Абляпіха крушынападобная

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абляпіха крушынападобная
Hippophae rhamnoides-01 (xndr).JPG
Агульны выгляд пладаноснай расліны. Восень. Нідэрланды
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Elaeagnus rhamnoides (L.) A.Nelson

Сінонімы
Hippophae rhamnoides
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  503044
NCBI  193516
IPNI  323851-1
TPL  kew-2785205

Абляпі́ха крушынападо́бная[3][4] (Elaeagnus rhamnoides) — двудомны куст або дрэва, біялагічны від роду лох (Elaeagnus) сямейства лохавыя (Elaeagnaceae)[5]. Распаўсюджана ва ўмераным клімаце Еўразіі.

Каштоўная лекавая і дэкаратыўная расліна. У якасці гаючай расліны абляпіха выкарыстоўвалася са старажытных часоў. Згадкі пра абляпіху можна сустрэць у працах старажытнагрэчаскіх навукоўцаў і пісьменнікаў.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай наменклатуры абляпіха крушынападобная носіць назву Elaeagnus rhamnoides[6].

Ранейшая родавая назва Hippophae — лацінізаваная форма грэчаскай назвы расліны hippophaes паходзіць ад hippos — конь і phaos — бляск: лічылася, што коні, выкармленыя лісцем абляпіхі, мелі асабліва бліскучую шкуру; лацінізаваны відавы эпітэт rhamnoides паходзіць ад назвы крушыны — rhamnos і oides — падобны.

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Hippophae rhamnoides Sturm41.jpg
Батанічная ілюстрацыя Якаба Штурма з кнігі «Deutschlands Flora in Abbildungen», 1796

Мнагаствольны лістападны куст, радзей дрэва, вышыня якога дасягае звычайна 1-3 м, а часам 3-6 м[5], да 15 м.

Парасткі[правіць | правіць зыходнік]

Маладыя парасткі серабрыстыя, апушаныя[5]; шматгадовыя — пакрытыя цёмна-бурай, амаль чорнай маршчыністай карой. Скарочаныя парасткі са шматлікімі доўгімі калючкамі 2-7 см даўжынёй[5]. Парасткі рознага ўзросту ствараюць круглявую, пірамідальную або разгалістую крону.

Каранёвая сістэма[правіць | правіць зыходнік]

Каранёвая сістэма абляпіхі развіваецца блізка да паверхні, не глыбей 40 см, распаўсюджваючыся на шырокай плошчы. Яе складаюць шкілетныя, паўшкілетныя, слабагалінаваныя карані, на якiх утвараюцца клубеньчыкі, што змяшчаюць азотфіксуючыя бактэрыі, з дапамогай якіх абляпіха засвойвае атмасферны азот.

Лісце[правіць | правіць зыходнік]

Лісце чарговае, простае, лінейнае ці лінейна-ланцэтападобнае, без прылісткаў, зверху цёмна-зялёнае або шаравата-зялёнае, знізу жаўтлява-бела-серабрыстае, з характэрнымі падгарнутымі краямі[5]. На верхавіне тупаватае, радзей злёгку завостранае, сядзіць збліжана. Даўжыня 2-8 см, шырыня да 1 см[5].

Кветкі[правіць | правіць зыходнік]

Saltalankio ziedai1 resize.jpg
Кветкі

Абляпіха — двухдомная расліна, на адных кустах вырастаюць жаночыя кветкі, з якiх утвараюцца плады, на іншых — мужчынскія, пылок якіх апыляе з дапамогай ветру жаночыя кветкі. Кветкі правільныя, з простым кубкападобным калякветнікам; тычынкавыя кветкі знаходзяцца на вельмі кароткіх сцеблах, сабраны ў кароткія суквецці — каласы, яны дробныя, з глыбокадвухраздзельным жаўтаватым калякветнікам і чатырма тычынкамі, пялёсткаў не ўтвараюць; песцікавыя кветкі размешчаны ў пазухах галінак і калючак, на вельмі кароткіх кветаножках, яны зеленаватыя, малапрыкметныя, з трыбчастым двухлопасцевым калякветнікам. Песцік адзін, завязь верхняя.

Формула кветкі: Male black symbol.svg і Venus symbol.svg[7].

