Пятрусь Броўка
| Пятрусь Броўка | |
|---|---|
| Пятрусь Броўка, 1932 г. | |
| Асабістыя звесткі | |
| Псеўданімы | Аўлас (з Я. Скрыганам); Бандылевіч; Лукаш Вандылевіч (з П. Глебкам); Баравы; Юр. Баравы; Юрка Баравы; П. Далецкий; Дзед Аўлас (з Я. Скрыганам); Дзед Тарас; Дзядок Аўлас; Пятрусь Звычайны; Андрэй Прыгода; Сымон Ракіта; Стары дзядок Аўлас |
| Дата нараджэння | 12 (25) чэрвеня 1905 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 24 сакавіка 1980[1] (74 гады) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | |
| Дзеці | Юрый Пятровіч Броўка |
| Альма-матар | |
| Месца працы | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | перакладчык, пісьменнік, паэт, дзіцячы пісьменнік, рэдактар, палітык, празаік |
| Жанр | лірыка і раман |
| Мова твораў | беларуская |
| Грамадская дзейнасць | |
| Партыя | |
| Член у | |
| Прэміі | |
| Узнагароды | |
Пятру́сь Бро́ўка, поўнае імя Пё́тр Усці́навіч Бро́ўка (12 (25) чэрвеня 1905, Пуцілкавічы, Мінская губерня — 24 сакавіка 1980[1], Мінск) — беларускі празаік, паэт і перакладчык. Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1948—1967). Народны паэт Беларусі (1962). Акадэмік АН БССР (1966, член-карэспандэнт з 1953)[2].
Біяграфічныя звесткі
Сям’я і дзяцінства


Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і (9 дзяцей і 2,5 дзесяціны зямлі). Бацька, Усцін Адамавіч, рабіў куфры, шафы і гэтым прырабляў на пражытак сям’і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзяцей (у час нямецкай акупацыі вывезена ў Асвенцім, дзе і загінула, ёй прысвечана паэма «Голас сэрца» (1960)). Пятрусь пасвіў гусей, потым авечак і пазней кароў, вадзіў коней на начлег. У 9-гадовым узросце, літаральна па складах, па просьбе сялянак, пісаў лісты іх мужам на франты Першай сусветнай вайны. Вучыўся Пятрусь Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вучыўся ў Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, але на поўнае навучанне ў сям’і не хапіла сродкаў.
Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся з вершамі Янкі Купалы, апавяданнямі Якуба Коласа, упадабаў паэзію Мікалая Някрасава.
З 1918 года ў 13-гадовым узросце пачаў працаваць перапісчыкам у Вялікадолецкім валасным камісарыяце (бальшавіцкай грамадскай установе ў Вялікіх Дольцах Барысаўскага павета), потым справаводам валаснога выканкама, рахункаводам у саўгасе.
У 1923 годзе годзе выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў сваёй вёсцы, у 1924 годзе — старшынёй Маладолецкага сельсавета. Пачаў дасылаць допісы ў газеты. Пісаў у барысаўскую павятовую газету «Бядняк», у газеты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». Удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў сельскім карэспандэнтам. У 1923 годзе быў выкліканы на 1-ы з’езд сельскіх карэспандэнтаў Беларускай ССР, але не паехаў, бо не было сродкаў на дарогу.
Юнацтва

У 1925 годзе быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У 1927—1928 гадах працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына» (Полацак), адначасова з 1927 года кіраўнік мясцовага філіялу літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У Полацку наведваў вячэрнюю школу для дарослых.
У 1928 годзе паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1931 годзе. Член Саюза пісьменнікаў БССР і Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
У 1934 годзе Пятрусь Броўка ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, у 1936 у іх нарадзіўся сын Юрка. У 1940 годзе прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Член ВКП(б) з 1940 года.
Другая сусветная вайна і пасляваенны час
Пасля нападу Германіі на СССР у часе Другой сусветнай вайны добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі, у баявых дзеяннях не ўдзельнічаў. У 1941—1942 гадах быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з савецкім партызанскім друкам. З 1943 года — адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1945 у другі раз прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».
