Лельчыцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Гарадскі пасёлак
Лельчыцы
Лельчыцы. Царква Святой Тройцы (02).jpg
Царква Святой Тройцы
Сцяг Герб
Сцяг Герб
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першае згадванне
19 студзеня 1622 года
Гарадскі пасёлак з
Насельніцтва
11 393 чалавекі[1] (2017)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2356
Аўтамабільны код
3
Лельчыцы на карце Беларусі ±
Лельчыцы (Беларусь)
Лельчыцы
Лельчыцы (Гомельская вобласць)
Лельчыцы

Лельчыцы[2] — гарадскі пасёлак у Гомельскай вобласці Беларусі, цэнтр Лельчыцкага раёна, на рацэ Убарці. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыгуначнай станцыі Ельск на лініі КалінкавічыОўруч (Украіна), аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. Насельніцтва 11 393 чал. (2017)[1].

Айконім[правіць | правіць зыходнік]

Iснуе некалькі тлумачэнняў паходжання назвы паселішча. «Нашы продкі-палешукі калісьці з'яўляліся ўласнасцю графа Чыцкага. Граф быў багатым. Дзесяткі тысяч дзесяцін зямлі меў ён на Украіне і Беларусі. Тысячы сялян працавалі на яго. Славіўся граф і сваёй жорсткасцю: за малейшую правіннасць караў сялян розгамі, ссылаў у аддаленыя, глухія месцы, аддаваў у рэкруты. Быў гэты граф жорсткі не толькі да сялян, але і сваёй роднай дачкі. Аднойчы да графа ў госці прыехаў ваявода з Брэста. Папрасіў ён у графа рукі дачкі. Граф быў не супраць парадніцца з ваяводай. Але супрацівілася дзяўчына. Раззлаваўся бацька і аддаў загад адвесці яе на Палессе, у глухую вёску Балотнае. Маўляў, няхай пажыве там, розуму набярэцца. Алена, так звалі дачку графа, заплакала. Але ўпрошваць яго не стала. Ведала нораў бацькі. Праз два дні яна з няняй Васілісай Капітонаўнай выехала з Кіева ў вёску. Ехалі доўга. Калі прыехалі, барадаты аканом Архіп Назарыч ветліва запрасіў гасцей у дом. Ён прывёў Алену з няняй у пакой, усланы дыванамі і мядзведжымі скурамі. На другі дзень Алена пазнаёмілася з вёскай, людзьмі. Прыйшоўшы дамоў, сказала няні адно слова: глухамань. I вось аднойчы ў вёску прыехаў граф, а з ім і ваявода. Гэты дзень стаў ракавым у жыцці дзяўчыны: бацька з ваяводам пілі многа, да поўначы. Затым, уваліўшыся ў пакой дзяўчыны, бацька абвясціў: „З сённяшняга дня ваявода твой муж“. Ваявода прыблізіўся да дзяўчыны, хацеў абняць і пацалаваць. Дзяўчына вырвалася, выбегла ў суседні пакой і горка заплакала. Што рабіць, думала яна, заліваючыся слязьмі. Бацька з ваяводам усё настойлівей і настойлівей стукалі ў дзверы. Алена рэзка ўзнялася, абвяла позіркам рэчы, якія знаходзіліся ў пакоі, і выскачыла ў вакно. Да самай раніцы шукалі дзяўчыну па вёсцы. Але безвынікова. I толькі, калі развіднела, Архіп Назарыч заўважыў на беразе ракі, дзе любіла лавіць рыбу Алена, белую хусцінку. Выцягнулі дзяўчынку з рэчкі на другі дзень. Граф загадаў упраўляючаму маёнтка пабудаваць царкву на тым месцы, дзе стаяў дом, а вёску перайменаваць у памяць дачкі Ленчыцамі. …Дзяўчына вельмі любіла жыхароў вёскі, заўсёды аказвала дапамогу простаму чалавеку ў бядзе. Гэтым жа плацілі і сяляне. I часта называлі яе не Ленай, а Лялькай. Вось адсюль і пайшло — Лельчыцы».

