Саамы
Саамы (sámit, са̄мь) | |
Саамская сям'я, пачатак XX ст.
| |
Агульная колькасць | каля 135 - 140 тыс. чал. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Нарвегія — 37 890 (2011 г.) Швецыя — каля 20 000 (2009 г.) |
Мова | саамскія мовы |
Рэлігія | шаманізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | фіны, карэлы, комі |
Саа́мы (саманазвы: Sámit, са̄мь; старыя назвы руск.: Лопь, лопари, фінск.: Lappalaisiksi, шведск.: Lappar, нарв.: Lapper) — фіна-вугорскі народ, карэннае насельніцтва Скандынаўскага і Кольскага паўастравоў. Насяляюць землі ў Нарвегіі (37 890 чал. у 2011 г.[1]), Швецыі (каля 20 000 у 2009 г.[2]), Фінляндыі (9 350 чал. у 2009 г.[3]) і Расіі (1771 чал. у 2010 г.[4]). Саамская дыяспара існуе ў ЗША і некаторых іншых краінах. У 2009 г. на Беларусі жыло 2 чалавекі, якія вызначалі сваю этнічную тоеснасць як саамы[5].
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Продкі саамаў — людзі, якія выраблялі тэкстыльную кераміку, яны пачалі перамяшчацца з прарадзімы ўральскіх моў (сярэдняга і верхняга цячэння Волгі) на паўночны захад у другой і трэцяй чвэрцях другога тысячагоддзя да н. э. Групоўкі выкарыстоўвалі старажытныя рачныя шляхі на поўначы Расіі, якія ўжываліся тысячагоддзямі. Члены гэтых лінгвістычна заходне-уральскіх груп, якія апынуліся ў Азёрным краі ўнутранай Фінляндыі, пазней сталі саамамі[6]. Яны дасягнулі цэнтральнай Фінляндыі, магчыма, прыблізна за 1600 ці 1500 гадоў да н. э.[7]. Зыходзячы з распаўсюджанасці тэкстыльнай керамікі, члены гэтых абшчын, якія першапачаткова размаўлялі на адной мове, таксама заставаліся паміж Карэліяй, Ладагай і Ілмаярві, а яшчэ далей на ўсход і паўднёвы ўсход[6].
Прарадзіма саамскай мовы знаходзіцца ў раёне на поўдзень ад Ладагі і Анежскага возера. У гэтым раёне знойдзены самыя паўднёвыя тапонімы саамскага паходжання, а словы-запазычанні з моў, калісьці распаўсюджаных у гэтай мясцовасці, ёсць у рэканструяванай старажытнай саамскай мове. Мяркуючы па запазычаннях, саамы мелі кантакты са скандынавамі, якія ў той час перасяляліся ў гэтую мясцовасць і размаўлялі на германскіх дыялектах, а таксама з носьбітамі фінскай мовы, якія знаходзіліся на тэрыторыі цяперашняй Эстоніі. Карэнныя саамы таксама кантактавалі з невядомымі, вымерлымі групамі, якія размаўлялі на паўночна-еўрапейскіх мовах[8].
Прыблізна ў пачатку нашай эры мова саамаў распаўсюдзілася з мясцовасці на поўдзень ад Ладагі і Анежскага возера на паўднёвае ўзбярэжжа Фінляндыі і ва ўнутраную Фінляндыю, выцесніўшы некалькі старажытных моў, на якіх раней размаўлялі ў гэтым рэгіёне. Карэнныя саамы, магчыма, мелі нейкую статусную перавагу, калі сутыкаліся мовы, і таму носьбіты іншых мясцовых моў з цягам часу змянілі сваю мову на саамскую[8]. Лінгвіст Антэ Айкіё выказаў здагадку, што саамы распаўсюдзіліся на поўнач Фенаскандыі ў дарымскі жалезны век (каля 650 — 0 да н.э.)[9][10]. Па меры распаўсюджвання мовы ў Фінляндыі і Скандынавіі яна распалася на некалькі розных дыялектаў. Пазней гэтыя дыялекты ператварыліся ў сучасныя саамскія мовы[8]. Зыходзячы з генетычных бацькоўскіх ліній, можна выказаць здагадку, што, калі продкі фіннаў прыбылі ў Фінляндыю з Эстоніі, то большасць продкаў саамаў паўднёвай Фінляндыі не мігравалі ў іншае месца, а змянілі сваю мову на балтыйска-фінскую[11].
