю. Гэта ўспрымалася як смерць у сацыяльным плане. Таму ў казках і фальклоры салдат быў як бы чалавекам з «таго» свету.
Тры каралі
[правіць | правіць зыходнік]У каталіцкіх рэгіёнах Беларусі калядная абраднасць захавала менш старажытных, язычніцкіх элементаў, чым у праваслаўных. Касцёл быў меней цярпімым да народнай абраднасці, чым царква. У каталіцкіх вёсках былі распаўсюджаныя персанажы «Трох каралёў». Паводле традыцыі, калі нарадзіўся Іісус Хрыстос, да яго прыйшлі тры каралі з далёкіх усходніх краін, каб пабачыць новага Цара Іўдзейскага. Ад 6 студзеня да свята Грамніцы (2 лютага) мужчыны ці хлопчыкі апраналі чырвонае адзенне, макеты карон і хадзілі па хатах з песнямі:
Мы тры каралі,
Ідзём да вас,
Шчасця, здароўя нясём,
З края света ідзём,
У Віфліем, у шалаш
— [3].
Праводзіны Калядаў
[правіць | правіць зыходнік]У многіх вёсках былі абрады, якімі адзначалі канец калядных святаў. Вось такія дадзеныя прыводзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства:
- У вёсках Чэрвеньскага, Асіповіцкага, Бярэзінскага ды іншых раёнаў быў абрад «цягнуць Каляду да дуба». Ён як бы «закрываў» зімовыя святкі. Праводзіўся 7 студзеня (21 студзеня па новым стылі). Людзі збіраліся ўсёю вёскай. Ролю «Каляды» выконваў снапок сена ў жаночым адзенні. Жанчына сядала на санкі, брала гэты снапок-Каляду, чыгунок куцці і старое кола. А сяляне цягнулі санкі да вялізнага дуба ў суправаджэнні вялікай народнай працэсіі, пад смех і жарты аднавяскоўцаў. Дабраўшыся да дуба, з яго здымалі леташні сноп і вешалі новы, прычым рабіў гэта дзяцюк. Потым пачыналіся вяселлі. Як людзі казалі, у гэты дзень да абеду Каляда, па абедзе — забаўлянкі (стол, песні, музыка і г. д.). Гэта значыла, што калядныя святы скончыліся, і з імі трэба развітацца. У савецкі час абрад быў забаронены, але адноўлены ў 1998 годзе ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна. Яго спраўляюць вяскоўцы, таксама паўдзельнічаць у ім штогод прыязджае шмат моладзі, студэнтаў.
- У в. Буднева 21 студзеня збіраліся, гулялі, жартавалі. Садзілі старую бабу на барану, якую цягнулі да дуба. Абдымалі гэты дуб, весяліліся, пакідалі ля яго на ноч барану, ежу і казалі: «Пакідаем табе барану, каб было здароўе, як у цябе, дуб, крэпкае, і ў нас». А потым весела адбягалі ад дуба і крычалі здалёку: «Гу-у, жджы да другога года, зноў прыдэм!».
- У в. Орліна ў канцы Калядаў на дрэва вешалі маленькую драўляную імітацыю бараны. Вясною ў гэтай «баране» буслы рабілі гняздо.
- У в. Курганне рабілі «провады Калядаў». Два мужыкі зацягвалі на дрэва сапраўдную барану, на якую садзілі ляльку са стужак. Барана вісела да вясны. Калі прыходзіў час баранаваць поле, гаспадар забіраў яе.
- У в. Драні зацягвалі барану на дуб, каб у ёй «буслы вяліся».
- У в. Пярэкаль на руках да дуба неслі барану, падвешвалі яе, і ўвесну буслы зазвычай рабілі там гняздо. Прычым несці барану павінны былі лепшыя жыхары сяла, працавітыя, разумныя, не п’яніцы. Побач з дубам пелі калядкі: «Ой, Калядачкі, бліны ды аладачкі…» Таксама вазілі на санках бабу.
- У в. Ваевічы да дуба неслі сноп саломы ці чугун з куццёй, які звалі Святая Каляда ці Посная Каляда. Хлопцы вешалі яго на дрэве, усе пелі калядныя песні.
- У в. Чарвякі на «провады Калядаў» рабілі ляльку з саломы, апраналі ў стары кажух, цягнулі яе на санках у лес нагамі наперад (як памерлага) і там палілі.
- У в. Новыя Набаркі жанкі рабілі 6 студзеня ляльку («чычала») з саломы, ставілі ў куце адной з хат. 21 студзеня, у апошні дзень Калядаў, ляльку выносілі на двор і палілі.
- У в. Доўгае ў пачатку Калядаў скручвалі сена і клалі яго на покуці. А як канчаліся Каляды, сена давалі каровам і каням. Вазілі на санках старую бабу (якую звалі Бабай-Калядай), а яна за гэта частавала ўдзельнікаў абраду.
- У в. Замікітка моладзь рабіла ляльку з саломы, расфарбоўвала яе і вешала на дубе, пры гэтым спяваючы:
На дуба, калядкі, на дуба
Дзевачкам кудзелька ня люба
Каб нам калядак нядзель дзясятак
Нашы праснічкі б настаяліся
Нашы дзевачкі б нагуляліся.— [4].
- У в. Каменны Барок хлопцы цягнулі на санках ляльку з саломы, вешалі на дуб, вакол якога потым вадзілі карагоды. Дзён праз 2 ляльку здымалі і палілі.
- У в. Бярдовічы чыгунок з рэшткамі куцці ставілі на дрэва.
У некаторых вёсках паняцце «цягнуць Каляду на дуба» азначала проста святочнае застолле. Відаць, сам абрад у тых мясцінах забыўся, а назва набыла іншы сэнс. Напрыклад, у вёсцы Стаялы абрад не існаваў, было толькі застолле, але падчас яго пелі песні: «Ой, калядачкі, вы на дуб, на дуб». У вёсцы Мацевічы людзі 20 студзеня збіраліся за багаты стол, і гэта звалося «цягнуць Каляду на дуба».
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Котович, Крук 2010, с. 36.
- ↑ Виноградова, Плотникова 2009, с. 585.
- ↑ а б в г д [Кухаронак, Т.І. Маскі ў каляднай абраднасці беларусаў / Т.І. Кухаронак – Мінск: Ураджай, 2001. ]
- ↑ Студэнцкае этнаграфічнае таварыства. ”Цягнуць каляду на дуба”
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Виноградова Л. Н., Плотникова А. А. Святки // Славянские древности: Этнолингвистический словарь / Под ред. Н. И. Толстого; Институт славяноведения РАН. — М.: Международные отношения, 2009. — Т. 4. — С. 584—589. — 656 с. — ISBN 978-5-7133-1312-8.
- Золотые правила народной культуры / О. В. Котович, И. И. Крук. — Мн.: Адукацыя i выхаванне, 2010. — С. 592. — ISBN 978-985-471-335-9.
- Быль В. Як шляхта каляды спраўляла Архівавана 5 студзеня 2013. // ARCHE Пачатак, 2 студз. 2012.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Каляды