Бабруйскаграмаш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Бабруйскаграмаш»
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 23 верасня 1974 (49 гадоў таму)
Заснавальнікі Міністэрства машынабудавання для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці СССР
Уладальнікі Міністэрства прамысловасці Беларусі[1]
Размяшчэнне Беларусь, Магілёўская вобласць, Бабруйск, Шынная вул., д. 5[2]
Ключавыя постаці Віктар Філатаў, Анатоль Судніковіч[3]
Галіна машынабудаванне
Прадукцыя барана, касілка, кормараздатчык, плуг, трактарны прычэп, прэс-падборшчык, размеркавальнік угнаенняў, сеялка
Абарот 125,473 млн рублёў (2020 год; 48,653 млн $)
Аперацыйны прыбытак 761 тыс. рублёў (2020 год; 295 тыс. $)
Чысты прыбытак 723 тыс рублёў (2020 год[4]; 280 тыс. $)
Колькасць супрацоўнікаў 1796 (2021 год)
Аўдытар «ААБ Кансалт» (Мінск)
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі «Оршааграпраммаш», «Маладзечанскі станкабудаўнічы завод», «НДІбудаўталінія» (Магілёў) і «Брэсцкі электрамеханічны завод»
Сайт bobruiskagromach.com

«Бабруйскаграмаш»[5] — беларуская кампанія, якая спецыялізуецца на вытворчасці сельгастэхнікі, агрэгатаў, абсталявання.

Прадпрыемства было заснавана ў верасні 1974 года ў якасці «Бабруйскага завода раскідвальнікаў угнаенняў» (Магілёўская вобласць). У 2005 годзе прадпрыемства было пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. З кастрычніка 2012 года ААТ «Бабруйскаграмаш» стала кіруючай кампаніяй холдынгу «Бабруйскаграмаш».

У склад холдынга ўваходзяць наступныя прадпрыемствы: ААТ «Бабруйсксельмаш», ААТ «Оршааграпраммаш», ААТ «Маладзечанскі станкабудаўнічы завод», ААТ «НДІстрамаўталінія», ААТ «Брэсцкі Электрамеханічны завод».

На 2021 год кампанія выпускала звыш 150 найменняў навясных і паўпрычэпных сельскагаспадарчых машын і было найбольшым іх вытворцам ва Усходняй Еўропе. Звыш паловы вырабаў пастаўлялі ў Расію. Рэшту замежных паставак штогод накіроўвалі пераважна ў Казахстан і Егіпет, а таксама ў такія краіны Еўропы, як Украіна, Славакія, Фінляндыя, Чэхія і Швецыя. Агулам сельгасмашыны прадавалі ў 50 краінах, у тым ліку Заходняга паўшар’я[6]. Прадпрыемства мела за мяжой 5 зборачных вытворчасцей, у тым ліку ў Казахстане, Расіі і Таджыкістане[7].

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

На 2021 год плошча завода «Бабруйскаграмаш» складала 60 гектараў. З іх 29 га прыпадала на будынкі, у тым ліку 16,8 га — на вытворчыя, 3,8 га — на побытава-кіраўнічыя і 1,1 га на склады. Прадпрыемства налічвала 1972 прылады абсталявання і 5 вытворчасцей:

