Расна (Дрыбінскі раён)
Аграгарадок
Расна
| ||||||||||||||||||||||||||
Ра́сна[2] (трансліт.: Rasna, руск.: Рясно) — аграгарадок у Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, на рацэ Вербаўцы, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета.
Расна — даўні павятовы горад, пазней — мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад Дрыбіна, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Цёмны Лес (лінія Орша — Крычаў), на скрыжаванні аўтамабільных дарог Магілёў — Мсціслаў і Дрыбін — Доўгавічы. Насельніцтва на 2018 год — 756 чалавек[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Паводле адной з версій, назва паселішча паходзіць ад стараславянскага прыметніка «расны», што азначала «урадлівы», «багаты» і ўзнікла ў сувязі з дзейнасцю рамеснікаў і купцоў, занятак якіх прыносіў добры прыбытак[3]. На думку В. А. Жучкевіча, тапонім з’яўляецца мясцовай назвай расліны расіцы[4].
Расна ўпершыню згадваецца ў XIV стагоддзі як горад, які ў 1335 годзе быў спалены па загадзе маскоўскага князя Івана Каліты ў помсту ліцвінам за нападзенне на Наваторжскую воласць. У 1430 годзе паселішча значылася сярод уладанняў вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы, а ў 1499 годзе Аляксандр Ягелончык перадаў Расну мсціслаўскаму князю Міхалу Жаслаўскаму. 30 сакавіка 1507 года князь разам са сваёй жонкай Ульянай фундаваў тут драўляную праваслаўную царкву Святога Фёдара, якую перадаў святару Цімафею «з зямлёю, пашняю і бортняю»[5].
У 1508 годзе Расна становіцца павятовым горадам Мсціслаўскага княства, які ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў увайшоў ў склад Мсціслаўскага ваяводства. На той час у ім рэгулярна праводзіліся кірмашы, пражывалі рамеснікі 27 спецыяльнасцяў: ганчары, збройнікі, ткачы, гарбары і іншыя[3].
Месцазнаходжанне горада на мяжы з Маскоўскім княствам прывяло да таго, што ў XVI—XVII стагоддзях пасяленне неаднаразова падвяргалася нападам і разбурэнням у ходзе ваенных дзеянняў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім царствам. Так, у 1535 годзе маскоўскія войскі пад камандаваннем Васіля Шуйскага захапілі і спалілі Расну, а падчас Лівонскай вайны рускія часткі двойчы разбуралі паселішча. 16 лістапада 1655 года, у ходзе Трынаццацігадовай вайны, расійскія жаўнеры разрабавалі горад і ўзялі ў палон 10 рамеснікаў, частка жыхароў загінула. Замак ў Расне на той час меў важнае абарончае значэнне[5].
У час Паўночнай вайны ўлетку 1706 года ў горадзе знаходзілася расійская кавалерыя Праабражэнскага і Сямёнаўскага палкоў. 17 ліпеня 1708 года Расну наведаў Пётр І, які прыехаў на агляд войска, пасля чаго накіраваўся ў Чавусы. У другой палове XVIII стагоддзя горад перайшоў у валоданне да шляхецкага роду Пацеяў, якія заснавалі ў Расне езуіцкую місію, пры якой адкрылася школа і місіянерскі дом, пачаў дзейнічаць касцёл[3]. Згадваецца ў 1756 годзе як горад, уласнасць вялікага князя, з езуіцкай місіяй (з касцёлам і кляштарам), сінагогай, царквой, шпіталём, Старым і Новым рынкамі ў Мсціслаўскім ваяводстве ВКЛ[6].
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Расна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Чавускім павеце Магілёўскай губерні. Праз год у паселішчы была ліквідавана езуіцкая місія, а мясцовы касцёл пераведзены ў шэраг парафіяльных. Па звестках 1784 года, статус горада быў паніжаны да мястэчка, у якім меліся 65 двароў, царква, касцёл і школа. Жыхары займаліся земляробствам, кузнецкім, партняжным, ганчарным промысламі, побач знаходзілася сяльцо Расна з панскім домам[7].
