Ліцвіны
Ліцві́ны[1], або літві́ны[2] (стар.-бел. литва, литвины) — назва тытульнага народу Вялікага Княства Літоўскага, таксама палітонім для азначэння жыхароў Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVIII стст.
Цяпер этнонім літвіны часам ужываецца для абазначэння беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.[3]
Гістарычныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]
Назва «літвін» (у форме «литвин», «Litwini») вядома ў крыніцах ад XIII стагоддзя: у рускамоўных (Лука Літвін — 1267 год; «сий Андрей бяше родом литвин» — 1289), у лацінамоўных з суседніх Літве краін (Litowini — хроніка Генрыка Латвійскага, каля 1227; Letvinis — хроніка Вартберга пад 1236; rex Litwinorum — у (імаверна, падробленай крыжакамі) грамаце Міндоўга 1261 года; Lethwinorum — у крыжацкім лісце 1298 года; litwini — у лісце вармійскага біскупа 1323 года; Litwini — у лісце тэўтонскага магістра 1331 года і інш.)[4].

У Літоўскай Метрыцы найстарэйшы вядомы ліст з азначэннем «літвін» — запіс ярлыка ардынскага цара Тактамыша каралю Ягайле 1393 года («Вы пак послали есте к нам посла вашего литвина на имя Невойста»)[5].
Мітрапаліт літоўскага Кіпрыяна ў лісце да Сергія Раданежскага (1378) паведамляе, што падчас сустрэчы Кіпрыяна ў Маскве маскоўскія ўлады назвалі «літвінамі» канстанцінопальскага патрыярха Макарыя і візантыйскага імператара Іаана V, відавочна, праз іх пралітоўскую палітыку і наданне Кіпрыяну сану мітрапаліта «ўсяе Русі» («Патриарха литвином назвали, царя тако же, и всечестный сбор вселеньский»[6]).
У крыніцах ВКЛ «літвін» як азначэнне ўсяго насельніцтва Княства вядома ў дагаворных граматах вялікага князя Казіміра з Псковам і Ноўгарадам (1440)[7]: «А мне великому князю Казимиру блюсти Псковитина как и своего Литвина; також и Псковичом блюсти Литвина, как и Псковитина…».

Назва «літва» як азначэнне тытульнага народу Вялікага Княства Літоўскага ўжывалася ў афіцыйных дакументах ВКЛ, напрыклад: у пастановах Гарадзенскага сойму 1567 года («Теж уфаляем, абы панове воеводове, старостове, державцы, тівунове, Літва і Полякове, всі особамі своімі на войну ехалі с почты…»)[8], у статуце менскага цэха рымароў 1634 года («…aby towarzyszów polakow i litwę do roboty y warstatów swych przymowali… »)[9].
У літоўскім акце Люблінскай уніі 1569 года[10] «літоўскім народам» названы агулам народ Вялікага Княства Літоўскага. Таксама ў акце «Каэквацыі літоўскіх станаў» 1697 года (таксама вядомым як акт Каэквацыі «літоўскага народу»).[11]
Жыхароў усходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага маскоўскія крыніцы называлі літвінамі і адначасова беларусцамі (па канфесійнай прыкмеце). Напрыклад, у маскоўскім дакуменце XVII ст.: «Приехал ис Полотцка ко Пскову торговой литвин Спиридонка; родом он литвин, белорусец Мстиславского повету».