  • Нарыхтоўча-прэсавая. Уключала крывашыпныя гільяцінныя нажніцы і плазмарэзы з праграмным кіраваннем (ЛПК) для раскроя ліставога металу таўшчынёй да 25 міліметраў, гідраўлічны каардынатна-прабіўны прэс з ЛПК 250/30-2500, дыскавыя пілы і крывашыпныя прэсы 40—1000 т, чаканачныя прэсы да 1600 тон і гідраўлічныя прэсы да 160 тон, а таксама лістазгінальныя прэсы з ЛПК, намаганнем[праясніць] ад 135—350 тон і даўжынёй згіну да 620 см. Цэх аснашчаўся кранамі грузападымальнасцю ад 10 да 30 тон.
  • Зборачна-зварачная. Ажыццяўлялася 4 віды зваркі: паўаўтаматычная ў асяроддзі вуглякіслага газу, аўтаматычная пад слоем флюсу, кантактная і ў асяроддзі аргону. Для вырабу цыстэрн пры аўтазварцы выкарыстоўвалі безупынную навіўку спіральна-шоўнай трубы рулоннай сталі таўшчынёй 5 міліметраў. У цэху знаходзіліся стэнды, вытворчыя лініі і кантавальнікі, стапелі і перавознікі, а таксама краны грузападымальнасцю да 10 тон.
  • Механаапрацоўчая. На такарных станках з ЛПК апрацоўвалі дэталі прамерам да 40 см і даўжынёй да метра, а на агульных такарных станках — дэталі прамерам да метра і даўжынёй да 5 метраў. На гарызантальным станку з ЛПК НВ-630 фрэзеравалі, свідравалі і расточвалі вузлы прамерам і вышынёй да метра пры вазе да 1200 кг. Канічныя зубчатыя колы наразалі прамерам да 32 см, а цыліндрычныя зубчатыя колы — прамерам да 2-х метраў. На шліфавальных станках з ЛПК аўтаматычна апрацоўвалі валы прамерам да 20 см і даўжынёй да 2-х метраў.
  • Зборачная. Пры стапельнай зборцы на канвееры выкарыстоўвалі: 1) станок МС9717Д-2Б рухомага размяшчэння зборачных і зварачных дэталяў даўжынёй да 3-х метраў і вагой ад 10 да 500 кг; 2) стэнды зборкі дыскавых кол прамерам 150 см, шырынёй 80 см і прамерам вобаду 14—26 цаляў; 3) стэнды выпрабавання вузлоў і машын.
  • Фарбавальная. Дзейнічала лінія фарбавання буйнапамерных вырабаў і ўстаноўка бескамернага фарбавання пнеўмараспыляльнікам, а таксама беспаветраны распыляльнік. Канчаткова сабраныя вырабы фарбавалі дакафарбай у прахадных камерах з наступнай сушкай і маркіроўкай. У гальванічным аддзяленні на лініі выконвалі цвёрдае храмаванне, цынкаванне з храматаваннем і аксыдаванне. Цэхі аснашчаліся кранамі грузападымальнасцю ад 5 да 30 тон, а адкрытыя складскія пляцоўкі — кранамі падымальнасцю да 32-х тон. Матэрыялы перавозілі аўтапагрузчыкамі, трактарамі і самаходамі, а таксама дызельным лакаматывам па чыгунцы. Дапаможнымі цэхамі былі: інструментальны і рамонтна-механічны, электрацэх і энергацэх, а таксама дрэваапрацоўчая вытворчасць, ачышчальныя збудаванні і станцыя рэгазіфікавання вадкага прапану-бутану[8].

Вырабы[правіць | правіць зыходнік]

Раскідвальнік арганічных угнаенняў «МЖТ-11» (2018 год)

На 2021 год «Бабруйскаграмаш» выпускаў 247 узораў тэхнікі, з іх 88 дапаможнай:

  • 34 узоры кормаўборачнай тэхнікі — 17 відаў дыскавых і сегментна-пальцавых касілак, 12 відаў рулонных і цюкавых прэс-падборнікаў, а таксама 5 відаў трактарных грабляў-валкавальнікаў і варашылак[9];
  • 22 узоры тэхнікі для ўнясення ўгнаенняў — 7 відаў раскідвальнікаў арганічных угнаенняў і 15 відаў размеркавальнікаў для мінеральных[10];
  • 30 узораў трактарных прычэпаў, у тым ліку 12 самазвальных і агульных паўпрычэпаў, 9 спецыяльных паўпрычэпаў для кармоў і рулонаў[11];
  • 23 узоры прыгатавальнікаў і раздатчыкаў кармоў — 3 віды здрабняльнікаў грубых кармоў і рулонаў, 13 відаў кормараздатчыкаў з выгрузным канвеерам і змешвальнікам, а таксама 7 відаў корманарыхтоўнікаў у выглядзе здрабняльнікаў збожжа і ўпакоўшчыкаў сена і сілажу[12];
  • 30 узораў глебаапрацоўчага абсталявання — 6 відаў дыскавых агрэгатаў, 7 відаў дыскавых і зубавых баронаў, кольчата-зубчатую катку і 3 віды акучнікаў, 13 дыскавых і корпусных плугоў[13];
  • 4 узоры тэхнікі для ўраблення льну — 2 віды прэс-падборшчыкаў і па адным відзе абарочвальніка і ўспушвальніка стужак льну[14];
  • 11 узораў пунктырных і шыроказахопных сеялак, у тым ліку 4 пасяўныя агрэгаты[15];
  • 5 узораў лесапрамысловых машын — па 2 віды лесавозных паўпрычэпаў і пажаратушыльных машын, а таксама машыну для пасадкі сажанцаў[16];
  • 88 узораў дапаможнага абсталявання — падавальныя бункеры і дазатары, драбілкі і палівамыечныя машыны, канвееры і кантэйнеры, гідраўлічныя нажы і перфаратары пластыкавых пляшак, гідраўлічныя прэсы і дыскавыя сартавальнікі, вертыкальна-свідравальныя і цэнтравальна-падразныя станкі, кармушкі для рыбы і апілкападавальнікі, брыкетавальнікі і лініі прэсавання кардону і пляшак[17].

