Перайсці да зместу

Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян (Брэст)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Брэсцкі кляштар базыльян)
Славутасць
Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян
Ансамбль базыльянскага манастыра. Рэканструкцыя сілуэту царквы св. Пятра і Паўла. Від з паўднёва-усходняга боку (І. Лаўроўская)
Ансамбль базыльянскага манастыра. Рэканструкцыя сілуэту царквы св. Пятра і Паўла. Від з паўднёва-усходняга боку (І. Лаўроўская)
52°05′00″ пн. ш. 23°39′32″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцкая ўсходняга абраду
Епархія Уладзімірская і Берасцейская епархія
Ордэнская прыналежнасць Базыльяне
Архітэктурны стыль Барока
Дата заснавання XVII стагоддзе
Будаўніцтва 1760-я1774
Стан падмуркі
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян — уніяцкі культавы комплекс у Брэсце. Знаходзіўся на месцы старажытнага археалагічнага Берасця, на Базыльянскай вуліцы. Помнік архітэктуры барока. Манастыр зачынены і знішчаны ў 183040-х гадах у сувязі з будаўніцтвам Брэсцкай крэпасці, царква была перабудавана ў Белы палац і ў такім выглядзе пра існавала да 1953 года, калі была разабраная да падмуркаў.

Запрошаныя сюды ўніяцкім мітрапалітам Язэпам Руцкім манахі-базыльяне аселі ў 1629 годзе, калі пастанавілі на пятым генеральным капітуле ордэна ў Жыровічах пастанавілі заснаваць у Берасці базыльянскі манастыр. Прыняты дакумент абавязваў протаархі­мандрыта базыльянскага закона каб той, «усмотревши, где способное мейсце, в месте Бересцейском пляц купил и потом на нем церковь и монастырок… збудовал: ажэбы зараз, прынамней иноков два там мешкало, которые её способили на материю: цэглу, вапну и дерево до выставення парадное цэркви и монастыря…»[1]. У 1629 годзе кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Язэп Руцкі і харунжы берасцейскі Габрыэль Яленскі зрабілі фундуш на заснаванне ў Берасці манастыра для базыльянаў Літоўскай Кангрэгацыі Святой Тройцы. Месца для яго выбралі на былым пажарышчы, непадалёку ад кафедральнай царквы Святога Мікалая, дзе ў 1596 годзе абвясцілі Брэсцкую царкоўную унію. На момант набыцця пляца пад царкву і манастыр ім валодалі два берасцейскія мытнікі — іўдзеі Шмуль Майжашовіч і Лейзер Лазаровіч. Пляц абмяжоўваўся з паўднёвага боку Кафедральнай плошчай, з усходняга — абарончым ровам і Віленскай брамай, з поўначы і захаду — вуліцамі Яўрэйскай і Базыльянскай[1]. Да 1631 года скончылася будаўніцтва драўляных царквы і манастыра[2] з П-падобным у плане 1-павярховым жылым корпусам[3]. Манастыр св. Пятра і Паўла ў Берасці ўвайшоў у склад Літоўскай Кангрэгацыі Святой Тройцы Ордэна базыльянаў.

Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла на карце Брэста 1823 г.

Першапачатковы ўклад манастыра, забяспечаны 30 тыс. злотых чыншу з уладанняў Габрыэля Яленскага, у 1687 годзе на 20 тыс. злотых павялічыў Казімір Валовіч, абозны вялікі літоўскі[1]. Пры манастыры існавалі шпіталь і рэзідэнцыя епіскапа. У крыніцах захаваліся імёны ігуменаў манастыра: Нікадзім Кашыц (1711), Іасафат Рагінскі (1712), Сцяпан Ліцвінка (1723), Ян Альшэўскі (1730), Дыянісій Дамброва-Остым (1757, 1759)[4].