Плады[правіць | правіць зыходнік]

Плады авальныя або круглыя гладкія касцянкі, 7-8 мм даўжынёй[5], жаўтлява-залацістага, чырвонага або аранжавага колеру, з адной костачкай, бліскучыя, сакавітыя, са своеасаблівым смакам і пахам, якія нагадваюць пах ананаса[5][8]. Яны сядзяць густа, нібыта абляпляючы сцябло. Костачка даўгавата-яйкападобная, цёмна-карычневая, часам амаль чорная, бліскучая, да 5 мм даўжынёй[5].

Цвіце абляпіха ў красавіку — маі[5], да распускання лісця або адначасова з ім. Плады спеюць у жніўні — верасні. Яны густа пакрываюць галінку, як бы абляпляюць яе, адкуль і назва. Плады трымаюцца на галінах да сярэдзіны вясны[5]. Плоданашэнне абляпіхі пачынаецца на 3-4 год пасля пасадкі, у сярэднім адзін куст дае 10-12 кг пладоў.

У культуры размнажаецца стратыфікаваным насеннем, каранёвым параснікам, тронкамі.

20140216Hippophae rhamnoides06.jpg
Hippophae rhamnoides bud.jpg
Sea Buckthorn (3609174947).jpg
Злева направа:
Ствол. Пупышка. Лісце.
Hippophae rhamnoides male flowers.jpg
Hippophae rhamnoides female flowers.jpg
20151107Hippophae rhamnoides2.jpg
Злева направа:
Мужчынскія кветкі. Жаночыя кветкі. Плады.

Распаўсюджанне і экалогія[правіць | правіць зыходнік]

Sea buckthorn plant - Smaack - 201109.jpg
Зараснікі абляпіхі

У дзікім стане распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі Еўропы, на Каўказе, у Заходняй і Сярэдняй Азіі (Цянь-Шань, Паміра-Алай, Джунгарскі Алатау, Тарбагатай, Саурскі хрыбет), ва Усходніх Саянах, Манголіі , Кітаі, заходзіць у трапічныя раёны Пакістана і Індыі.

На Беларусі інтрадукавана ў канцы ХІХ стагоддзя, трапляецца ў садах, парках, прысадах уздоўж дарог.

Расліна атрымала шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі Расіі. Расце ў еўрапейскай частцы, на Паўночным Каўказе, у Заходняй і Усходняй Сібіры, на Алтаі, у паўночных абласцях Казахстана, сустракаецца ў Калінінградскай вобласці[5][9].

У натуральным стане ва Украіне расце ў дэльце Дуная (Адэская вобласць)[5], ствараючы на пясчаных пагорках густыя зараснікі. Культывуецца па ўсёй Украіне ў полеахоўных палосах, у ахоўных насаджэннях уздоўж дарог, у садах і парках. Уваходзіць у лік куставых парод для групавых пасадак пры азеляненні населеных пунктаў.

У натуральных умовах звычайна прымеркавана да поймаў рэк і берагоў азёраў, як прымешка да вярбова-таполевых пойменных лясоў. Разводзіцца ў садах і парках як дэкаратыўная расліна.

Абляпіха — святлалюбная з першага года жыцця і марозаўстойлівая расліна, здольна пераносіць маразы да 45 градусаў і ніжэй. У пладаносных дрэў адбываецца штогадовае засыханне ніжніх галін і галінак, што прыводзіць да самаразрэджання кроны дрэва і зрушэння пладаноснай зоны на перыферыі.

Абляпіха аддае перавагу друзлым глебам, з багатым утрыманнем арганічных рэчываў і фосфару. Прыродныя месцы распаўсюджвання адрозніваюцца высокай сухасцю паветра, хоць яе каранёвая сістэма аддае перавагу ўвільготненым месцам распаўсюджвання, характэрным для далін рэк і марскога ўзбярэжжа[5]. Абляпіха здольная пераносіць залішняе пераўвільгатненне і нават працяглыя перыяды затаплення. Асабліва добра яна расце на участках з высокім узроўнем грунтавых вод і праточным увільгатненнем. За кошт каранёвых парасткаў-зародкаў утварае шырокія зараснікі.

