Партугальцы
Партугальцы (Portugueses) | |
Агульная колькасць | 14 418 000 (2012 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Партугалія — 9 872 тыс. Бразілія — 798 тыс. |
Мова | партугальская |
Рэлігія | каталіцызм |
Блізкія этнічныя групы | галісійцы, іспанцы, каталонцы |
Партуга́льцы (парт.: portugueses) — народ на захадзе Пірэнейскага паўвострава, карэннае насельніцтва Партугаліі (9 872 тыс.). У выніку каланіяльнай палітыкі Партугаліі ў мінулым, а таксама з прычыны эканамічнай або палітычнай эміграцыі многія партугальцы жывуць за межамі сваёй радзімы. Найбуйнейшыя партугальскія дыяспары існуюць у Францыі, ПАР, Бразіліі, ЗША, Канадзе і г. д. Агульная колькасць (2012 г.) - 14 418 тыс. чал.[1]
Размаўляюць на партугальскай мове.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Першымі насельнікамі тэрыторыі Партугаліі былі іберыйцы-лузітаны. У VI ст. да н. э. сюды прыйшлі кельты. Пазней яна ўвайшла ў склад Рымскай дзяржавы, у якой вылучалася правінцыя Лузітанія. Рымскае панаванне працягвалася да 409 г. і суправаджалася пашырэннем лацінскай мовы і рымскай культуры. Мяркуецца, што раманса—лацінская мова мясцовага насельніцтва была аднолькавай для Лузітаніі і суседняй Галісіі. Фарміраванню агульных з продкамі галісійцаў рысаў культуры садзейнічала ўваходжанне ў V - VII стст. зямель Паўночнай Партугаліі і Галісіі ў склад дзяржавы свеваў. У 714 г. Лузітанія была захоплена арабамі.
Першапачаткова Партугалія ўзгадвалася як графства ў складзе Галісіі, пакуль падчас Рэканкісты яно не было пераўтворана ў 1139 г. у каралеўства. У 1249 г. партугальскія каралі адваявалі ў арабаў апошнюю частку былой Лузітаніі. . Акрамя мусульман і хрысціян, тут жыло шмат яўрэяў-сефардаў. У 1418 г. партугальцы высадзіліся на Мадэйры, у 1431 г. — на Азорскіх астравах.
Гуртаванне адзінай партугальскай этнічнай супольнасці адбывалася ў жорсткіх умовах Рэканкісты, пазней — рэлігійных ганенняў супраць мусульман і яўрэяў. Значную ролю ў гуртаванні народа і стварэнні развітай супольнай культуры адыгралі Вялікія геаграфічныя адкрыцці, у якіх партугальцы прымалі непасрэдны ўдзел. Выхадцы з розных частак Партугаліі ўдзельнічалі разам у каланізацыі іншых краін свету. На партугальцаў з Мадэйры і Азорскіх астравоў паўплывалі асобныя групы перасяленцаў з Фландрыі і Італіі, што мігрыравалі сюды ў самым пачатку каланізацыі.
Пра складванне адзінай партугальскай тоеснасці кажа творчасць паэта Луіса дэ Камоэнса, які ў XVI ст. сцвярджаў адзінае паходжанне партугальцаў непасрэдна ад лузітан.[2] У 1580 - 1640 гг. Партугалія ўваходзіла ў склад Іспаніі, хаця захоўвала пэўныя прывілеі. У выніку супольнай барацьбы партугальскіх гараджан і часткі рыцараў супраць іспанскага дамінавання краіна зноў набыла незалежнасць.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]У Партугаліі ўжо ў эпоху высокага сярэднявечча сельская гаспадарка мела пэўную спецыялізацыю. Традыцыйна, існавалі як дробныя сялянскія надзелы, так і буйныя латыфундыі. Апошнія асабліва характэрны для цэнтральных і паўднёвых рэгіёнаў, якія былі далучаны ў выніку Рэканкісты і размяркоўваліся паміж феадаламі. У Новы час асабліва важную ролю пачало адыгрываць вырошчванне садавіны і вінаграду. Партугалія — адзін з сусветных лідараў у вытворчасці моцных чырвоных і сухіх белых він. Адсюль паходзяць партвейн і мадэра. Партугальскія сяляне таксама вырошчваюць грушы, слівы, алівы, цытрусавыя і г. д. Харчовыя культуры — пшаніца, жыта, кукуруза, авёс, бабовыя. Таварная жывёлагадоўля развіта слаба. Механізацыя сельскай гаспадаркі пачалася адносна позна. Да нашых дзён у многіх галінах распаўсюджана ручная праца.