Будаванне новай мураваной базыльянскай царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла пачалося за ігуменам а. Дыянісіем Дамбровам, у 17621766 гадах «за кошт сродкаў і старанняў правінцыі Літоўскай». У 1774 годзе, калі ігуменам быў а. Яўхім Кучынскі, у сувязі з пачаткам палітычнага крызісу ў Рэчы Паспалітай будоўлю незавершанай (без вежаў і ўласцівых для барока шчытоў[5]) мураванай царквы мусілі былі тэрмінова закансерваваць да лепшых часоў і асвяціць. Царква была сімвалічна асвячоная ў імя вярхоўных апосталаў Св. Пятра і Паўла кобрынскім архімандрытам а. Луцыдам Вейраловічам[1][5].

Манастыр неаднойчы выбіраўся месцам правядзення генеральнага капітула Ордэна базыльянаў. Такія пасяджэнні адбываліся ў Берасці ў 1747, 1751, 1759, 1772 гадах[4].

Пасля забароны езуітаў у 1775 годзе берасцейскім базыльянам перадалі калегіум езуітаў, таксама яны апекаваліся парафіяльнай школай, якую заклалі пры спрыянні князя Адама Чартарыйскага і ўтрымлівалі за кошт горада[4]. Школа, якая дзейнічала пры манастыры, упершыню ўпамінаецца ў 1670 годзе Пахомам Агілевічам, генеральным вікарыем протаархімандрыта Ордэна базыльянаў.

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе царква і манастыр базыльянаў працягвалі дзейнічаць. У 1819 годзе правінцыял базыльянаў Цэзарый Камінскі апісваў стан святыні наступным чынам: «…фасад яе, узнесены з муру з дзвюма вежамі і чатырма пілястрамі… дасёлета незакончаны з-за сціплай фундацыі». Аднак нават у няскончаным выглядзе царкву называюць адной з найбольш цікавых базыльянскіх святыняў, збудаваных на тэрыторыі Літоўскай правінцыі Ордэна базыльянаў у трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя[1]. У 1823 годзе ўпамінаюцца дзве вежы над царквой.

Пасля скасавання уніі тут месціўся праваслаўны Дабравешчанскі манастыр з аднайменнай хатняй царквой (на 3-м паверсе манастырскага комплекса). Пэўны час пасля скасавання з-за пажару тут месціўся таксама Сімяонаўскі манастыр[3].

Белы палац у 1929 годзе

Манастыр базыльянаў зачынены і знішчаны ў сувязі з будаўніцтвам у 1830—40-х гг. крэпасці[3]. Царкву перабудавалі ў 1840 годзе пад афіцэрскі клуб, які атрымаў назву «Белы палац», схаваўшы за класіцыстычным мурам хвалісты фасад, паднялі муры сакрысцій і правага бакавога нефу.

Падмуркі царквы

У Другую сусветную вайну будынак царквы пацярпеў падчас баявых дзеянняў. У 1950-я гады вайсковыя ўлады загадалі разабраць гэты помнік да падмуркаў на цэглу. У 1972 годзе рэшткі падмуркаў былі закансерваваны як аб’ект, які прадстаўляе моц абароны крэпасці ў чэрвені 1941 года[5].

Касцёл — твор архітэктуры барока: 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. У адну лінію з фасадам храма быў пастаўлены мураваны 2-павярховы корпус 5-класнага вучылішча. Галоўны фасад меў хвалісты абрыс[3], які распаўсюдзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім ад віленскага касцёла візітак[ru] (1727)[5], дыяганальна пастаўленыя пілоны і ордарная пластыка (высокія пілястры на магутным руставаным цокалі) стваралі яго аб’ёмна-прасторавую структуру[3]. Адметна, што новую мураваную царкву, насуперак ранейшай усходняй традыцыі, арыентавалі алтаром у кірунку да Іерусаліма, у бок Магілы Гасподняй[1].

План комплекса, 1835 г.