Прыродныя зараслі абляпіхі памяншаюцца.

Шкоднікі і хваробы[правіць | правіць зыходнік]

Вялікія страты ўраджаяў абляпіхі крушынападобнай у культуры наносіць Rhagoletis batava, якая пашкоджвае вялікую частку пладоў на кожнай пашкоджанай расліне[10]. Лісце пашкоджваецца грыбамі-ўзбуджальнікамі вертыцылёзнага вілту (завядання) Verticillium albo-atrum і Verticillium dahliae і параўнальна нядаўна выяўленай Capithophorus hippophaes[11].

Раслінная сыравіна[правіць | правіць зыходнік]

Збор і перапрацоўка[правіць | правіць зыходнік]

Hippophae rhamnoides.jpg
Спелыя плады

У якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюць плод свежы (лац.: Fructus Hippophaes rhamnoides recens)[5]. Збіраюць плады ў перыяд іх паспявання па дасягненні імі поўнай тэхнічнай спеласці, калі яны набываюць уласцівыя пладам гэтай расліны памер і жоўта-аранжавую або аранжавую афарбоўку, пругкія і пры зборы не расціскаюцца[5]. Такія плады назапасілі найбольшую колькасць алею і іншых біялагічна актыўных рэчываў. Лепш збіраць плады, калі на іх няма вады, паколькі ў такім выпадку яны менш пэцкаюцца.

Абляпіху збіраюць шляхам «сашморгвання» галін, выскубання, стрэсвання, рэзкай пладаносных галін з дапамогай розных прыстасаванняў. Плады выскубаюць рукамі індывідуальна па ягадцы адразу пасля даспявання пладоў і да таго часу, пакуль яны не пачалі пераспяваць. Сашморгванне праводзяць драцянымі пінцэтамі з загнутымі канцамі. Пры гэтым згінаюць галінку і заціснутымі канцамі пінцэта некалькі разоў праводзяць па ёй з розных бакоў, абчэсваючы плады ў зручную тару. Радзей плады збіраюць шляхам абтрасання з раслін пладоў пасля замаразкаў[5][8], рассцілаючы пад кустамі тканіну і страсаючы мёрзлыя плады[5]. Таксама часам пладаносную галінку згінаюць над тарай і «бітай» б’юць па галінцы, пры гэтым плады цалкам абсыпаюцца. З дапамогай тканіны, замацаванай на двух жэрдзях, збіраюць абляпіху з зараснікаў па берагах рэк і ручаёў. Збор пладоў лепш весці ў ранішнія і вячэрнія гадзіны, калі тэмпература паветра самая нізкая.

Пры зборы пладоў абломваецца шмат галінак з генератыўных пупышкамі, на ствалах з’яўляюцца драпіны, на якіх увесну пасяляюцца шкоднікі і хваробы. Таму нават у малазаснежаных раёнах з устойлівым зніжэннем тэмпературы ў апошні час пачалі адмаўляцца ад зімовага збору пладоў.

Плады аддзяляюць ад галінак, сартуюць і ссыпаюць у тару. Прадукцыйнасць збору 20 і больш вёдраў на чалавека ў дзень. Абляпіха высокаўраджайная расліна, з аднаго куста можна сабраць да 4,5 кг пладоў, а з 1 га культурных зараснікаў — каля 2 т. Замарожаныя і ачышчаныя ад прымешак плады пакуюць у ільняныя мяшкі не больш за 70 кг нета і адпраўляюць на завод.

Плады ў замарожаным стане захоўваюць вітаміны 6 месяцаў[5].

Кару збіраюць ранняй вясной; лісце — на працягу вегетацыйнага перыяду.

Хімічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Плады абляпіхі адносяць да полівітамінавых. Яны ўтрымліваюць правітамін А (да 10, 9 мг%) і вітаміны (B1, B2, B3, B6, C (да 450 мг%), E, К і інш.)[5]. Плады ўтрымліваюць 3-6 % цукроў (глюкоза і фруктоза), арганічныя кіслоты (да 2,5 %) — яблычную, вінную і інш., дубільныя рэчывы, жоўты фарбавальны пігмент, кверцэцін, тлусты алей (9 % у мякаці, 12 % у костачках)[5]. У лісці і кары знойдзеныя алкалоід гіпафаін (да 0,4 %), аскарбінавая кіслата і да 10 розных дубільных рэчываў, у кары — да 3 % тлустага алею іншага складу, чым у пладах і насенні.