Да 1784 года мястэчка належала Аляксандру Міхалу Пацею, пасля яго адмовы прынесці прысягу Кацярыне ІІ перайшло ў дзяржаўную ўласнасць. У 1791 годзе Расна была пажалавана ў пажыццёвае ўладанне Марыі Прыклонскай, потым у розныя гады належала М. Ф. Ельяшэвічу (1848), Л. Стахоўскаму, А. А. Спыткову (з 1870)[7]. У 1830 годзе ў мястэчку была ўзведзена царква Святога Мікалая, пры якой у 1838 годзе адкрылася народнае вучылішча. У 1845 годзе ў Расне заснавалі сукнавальню, працаваў млын. На 1846 год у мястэчку было 63 двары, на 1861 год — 93 драўляныя будынкі, дзейнічалі царква (драўляная), касцёл (мураваны) і сінагога, працавалі 2 малітоўныя школы.
З 1861 года Расна — цэнтр воласці, у самім мястэчку налічваліся 93 двары, царква, касцёл (пабудаваны ў 1818 г.), сінагога, 2 малітоўныя школы. Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў аддзел Людвіка Звяждоўскага раніцай 26 красавіка 1863 года заняў мястэчка і спаліў справы царскай паліцыі. 30 сакавіка аддзел быў акружаны і разбіты, а некаторыя вяскоўцы за дапамогу паўстанцам пасаджаны ў магілёўскую турму[7].
Станам на 1882 год, у Расне існавалі вадзяны млын, сукнавальня, крупадзёрка, маслабойня, крама і карчма. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, тут было 137 двароў, 2 конныя крупадзёркі, вадзяны млын з сукнавальняй, паштова-тэлеграфная кантора, царква, касцёл, сінагога, царкоўна-прыходская школа, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, багадзельня, 39 крамаў, 2 карчмы. У 1909 годзе ў мястэчку налічвалася 320 будынкаў. Праз Расну праходзіла паштовая дарога з Магілёва ў Мсціслаў[7].
У 1910 годзе ў Расне быў знойдзены схаваны ў 1653 г. манетны скарб. Ён быў прадстаўлены манетамі агульнай колькасцю ў 871 адзінку (грошы, 1,5-грашовікі, 6-грашовікі, орты, расійскія капейкі, дукаты, талеры, траякі і іншыя). Манеты былі выраблены са срэбра, золата і білону (нізкапробнага срэбра)[8].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Расна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года паводле пастановы I з’езду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Гомельскай губерні БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе Смаленскай губерні РСФСР, але ў выніку першага ўзбуйнення БССР 1924 года, Расну вярнулі Беларусі. 17 ліпеня таго ж года яна зрабілася цэнтрам раёна Калінінскай акругі і аднайменнага сельсавета. Пасля скасавання Расненскага раёна паселішча 25 ліпеня 1931 г. адыйшло да Мсціслаўскага раёна, 12 лютага 1935 г. — да Дрыбінскага[7].
У міжваенны час у Расне дзейнічалі крэдытнае таварыства, сінагога, дзіцячы сад, хата-чытальня, пракатны пункт сельгасмашын, медычны пункт з бальніцай, народны дом, бібліятэка, школа, ветэрынарны пункт, рынак. У 1928 годзе была адчынена шавецкая майстэрня арцелі «Серп і молат», арганізаваны арцелі возчыкаў, будаўнікоў, краўцоў («Чырвоная ігла»), пабудаваны масларобчы завод, у 1930 г. — бровар. Істотнай падзеяй для жыхароў мястэчка стаў прыезд народнага паэта Беларусі Якуба Коласа ў сакавіку 1925 года, які прачытаў сваю новую паэму «Сымон-музыка»[7].
Падчас Другой сусветнай вайны вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Адразу было арганізавана яўрэйскае гета. 3 сакавіка 1942 года каля 600 яўрэяў было забіта. У час вайны было спалена 109 двароў.
