Перайсці да зместу

Канстанцыя Антонаўна Буйло

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Канстанцыя Буйло)
Канстанцыя Буйло
Канстанцыя Калечыц
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 14 студзеня 1893(1893-01-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 5 лістапада 1986(1986-11-05) (93 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Муж Віталь Адольфавіч Калечыц
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэтэса
Мова твораў беларуская
Узнагароды Ордэн «Знак Пашаны»
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Канста́нцыя Анто́наўна Кале́чыц, псеўданім Канстанцыя Буйло (14 студзеня 1893, Вільня — 4 чэрвеня 1986, Масква) — беларуская паэтэса. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968)[1].

Канстанцыя Буйло з мужам Віталем Адольфавічам Калечыцам у дзень шлюбу 7 чэрвеня 1916 г.

Нарадзілася ў сям’і аб’ездчыка графа Тышкевіча. Была ахрышчана 17 студзеня 1893 года ў Віленскім касцёле Святога Якава. Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. Скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні (1914).

Тут пазнаёмілася з Максімам Гарэцкім. Сябравала з Уладзіславай Луцэвіч. Настаўнічала ў вёсцы Горнае Скробава (1912—1913), дзе вучыла сына пана Дзеўчапольскага. А. Шоцкі адзначае, што К. Буйло некалькі разоў наведвала Крошын, Завоссе, Туганавічы, Калдычэўскае возера і мясціны, звязаныя з жыццём філаматаў і філарэтаў[2].

Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915—1916)[1], але ў сувязі з яе закрыццём перайшла на працу ў Земскі саюз  (руск.).

7 чэрвеня 1916 года выйшла замуж за Віталя Адольфавіча Калечыца, сына калежскага саветніка, які паходзіў з засцянковай шляхты Мінскага павета (у 1933 годзе арыштаваны).

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бухгалтарам саўгаса «Данілкава». З 1923 года пераехала ў Маскву да свайго мужа, дзе жыла да самай смерці на Ціхвінскім завулку  (руск.), № 11.

Працавала на заводзе «Аграном» (1929—1934), начальнікам аддзела збыту палітэхлабарсаюза (1934—1940), у 1940—1951 гадах — начальнікам аператыўнага аддзела, затым в. а. намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам.

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1944 года).

Памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986 года. У 1989 годзе ўрну з яе прахам перавезлі ў Вішнева (Валожынскі раён)[3].

Канстанцыя Буйло. Курганная кветка. Вокладка Язэпа Драздовіча

Друкавацца пачала ў 1909 годзе, змясціўшы ў «Нашай Ніве» пад імем свайго брата Эдуарда першыя свае вершы — «Хвоя», дасланы з Адравонжы Ашмянскага павета («Наша Ніва», № 9), і «Скора зіма» («Наша Ніва», № 46). Паводле іншых звестак, першым надрукаваным вершам быў «Лес» (1903)[4]. Пад уласным імем пачала друкавацца з 1910 года. У 1914 годзе Беларускае выдавецкае таварыства выпусціла дэбютны зборнік вершаў К. Буйло — «Курганная кветка»[5] (1914, Вільня, друкарня Марціна Кухты; факсімільнае выданне ў 1989), які адрэдагаваў Я. Купала[1] і аформіў Язэп Драздовіч.

Да сярэдзіны 1940-х, амаль 20 гадоў не друкавалася.

Аўтар зборнікаў вершаў «Світанне» (1950), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), «Выбранае» (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984). Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня «Люблю», якая стала народнай[1].

Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літэратуры» лічыў яе «найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай поэзіі»[6].

Аўтар п’ес «Кветка папараці» (1914) і «Сягонняшнія і даўнейшыя» (1914, пастаўлена ў 1921).

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

У гонар Канстанцыі Буйло названая вуліца ў Мінску, усталявана мемарыяльная дошка на Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна, якой прысвоена яе імя[7].

Прозвішча Буйло ад аднаасноўнага балцка-літоўскага антрапоніма (колішняга імя) Builys, у ім аснова Bui- (як у двухасноўных імёнах тыпу Buivydas, Buivinas)[8] і фармант -l- як у антрапонімах тыпу Vailys (захавалася як літоўскае прозвішча). Параўнаўча ранейшай рутэнізаванай формай імя Builys мела быць "Бýйла".

Зноскі

  1. а б в г Буйло Констанция Антоновна // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 87. — 737 с.
  2. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 190. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  3. Гарэцкі, Р. Сяброўства творцаў. Браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія і беларускія паэткі — Канстанцыя Буйла і Наталля Арсеннева // Роднае слова. — Мн.: 2006. — № 6. — С. 104.
  4. Канстанцыя Буйло // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 318—319. — 511 с. — ISBN 985-03-0216-X.
  5. Д. Віндоўскі. „Курганная кветка“ // Наша Ніва. — 1914. — № 47. — С. 3. Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020.
  6. Гарэцкі, М. Буйло, Канстанцыя // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 198—199.
  7. Канстанцыя Буйло (руск.). Отдел образования Барановичского районного исполнительного комитета (6 снежня 2011).(недаступная спасылка)
  8. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 80.