Збытавая сетка[правіць | правіць зыходнік]

Размеркавальнік мінеральных угнаенняў «РУ-8» на выставе «Белагра-2019»

На 2021 год «Бабруйскаграмаш» меў 56 дылераў у 45 краінах:

Збыт праз пазыку ў Беларусі фінансавалі «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк», а праз лізінг — «Прамагралізінг». Пры пастаўцы за мяжу збыт фінансавалі «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» і «Прамагралізінг», а ў Казахстане і Украіне дадаткова — «Казаграфінанс» і «Укргазбанк»[19]. Гарантыйны тэрмін выкарыстання тэхнікі «Бабруйскаграмаш» у Беларусі складаў 2 гады, а за мяжой — 1 год. На прадпрыемстве дзейнічала 5 выязных брыгад, якія аднаўлялі тэхніку ў Магілёўскай вобласці. У астатніх 5 абласцях Беларусі тэхніку абслугоўвалі 15 тэхнічных цэнтраў: 1) 3 у Брэсцкай — Бяроза, Жабінка і Пінск; 2) 4 у Віцебскай — Віцебск, Орша, Глыбокае і Полацк; 3) 1 у Гродзенскай — Іўе; 4) 3 у Гомельскай — Гомель, Петрыкаў і Шацілавічы; 5) 4 у Мінскай — Барысаў, Любань, Фаніпаль (Койданаўскі раён) і Юбілейны пасёлак (Мінскі раён). За мяжой такія тэхнічныя цэнтры працавалі ў 14 краінах:

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

БССР[правіць | правіць зыходнік]

23 верасня 1974 года Міністэрства машынабудавання для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці СССР ухваліла Указ № 166 аб стварэнні «Бабруйскага завода раскідвальнікаў угнаенняў» (Беларуская ССР). Прадпрыемства налічвала 988 супрацоўнікаў. У верасні 1975 года выпусцілі першыя 11 доследных узораў раскідвальнікаў вадкіх арганічных угнаенняў "РЖТ-8. Да канца 1975 года выпусцілі 250 такіх раскідвальнікаў. У 1981 годзе дасягнулі праектнай магутнасці завода ў 26 000 машын. Спачатку выпускалі 4 узоры раскідвальнікаў арганічных угнаенняў: «РЖТ-8» для вадкіх грузападымальнасцю 8 тон, «ПРТ-10» на 10 тон, «РЖТ-16» для вадкіх падымальнасцю 16 тон і «ПРТ-16» на 16 тон.

У снежні 1982 года раскідвальнік «ПРТ-10» атрымаў Дзяржаўны знак якасці, бо вызначаў дозу ўнясення ўгнаення ў глебу. У складзе прадпрыемства стварылі Дзяржаўнае спецыялізаванае праектна-канструктарскае тэхналагічнае бюро (ДСПКТБ). На заводзе ўкаранілі плазменную рэзку дэталяў і гарачую накатку зубцоў зорак, аўтазварку пад своем флюсу і аўтацынкаванне, афарбоўку струменевым аблівам і апрацоўку станкамі дэталяў хадавой сістэмы на лініі. Таксама ўвялі лініі штампоўкі ланжэронаў, выраб днішчаў і бартоў машын. Абнавілі лінію абечкаў машын, канвеер зборкі балансіраў і аўтаматычную лінію афарбоўкі бартоў і рам.

Незалежная Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У 1991 годзе пачалі распрацоўку кормазагатовачных машын. Спачатку асвоілі вытворчасць рулонных прэс-падборшчыкаў «ПРФ». У серыйную вытворчасць запусцілі «ПРФ-110», «ПРФ-145» і «ПРФ-180». Пазней запусцілі вытворчасць перавозчыкаў рулонаў «ТР-Ф-5» і размотчыкаў-раздатчыкаў грубых кармоў «РГ-1». Урэшце пачалі выраб 4-ротарных дыскавых касілак «КДН-210», грубляў-варашылак «ГВР-630» і кормараздатчыкаў «КРФ-10». Пасля 2000 года сталі выпускаць машыны ўнясення мінеральных угнаенняў «МСВД-0,5», «РШУ-12», «МТТ-4У» і «МТТ-4Ш». У 2005 годзе ўнітарнае прадпрыемства «Бабруйскаграмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства.