У сярэднявеччы саамы перасяляліся ў цэнтральную Фінляндыю і ўсходнюю Карэлію. У XVI стагоддзі саамы з’явіліся ў Паўночнай Савоніі, у XVIII стагоддзі — у Куусама. Аднак на ранняй стадыі галоўным напрамкам перасялення саамаў стаў рух на поўнач, дзе яны сутыкнуліся з носьбітамі невядомай мовы, якія пасяліліся ў тым рэгіёне на тысячы гадоў раней, калі ледніковы перыяд адышоў. У сучасных саамскіх мовах аб гэтым сведчаць запазычаныя словы, якія не знаходзяць адпаведнікаў у продкавых формах ніводнай з вядомых моў[12].
У наш час існуе некалькі груп саамаў, фактычна адасобленых адна ад адной.
Традыцыйная культура
[правіць | правіць зыходнік]Доўгі час галоўнымі заняткамі саамаў з’яўляліся паляванне і рыбалоўства. Палявалі на працягу ўсяго года з дапамогай зброі і пастак. З канца сярэднявечча важную ролю адыгрывала паляванне на футравых звяроў, паколькі футра стала каштоўным таварам для развіцця гандлю. Рыбу лавілі пераважна з берага. Некаторыя групы саамаў спецыялізаваліся на лове ў рэках і азёрах, іншыя — на марскім узбярэжжы. У мінулым рыба складала асноўны рацыён у летнія месяцы. На марскім узбярэжжы таксама палявалі на ластаногіх. Збіральніцтва забяспечвала ядомымі травамі і карэннем, яйкамі птушак.
Відавочна, трыманне паўночных аленяў існуе з эпохі жалезнага веку і першапачаткова мела дапаможны характар. Традыцыйна пастухі клапаціліся пра статак толькі ў халодныя месяцы, а ўлетку адпускалі на вольны выпас. У XVII ст. з распаўсюджаннем на поўначы дзяржаўнай улады і скарачэннем колькасці футравых звяроў сітуацыя змянілася. Скуры аленяў сталі галоўным таварам для гандлю і выплаты падаткаў. Гэта вымушала саамаў павялічваць статкі і мяняць лад жыцця на паўкачавы[13]. Алені з’яўляліся крыніцай забеспячэння мясам, малаком, скурамі. Аленяў шырока ўжывалі для транспартыроўкі. У месцах, дзе вяліся горныя работы, перавоз грузаў на аленях быў падатковым абавязкам або магчымасцю падзарабіць. У 1887 г. на Кольскі паўвостраў перасяліліся комі, якія распаўсюдзілі сярод мясцовага насельніцтва перагонны метад аленегадоўлі.
Паўкачавы лад жыцця вымушаў саамаў мець сталыя зімовыя жытлы, якія будаваліся на мяжы тундры і лясной зоны, а таксама часовыя летнія. Да XVIII ст. найбольш распаўсюджаным тыпам сталага жытла была вежа — канструкцыя ў выглядзе ўсечанай піраміды. Яе каркас ладзіўся з драўляных жэрдак, сцены — з дзёрну. Падлога высцілалася галінамі і скурамі. У цэнтры рабіўся агмень з камянёў. У Скандынавіі вежы мелі конусападобную форму, будаваліся з бярвенняў[14][15]. Пазней з’явіліся аднакамерныя бярвеністыя хаты тупа. Распаўсюджаная часовая летняя пабудова — конусападобны шацёр кувакса, які накрываўся чахлом з аленевых cкур.
Асновай сацыяльнай арганізацыі была сііда — тэрытарыяльная абшчына, якая кантралявала эксплуатацыю ўгоддзяў і рэгулявала міжсямейныя адносіны. З XIX ст. большасць сем’яў малыя нуклеарныя. Главой сям’і лічыўся мужчына.
