Крывіцкая канцэпцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Крывіцкая канцэпцыя — гісторыка-ідэалагічная тэорыя, паводле якой продкі беларусаў — крывічы, праз чыю самабытнасці беларусы адрозніваюцца ад рускіх і украінцаў. Аўтары канцэпцыі лічылі патрэбным называць беларусаў крывічамі, а Беларусь — Крывіяй.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ужываць назву Крывія датычна тэрыторый сучаснай Беларусі пачалі ў другой палове XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Польская гістарычная традыцыя другой паловы XVIII стагоддзя пашырала зону засялення племені крывічоў у раннім сярэднявеччы практычна на ўсю тэрыторыю сучаснае Беларусі. Гэта не адпавядае сучасным гістарычным ведам — лічаць, што крывічы засялялі толькі паўночныя і часткова цэнтральныя рэгіёны Беларусі, але стала падставай лічыць крывічоў непасрэднымі продкамі славянскага насельніцтва, якое пазней сталі называць «беларусамі». Узнікненне «крыўскай» візіі старажытнага мінулага Беларусі звязваюць звычайна з даследаваннямі Адама Нарушэвіча, які ў сваёй працы «Гісторыя народу польскага» сяліў крывічоў не толькі паміж Дзвіною і Дняпром, але і на Палессі. Крыўская тэрміналогія ўжывалася для азначэння насельніцтва сучаснае Беларусі, а таксама згадак пра яе мінулае. Але на працягу ХIХ стагоддзя слова «крывічы» паступова ператвараецца ў гістарыцызм, саступаючы цэнтральнае месца ў палітыцы і даследаваннях назве «Беларусь».

З 1920-х гадоў, канцэпт «Крывіі» ўспрымаецца як сродак канчатковай дэкаланізацыі нацыянальнае тоеснасці. У сваю чаргу Беларусь («Белая Русь») разглядаецца як форма ідэнтыфікацыі, моцна злучаная з каланіяльнай залежнасцю, навязаная адміністрацыяй Расійскае імперыі. У гэты перыяд у большасці выпадкаў Крывія ўжываецца як сінонім Беларусі, але як сінонім адлюстроўвае і розныя культурныя і гістарычныя канатацыі. Часам гэта мела навуковы грунт, часам выглядала малапраўдападобна, але на першым месцы была, відавочна, інтэнцыя да канчатковай дэкаланізацыі нацыянальнага наймення, а значыць і рэпрэзентацыі нацыі. «Крывія» і вытворныя ад яе словы становяцца сімвалам старажытнасці і «гістарычнай даўніны» Беларусі. Адсочваецца паралель з апазіцыяй «Украіна» і «Маларосія» ва ўкраінскім кантэксце ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў, толькі з супрацьлеглым вынікам. Назва замацоўваецца на агульнакультурным узроўні і пачынае цыркуляваць у літаратурных і мастацкіх тэкстах. У розных версіях і ў розных кантэкстах яе ўжывалі Ларыса Геніюш, Уладзімір Жылка, Янка Купала.

Нягледзячы на недастатковую ідэйную і палітычную аформленасць, «крыўская тэма» была заўважана ў БССР і стала адным з аб’ектаў крытыкі і ціску з боку савецкіх афіцыйных структур. Крытыка мела не толькі «навуковы», але і выразны ідэалагічны характар, інтэрпрэтуючы прыхільнасць да крыўскіх тэорый як праяву шавінізму і нацыяналізму, фашызму. З 1930-х гадоў «крыўская тэма» разам з іншымі праявамі «нацыяналізму» апазнаецца як ідэйны вораг савецкага разумення беларускае нацыянальнае тоеснасці і выціскаецца, у тым ліку праз фізічнае вынішчэнне прыхільнікаў, з літаратурнага і навуковага поля.

Падчас нямецкае акупацыі крыўская тэма зазнае пэўны рэнесанс уласнай рэпрэзентацыі ў Беларусі, звязаны галоўным чынам з актыўнасцю Яна Станкевіча — друкуюцца адпаведныя падручнікі і часткова аднаўляецца дыскусія ў друку. Пасля вайны крыўская дыскусія канчаткова выціскаецца з Беларусі, працягвае сваё існаванне на эміграцыі і паступова згасае.

Прыхільнікі крывіцкай канцэпцыі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]