Паводле іншага падання, некалі ўладарыў у гэтых мясцінах польскі пан Чыцкі. I была ў яго тут уласная смалакурня і рудаплаўня. Неяк вясною прыехаў пан на Палессе не адзін, а з 12-гадовай дачкой Аленай. Аднойчы раніцай пабегла Алена гуляць да рэчкі. Ды так і не вярнулася дамоў. Ніхто не заўважыў, як яна ўтапілася ў рэчцы. Пан вельмі любіў сваю адзіную дачку. Таму ў памяць аб ёй пабудаваў на беразе ракі капліцу, у якой пахаваў Алену. Месца гэтае сталі называць у народзе Лены Чыцкай, у выніку моўных змен атрымалася назва Ленчыцы. І сапраўды, ёсць глыбокае месца на Убарці (каля 400 м ніжэй моста на злучэнні дзвюх праток ракі), дзе нібыта ўтапілася Лена, якое і цяпер яшчэ завецца Панскім кадаўбам. Мястэчка ж сталі зваць Ленчычы. З часам назва трансфармавалася: Ленчыцы — Лельчыцы. Пісьмовых звестак пра пана Чыцкага не знойдзена. Гэта мог быць аканом ці іншы адміністратар маён. Убарць. Такая легенда існуе і ў адносінах да іншых месцаў. Гэтак, напрыклад, абгрунтоўваецца назва Хоцімска, з тым толькі адрозненнем, што загінулую ў дзень свайго вяселля панскую дачку звалі Хацімой.

Згодна з яшчэ адной версіяй, паходжанне айконіма звязана з міграцыйнымі працэсамі і этнічнымі сувязямі, якія існавалі паміж рознымі родамі і плямёнамі. Iнакш кажучы, многія геаграфічныя назвы маюць падабенства з этнічнымі найменнямі гэтых родаў ці плямёнаў. Прыкладаў можна прывесці шмат. Так, этнонім ленчычане цікава параўнаць з тапонімам Лельчыцы, які ў ранейшых мясцовых гаворках гучаў як Ленчыцы (ад першапачатковага Ленчычы).

Паводле слоўніка Уладзіміра Даля, Лель, Лялько — назва язычніцкага старажытнаславянскага бажаства (бога) шлюбу, падобнага да Купідона; у паданнях іншы раз ён падаецца ў выглядзе белага бусла. З гэтым імем звязаны і дзеяслоў лялеяць — песціць, ашчаджаць, як немаўля. А. Ф. Рогалеў лічыць: буслы (лелі), адлятаючы ў вырай, збіраліся купна ў гэтай мясціне, таму і назва мястэчку дадзена Лельчыцы. Паводле энцыклапедычнага слоўніка Ф. А. Брокгаўза і I. А. Ефрона, Лель — імя прыдуманага польскімі міфолагамі славянскага язычніцкага бога, які нібыта памінаецца ў вясельных песнях. Корань Лель сустракаецца і ў іншых назвах: Лелікава, Лелюкі, Лелюгі, Лялюшаўцы (вёскі адпаведна Кобрынскага, Iўеўскага, Шумілінскага і Шчучынскага р-наў Беларусі). Прыведзеныя назвы па сваёй структуры і будове нагадваюць тыя геаграфічныя імёны, якія паходзяць ад прозвішчаў і мянушак.

Цікавая легенда прыведзена ў аповесці Эдуарда Скобелева: «Захватив Киев, стали баскаки мучить русских людей, мстить за то, что они сражались храбро и побили находников неисчислимо. Одним ломали кости, других жгли каленым железом, третьих варили в котлах. И вот кто-то из князей, не вытерпев пыток, проговорился, будто негде в лесах сховали волхвы еще при князе Владимире золотой лик Леля, лесного бога, ростом в четыре аршина. Изумились баскаки, велели своим воинам разыскать сокровище. Близкой казалась лакомая пожива. А вышли дальние дороги… Три года кружили вороги по лесам, заглядывали в каждую вёску, в каждое посельце, подсылали лазутчиков — выведать, где спрятано золото. И вот что-то, верно, нанюхали. Подступили зимою с огромною ратью, потому что летом не пройти не проехать было в полешские пределы. Откуда, однако, что взялось: не было русских воинов и появились — будто грибы наросли. Преградили путь вражьему войску. И хоть сами пали, но и ворогов положили немало, смутив уцелевших своей доблестью. Но все же добрались баскаки до заветного острова и уже похвалялись удачей, и уже ладили сани, чтобы везти добычу ханам, да вот докука: болота вокруг острова не замерзали, горячие ключи там или что, но темнели бездонные хляби, и через них было не перескочить. Погнали баскаки воинов вплавь, но те потонули в ледяной воде. И отступили баскаки, лопоча: „Лельчи, Лельчи“… Повторяли, знать, по-своему в страхе имя нашего бога. Так вот и стало прозываться место, где остановилось поредевшее вражье войско, — Лельчицы…»

Айконім Лельчыцы можна звязаць са словам лен — зямельным ўладаннем, якое давалася каралём у пажыццёвае карыстанне. Акрамя таго, гэтым словам у Еўропе называлася адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, а таксама падатак, які збіраўся з аднайменнага зямельнага ўладання.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ёсць падставы лічыць, што паселішча існавала ўжо ў XV ст. Так, 31 мая 1412 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт падараваў свой удзел Убарць з усімі сёламі (без іх пераліку) віленскаму біскупу Мікалаю і яго пераемнікам. Паводле рэестра падымнага з Убарці «ў Кіеўскім павеце» за 1581 г., у ёй было 10 сёлаў, якія цалкам пералічаны ў інвентары маёнка Убарць 1763 г., і сярод іх — с. «Лейчыцы». Акрамя гэтага, 8 жніўня 1567 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст сваім прывілеем дазволіў віленскаму біскупу Валяр'яну на яго просьбу заснаваць у маёнтку Убарць мястэчка, пасяліць там людзей, арганізаваць штотыднёвыя таргі ў чацвер і вольныя кірмашы адзін раз на год у дзень Трох Каралёў, а таксама мець корчмы. Прывілей не змяшчае назвы мястэчка, але, верагодна, яно ў той час было заснавана каля панскага двара Лельчыцы, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1622 годзе.