Выкарыстаныя прыёмы пабудовы прасторавай кампазіцыі царквы Св. Пятра і Паўла, пластыка яе формы сугучны пластычным фасадам сабора Св. Юра ў Львове (17441758), базыліянскай царквы ў Беразвеччы (17501767) ці касцёла Св. Яна у Вільні (17311748), выкананага архітэктарам Янам Крыштафам Глаўбіцам. У той жа час, у параўнанні з завершанымі (і захаванымі да сёння) сакральнымі збудаваннямі, бачна, што архітэктура берасцейскай базыльянскай царквы спалучала з экспрэсіўнасцю форм барока аскетызм і стрыманасць элементаў. Найбольш аскетычны дарычны архітэктанічны парадак, які выкарыстоўваўся менавіта для храмаў, асвячаных у імя Св. апосталаў Пятра і Паўла, падкрэсліваў памкненні базыліян да ўбоства[5].

Унутраная прастора храма, у адрозненне ад фасада была бліжэй да завяршэння[5]. Галоўны неф, вышыня якога дасягала 14,9 метраў[5], быў перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках, абапёртых на прафіліраваныя пілоны і прысценныя пілястры[3], бакавыя нефы — крыжовымі на падпружных арках скляпеннямі[6]. Кожны з апорных слупоў падзялялі 8 пілястраў складанага профіля. Царква асвятлялася праз 12 верхніх і 8 ніжніх вокнаў, адно з якіх — вялікае — мелася ў прэзбітэрыі, які быў нязначна ніжэйшы за галоўны неф[5]. Пры ўваходзе ў нартэксе былі ўстроены хоры з пластычным, хвалістага абрысу парапетам[3]. Інтэр’ер царквы, які быў цалкам атынкаваны і пафарбаваны, месцамі аздабляўся дэкаратыўнай ляпнінай. Дакладна вядома, што ляпніна падкрэслівала важнейшыя элементы галоўнага неф: музычныя хоры, размешчаныя над бабінцам, і насупраць яго — першы ярус галоўнага алтара Хрыста Збавіцеля, які дасягаў скляпення царквы[5]. Галоўны алтар 2-яруснай архітэктанічнай ордарнай кампазіцыі з’яўляўся апафеозам дэкаратыўнага ўбрання інтэр’ера[3]. Частка алтара была зроблена з дрэва і аздоблена расліннай разьбою, вазонамі і выявай Св. Духа. У ім — абраз, што меў у вышыню 1 1/4 локця і прадстаўляў Св. Тройцу з выявай Св. Духа ў выглядзе голуба ў залатых праменнях[5]. З папярэдняга драўлянага храма былі перанесены 6 драўляных кулісных алтароў[3], адзін з якіх — Дзевы Марыі — знаходзіўся ў капліцы, размешчанай пры ўваходзе, пад правай вежай[5].

Манастырскі корпус — П-падобны ў плане 1-павярховы будынак, які стаяў ззаду царквы. Меў галерэйны план.

Побач з царквой знаходзіўся 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак школы, накрыты высокім вальмавым дахам з нізкай дэкаратыўнай вежачкай у цэнтры.

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з абразоў, вывезеных навуковай экспедыцыяй у 1960-я гг. з пакінутай уніяцкай царквы пад Кобрынам, паказвае Тройцу (новазаветную) з выявай Святога Духа ў выглядзе голуба ў залатых праменнях. На абразе намаляваныя выявы шэрагу цэркваў, сярод якіх верагодна тыя, што будаваліся базыльянамі ў Літоўскай правінцыі Насвяцейшай Тройцы: Берасцейскага, Кобрынскага і Тараканскага манастыроў[5].

Зноскі

  1. а б в г д е Лавровская И. Б. Монастырь оо Базилиан и церковь сс. Петра и Павла в Бресте. Фундация. Строительство. Архитектура Архівавана 19 кастрычніка 2021. // Могилянські читання 2005. — Кіив, 2006, С. 294—301
  2. ЭнцВКЛ 2005.
  3. а б в г д е ё ж з Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар базыльян // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  4. а б в Wereda D. Bazylianie w unickiej diecezji brzeskiej w XVIII wieku Архівавана 10 студзеня 2017. // Szkice Podlaskieh. Nr. 8, 2000. S. 213—233.
  5. а б в г д е ё ж з і к л Ірына ЛАЎРОЎСКАЯ. Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльян (Брэст) на сайце Radzima.org
  6. Брэсцкая царква і манастыр базыльян // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 90. — ISBN 5-85700-078-5.