Брэсцкая крэпасць-герой (мемарыяльны комплекс)
Славутасць | |
Брэсцкая крэпасць-герой | |
---|---|
| |
52°04′57″ пн. ш. 23°39′24″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Дата заснавання | 25 верасня 1971 |
Сайт | brest-fortress.by |
Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» — помнік подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе. Створаны ў 1969—1971 гг. на тэрыторыі крэпасці, адкрыты ў 1971 годзе.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]ЦК КПБ у Пастанове «Аб святкаванні 20-годдзя вызвалення Савецкай Беларусі» ухваліў прапановы аб пабудове помніка ў Брэсцкай крэпасці за кошт сродкаў, сабраных народам для гэтых мэтаў. У банку быў адкрыты адмысловы рахунак. Адзначаючы выключныя заслугі абаронцаў Брэсцкай крэпасці перад Радзімай і ў адзначэнне 20-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР Указам ад 8 мая 1965 года прысвоіў Брэсцкай крэпасці ганаровае званне «Крэпасць-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая зорка», якія пазней былі перададзены мемарыялу[1].
Савет Міністраў БССР Пастановай ад 23 ліпеня 1966 г. № 295 зацвердзіў творчую групу і даручыў ёй выканаць праект помніка абаронцам крэпасці. У 1967 г. Пастановай Савета Міністраў БССР быў створаны творчы калектыў для распрацоўкі праекта помніка[1], у які ўвайшлі: скульптары А. Кібальнікаў (мастацкі кіраўнік), А. Бембель, У. Бабыль, архітэктары У. Кароль, В. Волчак, В. Занковіч, Ю. Казакоў, А. Стаховіч, мастак-архітэктар Г. Сысоеў. У распрацоўцы праекта мемарыяла ўдзельнічалі інжынеры-канструктары М. Гордзін (галоўны канструктар праекта), М. Мэтс, галоўны інжынер-светатэхнік Л. Рашаль і інш[2].
25 будаўніча-мантажных арганізацый краіны прыслалі на будаўніцтва мемарыяла сваіх лепшых спецыялістаў. Актыўны ўдзел у будаўніцтве мемарыяльнага комплекса прынялі калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў г. Брэста. 18 верасня 1971 г. прайшоў жалобны мітынг, прысвечаны перапахаванню астанкаў загінуўшых абаронцаў крэпасці з гарнізонных могілак пад мемарыяльныя пліты, тут жа былі пахаваны і астанкі, знойдзеныя ў ходзе будаўнічых работ.
Савет Міністраў БССР перадаў мемарыяльны комплекс Міністэрству культуры БССР, якое загадам ад 27 ліпеня 1971 г. арганізацыйна аб’яднала яго з Музеем абароны Брэсцкай крэпасці-героя (дзейнічаў з 1956). Была створана адзіная ўстанова культуры «Мемарыяльны комплекс „Брэсцкая крэпасць-герой“», куды музей увайшоў у якасці асноўнага структурнага падраздзялення[2].
25 верасня 1971 года адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць-герой»[1]. На ўрачыстым мітынгу выступілі 1-ы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў, рускі пісьменнік С. Смірноў, адзін з удзельнікаў гераічнай абароны Герой Савецкага Саюза М. І. Мяснікоў і інш. Сярод прысутных на мітынгу было больш за 600 ветэранаў — удзельнікаў абарончых баёў 1941 г. за крэпасць і г. Брэст. Мемарыяльным комплексам кіравалі В. Р. Кудзелін, П. Н. Панасюк. З 1996 г. дырэктар В. У. Губарэнка[2].
22 верасня 2021 года ў сувязі з 50-годдзем з дня заснавання мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны[3].
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2020 г. калектыў мемарыяльнага комплексу ўзнагароджаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «за значны ўклад у захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, рэалізацыю праекта Саюзнай дзяржавы па рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў Брэсцкай крэпасці»[4].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Скульптурна-археалагічны ансамбль уключае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манументальнага мастацтва. Комплекс размешчаны ва ўсходняй частцы Цытадэлі пры ўпадзенні Мухаўца ў Буг. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння[5].
Галоўны праход уяўляе сабой праём у выглядзе пяціканцовай зоркі ў маналітным жалезабетонным масіве, які абапіраецца на вал і сцены казематаў. На вонкавым боку ўстаноўлена дошка з тэкстам аб прысваенні крэпасці ганаровага звання «герой». Ад галоўнага ўвахода алея вядзе цераз мост да плошчы Цырыманіялаў, дзе адбываюцца масавыя ўрачастасці.
Злева ад моста скульптурная кампазіцыя «Смага» — фігура савецкага воіна, які цягнецца з каскай да вады. Да плошчы Цырыманіялаў прымыкаюць музей і руіны Белага палаца.
Кампазіцыйным цэнтрам з’яўляецца галоўны манумент «Мужнасць» — пагрудная скульптура воіна і штык-абеліск. На адваротным боку манумента рэльефныя кампазіцыі, якія адлюстроўваюць асобныя эпізоды абароны крэпасці, каля манумента трыбуна і трох’ярусны некропаль, дзе пахаваны астанкі 850 чалавек, на ўстаноўленых тут мемарыяльных плітах — імёны 224 байцоў. Побач з руінамі былога інжынернага ўпраўлення гарыць Вечны агонь. Перад ім адлітыя з бронзы словы: «Стаялі насмерць, слава героям!», недалёка знаходзіцца пляцоўка «гарадоў-герояў» з капсуламі напоўненымі зямлёй гэтых гарадоў.
Зноскі
- ↑ а б в Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць — герой»(недаступная спасылка)
- ↑ а б в БРЭСЦКАЯ КРЭПАСЦЬ-ГЕРОЙ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2016. Праверана 24 чэрвеня 2016.
- ↑ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 22 верасня 2021 г. № 361 «Аб узнагароджанні» Архівавана 23 лютага 2021.
- ↑ УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 29 снежня 2020 г. № 499 Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Большая энциклопедия. Т. 7. — М., 2006.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Брэсцкая крэпасць-герой (мемарыяльны комплекс) на сайце «Архіварта»
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
- Славутасці Брэста
- Помнікі СССР
- Мемарыяльныя комплексы Беларусі
- Брэсцкая крэпасць
- З’явіліся ў 1971 годзе
- 1971 год у Брэсце
- Музеі Брэста
- Будынкі і збудаванні Валянціна Занковіча
- Будынкі і збудаванні Юрыя Казакова
- Кавалеры ордэна Францыска Скарыны