На ўзбярэжжы здаўна займаюцца рыбалоўствам. У Партугаліі доўгі час захоўваўся старажытны тып рыбалоўнага судна, які, як мяркуюць, існаваў ужо ў эпоху Карфагена. Для яго характэрны высока падняты нос, загнуты паўмесяцам. Вясляры размяшчаліся па некалькі чалавек па левым і правым борце. Судна насіла імя загінулага члена экіпажа або першага сына гаспадара. Традыцыйная здабыча партугальскіх рыбакоў — сардзіны, што ловяцца з красавіка да кастрычніка. Рыбакамі працуюць як мужчыны, так і жанчыны.
Пэўны архаізм можна заўважыць і ў партугальскай народнай архітэктуры. Ужо ў часы Рыма на поўначы пераважалі хутарскія і малыя вясковыя паселішчы з двухпавярховымі будынкамі. Першы паверх выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб, а другі — для жылля. На поўдні паселішчы вялікія, з вулічнай планіроўкай. Сялянскія хаціны ладзілі з гліны, накрывалі саломай, гаспадарчыя і жылыя пабудовы размяшчалі ў лінію. На поўдні таксама шырока распаўсюджаны мураваныя шматпакаёвыя сядзібы, якія ў мінулым належалі выключна прадстаўнікам рыцарскага саслоўя. Улетку выкарыстоўваюцца розныя тыпы сезонных жытлаў.
Народная вопратка надзвычай яркая і разнастайная. Жанчыны носяць шырокія паласатыя або клецістыя спадніцы сая, белыя блузы з доўгімі рукавамі, карсаж, накідкі, хусткі, абутак на абцасах з драўлянай падэшвай. Мужчынскія строі ўключаюць кароткія штаны з гетрамі, кашулю, камізэльку, шырокі пояс і капялюш-самбрэйру.
Партугальская нацыянальная кухня не можа пахваліцца мноствам малочных і мясных страў. Затое партугальцы ядуць шмат рыбы, малюскаў, кальмараў. Найбольш арыгінальная страва — кальмары, запечаныя з шакаладам. Хлеб пякуць крыху кіславаты з пшаніцы або ячменю, да якіх дадаюць жытнёвую муку. Ппулярны розныя віды гародніны, вараныя бабовыя, кукуруза і рыс. Кукурузны суп часам гатуюць з мёдам. Далкатэсы — узбіты яечны жаўток з цукрам, зацукраваныя арэхі і садавіна, булачкі. Акрамя віна п'юць каву і мінеральную ваду.
У Партугаліі шырока адзначаюцца святы ў гонар каталіцкіх святых, падчас якіх арганізуюцца шэсці і карнавалы, феерверкі, тэатральныя відовішчы. Асабліва любімае летняя свята — Сан-Жуан (дзень Святога Яна). Увесну адбываюцца баі быкоў, якія ніколі не скончваюцца смерцю жывёл. Найбольш папулярная гульня — футбол. Партугальцы славяцца спеўным і танцавальным мастацтвам. Распаўсюджаны журботныя спевы фаду, песні-чатырохрадкоўі, а таксама шматлікія прафесійныя спевы (пастуховыя, рачныя і марскія рыбацкія, паломніцкія, студэнцкія і г. д.). Народныя музычныя інструменты — гітара, бубен, скрыпка, барабан, дуда.
-
Партугальская жанчына, 1897 г.
-
Святочнае шэсце
-
Карнавал
-
Фальклорны ансамбль
-
Майстэрня ганчара
-
Рыбная страва с кукурузай
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Большасць вернікаў — каталікі.
Вядомыя партугальцы
[правіць | правіць зыходнік]- Антоній Падуанскі— каталіцкі святы
- Антоніу ды Алівейра Салазар — дыктатар Партугаліі
- Барталамеў Дыяш — партугальскі мараплавец, першы з еўрапейцаў абмінуў Афрыку з поўдня
- Васка да Гама — партугальскі мараплавец, вядомы як першы еўрапеец, які здзейсніў марскую вандроўку ў Індыю
- Жазэ Мануэл Барозу — еўрапейскі палітычны дзеяч
- Жазэ Сарамага — партугальскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1998)
- Луіс дэ Камоэнс — партугальскі паэт
- Нуну Гансалвіш — партугальскі мастак XV стагоддзя
- Педру Алварыш Кабрал — партугальскі мараплавец, якому належыць адкрыццё Бразіліі
- Трыстан да Кунья — партугальскі мараплавец, даследчык Атлантычнага і Індыйскага акіянаў
- Фернан Магелан — іспанскі мараплавец партугальскага паходжання, узначальваў экспедыцыю, якая ўпершыню здзейсніла вандроўку вакол Зямлі
Зноскі
- ↑ Portuguese
- ↑ The Lusiads . World Digital Library (1800-1882). Праверана 31 жніўня 2013.