Пасля вайны паселішча было адбудавана, адчынены дзіцячы дом, адноўлены спіртзавод і адкормачны пункт для жывёл. У 1959 годзе вёска была далучана да Горацкага раёна, аднак у сувязі з аднаўленнем Дрыбінскага раёна ў 1989 г., была выключана з яго склада. У 1990 годзе для перасяленцаў з тэрыторый, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС ў вёсцы былі пабудаваны жылыя дамы. З 20 траўня 2001 года ў вёсцы працуе сельскагаспадарчае прадпрыемства «Запаветы Леніна». 29 снежня 2009 года Расне быў нададзены статус аграгарадка[9].
На цяперашні час у Расне працуюць сярэдняя і дапаможная школы, дашкольная ўстанова, бальніца, паліклініка, дом культуры, бібліятэка, аптэка, пошта, лясніцтва[7].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XVIII стагоддзе: 1784 год — 218 чал., 65 двароў.
- XIX стагоддзе: 1810 год — 369 чал., 90 дымоў у мястэчку Расне і 31 чал., 10 дымоў з 390 дзесяцінамі зямлі ў паселішчы езуітаў Расне[10]; 1846 год — 311 чал., 63 двары; 1861 год — 638 чал., 93 двары; 1888 год — 818 чал. (404 муж. і 414 жан.), у тым ліку 169 праваслаўных, 8 каталікоў, 1 пратэстант, 640 іўдэяў; 1897 год — 931 чал. у мястэчку Расне, 24 чал. у сядзібе святара Расне і 44 чал. у фальварку Расне, 137 двароў.
- XX стагоддзе: 1909 год — 1336 чал., 320 будынкаў; 1925 год — 1438 чал., 311 двароў; 1940 год — 986 чал., 216 двароў; 1985 год — 651 чал., 216 двароў; 1998 год — 996 чал., 342 двары[11];1999 год — 857 чал., 339 двароў[7].
- XXI стагоддзе: 2001 год — 1008 чал., 326 двароў[12]; 2007 год — 905 чал.[11]; 2009 год — 764 чал.; 2018 год — 756 чал.[1]
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Святога Казіміра (1812—1819 г., мураваны) — помнік архітэктуры класіцызму, гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі.
- Комплекс былой сядзібы Спытковых (сядзібны дом, бровар, вадзяны млын (разбураны у 2019 годзе), гаспадарчыя пабудовы, канец XIX ст., мураваная) — помнік архітэктуры неакласіцызму, гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі.
- Будынак колішняй царквы Святога Мікалая (1887—1891 г., мураваная) — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, перабудавана ў інтэрнат.
- Свята-Троіцкая царква (пач. XXI ст., мураваная).
- Яўрэйскія могілкі.
Вядомыя ўраджэнцы
[правіць | правіць зыходнік]- Уладзімір Пятровіч Бутрамееў (нар. 1953) — беларускі пісьменнік, драматург.
- Барыс Казанаў (нар. 1938) — беларускі і расійскі пісьменнік, сцэнарыст.
- Арон Кац (нар. 1953) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёр Савецкай Арміі.
- Сяргей Пятровіч Папкоў (нар. 1957) — беларускі дзяржаўны дзеяч, міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Зноскі
- ↑ а б в Прошел День Ряснянского сельского Совета (руск.). Дрыбін. Навіны горада. (4 ліпеня 2018). Праверана 16.07.2019.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б в Жыгамонт Ю. У.. Вёска Расна, дзе ў мінулым стагоддзі гналі чысты спірт пры любой уладзе (недаступная спасылка). СТБ (19 мая 2010). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2018. Праверана 16.07.2019.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974., с.331
- ↑ а б Край у часы Вялікага Княства Літоўкага (1230-1569гг.) . Магілёўская абласная бібліятэка (22 кастрычніка 2011). Праверана 16.07.2019.(недаступная спасылка)
- ↑ LVIA, f. 525, ap. 8, b. 745, l. 34.
- ↑ а б в г д е ё ж Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2., с.110
- ↑ [https://radzima.org/be/miesca/rasna.html Павал Чумакоў. Гісторыя Расны. // Radzima.org
- ↑ Перечень наименований географических объектов, изменивших род объекта Архівавана 31 жніўня 2021.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008., с. 614.
- ↑ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008., с. 613.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13., с. 357.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Расна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — 728 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0409-9.
- Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Расна (Дрыбінскі раён)
- аграгарадок Расна на Radzima.org