У сартавой абляпісе змяшчаецца больш цукроў, чым у пладах дзікарослай, таму птушкі хутчэй аб’ядаюць культурныя дрэвы.

У пладах назапашваецца тлусты алей[5], які складаецца з трыацылгліцэрынаў з насычанымі і ненасычанымі тлустымі кіслотамі, сярод апошніх пераважаюць монаненасычаныя (пальмітаалеінавая, алеінавая) кіслоты; пекцінавыя рэчывы, арганічныя кіслоты, дубільныя рэчывы, флаваноіды, нікацінавая і фоліевая кіслоты, макра- і мікраэлементы (бор, жалеза, цынк, медзь, марганец, калій, кальцый), цукры і некаторыя віды раслінных антыбіётыкаў.

Алей з мякаці пладоў мае ярка-аранжавую афарбоўку, з насення — жаўтлявую. Алей з насення і мякаці некалькі адрозніваецца па складзе. Алей з мякаці пладоў змяшчае да 0,350 % караціну і караціноіды, тыямін і рыбафлавін, у даволі вялікай колькасці (0,165 %) такаферол і значную колькасць незаменных тлустых кіслот.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Homoktövis1.JPG
Кусты абляпіхі

Абляпіха крушынападобная разводзіцца дзеля пладоў, вядзецца яе селекцыя і выведзена мноства сартоў, якія вырошчваюцца ў прамысловых маштабах, прычым у Расіі галоўным чынам — у Сібіры, дзе па дадзеных Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу 2006 года  (руск.) пад яе пасадкамі занята больш за 5 тысяч га[10].

Марозаўстойлівасць абляпіхі дазваляе вырошчваць яе ў паўночных раёнах. Пасля таго як былі ўсталяваныя гаючыя ўласцівасці пладоў і масла абляпіхі, яе сталі культываваць як каштоўную вітамінавую расліну і пачалі вырошчваць на прысядзібных участках і на прамысловых плантацыях.

Селекцыя[правіць | правіць зыходнік]

У Расіі абляпіха крушынападобная ўведзена ў культуру НДІ садаводства Сібіры па ініцыятыве М. А. Лісавенкі  (руск.), дзе за паўстагоддзя па стане на 2011 год выведзена каля 40 сартоў, у тым ліку буйнаплодныя сарты Августина, Ажурная, Жемчужница і іншыя; такія аптымізаваныя па часу цвіцення і колькасці пылка сарты мужчынскіх раслін для эфектыўнага апылення жаночых, як Алей, Гном[10].

Размнажэнне[правіць | правіць зыходнік]

Добра размнажаецца тронкамі. Для гэтага іх у пачатку вегетацыі наразаюць даўжынёй 40 см. У выкапаны роў (шырыня — 10, глыбіня — 30 см), засыпаны сумессю рачнога пяску і гумусаванай глебы (1: 1), тронкі закопваюць у 3 см адзін ад аднаго, пакідаючы зверху дзве пупышкі (у першыя гады абляпіха дае стрыжневы корань і мала разрастаецца). Верхні зрэз чаранкоў змазваюць садовым варам. Для лепшага ўкаранення тронкі зацяняюць і часта паліваюць. Можна размножваць абляпіху насеннем і адводкамі. Для захоўвання ў нашчадства гаспадарча каштоўных прыкмет і ўласцівасцяў выкарыстоўваюць вегетатыўны спосаб размнажэння.

Асаблівасці вырошчвання[правіць | правіць зыходнік]

Hippophae rhamnoides-01 (xndr).JPG
Абляпіха багата плоданасіць на адкрытых светлых месцах

Святлалюбная расліна, якая не трывае вырошчвання з іншымі дрэвамі і кустамі. Таму яе плантацыі варта ствараць пераважна чыстымі, з размяшчэннем пасадачных месцаў 3×4 м, або 4 м паміж шэрагамі і праз 2 м у шэрагу. Пры гэтым забяспечваюць раўнамернае размяшчэнне апыляльных (мужчынскіх) асобін сярод жаночых раслін: два шэрагі жаночых раслін сартавой абляпіхі трэба чаргаваць з адным камбінаваным побач, у якім кожная пятая па ліку расліна — мужчынская. Лік апыляльнікаў складае 7-8 % агульнай колькасці раслін.

