Горад Слуцк
| Горад
Слуцк
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||
Слуцк, гіст: Случаск, Слуцак — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Слуцкага раёна, на р. Случ. У 105 км да поўдня ад Мінска. Вузел чыгунак на Асіповічы, Баранавічы, Салігорск. Аўтадарогі на Мінск, Бабруйск, Салігорск. Насельніцтва 61,4 тыс. чал. (2006).
|
Гісторыя [правіць]
Упершыню згадваецца пад 1116 годам у «Аповесці мінулых гадоў» як горад дрыгавічоў, які быў спалены Глебам Менскім, тымчасова ўваходзіў у склад Тураўскай зямлі і належаў разам з ёй вял. кн. кіеўскаму Уладзіміру Усеваладавічу. Летапісныя назвы Случеск, Слуцек. З 1160 — цэнтр удзельнага Слуцкага княства, першым вядомы князь унук Уладзіміра Усевалдавіч — Уладзімір Мсціславіч. У розныя часы ў горадзе княжылі Рурыкавічы, Алелькавічы, Радзівілы. У 1320-1330-я горад увайшоў у склад ВКЛ. З 1395 належаў Алелькавічам. З 15 ст. Слуцк буйны горад, меў Верхні, Ніжні і Новы замкі. У 1433 горад быў цэнтрам выступлення супраць вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. У 1441 атрымаў абмежаванаіе самакіраванне на аснове магдэбургскага права і герб. Да 16 ст. стаў адным з палітычных і культурных цэнтраў ВКЛ. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс — помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст., была бібліятэка. У 1582 быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. У 16 ст. Слуцкія землі неаднаразова спусташалі крымскія татары, аднак замак узяты не быў. У 1592 княжна Соф'я Юр'еўна, апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў, аб'яднала землі княства, у 1612 пасля яе смерці горад перайшоў да яе мужа Януша Радзівіла.
У 1617 Янушам Радзівілам заснавана Слуцкая кальвінісцкая гімназія. У 1630-1640-я Багуслаў Радзівіл умацаваў Слуцк, які лічыўся адной з асноўных крэпасцяў ВКЛ. Пры Праабражэнскім брацтве працавалі школы для гараджан з выкладаннем на беларускай мове. У 1672—1705 дзейнічала друкарня, у 1689—1773 — езуіцкі калегіум. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Слуцк адзіны з буйных гарадоў Беларусі які не здолелі захапіць рускія, у 1655 вытрымаў аблогу рускіх і казацкіх войск. У 1656 Б. Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці Слуцка з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам — вольнага гандлю на Украіне. У 1700 гораду дадзена поўнае магдэбургскае права і герб. У Паўночную вайну (1700—1721) у горадзе неаднаразова квартэравалі шведскія войскі.
У 1751-1760-я дзейнічала прыдворная тэатральная трупа Г. Ф. Радзівіла. У тэатры ставіліся оперы, балеты і драматычныя спектаклі. Балетная трупа падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе (заснавана ў 1756). Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі. У 1740 М. К. Радзівіл заснаваў мануфактуру шаўковых паясоў (Слуцкая персіярня; дзейнічала да 1844). У 1767 была ўтворана [Слуцкая канфедэрацыя] — саюз пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ, арганізаваная для ўраўнавання яе ў правах з каталіцкай шляхтай. У 1793 выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Слуцк увайшоў у склад Расійскай імперыі, стаў цэнтрам Слуцкага павета Мінскай губерні (да 1924). У 1823 быў складзены план забудовы горада, які прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, будаўніцтва новых дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 1831 скончана будаўніцтва ўчастка Маскоўска-Варшаўскай шашы, што праходзіла праз Слуцк і павет. У 1896 распачата будаўніцтва чыгуначнай лініі Асіповічы-Слуцк (скончана ў 1915). У часе выбараў да самакіравання ў 1909 у гарадскую раду было абрана 10 рускіх, 4 палякі і 1 яўрэй[1]. У 1919 у БССР, але яшчэ ў тым годзе заняты польскімі войскамі. У гады 1919—1920 пад часовай польскай адміністрацыяй, у складзе Менскай акругі Грамадскай управы Усходніх земляў. З 1920 зноў у складзе БССР. З 27 верасня 1938 — горад абласнога падпарадкавання. У чэрвені 1941 акупіраваны нямецкімі войскамі, якія арганізавалі тут лагер смерці, яўрэйскае гета, турму. У горадзе існавала савецкае падполле. У ходзе Мінскай аперацыі (1944) Слуцк быў заняты савецкімі войскамі. Горад развіваўся паводле генеральных планаў 1947, 1962, 1977 і 1987 гадоў.