Саамы маюць багаты вусны фальклор — казкі, легенды, міфы. Існуе традыцыя эпічных распеваў пад музыку ёйк[16]. Эпас саамаў быў упершыню запісаны і апублікаваны ў XIX стагоддзі. У другой палове XX ст. з’явілася прафесійная літаратура на саамскіх мовах. У 1987 г. у Нарвегіі быў зняты першы мастацкі поўнаметражны фільм Ofelaš на саамскай мове[17].
-
Саамы з аленем, канец XIX ст., Нарвегия
-
Сучасная аленегадоўля, Швецыя
-
Пабудова вежы
-
Жанчына ў традыцыйным капелюшы, Нарвегія
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Да канца XVIII ст. сярод саамаў была распаўсюджана традыцыйная рэлігія, для якой былі характэрны шанаванне багоў і духаў прыроды, а таксама духаў наайды — пасрэднікаў паміж людзьмі і багамі. Ад Скандынавіі да Паўночнага Урала сустракаюцца сейды[18] — мегалітычныя пабудовы саамаў, што, верагодна, ствараліся як тэрытарыяльныя або родавыя месцы шанавання. У саамскім фальклоры фігуруюць міфічныя істоты, накшталт небяспечных волатаў стала і вадзянікаў цьецьеэлмай. Арганізацыю рытуалаў праводзілі шаманы.
Хрысціянізацыя саамаў пачалася толькі ў XVI ст. З аднаго боку ёй займаліся лютэранскія місіянеры, якіх падтрымлівалі дацкія і шведскія ўлады, з другога — праваслаўныя манастыры[19][20]. У наш час большасць вернікаў-саамаў спавядае хрысціянства.
Саамы ў Нарвегіі
[правіць | правіць зыходнік]Больш за палову ўсіх саамаў свету жывуць на тэрыторыі Нарвегіі, пераважна ў правінцыях Фінмарк, Нурлан і Тромс. Яны падзяляюцца на 3 групы: так званых горных або паўночных саамаў, лульскіх саамаў і паўднёвых саамаў. Апошнія дзве групы вельмі блізкія па культуры і мове да саамаў суседняй Швецыі, падтрымліваюць з імі шчыльныя стасункі, традыцыйна займаюцца аленегадоўляй.
Паселішчы продкаў саамаў на поўначы Скандынаўскага паўвострава з’явіліся шмат тысячагоддзяў таму. Яны сяліліся ўздоўж фіёрдаў, вусцяў рэк і ў гарах, дзе займаліся пераважна рыбалоўствам і паляваннем. З XVII ст. сярод саамаў распаўсюдзілася камерцыйная аленегадоўля.
Кантакты паміж продкамі сучасных нарвежцаў і саамаў мелі даўнюю гісторыю, адлюстраваны ў скандынаўскіх сагах, пісьмовых крыніцах і вуснай народнай творчасці саміх саамаў. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што паміж нарвежцамі і саамамі адбываліся як ваенныя сутычкі, так і гандлёвыя і шлюбныя зносіны[21]. З эпохі сярэднявечча нарвежскія каланісты паступова асвойвалі саамскія тэрыторыі ўздоўж берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна. У мінулым лічылася, што гэты працэс уключаў асіміляцыю саамаў старажытнымі нарвежцамі. Аднак сучасныя даследаванні выявілі, што генетычная спадчына нарвежцаў і саамаў Нарвегіі значна адрозніваецца[22]. Мяркуецца, што нарвежская каланізацыя паступова ізалявала саамаў ад узбярэжжа, вымушала іх пераходзіць да качавога ладу жыцця. Нарвежскія манархі імкнуліся збіраць з саамаў даніну.
Дагаворы 1751 г. са Швецыяй і 1826 г. з Расіяй вызначылі межы Нарвегіі на поўначы і распаўсюдзілі ўладу нарвежскай дзяржавы на значную групу саамаў, да якой перыядычна далучаліся саамы-мігранты з Фінляндыі і Кольскага паўвострава. Нарвегія прызнавала правы саамаў і абавязвалася абараняць іх. Нарвежскія ўлады і лютэранская царква праводзілі палітыку асіміляцыі паўночных тубыльцаў праз хрысціянізацыю і распаўсюджванне адукацыі на нарвежскай мове[23]. Ужо ў XIX ст. практычна знікла традыцыйная рэлігія саамаў. Але палітыка асіміляцыі не заўсёды мела поспех, паколькі існавалі групы саамаў, што захоўвалі адрозны лад жыцця і сваю тоеснасць.