На плантацыях абляпіхі, якія ўступілі ў фазу плоданашэння, плоданасіць да 40 % дрэў. Таму для павышэння ўраджайнасці неабходна замяніць мужчынскія асобіны на жаночыя. У прыватнасці, на ўчастку варта пакінуць не больш за 15 % мужчынскіх асобін.

Падрыхтоўку глебы варта пачынаць за год да пасадкі па сістэме чорнага пара. Глеба павінна мець друзлую структуру. У першыя 3-4 гады плантацыі абляпіхі патрабуюць стараннага дагляду, паколькі расліны гінуць пры зацяненні высокімі травамі і сельскагаспадарчымі культурамі, а таксама пры моцным задзярненні.

Адзін са шляхоў інтэнсіфікацыі і павышэння вытворчасці пладоў абляпіхі — увядзенне яе нізкарослых высокапрадуктыўных папуляцый і сартоў, устойлівых да неспрыяльных экалагічных фактараў. Нізкарослыя кусты дазваляюць важка павялічыць вытворчасць пладоў з адзінкі плошчы, павысіць прадукцыйнасць працы на абразанні і фарміраванні кроны, у асаблівасці — на зборы ўраджаю і па доглядзе за раслінамі.

Значэнне і прымяненне[правіць | правіць зыходнік]

Вырошчваецца як харчовая, вітамінавая, пылканосная, лекавая, таніданосная, фарбавальная, дэкаратыўная, фітамеліяратыўная і касметычная расліна[5]. Меданос. Плады з’яўляюцца полівітаміннай сыравінай.

У кулінарыі[правіць | правіць зыходнік]

Sanddornprodukte-Hiddensee2.jpg
Сок, лікёр і жэле з абляпіхі (муніцыпалітэт Хідэнзэ, Германія)
Argousier natvit france.jpg
Разнастайныя вырабы з абляпіхі ў Правансе

Плады маюць вялікае харчовае значэнне, яны духмяныя, на смак падобныя на плады ананаса, ялкавыя, пасля першых замаразкаў губляюць горыч і набываюць прыемны кіслявы смак. Іх выкарыстоўваюць сырымі і для разнастайнай перапрацоўкі[5]. Дзякуючы надзвычай высокім смакавым і харчовым уласцівасцям, плады ядуць у свежым выглядзе, выкарыстоўваюць для вырабу абляпіхавага соку з пахам ананаса, варэння, кісялёў, пасцілы, жэле, мармелада, начынкі для цукерак, розных тыпаў пладовага віна і так далей[5]. Таксама плады ўжываюць у ежу ў кансерваваным выглядзе ў якасці рэзка-араматычнай і рэзка-смакавай дадаткі. Фруктова-ягаднае абляпіхавае віно мае залаціста-жоўтую афарбоўку і характэрны бляск, тонкі ананасавы водар.

Flickr - cyclonebill - Gulerødder og havtorn.jpg
Морква з абляпіхай
Havtorn med stjerneanis (8419319895).jpg
Абляпіха з анісам

Сок выкарыстоўваецца для атрымання і араматызацыі віна, прахаладжальных напояў, налівак, настоек; свежыя плады пасля падмарожвання некалькі губляюць горыч і выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі кісялёў, настоек і жэле.

У мякаці пладоў абляпіхі ўтрымліваюцца тлушч і араматычны алей (да 9 %), цукру (да 2,5 %), яблычная і лімонная кіслоты (да 4 %), дубільныя і пекцінавыя рэчывы.

Алей, які змяшчаецца ў пладах абляпіхі, надае моцны, прыемны, непаўторны водар, павышае смакавыя ўласцівасці і ставіць абляпіху на асаблівае месца сярод фруктова-ягадных раслін. Плады абляпіхі — прыродныя полівітамінныя канцэнтраты. У іх ёсць правітамін А (да 8 мг%), вітаміны С (200—350 мг%), Е (28 мг%), В1, В2 (0,12 мг%), РР, фоліевая кіслата.