У 1948 годзе абраны старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (да 1967). Член ЦК КПБ (1952—1980). У 1959 дэлегатам ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
У траўні 1966 г. падчас з’езда Саюза пісьменнікаў БССР рэзка нападаў на пісьменнікаў Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля, асуджаных у лютым 1966 года на працяглыя тэрміны зняволення за «антысавецкую дзейнасць і агітацыю»[3]. У 1967—1980 гадах — галоўны рэдактар БелСЭ (цяпер яе пераемніца «Беларуская Энцыклапедыя» носіць імя Петруся Броўкі).
Станавіўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1956—1980) і Вярхоўнага Савета БССР (1947—1955), сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў СССР.
Творчасць
Дэбютаваў вершамі ў 1926 годзе ў газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне» («Ой, не шапчы мая бярозка!» і інш.). Паэтычная творчасць Петруся Броўкі дасягнула вяршыні ў 1960—1970-я гады.
Аўтар кніг паэзіі «Гады як шторм» (1930), «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» (1931), «Паэзія» (1932), «Так пачыналася маладосць» (1934), «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Кацярына» (1938, паэма), «Вершы і паэмы» (1940), «Шляхамі баравымі» (1940), «Насустрач сонцу» (1943, Масква), «У роднай хаце» (1946), «Вершы і паэмы» (1946), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Па сакрэту» (1961, сатыра і гумар), «А дні ідуць…» (1961), «Маладым сябрам» (1961, для дзяцей), «Высокія хвалі» (1962), «Наш музей» (1962, паэма для дзяцей), «Вершы і паэмы» (1966), «Заўсёды з Леніным» (1967, паэма), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «Ты — мая пчолка» (1972), «Лясы наддзвінскія» (1973, паэма), «І ўдзень і ўночы» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979), «Маладосць і сталасць» (1980), «Савецкі чалавек» (1982), «Мая Радзіма» (1985).
Аўтар аповесцей «Каландры» (1931, экранізавана ў 1934), «Донька-Даніэль» (1982, для дзяцей), нарысаў «Ураджай» (з Пятром Глебкам, 1933), «Месяц у Чэхаславакіі» (1952), рамана «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборніка апавяданняў «Разам з камісарам» (1974).
Перакладчык на беларускую мову твораў Тараса Шаўчэнкі, Уладзіміра Маякоўскага, Паўла Тычыны, Міколы Бажана, Аляксандра Твардоўскага, Міхаіла Ісакоўскага, Аляксандра Пракоф’ева, Уладзіслава Бранеўскага, Джорджа Байрана[2], Аляксандра Кутатэлі, Юрыя Яноўскага і іншых аўтараў.
Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны» (1940, пастаўлена ў 1939), «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», з Яўгенам Рамановічам, пастаўлена ў 1944, урыўкі апублікаваны ў 1947)[2].
Творы Петруся Броўкі актыўна перакладаліся мовы народаў СССР і сацыялістычнага лагеру[2], часам на іншыя мовы. Ёсць пераклады на азербайджанскую, англійскую, армянскую, балгарскую, башкірскую, венгерскую, грузінскую, іспанскую, казахскую, калмыцкую, каракалпакскую, кітайскую, кіргізскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, рускую, сербскахарвацкую, таджыкскую, туркменскую, украінскую, чэшскую, чувашскую, французскую і эстонскую.
Узнагароды

- Герой Сацыялістычнай Працы (1972).
- Тры ордэны Леніна.
- Ордэны Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і многімі медалямі.
- Народны паэт БССР (1962).
- Заслужаны дзеяч навукі БССР (1975).
- Лаўрэат Сталінскай прэміі 2-й ступені за паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаяць…», «Спатканне» (1947), Сталінскай прэміі 3-й ступені за зборнік вершаў «Дарогі жыцця» (1950),
- Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа за раман «Калі зліваюцца рэкі» (1959)
- Лаўрэат прэміі за кнігу вершаў «А дні ідуць…» (1962).