Хроніка[правіць | правіць зыходнік]

  • 19 студзеня 1622: Лельчыцы («Lelczyce»), «двор з сялом» Убарцкай вол. Мазырскага пав. ВКЛ. Уласнасць каталіцкай царквы ва ўладанні віленскага біскупа
  • 25 красавіка 1650: Лельчыцы, с. Царква, царкоўныя парафіі. Царкоўныя млын і фолюш на Убарці
  • 1692: Лельча («Lelcza»). Паводле карты Д. Н. Тралажэ дэ Тылемонт «Каралеўства Польскае», паселішча на Валыні. Дакладна не вызначана
  • 1720: Лельча («Lelcza»). Паводле карты Ё. Хомана «Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае», паселішча на Валыні. Дакладна не вызначана
  • 1753: Лельча («Lelcza»). Паводле карты I. М. Пробста «Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае», паселішча Брэсцкай зямлі ў меркаваным рэчышчы Убарці побач з Олеўскам. Дакладна не вызначана
  • 1756: «Убарць», мяст. 10 міль (ад мяст. Славечна). Зімовы пастой атрада карнікаў на чале з паручнікам Нікадзімам Панятоўскім, накіраванага на ўдушэнне паўстання сялян у суседняй Камянецкай воласці
  • 1758: Увядзенне на пасаду лельчыцкага пароха ксяндза Стэфана Загароўскага. Папярэднім парохам быў ксёндз Ян Загароўскі
  • 3 студзеня 1763: «Лейчыцы» («Leyczyce»), двор і сяло сталовага маёнтка Убарць Мазырскага павета Віленскага біскупства. У сяле 59 дымоў, 187 сялян мужчынскага полу (імянны спіс). Царква, карчма, млын. «У Лейчыцах устанавіць кірмашы, як здаўна бывала на Сёмуху, а новыя на: Ганну, Пакровы, рускага Мікалая, Васіля і Грамніцы». Магчыма, мястэчка у маёнтку Убарць з часам заняпала
  • 1770: Лельча («Lelcza»). Паводле «Новай генеральнай карты ўсёй Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага і суседніх краёў» Б. Фоліна, паселішча на левым прытоку р. Вуша пад назвай Дзярэў. Дакладна не вызначана
  • 1775: «Убарць» («Uborc»), панскі двор, маёнтак Віленскага біскупства. 49 дымоў (48 «хлопскіх» і дым прэсвітэра)
  • 28 студзеня 1777: Лельчыцы («Lelczyce»), сяло парафіі Лельчыцкай царквы Тураўскай дыяцэзіі Убарцкага дэканата. 40 хат. Уніяцкая Троіцкая царква пад патранажам віленскага біскупа Ігнація Масальскага
  • 14 лютага 1787: Лельчыцы («Lelczyce»), сяло, 50 хат, царква
  • 1789: 59 дымоў (1 панскі двор, 53 грунтавыя, 4 халупнікаў і дым плябаніі), 393 жыхары.
  • 1790: «Уборць, або Лельчыцы», маёнтак Петрыкаўскай парафіі. Уласнасць каталіцкай царквы ва ўладанні віленскага біскупа.