19 кастрычніка 2012 года Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 948 аб стварэнні холдынгу «Бабруйскаграмаш», у склад якога ўвайшлі 5 ААТ: «Бабруйсксельмаш», «Оршааграпраммаш» (Віцебская вобласць), «Маладзечанскі станкабудаўнічы завод» (Мінская вобласць), «НДІбудаўталінія» (Магілёў) і «Брэсцкі электрамеханічны завод»[6] (апошні ў 2020-м пасля выхаду «Тэхналіт Полацк»).

У 2015 годзе ў Расіі адчынілі Гандлёвы дом «Бабруйскаграмаш», які да 2021 года стварыў звыш 100 дылераў і прадстаўніцтваў у большасці абласцей[21]. На май 2015 года ў Казахстане дзейнічала сумесная зборачная вытворчасць прэс-падборшчыкаў «Бабруйскаграмаша»[22]. На красавік 2016 года працавала прадстаўніцтва «Бабруйскаграмаша» ў Румыніі[23]. У 2017 годзе «Бабруйскаграмаш» выступіў сузаснавальнікам зборачнай вытворчасці «УзБелАграмаш» ва Узбекістане[24]. У лістападзе 2017 года зборачная вытворчасць запрацавала ў таджыкскім горадзе Гісар[25]. У снежні 2017 года ў Грузію паставілі 120 машын «Бабруйскаграмаш». 22 сакавіка 2018 года на Беларуска-грузінскім бізнес-форуме ў Тбілісі заключылі пагадненне з ТАА «Гермес» аб гандлёвым прадстаўніцтве ў Грузіі[26]. Пры гэтым падпісалі кантракт на пастаўку 70 машын у 1-м паўгоддзі[27]. На сакавік 2018 года «Бабруйскаграмаш» вырабляў 70 відаў навясной і прычапной сельгастэхнікі[28]. У ліпені 2018 года ў Каіры (Егіпет) запусцілі зборачную вытворчасць касілак, прэс-падборшчыкаў і раскідвальнікаў угнаенняў сумесна з прадпрыемствам «Хэлван»[29].

8 жніўня 2019 года на Міжнароднай выставе харчавання і сельскай гаспадаркі ў Найробі (Кенія) падпісалі Мемарандум аб узаемаразуменні з прадпрыемствам «Пэвін» і дасягнулі дамоўленасці аб пастаўцы тэхнікі праз яго[30]. 30 жніўня 2019 года Навукова-практычны цэнтр механізацыі сельскай гаспадаркі прадставіў на Шклоўскім ільнозаводзе 4 машыны для поўнага цыкла зборкі льну. У стварэнні машын узяў удзел і «Бабруйскаграмаш»[31]. На верасень 2019 года на 6 заводах холдынгу «Бабруйскаграмаш» працавала 2400 чалавек, з якіх каля 1900 на заводзе ў Бабруйску. Сярэднемесячны заробак складаў 820 рублёў (392 долары ЗША)[32]. 18 лютага 2020 года з Міністэрствам прамысловасці Беларусі падпісалі дарожную карту пра выхад з холдынгу ААТ «Тэхналіт Полацк», месца якога да восені заняў «Брэсцкі электрамеханічны завод». «Бабруйскаграмаш» вырабляў звыш 90 мадэляў сельскагаспадарчых машын[33].

На лістапад 2020 года прадпрыемства мела за мяжой 5 зборачных вытворчасцей, у тым ліку ў Казахстане, Расіі і Таджыкістане. Каля 75 % агрэгатаў адгружалі ў Расію па перадаплаце праз уласны гандлёвы дом[7]. У 2020 годзе на прэс-падборшчыкі прыпала 39 % вытворчасці[4]. У 2021 годзе прадпрыемствы холдынгу выпускалі звыш 150 найменняў тэхнікі, якую пастаўлялі ў больш як 50 краін[34]. 15 чэрвеня 2021 года распрацавалі камп’ютарызаваны размеркавальнік мінеральных угнаенняў, які дазваляў вызначаць дозу ўнясення ўгнаення з кабіны трактара[35].

Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]

  • Барыс Лапенка (1974—1975)
  • Анатоль Увараў (1975—1987)
  • Яўген Пахілка (1987—2010)
  • Сяргей Казачонак (2010—2014)
  • Аляксандр Ерамееў (27 снежня 2014[36] — 2018)
  • Надзея Анатолеўна Лазарэвіч (13 лістапада 2018[37] — 10 лютага 2022[38])
  • Віктар Генадзевіч Філатаў (з 2022)

Зноскі

  1. Информация о выплате дивидендов за 2020 год (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  2. Контакты — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  3. Руководство — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  4. а б А. М. Судникович, А. В. Дрейзин. Годовой отчёт за 2020 год. bobruiskagromach.com.
  5. Лён 2009, с. 24.
  6. а б О предприятии — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  7. а б Эліта нацыянальнай эканомікі // Звязда. — 11 лістапада 2020. — № 220 (29334). — С. 11.
  8. Производственные мощности — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  9. Прицепная кормоуборочная техника — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  10. Техника для внесения удобрений — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  11. Тракторные прицепы — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  12. Техника для приготовления и раздачи кормов — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  13. Машины для обработки почвы от производителя — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  14. Техника для возделывания льна: пресс-подборщик, вспушиватель, оборачиватель — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  15. Сеялки и почвообрабатывающие агрегаты — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  16. Машины для лесопромышленного комплекса — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  17. Другое оборудование и техника — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  18. Дилеры — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  19. Схемы финансирования приобретения техники — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  20. Гарантийное и сервисное обслуживание — БобруйскАгроМаш (руск.). bobruiskagromach.com. Праверана 11 сакавіка 2024.
  21. "Бабруйскаграмаш" падпісаў дыстрыб'ютарскае пагадненне з гандлёвым домам у РФ(нявызн.). blr.belta.by (24 чэрвеня 2021). Праверана 11 сакавіка 2024.
  22. Надзея Юшкевіч. «Нашыя краіны толькі ў пачатку вялікага шляху» // Звязда : газета. — 20 мая 2015. — № 93 (27951). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  23. У Румыніі працуе ўжо 38 сумесных з нашай краінай фірм (руск.). zviazda.by (20 красавіка 2016). Праверана 11 сакавіка 2024.
  24. Лукашэнка: за год у адносінах з Узбекістанам зроблена больш, чым за 20 папярэдніх гадоў | Навіны Беларусі | Беларускія навіны | Беларусь - афіцыйныя навіны | Мінск | БелТА(нявызн.). blr.belta.by (13 чэрвеня 2018). Праверана 11 сакавіка 2024.
  25. Надзея Юшкевіч. Узорныя адносіны і амбіцыйныя перспектывы // Звязда. — 2 снежня 2017. — № 233 (28597). — С. 1, 2.
  26. Каля 30 дакументаў падпісана на грузінска-беларускім бізнес-форуме (руск.). zviazda.by (22 сакавіка 2018). Праверана 11 сакавіка 2024.
  27. Беларуска-грузінскі бізнес-форум. Шматмільённыя кантракты і рашэнні на перспектыву. Белтелерадиокомпания. Праверана 11 сакавіка 2024.
  28. Фотанавіны | Навіны Беларусі | Беларускія навіны | Беларусь - афіцыйныя навіны | Мінск | БелТА(нявызн.). blr.belta.by (27 сакавіка 2018). Праверана 11 сакавіка 2024.
  29. Уладзіслаў Лукашэвіч. Дакумент дае вынік // Звязда. — 4 жніўня 2018. — № 148 (28764). — С. 3.
  30. Беларускія прадпрыемствы на FoodAgro дамовіліся аб пастаўках сельгастэхнікі ў Кенію(нявызн.). blr.belta.by (8 жніўня 2019). Праверана 11 сакавіка 2024.
  31. Марыя Дадалка. Новыя тэхналогіі для спрадвечнага // Звязда. — 31 жніўня 2019. — № 165 (28764). — С. 3.
  32. Ад сацыяльнай сферы да развіцця вытворчай базы // Мясцовае самакіраванне. — 27 верасня 2019. — № 39 (524). — С. 3.
  33. Брэсцкі электрамеханічны завод увойдзе ў холдынг "Бабруйскаграмаш" у 2020 годзе(нявызн.). blr.belta.by (18 лютага 2020). Праверана 11 сакавіка 2024.
  34. "Бабруйскаграмаш" пашырыць зборачную вытворчасць у Таджыкістане(нявызн.). blr.belta.by (12 красавіка 2021). Праверана 11 сакавіка 2024.
  35. "Бабруйскаграмаш" распрацаваў новы размеркавальнік мінеральных угнаенняў(нявызн.). blr.belta.by (15 чэрвеня 2021). Праверана 11 сакавіка 2024.
  36. Кірунак вызначаны // Звязда : газета. — 29 снежня 2014. — № 246 (27856). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  37. Надзея Анісовіч. На новым рабочым месцы // Звязда. — 14 лістапада 2018. — № 219 (28835). — С. 2.
  38. Надежда Лазаревич согласована на должность заместителя председателя Мингорисполкома. minsknews.by (10 лютага 2022).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Белорусская ССР : краткая энциклопедия. В 5 т. Т. 2. — Минск, 1979
  • Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..