- Лаўрэат прэміі БССР імя Янкі Купалы за паэму «Заўсёды з Леніным» і за кнігу вершаў «Між чырвоных рабін» (1969).
- Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.
- Ганаровы грамадзянін Мінска (1980).
Ацэнкі

У наш час Петруся Броўку часта крытыкуюць за прасавецкакасць і ідэалагізаванасць творчасці. Літаратар Альгерд Бахарэвіч адзначае, што Броўка, які ў маладосці, быў ледзьве не авангардыстам і патрабаваў «новай музыкі», у сталым узросце нават шпацыруючы па Празе думаў пераважна пра тое, «як тут хадзіў калісьці Ленін»[4].
Вядомыя радкі Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна пра Петруся Броўку:
|
Пятрусь Броўка піша лоўка, |
Але сам жа Барадулін пазней казаў, што большая частка крытыкі ў адрас Броўкі была несправядлівая. Ён таксама, як і астатнія, стараўся падладзіцца пад існы ў СССР лад, пісаў ідэалагічныя творы. Але сапраўдны Броўка выражаўся ў сваіх лірычных вершах.
Ушанаванне памяці

- У Мінску (вул. К. Маркса, 30) створаны літаратурны музей Петруся Броўкі.
- На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у БелЭн і Вялікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага раёна адкрыты мемарыяльныя пакоі, у Пуцілкавічах — хата-музей, каля якой устаноўлена стэла памяці маці паэта.
- Імя Петруся Броўкі прысвоена выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя» і Вялікадолецкай школе; яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.
- Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ ўстаноўлена стыпендыя імя Петруся Броўкі.
Бібліяіграфія
Зборнікі паэзіі
- «Гады як шторм» (1930)
- «Прамова фактамі» (1930)
- «Цэхавыя будні» (1931)
- «Паэзія» (1932)
- «Так пачыналася маладосць» (1934)
- «Прыход героя» (1935)
- «Вясна радзімы» (1937)
- «Кацярына : Паэма» (1938)
- «Вершы і паэмы» (1940)
- «Шляхамі баравымі» (1940)
- «Насустрач сонцу» (1943, Масква)
- «У роднай хаце» (1946)
- «Вершы і паэмы» (1946)
- «Сонечнымі днямі» (1950)
- «Цвёрдымі крокамі» (1954)
- «Пахне чабор» (1959)
- «Далёка ад дому» (1960)
- «Па сакрэту : сатыра і гумар» (1961)
- «А дні ідуць…» (1961)
- «Высокія хвалі» (1962)
- «Вершы і паэмы» (1966)
- «Заўсёды з Леніным : паэма» (1967)
- «Між чырвоных рабін» (1969)
- «Калі ласка» (1972)
- «Ты — мая пчолка» (1972)
- «Лясы наддзвінскія» (1973)
- «І ўдзень і ўночы» (1974)
- «Што сэрца праспявала» (1979)
- «Маладосць і сталасць» (1980)
- «Савецкі чалавек» (1982)
- «Мая Радзіма» (1985)
Зборнікі прозы
- «Каландры : аповесць» (1931)
- «Разам з камісарам : зборнік апавяданняў» (1974)
Раман
- «Калі зліваюцца рэкі» (1957)
Нарысы
- «Ураджай» (1933, сумесна з П. Глебкам)
- «Месяц у Чэхаславакіі» (1952)
Дзіцячая літаратура
- «Маладым сябрам» (1961)
- «Наш музей : паэма» (1962)
- «Донька-Даніэль : аповесць для дзяцей» (1982)
Лібрэта опера
- «Міхась Падгорны» (1939)
- «Алеся» («Дзяўчына з Палесся») (1944, сумесна з Я. Рамановічам)
Выбранае
- «Выбраныя творы» (1934, 1945, 1947, 1948, 1951)
- «Збор твораў : у 2-х тамах» (1957, 1969)
- «Збор твораў : у 4-х тамах» (1965—1966)
- «Збор твораў : у 7 тамах» (1975—1978)
- «Збор твораў : у 9 тамах» (1987—1992)
- Крыніца з-пад Вушачы: (вершы і паэмы) / Пятрусь Броўка; Уклад. Р. Барадулін. — Мн.: Маст. літ., 2003. — 266 с.