  • 16 лютага 1795: Лелчыцы («Лелчицы»), прапісное сяло казённага маёнтка Убарць Мазырскага павета Расійскай імперыі
  • 18 лістапада 1797: Лельчычы («Лельчичи»), сяло сенатара Якава Сіверса
  • 30 студзеня 1798: «Лелчыцы», сяло Мазырскага павета Мінскай епархіі.
  • 1800: Лельчыцы, сяло маёнтка Убарць, падараванае графу Якаву Сіверсу з уладанняў Віленскага біскупства. 60 двароў хрысціян; 1 дв. яўрэяў; 11 мужчын і 8 жанчын чыншавай шляхты. 2 рудні. Млын з адным паставам. Праваслаўная царква.
  • 1808: Лельчыцы, маёнтак У выніку падзелу маёнтка Убарць на часткі яго купіў стацкі саветнік Іван Мезенцаў
  • 1815: Лельчыцы, маёнтак. Іван Мезенцаў прадаў яго ў растэрміноўку Вікенцію Казарыну
  • 1834: Лельчыцы, сяло
  • 27 жніўня 1843: Лельчыцы, маёнтак па спадчыне Іосіфа Казарына, былога межавога суддзі Бабруйскага павета
  • 10 лістапада 1844: Лельчыцы, сяло і эканомія, маёнтак памешчыка Іосіфа Казарына. У сяле 45 сялянскіх гаспадарак, 250 жыхароў
  • 24 мая 1846: Лельчыцы, маёнтак памешчыка Іосіфа Казарына ў адміністрацыйным кіраванні памешчыка Iосіфа Гельтмана
  • 31 сакавіка 1847: Лельчыцы, сяло, фальварак, маёнтак памешчыка Iосіфа Казарына ў адміністрацыйным кіраванні памешчыка Iосіфа Гельтмана. У сяле 43 цяглыя гаспадаркі, 250 жыхароў
  • 9 мая 1848: Лельчыцы, мястэчка і маёнтак. Новы і стары панскія дамы, свірны, флігель з кухняю, стайня, хлеў, сад, а таксама карчма, два млыны з плацінамі, запасны сельскі магазін. Маёнтак перададзены ў арэнду памешчыку Отану і Эмілі Навакоўскім разам з Харэвічам
  • 1 студзеня 1849: Лельчыцы («Лельчицы»), сяло 58 двароў., царква
  • 1850 (1866): «Лельчицы», сяло, пры рацэ Убарць. 64 двары, панскі двор, царква, могілкі
  • 8 лістапада 1854: Лельчыцы, маёнтак. Для папаўнення адкупной нядоімкі па казённых падрадах прызначаецца ў публічны продаж
  • 18 верасня 1855: Лельчыцы, мястэчка і маёнтак. Адміністратарам маёнтка прызначаецца суседні памешчык Павел Навіцкі. Святар Дзмітрый Падольскі
  • 28 студзеня 1858: Лельчыцы, маёнтак. На публічных таргах яго купіў памешчык Уладзіслаў Грыгаровіч
  • 16 сакавіка 1859: За парушэнне працэдуры правячы Сенат скасаваў вынікі таргоў. 15 верасня: Новы вопіс маёнтка. Паводле карты, Лельчыцы («Lelczyce»)
  • 17 ліпеня 1860: Лельчыцы, маёнтак. На публічных таргах яго купіў тытулярны саветнік Леанард Зянкевіч
  • 1862: Лельчыцы, мястэчка і маёнтак. У мястэчку 45 сялянскіх гаспадарак
  • 1863: Лельчыца («Лельчица»), прыход
  • 20 сакавіка 1865: Лельчыцы, маёнтак праданы адстаўному інжынеру падпаручніку Івану Ахраменку
  • 1866: 64 двары, 267 жыхароў. Царква, сінагога. Будаўніцтва на сродкі земства трохкласнай царкоўна-прыходскай школы.
  • 1867: Лельчыцы, мястэчка і фальварак. Троіцкая царква. 49 вёрст ад Петрыкаўскага касцёла. У мястэчку 321 праваслаўны; 4 каталікі
  • 18 лістапада 1868: Лельчыцы, мястэчка, 45 двароў сялян-уласнікаў і 11 двароў арандатараў зямлі
  • 1 студзеня 1870: Лельчыцы, сяло, царкоўнае таварыства і маёнтак Лельчыцкай воласці, памешчыка Ахрэменкі. 143 селяніны-ўласнікі. Царква
  • 7 студзеня 1871: Лельчыцы, мяст. і маён. пам. I. Ахрэменкі безвынікова выстаўляўся ў Віленскім губ. праўленні на публічныя таргі, якія не адбыліся з прычыны няяўкі пакупнікоў. Эканамічныя будынкі: зруб для панскага дома, пладовы сад, у якім 25 груш і 5 яблынь, вадзяны млын на 2 колы, будынак былой карчмы з хлявом. Адм. «Леньчыцкага маёнтка» пам. Брадовіч здаў у 6-гадовую арэнду сад эканоміі жых. мяст. Iвану Хілько.