У лясной і садовай гаспадарцы і ланшафтным дызайне[правіць | правіць зыходнік]

E8306-Kosh-Kol-sea-buckthorn.jpg
Абляпіха на беразе

Абляпіху можна культываваць і як дэкаратыўную расліну з прыгожым, аліўкава-зялёным зверху і серабрыстым знізу лісцем і шматлікім яркім пладам, якія доўга трымаюцца на кустах. Прыдатная для стварэння жывых агароджаў. Прыгожая ў выглядзе штамбавых дрэўцаў на газонах.

З-за магутнай каранёвай сістэмы абляпіха выкарыстоўваецца для замацавання схілаў, яраў, адхонаў і выманняў чыгунак, шашы і каналаў, для ўмацавання пяшчаных глебаў і прафілактыкі апоўзняў[5].

Непераборлівасць абляпіхі да глебавых умоў, засухаўстойлівасць, здольнасць размнажацца каранёвымі атожылкамі ставяць яе ў шэраг каштоўных фітамеліярацыйных раслін. У полеахоўных палосах прыцягвае птушак.

Прымяненне ў навуковай медыцыне[правіць | правіць зыходнік]

Борисов. Облепиха.JPG
П. І. Барысаў. "Абляпіха"

Лісце абляпіхі назапашвае дубільныя рэчывы, якія з’яўляюцца дзеючым пачаткам лекавага сродку — гіпараміну, што валодае супрацвіруснай актыўнасцю. Атрыманы з лісця абляпіхі гіпарамін у форме таблетак для рассмоктвання прымяняецца як лячэбна-прафілактычны сродак пры грыпе (А і В), а таксама пры лячэнні іншых вострых рэспіраторных вірусных інфекцый.

Абляпіхавы алей, які атрымліваюць з пладоў, дзейнічае як эпітэлізавальны, гранулявальны сродак, ён валодае раназажыўляльнымі і болесуцішальнымі ўласцівасцямі, яго ўжываюць у гінекалагічнай практыцы для лячэння апёкаў[5], абмаражэнняў, экзэм, ран і язваў, якія доўга не загойваюцца, як вонкавых, так і язваў страўніка і дванаццаціперснай кішкі, а таксама для памяншэння рэгенератыўных змяненняў слізістай абалонкі стрававода з прычыны прамянёвай тэрапіі пухлін і прамянёвых паражэнняў арганізма[5]. Алей ужываюць для лячэння псарыязу, хваробы Дар’е, язвавай ваўчанкі, расколін, некаторых хвароб вачэй, вуха, горла, як вітамінны сродак пры гіпа- і авітамінозах, у прыватнасці пры цынзе, у гінекалагічнай практыцы пры кальпіце, эндацэрвіцытах і эрозіях шыйкі маткі[5], пры некаторых хваробах вачэй. Эфектыўна таксама прымяненне алею пры эразійна-язвавых практытах, эразійна-язвавых сфінктарытах, расколінах ануса, катаральных і атрафічных практытах, унутраным гемароі ў хворых хранічным энтэракалітам.

Абляпіхавы алей ужываюць пры гаймарыце, у пасляаперацыйным перыядзе пасля танзілэктаміі, пры хранічным танзіліце, пры лячэнні пульпіта і перыядантыта. Ён уваходзіць у склад камбінаванага аэразольнага прэпарата «Олеазоль», у які таксама ўваходзяць левамецытын, анестэзін, борная кіслата і напаўняльнікі. Ужываюць як сродак, што паскарае гаенне ран, пры апёках, інфіцыраваных ранах, трафічных язвах, пры экзэмах і дэрматозах са свербам. Акрамя гэтага выпускаюцца прэпараты «Гипозоль» і «Облекол».

Насенне ўжываюць як лёгкае слабільнае. Вонкава плады і алей абляпіхі выкарыстоўваюць пры сыпах, экзэмах, для лячэння ран і пры жаночых хваробах.

Плады з лісцем выкарыстоўваюць для лячэння рэўматызму і хвароб страўніка.

