Востраў Біёка
| Біёка Bioko |
|
| Каардынаты: | |
| Акваторыя | Гвінейскі заліў |
| Краіна | |
| Плошча | 2 017 км² |
| Насельніцтва | 260 000 чал. |
| Шчыльнасць насельніцтва | 128,904 чал./км² |
Біё́ка (Bioko; да 1973 — Ферна́нда-По, у 1973—1979 — Масі́яс-Нге́ма-Біё́га) — востраў у заліве Біяфра (састаўная частка Гвінейскага заліва) Атлантычнага акіяна, самы буйны з астравоў, якія належаць Экватарыяльнай Гвінеі; на ім размешчана сталіца гэтай дзяржавы — горад Малаба. Востраў падзелены на 2 правінцыі — Паўночны Біёка і Паўднёвы Біёка. Насельніцтва - 260 тыс. чал. (2001 г.).
Змест |
Прырода [правіць]
Востраў Біёка размешчаны на шэльфе Заходняй Афрыкі, аддалены ад узбярэжжа Камеруна ўсяго на 32 км. Даўжыня 70 км, шырыня 30 км, плошча 2017 км². Узнік пры зліцці некалькіх старажытных вулканічных конусаў вышынёй да 3011,4 м (гара Піка-Басіле, вышэйшы пункт усёй краіны).
Мяркуюць, што ў мінулым ён быў часткай Афрыканскага мацерыка, аднак абасобіўся прыкладна 100 - 20 тыс. гадоў таму.
Клімат экватарыяльны, вільготны (ападкаў да 2500 мм у год).
Флора і фаўна вострава пераважна блізкія да афрыканскіх, аднак маюцца эндэмікі. Усяго налічваецца 1200 відаў раслін, 43 віды рыб, 33 віды амфібій, 52 віды рэптылій, 143 віды птушак і 65 відаў сысуноў. Найбольшую цікавасць уяўляюць эндэмічныя віды папараці, птушак, а таксама чарапахі, антылопы, пітоны, малпы і г. д. Да пач. ХХ ст. на востраве меліся дзікія буйвалы.
Для абароны прыроды вострава былі створаны 2 запаведныя зоны.
Гісторыя [правіць]
Да прыходу еўрапейцаў востраў насялялі карэнныя жыхары бубі афрыканскага паходжання. Яны называлі сваю радзіму Отча (Otcho).
У 1471 г. востраў быў адкрыты партугальскім мараплаўцам Фернанда По і названы ім Фармоза-Флора (літаральна "прыгожая кветка"). Пазней географы далі яму назву Фернанда-По (Fernando Pó) у гонар першаадкрывацеля. Падчас кампаніі па змене еўрапейскіх геаграфічных назваў на афрыканскія востраў у 1973 годзе быў пераназваны ў Масіяс-Нгема-Біёга (Macias Nguema Bijogo) у гонар першага прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Масіяса Нгемы, пасля звяржэння якога быў пераназваны ў Біёка (у 1979).
Партугальцамі на востраве былі створаны плантацыі цукровага трыснёга, на якіх працавалі негры-рабы. У выніку іх бегства з плантацый і караблёў, што заходзілі на Біёка, у горнай мясцовасці ўзніклі паселішчы свабодных неграў. Адносіны паміж імі і еўрапейскімі каланістамі мелі варожы характар. У выніку падзення коштаў на цукар у Еўропе, калонія на востраве была часова закінута. У 1642 - 1648 гг. галандская Ост-Індская кампанія без дазволу Партугаліі ўтрымоўвала на Біёка свае гандлёвыя базы.
У 1778 г. востраў быў перададзены ў валоданне Іспаніі ў абмен на тэрытарыяльныя саступкі ў Паўднёвай Амерыцы. Аднак у 1780 г. іспанцы фактычна пакінулі Біёка, а ў XIX ст. заключылі дагавор з Вялікабрытаніяй, паводле якога на ім маглі спыняцца брытанскія караблі, што змагаліся з гандлем рабамі. Брытанцы заснавалі на ўзбярэжжы паселішча Порт-Кларэнс (сучасны горад Малаба), які заставаўся ў 1827 - 1855 гг. галоўнай базай іх флота ў Гвінейскім заліве.
У 1843 г. іспанцы зноў вярнуліся на востраў. Для папаўненні калоніі насельніцтвам яны заахвочвалі іміграцыю з Кубы і іншых сваіх калоній, а таксама зняволенных з самой Іспаніі. Былі створаны плантацыі алейнай пальмы і какава. Але ў 1920-ых гг. Ліга Нацый даследавала становішча на Біёка і прыйшла да высновы, што іспанскія адміністрацыя і плантатары злоўжываюць падняволеннай працай.
З 1968 г. востраў у складзе Экватарыяльнай Гвінеі.
Эканоміка [правіць]
Пераапрацоўка нафты. Вытворчасць какава. Галоўны порт - Малаба.
Насельніцтва [правіць]
У 2001 г. на востраве жыло 260 тыс. чалавек.
Этнічны склад даволі складаны. Большасць фарміруюць карэнныя жыхары бубі (58%) і фернандынас (12%). Бубі традыцыйна займаюць узгорыстыя цэнтральныя раёны, хаця ў апошнія дзесяцігоддзі многія з іх пераехалі жыць у гарады.
Фернандынас - нашчадкі афрыканскіх рабоў і часткова еўрапейцаў (партугальцаў, галандцаў, іспанцаў, англічан), якія размаўляюць на некалькіх крэольскіх дыялектах іспанскай, французскай і англійскай моў. З іх складу вылучаецца група крыа, якая насяляе раён вакол Малаба і паходзіць ад вызваленых у XIX ст. рабоў. У адрозненні ад іншых фернандынас, крыа памятаюць аб сваёй гістарычнай радзіме ў Заходняй Афрыцы і захоўваюць многія афрыканскія рысы культуры.
Астатнія жыхары Біёка - мігранты або іх нашчадкі з Афрыкі, еўрапейцы і азіяты.
Літаратура [правіць]
- Географический энциклопедический словарь: Географические названия / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. ко.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев, А. Г. Воронов и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1983.
- Большая советская энциклопедия, третье издание.
Спасылкі [правіць]
- Фатаздымкі (англ.)
- Выкарыстанне PRUNUS AFRICANA на Біёка (англ.)
- Праграма захавання біялагічнай разнастайнасці на Біёка (англ.)
- Геалогія (англ.)
- Прыматы Біёка (англ.)
|
|
|||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Марскія пралівы |
|
||||||||||
| Каналы | Балтыйскі • Гёта-канал • Кільскі • Карынфскі • Нордзэ-канал • Панамскі • Суэцкі | Праекты: Нікарагуанскі • Тайскі | ||||||||||
| Мысы | Горн • Дзяжнёва • Добрай Надзеі • Зялёны • Іголкавы • Каньякумары • Спартэль | ||||||||||
| Астравы і архіпелагі |
|
||||||||||
| Геапалітыка • Ваенная блакада • Каланіялізм • Марское права • Адкрытае мора • Суднаходства | |||||||||||