Марцыян Дамінік Валовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марцыян Дамінік Валовіч
Marcjan Dominik Wołłowicz
Герб «Багорыя»
Герб «Багорыя»
Вялікі маршалак літоўскі
1704 — 1712
Папярэднік Аляксандр Павел Сапега
Пераемнік Аляксандр Павел Сапега

Нараджэнне XVII стагоддзе
Смерць 5 жніўня 1712(1712-08-05)[1]
Род Валовічы
Бацька Дамінік Валовіч[d][2]
Маці Ева Бальбіна з Савіцкіх[d][2]
Жонка Алена з Белазораў[d][1][3], Алена з Шэметаў[d][1][3] і Антаніна з Загароўскіх[d][1]
Дзеці Ян Казімір Валовіч
Дзейнасць дыпламат

Марцыян Дамінік Валовіч (? — 5 жніўня 1712) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

З роду Валовічаў, сын Дамініка і Евы Бальбіны з Савіцкіх.

Мсціслаўскі харунжы (16921701), вялікі пісар літоўскі (17011703), вялікі маршалак літоўскі1704); маршалак Трыбунала ВКЛ у 1704.

Пасол на соймы 1690 і 1693 (двойчы) ад Мсціслаўскага ваяводства, 1695 ад Полацкага ваяводства, 1696 і 1697 (двойчы) ад Мсціслаўскага ваяводства, 17011702 і 1703 ад Віленскага павета; удзельнік элекцый 1674 і 1697.

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1693 быў паслом да Яна III Сабескага з маніфестам супраць адкрыцця пасяджэнняў сойма, прынятым прадстаўнікамі розных груповак на нелегальна скліканай радзе ВКЛ, што выклікала пратэст караля. Дырэктар мсціслаўскага перадканвакацыйнага сойміка 27 ліпеня 1696, на якім абраны паслом. Актыўна адстойваў ідэю ўраўнання правоў на элекцыйным сойме 1697: унёс адпаведную прапанову ў першы дзень пасяджэнняў, па яго ініцыятыве створана камісія і зачытаны складзены ёю праект, які быў ухвалены.

Адзін з лідараў апазіцыйнай Сапегам групоўкі рэспубліканцаў. У канцы 1697 — пачатку 1698 адзін з арганізатараў паспалітага рушэння на ўсходзе ВКЛ, якое пустошыла маёнткі Сапегаў. Абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ на 1698 ад Мсціслаўскага ваяводства і камісарам для перагавораў з войскам ВКЛ наконт выплаты жалавання, падпісаў Шкудскі трактат 3.3.1698 з войскам Рыгора Антонія Агінскага. 3 кастрычніка 1698 заняў Магілёўскую эканомію, захапіўшы замак у Магілёве. У канцы 1698 удзельнічаў у паспалітым рушэнні, браў удзел у перамовах з Сапегамі пад Пузавічамі, якія скончыліся падпісаннем пагаднення 20 снежня 1698. Падпісаў Пузавіцкую пастанову 1698.

На раздвоеным новагародскім грамнічным сойміку 9 лютага 1699 абраны адным з двух дырэктараў, падтрыманы большасцю шляхты. Удзельнік мсціслаўскага грамнічнага сойміа 8 лютага 1700, які пратэставаў супраць дзейнасці Скарбовага Трыбунала, узначаленага Сапегамі. Дырэктар мсціслаўскага сойміка 20 жніўня 1700, які ўхваліў паспалітае рушэнне пад выглядам дапамогі Аўгусту II (фактычна — супраць Сапегаў). На чале мсціслаўскай шляхты браў удзел у Ашмянскай і Алькеніцкай бітвах. Падпісаў Алькеніцкую пастанову 1700, якой прызначаны камісарам пры генеральным палкоўніку Міхале Сервацыі Вішнявецкім ад Мсціслаўскага ваяводства. 24 лістапада 1700 пад яго кіраўніцтвам пад Алькенікамі адбыўся з’езд мсціслаўскага паспалітага рушэння, на якім Валовіч абраны паслом на сойм 1701—1702. Дырэктар мсціслаўскага грамнічнага сойміка 7 лютага 1701.

Адзін з ініцыятараў уступлення ВКЛ і Рэчы Паспалітай у Паўночную вайну 1700—1721 на баку Расіі ў 1702. На Віленскім з’ездзе шляхты ВКЛ 1703 абраны ў склад пасольства да караля (фактычна на Мальбарскую вальную раду).

Падчас Люблінскага сойма 1703 атрымаў прывілей «з аконцам» на пасаду вялікага падскарбія ВКЛ (адабраную ў Бенядзікта Паўла Сапегі), аднак саступіў яго Людвіку Канстанціну Пацею пасля ўмяшальніцтва Агінскага, які прымусіў Пацея адмовіцца на сваю карысць ад урада польнага гетмана. 4 лютага 1704 атрымаў урад вялікага маршалка літоўскага, якога быў пазбаўлены Аляксандр Павел Сапега. На сойме 1703 атрымаў разам з Пацеем на 2 гады збор падаткаў (мыта і тытунёвай манаполіі). Падпісаў Явораўскі трактат паміж ВКЛ і Расіяй 1703. Прыняў удзел у стварэнні Сандамірскай канфедэрацыі 1704. Пасля пераходу Караля Станіслава Радзівіла на бок Станіслава Ляшчынскага атрымаў 25 жніўня 1706 ад Аўгуста II Крычаўскае староства, якое заняў з дапамогай расійскага войска.

Уваходзіў у склад дэлегацыі, абранай на Львоўскай вальнай радзе 1707 да Пятра I, вёў перамовы з прадстаўнікамі цара ў Жолкве. Падчас Люблінскай вальнай рады 1707 абраны дырэктарам правінцыяльнай рады ВКЛ. Дырэктар з’езда шляхты ВКЛ у Новагародку з 3 па 19 снежня 1707, удзельнікі якога прынеслі прысягу на вернасць саюзу з Расіяй. У канцы 1708 — пачатку 1709 знаходзіўся ў войску Агінскага, якое дзейнічала на Валыні супраць прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага. Напярэдадні прыбыцця на дапамогу Агінскаму расійскага корпуса Мікалая Інфлянта ездзіў да кароннага гетмана Адама Мікалая Сяняўскага з прапановай аб’яднаць сілы для сумеснага наступлення. Удзельнік Варшаўскай вальнай рады 1710. Узначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Расію 1710—1711, дамогся вываду расійскіх войскаў і іншых саступак, чаму спрыяла абвастрэнне адносін Расіі з Асманскай імперыяй.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г Рыбчонак С. Меандры генеалогіі «беларускай», ці мсціслаўскай, галіны Валовічаў (XVI–XIX стст.) // Валовічы герба «Багорыя» / пад рэд. А. І. ШаландаМн.: Навука і тэхніка, 2019. — С. 62. — 293 с. — ISBN 978-985-08-2400-4
  2. а б Рыбчонак С. Меандры генеалогіі «беларускай», ці мсціслаўскай, галіны Валовічаў (XVI–XIX стст.) // Валовічы герба «Багорыя» / пад рэд. А. І. ШаландаМн.: Навука і тэхніка, 2019. — С. 60, 61. — 293 с. — ISBN 978-985-08-2400-4
  3. а б Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego : spisy. T. 9, Województwo mścisławskie XVI-XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: 2019. — С. 53. — ISBN 978-83-65880-76-5