Кара абляпіхі змяшчае рэчыва аксітрыптамін, якое мае проціпухлінныя ўласцівасці. Аналагічнае дзеянне аказвае і спіртавы экстракт кары.

Прымяненне ў народнай медыцыне[правіць | правіць зыходнік]

Вельмі шырока плады і лісце абляпіхі выкарыстоўваліся ва ўсходняй (тыбецкай і старажытнамангольскай) медыцыне. У Расіі плады і лісце абляпіхі таксама здаўна выкарыстоўваліся ў народнай медыцыне.

У народнай медыцыне алей выкарыстоўваецца ўнутр пры авітамінозах (цынзе, курынай слепаце), язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Лісце ў Сярэдняй Азіі ўжываюць вонкава пры рэўматызме.

Прымяненне ў касметыцы[правіць | правіць зыходнік]

У касметыцы з алею абляпіхі рыхтуюць пажыўныя маскі, якія паскараюць эпітэлізацыю і грануляцыю тканак скуры; адвар пладоў і галінак выкарыстоўваюць пры аблысенні і выпадзенні валасоў.

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Hippophae rhamnoides pollen.jpg
Пылок абляпіхі пад мікраскопам

У ветэрынарыі галінкі абляпіхі ўжываюць для паскарэння росту воўны у авечак і для надання ёй бляску.

Высушаны жом пладоў выкарыстоўваюць для атрымання (шляхам экстракцыі сланечнікавым алеем[12]) абляпіхавага алею, які ўжываецца ў медыцыне.

Лісце абляпіхі змяшчае 10 % дубільных рэчываў, таму яго разам з іголкамі можна ўжываць для дублення скур і афарбоўкі. Пладамі ў мінулым фарбавалі тканіны і воўны ў жоўты колер, з маладых парасткаў і лісця атрымлівалі чорную фарбу.

Ветраапыляльная расліна, у яе кветках практычна адсутнічае нектар. Так званы ў побыце «абляпіхавы мёд» уяўляе з сябе сіроп з ягад абляпіхі[13][14]. Абляпіха — выдатны пылканос, дае шмат высока пажыўнага пылка ў летні перыяд.

Абляпіха дае цяжкую, цвёрдую, дробнаячэістую, жаўтлявую драўніну з бура-жоўтым ядром, прыдатную для дробных вырабаў.

Уплыў на культуру[правіць | правіць зыходнік]

Emilie Mediz-Pelikan (Austrian, 1861-1908), Sanddorn (Knokke).jpg
Эміль Медыз-Пелікан  (ням.). «Абляпіха», 1890

У 1980 годзе ў СССР была выпушчаная серыя з пяці марак з выявай раслін, на марцы наміналам 10 кап. (ЦФА (ІТЦ «Марка») № 5123) была абляпіха крушынападобная.

Таксама выява абляпіхі крушынападобнай была змешчана на паштовых марках Фінляндыі ў 1991 годзе і Украіны ў 2013 годзе.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 65. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Назва згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Облепиха крушиноподобная // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 87-89. — 200 с. — 130 000 экз.
  6. Elaeagnus rhamnoides (L.) A.Nelson
  7. Барабанов Е. И. Ботаника: учебник для студ. высш. учеб. заведений. — М.: Издат. центр «Академия», 2006. — С. 241. — 448 с. — ISBN 5-7695-2656-4.
  8. а б Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 216. — ISBN 5-06-000085-0.
  9. Паводле сайта GRIN (гл. раздзел Спасылкі).
  10. а б в Дадыкин В. Янтарные грозди нового поколения // Наука и жизнь  (руск.). — 2011. — № 12. — С. 101-103.
  11. Li T.S.C. Chapter 8. Deseases, Insects, Pest and Weed Control // Sea buckthorn (Hippophae rhamnoides L.): production and utilization. — 2003. — С. 47-50.
  12. Чысты абляпіхавы алей атрымліваюць экстракцыяй пентанам з наступнай адгонкай растваральніка ў вакууме пры тэмпературы не вышэй 40 °C
  13. Облепиховый «мёд».
  14. Облепиховый мёд на самай справе — «ліпавы»!

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]