  • 14 сакавіка 1874: Пажар, у выніку якога згарэў вадзяны млын у Новым фальварку маён. Лельчыцы. 14 траўня: Лельчыцы, мяст. і маён. На публічных таргах у Мінскім губ. праўленні яго купіў маёр расійскіх войскаў граф Iосіф Тышкевіч.
  • 1875: Лельчыцы, маён. пам. графа Іосіфа Тышкевіча. Зямлі: 1839 дзес. прыдатнай, 11517 дзес. лесу і 19846 дзес. непрыдатнай.
  • 1878: Лельчыцы, мяст. Школа з шавецкім, кравецкім і кавальскім рамёствамі. Сел. фельчар Паўлоўскі.
  • 1879: Лельчыцы, с. Свята-Троіцкая царква, ц. прыхода. У валоданні прычта 84 кавалкі зямлі. Штатнае нар. вуч.
  • 4 красавіка 1881: Законавучыцель мясцовага нар. вуч. святар Павел Шыманоўскі.
  • 10 снежня 1883: План зямлі Лельчыцкай Свята-Троіцкай царквы.
  • 1885: Кліравая ведамасць Лельчыцкай Свята-Троіцкай царквы.
  • 1886: Лельчыцы, с. і мяст. Лельчыцкай вол. У с. 67 дв., 425 жых. Вал. праўленне, 78 вёрст ад пав. горада. Царква, школа. У мяст. (1 вярста ад с.) сінагога, яўр. школа, млын.
  • 1889: «Лельчицы», маён., мяст. і с. Царква, нар. вуч. Верагодна, гэтым часам с. Лельчыцы злучылася з мяст. Лельчыцы, бо пазней яны асобна не ўпамінаюцца.
  • 1890: Лельчыцы, мяст., ц. Лельчыцкай вол.
  • 1892: Прыстань на Убарці. Будаўніцтва новай драўлянай на каменным падмурку праваслаўнай Свята-Троіцкай царквы сіламі прыхаджан з ляснога матэрыялу графа Тышкевіча на сродкі царквы.
  • 6 верасня 1896: Лельчыцы, мяст. Заснаванне штогадовага кірмашу.
  • 1897: Лельчыцы, мяст., сумежна з маён. Лельчыцы графа Тышкевіча, пры паштовай дарозе ў Мазыр. Прыходская царква, нар. вуч., вал. праўленне, яўр. малітоўная школа, фельчарскі пункт, збожжазапасны магазін. Вадзяны млын, 2 крамы дробнага гандлю. Кірмашоў не бывае. 3 краўцы, 2 шаўцы, 3 сталяры. Піцейная ўстанова. 164 дв., 897 жых. (449 муж. і 448 жан.). Паводле Яўр. энцыкл., 890 жых., з іх 180 яўр. Лельчыцы, маён., на зямлі графа Тышкевіча, пры паштовай дарозе ў г. Мазыр, пры р. Убарць. Сумежна з мяст. Лельчыцы. 3 дв., 8 жых. (3 муж. і 5 жан.).
  • 1899: Лельчыцы, с. Свята-Троіцкая царква. 84 сялян. дв., 671 прыхаджанін (337 муж. і 334 жан.).
  • 1903: Кліравая ведамасць Лельчыцкай Свята-Троіцкай царквы.
  • 7 траўня 1907: Лельчыцы, мяст. Жонка начальніка мясцовага паштовага аддзялення Лізавета Вяржбіцкая, якая жыла тут ужо два гады, атрымала дазвол на арганізацыю гандлю кніжкамі і карцінамі і наняла адмысловую краму, што належала мешчаніну Хаіму Біберману, на галоўнай вуліцы мяст.
  • 1909: Лельчыцы, мяст., ц. Лельчыцкай вол. Мазырскага пав. 79 вёрст ад ц. пав. і тэлеграфнай установы. 170 дв., 1216 жых. Будаўніцтва касцёла на сродкі графа Тышкевіча. На скураным з-дзе Лельчука на працягу года апрацавана 300 скур.