Эканоміка [правіць]
Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, металаапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Слуцк». У 2004 у горадзе 21 прамысловае прадпрыемства, зарэгістравана 126 прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. Харчовая і перапрацоўчая прамысловасць прадстаўлена 8 прадпрыемствамі. Тавары лёгкай прамысловасці вырабляюцца на прамыслова-гандлёвым прадпрыемстве «Ландыш», тэкстыльнай фабрыцы і рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы». Шырока прадстаўлена дрэва- і металаапрацоўчая галіны («Слуцкмэбля», «Слуцк-Модуль», «Ямполь»).
Дэмаграфія [правіць]
- кан. 19 ст. — >14 тыс. чал.
- 1941 — <22 тыс. чал.
- 1944 — 7 тыс. чал.
- 1.1.2004 — 62,3 тыс. чал. (43 нацыянальнасці)
Культура [правіць]
- Слуцкі краязнаўчы музей
- Дом культуры
Выдатныя мясціны [правіць]
- Гарадзішча старажытнага Слуцка
- Слуцкая Свята-Міхайлаўская царква (2-я пал. 18 ст.)
- Слуцкі будынак паштовай станцыі (19 ст.)
- Слуцкі будынак мужчынскай гімназіі (1852)
- Слуцкі будынак духоўнага вучылішча (1767)
- Слуцкі будынак дваранскага сходу (18 ст.)
- Помнікі: Соф'і Слуцкай; Г. К. Жукаву.
Вядомыя асобы [правіць]
- А. І. Слупскі (1864—1907), гісторык
- Я. Дыла (1880—1973), беларускі пісьменнік
- Ф. Шантыр (1887—1920), беларускі пісьменнік
- С. А. Косберг (1903—1965), канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў
- А. М. Давідовіч (1965—1992), Нацыянальны герой Азербайджана
- Павел Андрэевіч Місько
- Расціслаў Пятровіч Платонаў
- Сцяпан Андрэевіч Баркоўскі
- Уладзімір Самойлавіч Басалыга
- Леанід Генадзевіч Барабанаў
- Анастасія Мірончык-Іванова
- Вітольд Карлавіч Цэраскі
- Міхаіл Іванавіч Якімовіч
- Анатоль Мікалаевіч Карташэвіч
Зноскі
- ↑ W walce o prymat w kraju. Samorząd lokalny. W: Między nadzieją…. Ss. 168—169.
Літаратура [правіць]
- Слуцк // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
- Слуцк // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны: энцыкл. давед. Мн.: 2004. С. 518—521.
- Слуцк // Бел. энцыкл. у 18 т. Мінск, 2002. Т.15. С. 25-27.
- Слуцк // Энцыкл. гісторыі Беларусі у 6 т. Мн.: 2001. Т.6., кн. 1. С. 345—347.
- Памяць: Слуцкі раён. Слуцк: у 2 кн. / уклад. В. С. Відлога; рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БЕЛТА, 2000—2001.
- Цітоў А. К. Слуцак / Анатоль Цітоў // Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.) / Анатоль Цітоў. Мінск, 1998. С. 234.
- Ткачев М. А. Укрепления средневекового Слуцка / М. А. Ткачев // Замки Беларуси / М. А. Ткачев. Минск, 2002. С. 156—162.
- Ціткоўскі І. А. Помнікі архітэктуры Слуцка / І. Ціткоўскі. — Слуцк : [б.в.], 1997. — 111 с. : іл.
- Dariusz Tarasiuk: Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007, s. 211. ISBN 978-83-227-2629-7.
Спасылкі [правіць]
- Інфармацыя на афіцыйнай старонцы Мінскага аблвыканкаму
- Фота на «Глобус Беларусі»
- Форум горада Слуцка
- Сайт Слуцкай газеты, ўсе навіны з жыцця, гісторыя, шмат фотаздымкаў