У XIX — пачатку XX стст. абшар бытавання назвы «літвіны» звузіўся. У XX ст. ужываўся як польскі экзаэтнонім для літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невялікіх груп беларускага насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і беларускамоўнага насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны. У пагранічных з Беларуссю раёнах Расіі назва «літвіны» бытавала да сярэдзіны XX ст.
Сучасныя ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]
На думку беларускага этнолага Ігара Чаквіна, у беларуска-літоўскіх летапісах і іншых дакументах XV—XVI стст. назва «літвіны» звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з князем Палемонам, тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма «Літва» — на захад ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-славянскае насельніцтва (гл. Літва, зямля). У канфесіянальным аспекце звязвалася як з каталіцтвам, так і з «рускай» верай (яскравы прыклад — Францыск Скарына, які называў сябе і літвінам у этнічным сэнсе, так і русінам у сэнсе канфесійным).[12][13]
Беларускія гісторыкі Георгій Галенчанка і Ігар Марзалюк аспрэчваюць меркаванне, што ў XIV—XVII стст. заходнія беларусы карысталіся вызначэннем «літва»/«літвіны» («литвины») як эндаэтнонімам. На думку гэтых даследчыкаў, беларускае насельніцтва Верхняга Панямоння ўжывала толькі назву «рускі» («русін», «русь») як агульны эндаэтнонім для ўсіх частак старабеларускага этнасу, а сам тэрмін «рускі» («русін», «русь») паралельна звязваўся з праваслаўным насельніцтва (а пасля і з уніяцтвам)[14].
Беларускі гісторык Аляксандр Груша сцвярджае, што «літвіны» («литвины») у часы Вялікага Княства Літоўскага як этнонім адносіўся да літоўцаў[15][16], а адносна беларусаў як этнонім ужываліся «рускія»/«русь»/«русіны» («русины»)[17][16].
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]
Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 2008 года.
- ↑ БелЭн 1999.
- ↑ ЭнцВКЛ 2010, Т. 3, с. 306.
- ↑ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. / аўтарскае выданне. — Менск, 2019. с. 38, 52, 59, 64.
- ↑ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. / аўтарскае выданне. — Менск, 2019. дадатак № 34.
- ↑ Памятники древнерусского канонического права. Ч. 1, т. VI. — СПб., 1880. стб. 185.
- ↑ Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. І. СПб., 1846. № 38, 39.
- ↑ Литовская метрика. Ч. 3, т. 1. — Юрьев, 1914. стб. 425.
- ↑ Беларускі архіў. Т. 3. — Менск, 1930. № 94. С. 143.
- ↑ Akta unji Polski z Litwą 1385—1791. Kraków, 1932. № 149. s. 355—356.
- ↑ Volumina Legum. T. 5. — Petersburg, 1860. P. 420—421.
- ↑ Чаквін І. Формы этнічнага і нацыянальнага самавызначэння беларускага насельніцтва XIV—XVIII ст. (да праблемы станаўлення нацыянальнай самасвядомасці беларусаў) // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мінск, 3—5 лютага 1993 года. Ч. I. — Мінск, 1993. С. 48-49.
- ↑ Зайкоўскі Э., Чаквін І. Літвіны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 382.
- ↑ Марзалюк 2009, с. 59, 65, 116, 120.
- ↑ Груша 2013, с. 39.
- ↑ а б Груша 2015, с. 173.
- ↑ Груша 2013, с. 38.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Літвіны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 314. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 6. Кішынёў — Манцэвічы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1972. — С. 411. — 624 с.: іл., карты.
- Гісторыя Беларусі: у 6 т. / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. — Мінск : Экаперспектыва, 2008. — 688 с.
- Груша, А. И. Великое княжество Литовское: есть ли в нем место для Беларуси? / А. И. Груша // Гісторыя беларускай дзяржаўнасці: матэрыялы навукова-практычнага семінара (Мінск, 26 сакавіка 2013 г.) / рэд.кал. У. Р. Гусакоў [і інш.]. — Мінск : Белар. навука, 2013. — С. 38—53.
- Груша, А. И вновь о взаимных дарах. Добрососедство, прагматизм и благотворительность в отношениях между русинами и литвинами в Великом Княжестве Литовском в первой половине XVI в. / А.Груша // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. — 2015. — № 2. — С. 173—189.
- Зайкоўскі Э., Чаквін І. Літвіны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 382.
- Марзалюк, І. А. Міфы «адраджэнскай» гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2009. — 148 с.
- Марзалюк І. Тэрміналогія этнічнай гісторыі Беларусі 14-17 ст.: набліжэнне да рэаліяў, ці стварэнне новых міфаў? Архівавана 5 кастрычніка 2014. // Гістарычны альманах. — 2003. — Т. 9. — С. 113—122.
- Насевіч В. Л. Да пытання пра саманазву беларусаў у перыяд ВКЛ // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 2: Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Маладзечне 19-20 жніўня 1992 г. Мінск: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, 1993. — С. 97-100.
- Насевіч В. Літвіны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 206—208. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Васькоў У. Літвіны Севершчыны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 306. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 287. — 751 с. — 10 000 экз.
- Левшун Л. Концепт «Литвы» в этнокультурном самосознании белорусов // Беларуская думка. — № 11. — 2009. — С. 102—109.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ліцвіны