Ітуруп
Ітуруп | |
---|---|
руск. Итуруп, яп. 択捉島 | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 3 200 км² |
Насельніцтва | 6 153 чал. (2014) |
Шчыльнасць насельніцтва | 1,92 чал./км² |
Размяшчэнне | |
45°00′ пн. ш. 147°53′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Курыльскія астравы |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ітуруп (руск.: Итуруп, яп.: 択捉島) — востраў паўднёвай групы Вялікай грады Курыльскіх астравоў, самы буйны востраў архіпелага. Плошча — 3200 км². Насельніцтва (2014 г.) — 6 153 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад на 200 км, шырыня ад 7 да 27 км. Плошча — 3200 км². Складаецца з вулканічных масіваў і горных камлюкоў. На Ітурупе 9 дзеючых вулканаў: Кучаравы (986 м), Меншы Брат (562 м), Чырып (1589 м), Багдан Хмяльніцкі (1585 м), Баранскага (1134 м), Іван Грозны (1159 м), Стокап (1634 м), Атсанупуры (1205 м), Берутарубе (1223 м). На востраве мноства вадаспадаў, у тым ліку адзін з самых высокіх у Расіі — вадаспад Ілля Мурамец (141 м), які знаходзіцца на паўвостраве Мядзведжы; возера, гарачыя крыніцы. Ітуруп аддзелены пралівам Фрыза ад вострава Уруп, размешчанага ў 40 км на паўночны ўсход; пралівам Кацярыны — ад вострава Кунашыр, размешчанага ў 22 км на паўднёвы захад.
Клімат вільготны мусонны. Сярэднегадавая тэмпература — +4,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў — 1140 мм.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Каля 54 % плошчы вострава Ітуруп займаюць лясы. У іх распаўсюджаны такія расліны, як бяроза, вольха, таполя, ціс, дуб, вярба, лістоўніца, хвоя, піхта, магнолія і інш. Расце бамбук чатырох відаў, які ў залежнасці ад глебавых умоў і асвятлення можа дасягаць 2,5 — 3 м. Вакол рэк і ўздоўж марскога ўзбярэжжа цягнуцца шырокія лугі.
Наземная фаўна адносна бедная. Ітуруп насяляюць буры мядзведзь, собаль, лісы, некалькі відаў грызуноў, заяц-бяляк, кажаны, 227 відаў розных птушак, на берагах спыняюцца 6 відаў ластаногіх. У марскіх прасторах вакол вострава сустракаюцца каштоўныя пароды рыб, крабы, кіты і дэльфіны. У рэках Ітурупа нерасцяцца ласосевыя.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першымі вядомымі насельнікамі Ітурупа былі айны, якія з’явіліся на яго прасторах не меней 7 тысяч гадоў таму[1]. На іх мове назва вострава значыць «вялікі ласось»[2].
Першыя апісанні вострава Ітуруп былі зроблены японцамі ў першай палове XVII ст. У 1643 г. адкрыты і апісаны галандскімі мараплаўцамі. У 1715 г. уладар поўначы Хакайда абвясціў Ітуруп часткай сваіх валоданняў. Японцы прызначалі сярод айнаў сваіх правадыроў, мелі з імі сталыя гандлёвыя сувязі. З 1766 г. Ітуруп таксама наведвалі расійскія казакі і здабытчыкі меху, яны паведамлялі аб зборы ясаку з мясцовых жыхароў, прыняцці некаторымі з іх праваслаўя і расійскага падданства. У 1807 г. паміж японцамі і рускімі на востраве адбыўся ўзброены канфлікт. У 1855 г. Расія прызнала Ітуруп часткай Японіі.
У 1923 г. японскія ўлады пачалі прымусовае перасяленне на Ітуруп сялян з Хакайда. Японскія перасяленцы пераважна займаліся здабычай рыбы і лесу. У 1943 г. насельніцтва вострава складала каля 10 тысяч чалавек. У гады II сусветнай вайны японскія ваенныя пабудавалі аэрадром. Тут знаходзіўся значны ваенны гарнізон. У выніку Курыльскай аперацыі 18 жніўня — 23 жніўня 1945 г. Ітуруп быў захоплены савецкімі войскамі, прычым японскія ваенныя не аказалі супраціўлення. У 1945 — 1947 гг. японскае насельніцтва і айны пакінулі востраў, у 1946 г. ён быў далучаны да РСФСР, што не прызнаецца Японіяй.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Большасць насельніцтва Ітурупа жыве ў горадзе Курыльск, тут дзейнічаюць порт, два аэрапорты. Галоўны занятак насельніцтва — рыбалоўства. Рыбная прамысловасць прадстаўлена 4 буйнымі кампаніямі. Ітуруп мае добры патэнцыял для развіцця турызму і здабычы рэнію.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ітуру́п // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 365. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Итуру́п // Т. 11. Италия — Кваркуш. — М. : Советская энциклопедия, 1973. — С. 54. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- Итуру́п // Большой словарь географических названий (руск.) / Гл. ред. В. М. Котляков. — Екатеринбург: У-Фактория, 2003. — С. 259. — 832 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-94799-148-9.
- Итуру́п // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 199. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
- Итуру́п // Географические названия Росии: Топонимический словарь: более 4000 единиц / Е. М. Поспелов. — М.: АСТ; Астрель, 2008. — С. 207. — 523 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-5-17-054966-5 (Аст), ISBN 978-5-271-20728-0 (Астрель). (руск.)
- Итуру́п // Географические названия мира: Топонимический словарь: Ок. 5000 единиц (руск.) / Е. М. Поспелов; Отв. ред. P. A. Агеева. — 2-е изд., стереотип.. — М.: Русские словари: ООО «Издательство Астрель»: ООО «Издательство ACT», 2002. — С. 175. — 512 с. — ISBN 5-17-001389-2 (ООО «Издательство ACT»), ISBN 5-271-00446-5 (ООО «Издательство Астрель»), ISBN 5-93259-014-9 (Издательство «Русские словари»).