Інцыдэнт з «Блэкуотэрам» у Багдадзе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

16 верасня 2007 года ў выніку бязладнай стральбы, адкрытай супрацоўнікамі амерыканскай прыватнай ваеннай кампаніі «Блэкуотэр» на плошчы Нісур у Багдадзе, загінулі 17 і пацярпелі 20 іракскіх мірных жыхароў[1][2][3]. Найміты «Блэкуотэр» знаходзіліся ў складзе канвою з дыпламатамі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Масавае забойства абурыла іракскую грамадскасць і абвастрыла адносіны паміж Іракам і ЗША[4]. У 2014 годзе чацвёра наймітаў паўсталі перад федэральным судом ЗША: адзін быў асуджаны па абвінавачванні ў наўмысным забойстве, яшчэ трое ў ненаўмысным[5].

Супрацоўнікі «Блэкуотэр» сцвярджалі, што канвой трапіў у засаду, і яны стралялі ў мэтах абароны. Іракскі ўрад казаў, што ніякай важкай прычыны для стральбы не было[6]. На наступны дзень у ПВК была часова адклікана ліцэнзія на дзейнасць у Іраку. У афіцыйнай заяве Дзярждэпу ЗША было сказана пра «нявінна забітых» іракцаў. Міністэрства абароны ЗША таксама пагадзілася з тым, што ў дадзеным здарэнні віна ляжыць на наймітах. Ірак настойваў на як мага больш суровым пакаранні. Было пачата не менш пяці расследаванняў, адно з якіх вяло ФБР[7]. У яго ходзе высветлілася, што супрацоўнікамі ПВК было забіта 17 іракцаў, з іх 14 — без бачнай прычыны[2].

У снежні 2008 года пецярым з наймітаў былі прад’яўлены абвінавачванні ў забойстве і перавышэнні нормаў самаабароны, але 31 снежня 2009 года ўсе абвінавачванні былі зняты на падставе няправільнасці вядзення справы. Тагачасны прэм’ер-міністр Ірака Нуры аль-Малікі рэзка раскрытыкаваў рашэнне суда[8]. У красавіку 2011 справа была адноўлена, а ранейшае рашэнне суда прызнана памылковым[9]. Пяты супрацоўнік «Блэкуотер», які прымаў удзел у інцыдэнце, быў вызвалены ад абвінавачванняў, а шосты прызнаў сябе вінаватым у наўмысным забойстве і спробе забойства. 6 студзеня 2012 года ПВК выплаціла кампенсацыю сем’ям шасці ахвяр інцыдэнту[10]. У кастрычніку 2014 года адзін баец быў абвінавачаны ў наўмысным забойстве, а яшчэ тры ў выкарыстанні аўтаматычнай агнястрэльнай зброі для здзяйснення забойства. 13 красавіка 2015 года першага прысудзілі да пажыццёвага зняволення, а трох іншых — да трыццаці гадоў турмы[11].

22 снежня 2020 года, перад сваім сыходам з пасады, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп памілаваў асуджаных[12].

Зноскі

  1. Tavernise, Sabrina. U.S. Contractor Banned by Iraq Over Shootings(англ.), The New York Times (18 верасня 2007). Праверана 4 студзеня 2019.
  2. а б Johnston, David. F.B.I. Says Guards Killed 14 Iraqis Without Cause(англ.), The New York Times (14 лістапада 2007). Праверана 4 студзеня 2019.
  3. Devereaux, Ryan. Blackwater guards lose bid to appeal charges in Iraqi civilian shooting case(англ.), The Guardian (5 чэрвеня 2012). Праверана 4 студзеня 2019.
  4. U.S. troops in Iraq will need immunity: U.S. chief(англ.), Reuters (2 жніўня 2011). Праверана 4 студзеня 2019.
  5. Apuzzo, Matt. Blackwater Guards Found Guilty in 2007 Iraq Killings(англ.), The New York Times (22 кастрычніка 2014). Праверана 4 студзеня 2019.
  6. Zielbauer, Paul von. Iraqi Inquiry Says Shooting Was Unprovoked(англ.), The New York Times (7 кастрычніка 2007). Праверана 4 студзеня 2019.
  7. A. B. C. News. FBI Begins Blackwater Probe (англ.). ABC News (12 лютага 2009). Праверана 4 студзеня 2019.
  8. Schmidt, Michael S.. Decision to Reopen Blackwater Case Confuses Iraqi Victims(англ.), The New York Times (25 красавіка 2011). Праверана 4 студзеня 2019.
  9. Risen, James. Appeals Court Revives Case Against Blackwater Guards(англ.), The New York Times (22 красавіка 2011). Праверана 4 студзеня 2019.
  10. Blackwater settles Nisoor Square lawsuit | CharlotteObserver.com & The Charlotte Observer Newspaper. web.archive.org (22 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 22 сакавіка 2012. Праверана 4 студзеня 2019.
  11. Apuzzo, Matt. Ex-Blackwater Guards Given Long Terms for Killing Iraqis(англ.), The New York Times (13 красавіка 2015). Праверана 4 студзеня 2019.
  12. Haberman, Maggie. Trump Pardons Two Russia Inquiry Figures and Blackwater Guards, The New York Times (23 снежня 2020). Праверана 25 снежня 2020.