З пачатку XX ст. фарміруецца нацыянальны рух саамаў Нарвегіі[24]. Яго першы этап ахапіў 1904—1912 гг., калі паўночная і паўднёвая групы саамаў выступалі самастойна і адстойвалі пераважна эканамічныя правы. У гэты час з’явіліся сродкі масавай інфармацыі, разлічаныя менавіта на саамаў. У 1917 г. у Тронхейме адбыўся першы адзіны кангрэс саамскага народа, на якім таксама прысутнічалі прадстаўнікі з Швецыі. У 1919—1921 гг. дзейнічала Цэнтральная рада саамі. Яна высоўвала патрабаванні пашырэння палітычных правоў і ўсталявання нацыянальнай аўтаноміі. Аднак пасля 1925 г. саамскі рух згубіў актыўнасць з-за немагчымасці высоўваць палітычныя патрабаванні без падтрымкі нарвежскай большасці. Рух аднавіўся толькі ў пасляваенны перыяд. У 1948 г. была складзена адзіная літаратурная мова, якую пачалі выкладаць у школах. У 1953 г. у Карашоку быў арганізаваны агульнаскандынаўскі кангрэс саамаў. Саамскія арганізацыі набылі палітычную вагу пасля 1970 г., што звязана са зменай дзяржаўнай палітыкі Нарвегіі ў адносінах да нацыянальных меншасцяў, а таксама поспехамі ў барацьбе за зямельныя правы.
У 1989 г. у Фінмарку адбылося першае пасяджэнне саамскага парламента Нарвегіі. Ён складаецца з 39 прадстаўнікоў і аказвае значны ўплыў на палітыку ўсёй краіны[25]. У 1992 г. пачала дзейнічаць лютэранская царкоўная рада саамаў у складзе Царквы Нарвегіі. У 1997 г. Харальд V прызнаў, што «нарвежская дзяржава складаецца з земляў двух народаў — нарвежцаў і саамаў»[26].
Саамы ў Расіі
[правіць | правіць зыходнік]Як сведчаць гістарычныя крыніцы, даныя археалогіі і тапанімікі, у мінулым саамы насялялі значныя тэрыторыі на поўдзень і ўсход ад сучаснага месца пражывання. На Кольскі паўвостраў яны трапілі ў перыяд неаліту. У старажытнарускіх пісьмовых крыніцах саамы ўзгадваюцца з XIII ст. У наўгародскіх і маскоўскіх дакументах XIV — XVI ст. саамскія паселішчы фіксуюцца на паўночных берагах Ладажскага і Анежскага азёр, у XVII ст. — у Карэліі. У канцы XIX — пачатку XX ст. саамы насялялі амаль увесь Кольскі паўвостраў, акрамя яго паўднёвай часткі.[27]. У наш час жывуць пераважна ў Лавозерскім раёне Мурманскай вобласці, каля 40 % — у гарадах, шырока распаўсюджаны шлюбы з прадстаўнікамі іншых народаў[28].
Землі саамаў трапілі пад кантроль Ноўгарада ў XIII—XIV стст., Маскоўскай дзяржавы — у канцы XV ст. Саамы былі вымушаны выплочваць даніну, на іх тэрыторыях сяліліся рускія і карэлы. З XVI ст. адбывалася паступовая хрысціянізацыя саамаў Кольскага паўвострава. Значную ролю ў распаўсюджванні праваслаўя адыграў Печангскі манастыр, заснаваны ў 1533 г. Паводле граматы Івана IV ад 1556 г., манастыр атрымоўваў у карыстанне частку зямель саамаў, а тубыльцы ператвараліся ў залежных сялян. Кольскія саамы доўгі час працягвалі падтрымліваць шчыльныя стасункі са сваякамі з Нарвегіі і Фінляндыі, назіраліся перасяленні саамаў, выкліканыя эпідэміямі або наступствамі Крымскай вайны. У 1866 г. з’яўляецца першае пісьмовае пацверджанне існавання аленегадоўлі ў саамаў Лавозера. Аднак перасяленне комі ў 1887 г., што занялі пашы для камерцыйнага выпасу аленяў, выклікала незадаволенасць лавозерскіх саамаў. Складаныя адносіны паміж саамамі і нашчадкамі комі заўважны і ў нашы дні[29].