  • 1910: Лельчыцы, мяст. Гарбарны з-д. Устаноўка першага тэлеграфнага апарата. 1911: Паводле этнаграфічнай карты праф. Т. Д. Фларынскага, паселішча (без подпісу) паказана як маларус. са значнай колькасцю пол. і яўр. жых. Перавод Лельчыцкага нар. двухкласнага вуч. у склад земскіх з увядзеннем пасады трэцяга настаўніка. Паслугамі Лельчыцкай бальніцы на 10 ложкаў за год карысталіся 189 чал., з якіх 3 памерлі
  • 1914: Земскі ўрач Лельчыцкага ўчастка Вера Старжынская. Начальнік Лельчыцкага паштова-тэлеграфнага аддзялення Ермалай Скрыпуць.
  • 1915: «Лельчицы», с. 60 дв. Царква.
  • 21 лютага 1916: Лельчыцы, м. Лельчыцкай вол. 288 гас., з іх 1 гас. бежанцаў. 1494 жых. (673 муж. і 821 жан.). З іх сваіх і найманых работнікаў: 269 муж. і 453 жан. Жывёла: 189 коней, 171 цяглы вол, 421 карова, 17 быкоў (бугаёў), 684 авечак і бараноў, 438 свіней і парсюкоў. Не мелі: работнікаў муж. 75 гас., коней — 16 гас., пасеваў — 111 гас. Засеяна: 162, 9 дзес. (1260, 25 пуды) азімага жыта, 27, 9 дзес. (248,25 пуда) ячменю, 26,3 дзес. (116,75 пуда) яравога жыта, 0,5 дзес. яравой пшаніцы, 29,7 дзес. (275,5 пуда) аўса, 11, 3 дзес. (35 пудоў 7 фунтаў) проса, 117,5 дзес. (675,5 пуда) грэчкі, 50,6 дзес. (4142 пуды) бульбы, 9,7 дзес. (36 пудоў 30 фунтаў) лёну, 8,5 дзес. (56 пудоў 28 фунтаў) канапель, а ўсяго — 444,9 дзес.
  • 1917: Лельчыцы, маён. графа Фелікса Тышкевіча (24000 дзес.). Захоплена сялянамі 2000 дзес. сенажацяў. Свята-Троіцкая царква. 234 дв., 1080 прыхаджан (549 муж. і 531 жан.). Лельчыцы, мяст. і маён. Лельчыцкай вол. У мяст. 229 дв., 1506 жых. (772 муж. і 734 жан.): 1129 бел., 377 яўр. У маён. 1 дв., 18 жых. (12 муж. і 6 жан.): 18 пал. Абвяшчэнне ў мяст. Лельчыцы Сав. улады, неўзабаве скасаванай у выніку ням. акупацыі.
  • 1919: Устанаўленне ў мяст. Сав. улады, неўзабаве скасаванай у выніку паўстання пры наступленні пол. войскаў. 29 жніўня: ц. Лельчыцкай вол. Гомельскай губ.
  • 1920: Лельчыцы, мяст., ц. Лельчыцкай вол. Гомельскай (з 10 жніўня — Мінскай) губ. 1065 жых. Забойства некалькіх чырвонаармейцаў, што трапілі ў пол. палон, і выдача акупантам часткі чырвоных партызанаў пры ўдзеле мясцовых жых. Пры наступленні Чырвонай Арміі частка мясцовых жых., якія нашкодзілі Сав. уладзе, адышла разам з пол. войскам, частка падалася ў атрады Булак-Балаховіча, частка займалася ў гэты цяжкі час рабаваннем і кантрабандай. У мяст. шмат дамоў спалена, а што засталіся — былі без акон і дзвярэй. 14 ліпеня ствараецца вал. рэўком. Выбары с/с. 9 лістапада балахоўцам удалося захапіць ц. вол. на 10 дзён, пакуль не былі выгнаны часцямі Чырвонай Арміі. 5 снежня ствараецца вал. камітэт. 1921, чэрвеня 16: Лельчыцы, мяст. Лельчыцкай вол. Мазырскага пав. (пазней — акругі) БССР. Школа. Б-ца. 1923: 1360 жых., з якіх 640 чал. жывуць за кошт нясельскіх заняткаў. 5 крам.
  • 17 ліпеня 1924: Лельчыцы, в., ц. с/с і Лельчыцкага р-на, утворанага замест скасаваных Лельчыцкай і Буйнавіцкай вал. 306 гас., 1659 жых.
