Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ляўкі (урочышча))
Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»
Адноўлены дом Янкі Купалы
Месцазнаходжанне Беларусь, Віцебская вобласць, Аршанскі раён, Ляўкі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» — філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, размешчаны ва ўрочышчы ў лесе за 0,5 км ад вёскі Ляўкі Аршанскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мемарыяльная дошка на будынку былой канторы Копыскага лясніцтва

У Ляўках у 1935—1941 гадах на дачы жыў і працаваў народны паэт Беларусі Янка Купала[1].

Лірычныя вершы «Сонцу», «Алеся», «Лён», «Сосны», «Госці», «Вечарынка», «Сыны» і іншыя, напісаныя паэтам у гэты перыяд, складаюць так званы «Ляўкоўскі цыкл». Яны прысвечаны новай сацыялістычнай рэчаіснасці, калгасным працаўнікам, іх побыту. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 3 ліпеня 1941 года, дача згарэла[1].

4 жніўня 1945 года была прынята Пастанова СНК БССР і ЦК КП(б)Б № 1139—292 «Аб увекавечанні памяці Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы», у якой прадугледжвалася адбудова дачы і стварэнне там філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы[1].

Экспазіцыя размяшчалася ў будынку былой канторы Копыскага лясніцтва, у якой летам 1935 года жыў Янка Купала ў сям’і ляснічага М. І. Шыманскага, пакуль па ўрадавай пастанове да 30-годдзя творчай дзейнасці песняра будавалася яго дача. У 1962 годзе да 80-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы тут была ўсталявана мемарыяльная дошка[2][1].

Гараж

У 1962—1977 гадах філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы працаваў на грамадскіх пачатках. З 1977 года філіял стаў дзяржаўнай установай[1], экспазіцыя была абноўлена і значна пашырана[2]. 11 кастрычніка 1978 года філіял музея ўвайшоў у створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»[2].

У 1981 годзе па праекце Я. Раманоўскага і Ф. Анісовіча адноўлены дачны дом пісьменніка. У 1982 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ў рэканструяванай дачы створана новая экспазіцыя[2]. У тым жа годзе постаўлены помнік Янку Купалу (скульптар А. Анікейчык)[1].

Склад мемарыяльнага комплексу[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Янку Купалу

У склад мемарыяльнага комплексу ўваходзяць дача паэта, адноўленая па фотаздымках і ўспамінах (макет мастакоў Я. Раманоўскага і Ф. Анісовіча): аднапавярховы будынак памерам 11,5 х 12,5 м, будынак былой канторы Копыскага лясніцтва, домік шафёра, гасцініца, гаспадарчыя пабудовы, гараж, у якім экспануецца машына пісьменніка «Шэўрале», падараваная яму ўрадам БССР у 1939 годзе, помнік «Восень паэта» (скульптар А. Анікейчык), участак лесу, зона масавых гулянняў[2].

Экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак[2].

Літаратурна-дакументальная частка[правіць | правіць зыходнік]

Частка экспазіцыі музея

Літаратурна-дакументальная частка размешчана ў будынку былой канторы Копыскага лясніцтва, што ўцалеў падчас апошняй вайны. Тут зберагаюцца выданні твораў паэта розных гадоў, успаміны пра яго, вершы, прысвечаныя Ляўкам, пісьмы, дакументы, фотаздымкі, матэрыялы пра сустрэчы ў Ляўках Янкі Купалы з Якубам Коласам, П. Броўкам, П. Глебкам, К. Крапівой, М. Лыньковым, К. Чорным і інш., творы жывапісу А. Кроля, Ю. Пучынскага, Я. Раманоўскага, І. Давідовіча, Я. Ціхановіча, В. Шаранговіча, П. Сергіевіча, графіка Э. Агуновіча, М. Басалыгі, А. Кашкурэвіча, Г. Паплаўскага, Л. Рана, скульптуры У. Летуна, С. Селіханава[2].

У 2015 годзе ў «Ляўках» створана новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя. Галоўнай тэмай яе стала ўвасабленне вобраза «Госці», разгорнутага ў аднайменным вершы ляўкоўскага цыкла. Госцем прыехаў у гэтыя мясціны Янка Купала. Як гаспадар дачы ўжо сам прымаў гасцей — жыхароў навакольных вёсак, сяброў-пісьменнікаў. Госці па сённяшні дзень прыязджаюць у Ляўкі, каб прайсці Купалавымі сцежкамі.

Сучаснае мультымедыйнае абсталяванне экспазіцыі дае магчымасць глыбей адчуць атмасферу часу і прысутнасць паэта. Кожная музейная зала мае свой голас: песні на словы Купалы, аўдыёзапіс яго голасу, птушыныя спевы. А мультымедыйнае акно, што знаходзіцца ў стылізаваным пакоі лясніцтва 1930-х, дазваляе кінуць позірк на ляўкоўскае бытаванне песняра.

Мемарыяльная частка[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер музея

У мемарыяльнай частцы экспазіцыі на дачы паэта ў пакоі, дзе жыў і працаваў пясняр, адноўлены інтэр’ер, абсталяванне, экспануюцца дакументы, рэчы, мэбля, якімі карыстаўся Я. Купала[2].

Зноскі

  1. а б в г д е 284. Мясціна жыцця і творчасці Янкі Купалы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
  2. а б в г д е ё ж Ляўкі, мемарыяльны запаведнік. Аршанскі раён

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]