У 1927—1928 гг. у Мурманскай вобласці ствараліся нацыянальныя сельскія саветы саамаў, але іх насельніцтва было даволі стракатым. У 1938 г. НКУС інспірыраваў справу нумар 46197, накіраваную на рэпрэсіі супраць саамскай інтэлігенцыі[30]. З 1980-х гг. адбываецца паступовае адраджэнне культуры расійскіх саамаў. Мова саамаў выкладаецца ў школах. З 1990 г. працуюць сродкі масавай інфармацыі на саамскай мове. Існуе шэраг грамадскіх арганізацый, якія займаюцца падтрыманнем мясцовай культуры і сувязяў з саамамі замежжа.
Саамы ў Фінляндыі
[правіць | правіць зыходнік]У нашы дні на тэрыторыі Фінляндыі жывуць дзве кампактныя групы саамаў — так званыя горныя саамы, блізкія па мове і культуры да саамаў Швецыі і Нарвегіі, а таксама ўсходнія або кольскія саамы. Яны адрозніваюцца па веравызнанні. Большасць вернікаў з горных саамаў спавядае пратэстантызм, кольскіх саамаў — праваслаўе. У мінулым колькасць моўных груп саамаў была яшчэ большай. Яны не лічылі сябе адзіным народам, але ў другой палове XX ст. пад уплывам знешніх фактараў адбыўся працэс іх інтэграцыі. Фінскія саамы насяляюць пераважна Лапландыю.
Продкі саамаў з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі ў эпоху мезаліта. Яны рана ўвайшлі ў кантакт з продкамі сучасных фінаў і карэлаў. Відавочна, у мінулым мяжа рассялення саамаў была значна далей на поўдзень, чым у сучасны перыяд. Аднак з першай паловы 1 тысячагоддзя да н. э. яна пачала паступова адсоўвацца на поўнач з-за міграцыі фінамоўнага насельніцтва з Усходняй Прыбалтыкі. З канца 1 тысячагоддзя заходнія землі саамаў на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Батнічнага заліва знаходзіліся пад уплывам скандынаўскіх вікінгаў.
У XIII ст. Фінляндыя трапіла ў склад Швецыі. Шведскія манархі разглядалі ўсіх саамаў як сваіх падданых, хаця на самой справе кантралявалі толькі частку з іх. Адносіны да саамаў заставаліся жорсткімі. Акт 1335 г., што забараняў рабства, не распаўсюджваўся на саамскае насельніцтва, паколькі яно не спавядала хрысціянства. Хрысціянізацыя фінскіх саамаў пачалася толькі ў XVI ст. і суправаджалася рэпрэсіямі і забаронамі паганскіх звычаяў. У XVII ст. саамы фактычна згубілі правы на зямлю, бо не займаліся земляробствам. Гэта адкрыла магчымасць далейшай каланізацыі паўночных рэгіёнаў з боку фінаў. Саамскія сем’і аказваліся ў залежным становішчы ад гандляроў і дзяржаўных чыноўнікаў. Сітуацыя істотна не змянілася падчас уваходжання Фінляндыі ў склад Расіі ў 1809—1917 гг.