  • 1925: Лельчыцы, мяст. 306 гас., 1659 жых. Школа на бел. мове: 211 вучняў (137 хлопчыкаў і 74 дзяўчынкі): 99 бел., 2 рус., 102 яўр., 4 пал. Агарод 1,3 дзес. Бальніца на 7 ложкаў; 1 урач, 1 фельчар, 1 акушэрка. Спажыўт-ва Мазырскага Райсаюза і Рабкаапа. 21 лістапада: Адкрыццё першых дзіцячых ясляў.
  • 1926: 338 гас., з іх 201 гас. несялян. тыпу; 1457 жых.
  • 1929: «Лельчыцы», ц. р-на Мазырскай акругі. Арганізацыя калгаса «Чырвоны араты». Мясцовая ўлада зачыніла касцёл і прыстасавала яго будынак пад склад збожжа.
  • 1930: Лельчыцы («Lelczyce»), ц. р-на. Царква, касцёл, сінагога. Вадзяны млын, мост, вятрак. Доктарскі ўчастак, аптэка.
  • 1931: Арганізацыя саўгаса «Лельчыцы», падпарадкаванага Белкаапсаюзу. 21 снежня: Стварэнне метэаралагічнай станцыі.
  • 1932: Стварэнне МТС.
  • 1933: У МТС налічваецца 15 трактароў. Лельчыцкая ўзорная бел. ШКМ з 1 верасня ператвараецца ва ўзорную дзесяцігодку. Лельчыцкая яўр. школа камуністычнай моладзі.
  • 1934: Увод у эксплуатацыю Лельчыцкай электрастанцыі пры райкамбінаце. Будаўніцтва новага 2-павярховага будынка райвыканкама.
  • 15 ліпеня 1935: Лельчыцы, мяст. 28 ліcтапада: Першая дэманстрацыя гукавога кінафільма «Чапаеў».
  • 11 сакавіка 1936: Першы прылёт санітарнага самалёта.
  • 1937: Лельчыцы, мяст. Будаўніцтва на ц. вуліцы, якая дагэтуль уяўляла сабой непралазнае балота, тарцаванай дарогі. «На Лельчыцкіх тратуарах дошкі, як правіла, не прыбіты, тарчаць цвікі, дзіркі. Побач з тратуарамі — канавы» .
  • 27 верасня 1938: Указам Прэзідыума ВС БССР «Аб класіфікацыі населеных пунктаў» мяст. Лельчыцы аднесена да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў. Ц. Лельчыцкага р-на Палескай вобл. Асуджэнне святара Аляксея Магільніцкага, разбурэнне Свята-Троіцкай царквы.
  • 1940: Лельчыцы («Лельчицы»), ц. р-на.
  • 23 чэрвеня 1941: Ням. самалёты бамбілі гарпасёлак. 4 верасня захопнікі акупавалі гарпасёлак, часткова яго спалілі і знішчылі каля 200 жых., у асноўным яўр. Лельчыцы, ваенна-адм. ц. абласнога камісарыята генеральнай акругі Жытомір рэйхскамісарыята Украіны на чале з гебітскамісарам пад аховай буйной камендатуры жандармерыі і батальёна паліцыі. З мясцовых жых. створана ўправа на чале са старшынёй.
  • 1942, чэрвень: Расстрэл 42 жых. пасёлка і некаторых навакольных вёсак за падпольную дзейнасць супраць ням. акупантаў. 26 лістапада партызанскае злучэнне С. А. Каўпака пры ўдзеле Ельскага партызанскага атрада разграміла ў пасёлку варожы гарнізон.
  • 1943, восень: Канчатковае спаленне ням. карнікамі пасёлка. Людзі, якія паспелі своечасова пайсці ў лясы, не выходзілі адтуль да вызвалення ад акупантаў.
  • 23 студзеня 1944: Лельчыцы вызвалены ад ням. акупантаў. Усяго за час акупацыі захопнікі знішчылі ў пасёлку 685 мясцовых жых. і 750 жых. іншых р-наў Палескай вобл.
  • 25 сакавіка 1946: Аднаўленне ў пасёлку стацыянарнага гукавога кіно дэманстрацыяй кінафільма «Арлоўская бітва». У жніўні тут адзначана самая высокая тэмпература паветра на Беларусі +38 °C. Засуха адмоўна адбілася на ўраджаі. Захоўваецца нармаванае забеспячэнне хлебам праз карткі.
  • 5 жніўня 1951: Урачыстае адкрыццё помніка У. І. Леніну на ц. плошчы каля парка культуры і адпачынку.
  • 1952, травень. Добраўпарадкаванне гарпасёлка. У новым скверы пасаджана 400 маладых дэкаратыўных саджанцаў.