Крыніцы
- ↑ а б The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ а б в г Бровка Петрусь // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 82. — 737 с.
- ↑ Shustin, Aaron. 1966 – «год Ройзмана» (1 мая 2016). Праверана 12 жніўня 2025.
- ↑ Альгерд Бахарэвіч. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе.) — Радыё СвабоднаяЕўропа / Радыё Свабода, 2012
Літаратура
- Бандарэнка К. Творчасць Петруся Броўкі ў беларускай музыцы: балет Г. Вагнера «Святло і цені» / Кацярына Бандарэнка // Роднае слова. 2000. № 6. С. 80—81.
- Барадулін Р. І. Аратай, які пасвіць аблокі : сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны / Р. І. Барадулін. — Мн., 1995. — 350 с.
- Барадулін Р. Зямляк / Рыгор Барадулін // Аратай, які пасвіць аблокі / Рыгор Барадулін. Мн., 1995. С. 159—164.
- Бельскі А. І. Сучасны погляд на паэзію Петруся Броўкі / А. І. Бельскі // Беларуская мова і літаратура. 2000. № 2. С. 21-32.
- Броўка Пятрусь // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 1996. Т. 3. С. 262—263.
- Броўка Пятрусь // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. Т.1. С. 305—350.
- Броўка Пятрусь // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 1994. Т. 2. С. 80-81.
- Броўка Пятрусь (Пётр Усцінавіч) // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. К. Кісялёў і інш. — Мн., 2003. — С. 547—548.
- Пятрусь Броўка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X. С. 63-65.
- Гніламёдаў У. Паэт купалаўскай школы / У. Гніламёдаў // Краязнаўчая газета. — 2005. — № 24 (чэрвень).
- Шпакоўская Г. Пуцілкавічы / Г. Шпакоўская // Народнае слова. — 2005. — 25 чэрв.
- С. Грахоўскі. Урокі Петруся Броўкі. www.grahouski.org.
Спасылкі
| Пятрусь Броўка на Вікісховішчы |
- Віктар Жыбуль Футурыст Пятрусь Броўка Архівавана 16 красавіка 2012.
- Пятрусь Броўка ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Нарадзіліся 25 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1905 годзе
- Нарадзіліся ў Барысаўскім павеце
- Памерлі 24 сакавіка
- Памерлі ў 1980 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
- Выпускнікі педагагічнага факультэта БДУ
- Члены КПСС
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк»
- Лаўрэаты Сталінскай прэміі II ступені
- Лаўрэаты Ленінскай прэміі
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа
- Лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
- Героі Сацыялістычнай Працы
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Дружбы народаў
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Узнагароджаныя медалём «Партызану Айчыннай вайны»
- Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «Дваццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «Трыццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя медалём «Ветэран працы»
- Лаўрэаты Сталінскай прэміі III ступені
- Народныя паэты Беларусі
- Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Пісьменнікі СССР
- Пісьменнікі Беларусі
- Пісьменнікі XX стагоддзя
- Паэты паводле алфавіта
- Паэты СССР
- Паэты Беларусі
- Паэты XX стагоддзя
- Перакладчыкі паводле алфавіта
- Перакладчыкі СССР
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі XX стагоддзя
- Перакладчыкі на беларускую мову
- Перакладчыкі з украінскай мовы
- Перакладчыкі з рускай мовы
- Грамадскія дзеячы Беларусі
- Беларускамоўныя паэты
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Народныя паэты Беларускай ССР
- Ганаровыя грамадзяне Мінска
- Пятрусь Броўка
- Ганаровыя грамадзяне Ушацкага раёна