У незалежнай Фінляндыі саамы атрымалі роўныя грамадзянскія правы з астатнім насельніцтвам, аднак каля 70 % тэрыторый, якія яны насялялі, апынуліся ў маёмасці ўрада, астатнія ў большасці належалі фінам. З-за эканамічных цяжкасцяў і беспрацоўя многія саамы пераязджалі ў гарады або на поўдзень, дзе хутка гублялі культурныя карані і родную мову. Гэты працэс набыў асабліва востры характар у пасляваенны перыяд. Толькі ў 1991 г. быў прыняты закон аб мове саамаў, які дазваляў карыстацца ёю ў мясцовым кіраванні і адукацыі. Новы закон аб саамскай мове, што дзейнічае з 1 студзеня 2004 г., гарантуе магчымасць выкарыстання саамскіх моў у судзе і органах дзяржаўных паслуг. У 1995 г. саамы атрымалі на канстытуцыйнай аснове правы карэннага народа[31]. Згодна з фінскім заканадаўствам, саамамі могуць лічыць сябе тыя, хто атаясняе сябе з саамскім народам або размаўляе на саамскіх мовах[32]. З 1996 г. дзейнічае афіцыйны орган — Сход саамаў Samediggi[33].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Sami in Norway
- ↑ Riina Heikkilä, The language situation in Sweden : the relationship between the main language and the national minority languages
- ↑ eduskunta.fi
- ↑ Национальный состав населения Российской Федерации Архівавана 23 снежня 2021.
- ↑ belstat.gov.by
- ↑ а б Valter Lang: Homo Fennicus — Itämerensuomalaisten etnohistoria, s. 256—257. Suomalaisen kirjallisuuden seura, 2020.
- ↑ Valter Lang: Homo Fennicus — Itämerensuomalaisten etnohistoria, s. 104. Suomalaisen kirjallisuuden seura, 2020.
- ↑ а б в https://kalmistopiiri.fi/2020/02/06/saamelaiskielten-leviaminen-suomeen-ja-skandinaviaan/
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 лістапада 2020. Праверана 12 студзеня 2021.
- ↑ https://www.sgr.fi/sust/sust266/sust266_aikio.pdf
- ↑ Valter Lang: Homo Fennicus — Itämerensuomalaisten etnohistoria, s. 276—282. Suomalaisen kirjallisuuden seura, 2020.
- ↑ Risto Pulkkinen: Suomalainen kansanusko, s. 25-26. Gaudeamus, 2018. ISBN 9789524953405.
- ↑ Sanna (Jennifer Foster), Reindeer Herding in Norway
- ↑ ЖИЛИЩА, УТВАРЬ, ПИЩА СААМОВ. Архівавана 30 верасня 2015.
- ↑ Традиционные поселения и жилища Архівавана 22 лютага 2015.
- ↑ Kathleen Osgood Dana, Sámi Literature
- ↑ Arctic movie: “Ofelas” (1987), a Sami classic from Norway
- ↑ Сейды Архівавана 21 лютага 2015.
- ↑ The Decline of the Sámi People’s Indigenous Religion
- ↑ СААМЫ В СОСТАВЕ РОССИИ. Архівавана 1 кастрычніка 2015.
- ↑ Doug Simms, The Early Period of Sámi History, from the Beginnings to the 16th Century
- ↑ Norwegian Sami differs significantly from other Norwegians according to their HLA profile
- ↑ Samenes historie
- ↑ Regnor Jernsletten, The Sami Movement in Norway: ideology and practice 1900—1940
- ↑ The Sámi in Norway have more influence on politics than the Swedish Sámi(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 красавіка 2015. Праверана 7 чэрвеня 2015.
- ↑ Eva Josefsen, The Saami and the national parliaments: Channels for political influence P. 9
- ↑ Народы России: Энциклопедия / Главный редактор В. А. Тишков. — М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. С. 310
- ↑ Образ жизни саамов Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ История саамов Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Алексей КИСЕЛЕВ, СААМСКИЙ ЗАГОВОР (Дело № 46197)
- ↑ World Directory of Minorities and Indigenous Peoples: Sami
- ↑ The Lapps — the Indigenous People of Lapland
- ↑ samediggi.fi
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Саамы на Вікісховішчы |
- Sami — Countries and Their Cultures
- Carl-Gösta Ojala, Sámi Prehistories: The Politics of Archaeology and Identity in Northernmost Europe
- Iiddá (Melissa Stroud), The Origin and Genetic Background of the Sámi
- Johan I. Borgos, The Sami people
- Sami in Finland
- SIIDA — THE NATIONAL MUSEUM OF THE FINNISH SÁMI
- SAMI IN SWEDEN Архівавана 15 студзеня 2021.
- Reda (Mindy Eiermann), The Coastal Sami of Norway
- Российские саами