  • 8 студзеня 1954: Лельчыцы, ц. р-на Гомельскай вобл., утворанай замест скасаванай Палескай.
  • 1957: «У Лельчыцах узведзены прыгожая гасцініца, лазня, часткова здадзены ў эксплуатацыю водаправод, пабудаваны першыя кіламетры тратуараў, вядуцца работы па ўкладцы бруку». Поўная электрыфікацыя гарпасёлка. Будаўніцтва гародніна-сушыльнага з-да пры Лельчыцкай нарыхтоўчай канторы. Стварэнне зубапратэзнай майстэрні ў райбальніцы. Калгас імя Леніна (старшыня А. Шульга). Надой малака на фуражную карову склаў у сярэднім 814 л.
  • 1959: Лельчыцы, пгт. 4079 жых. 22 снежня Лельчыцкі с/с пераймяноўваецца ў Дуброўскі.
  • 12 снежня 1960: Гастролі Бабруйскага гарадскога драматычнага тэатра.
  • 25 снежня 1962: Лельчыцы, пгт Мазырскага р-на (замест скасаванага Лельчыцкага) Гомельскай вобл.
  • 6 студзеня 1965: Лельчыцы, пгт, ц. Лельчыцкага р-на. Райб-ца на 100 ложкаў. Стварэнне на базе сельгасарцелі «Чырвоны Кастрычнік» калгаса імя Леніна (старшыня У. Л. Стасенка). На магіле ахвяр фашызму пастаўлены абеліск. 1 ліпеня: Аднаўленне Лельчыцкага с/с.
  • 15 студзеня 1970: Лельчыцы, пгт. 4,9 тыс. чал. За год тут выпала 864 мм ападкаў, максімальная дагэтуль лічба.
  • 1972: Лельчыцы, пгт. 5400 жых.
  • 1974: Вялікая восеньская паводка на Убарці з катастрафічнымі наступствамі, выкліканая зацяжнымі дажджамі.
  • 17 студзеня 1979: Лельчыцы, пгт. 6,6 тыс. чал.
  • 5 студзеня 1980: «Лельчицы», ц. райсавета. Школа, стадыён, б-ца, электрападстанцыя, палі фільтрацыі. Лельчыцы, пгт, ц. р-на Гомельскай вобл. 6700 жых. Будаўніцтва сярэдняга прафесійна-тэхнічнага вуч. № 188 па падрыхтоўцы механізатараў.
  • 1982: Лельчыцы, пгт, ц. р-на. 6,7 тыс. чал. 1984: «Лельчицы». Райсавет, б-ца, школа, палі фільтрацыі, электрападстанцыя. Паводле даведкі да тапаграфічнай карты мясцовасці, водаправод, камбінат будаўнічых матэрыялаў.
  • 1986: Лельчыцы, пгт, ц. Лельчыцкага с/с і р-на, ц. калгаса імя Леніна.
  • 12 студзеня 1989: Лельчыцы, пгт. 8,6 тыс. чал. Адкрыццё Лельчыцкага краязнаўчага музея.
  • 1995: Лельчыцы, пгт, ц. Лельчыцкага р-на, на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. станцыі Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч, аўтадарогамі звязаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 9500 жых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харчпрамысловасці. 1997: Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харчовай прамысловасці; 2 СШ, школа мастацтваў, 5 дашкольных устаноў, 2 бібл., краязнаўчы музей, Дом культуры, кінатэатр, б-ца, 4 аддзяленні сувязі, 24 магазіны; Свята-Троіцкая царква, касцёл Прасвятога сэрца Ісуса і Дзевы Марыі з Фацімы. Брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦК УЛКСМ, лётчыкаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму.
  • 2 кастрычніка 1998: Сесія райсавета дэпутатаў прымае рашэнне аднесці г. п. Лельчыцы да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання. Аднак Гомельскі аблсавет палічыў гэта ў цяперашні час немэтазгодным.
  • 1 студзеня 1999: Лельчыцы, пгт, ц. Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. Паводле перапісу насельніцтва 16 лютага, 9691 жых. (4601 муж. і 5090 жан.).

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 2006 — 8,9 тыс. чал.
  • 2009 — 10 606 чал. (перапіс)
  • 2016 — 11 310 чал.[3]
  • 2017 — 11 393 чал.[1]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасці. Гасцініца.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Лельчыцкі краязнаўчы музей.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Леніну

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-укладальнік А. І. Атнагулаў; Навук.рэд. В. Л. Насевіч. — Мн.: Тэхналогія, 2001. 496 с.: іл.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]