Перайсці да зместу

Олаф I Тругвасан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Олаф Тругвасан
Olav Tryggvason
Петэр Мікалай Арба. Олаф Тругвасан абвяшчаецца каралём Нарвегіі.
Петэр Мікалай Арба. Олаф Тругвасан абвяшчаецца каралём Нарвегіі.
6-ы кароль Нарвегіі
995 — 1000
Папярэднік Свен Вілабароды(фармальна)
Хокан Магутны (фактычна)
Пераемнік Свен Вілабароды
Эйрык, сын Хокана Магутнага (кіраўнік ад імя дацкага караля)

Нараджэнне 960
Смерць 9 верасня 1000
Род Род Харальда I Прыгожавалосага[d]
Бацька Tryggve Olafsson[d][1]
Маці Astrid Eiriksdatter[d][1]
Жонка Гейра Вендская
Гюда (Гіда) з Дубліна
Гудрун Скегідоцір
Цюра (Ціра) Дацкая
Дзеці Tryggvi the Pretender[d]
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Олаф I Тругвасан (нарв.: Olav Tryggvason, Óláfr Tryggvason; таксама часам згадваецца з мянушкай Вароніна косць (Кракабен); 9631000) — кароль Нарвегіі c 995 па 1000 год, нашчадак караля Харальда Цудоўнавалосага.

Бацька Олафа, Тругві Олафсан, унук першага караля (конунга) Нарвегіі, быў забіты Гудрэдам, братам караля Харальда Шэрай Шкуры, сваім стрыечным братам. Олаф меў старэйшую сястру, Інгеборгу Тругведоцір, якая была першай жонкай Рагнвальда Ульфсана, стрыечнага дзядзькі княгіні Інгегерд (жонкі Яраслава Мудрага) і ярла Ладагі (Альдэг’юбарга). Маці Олафа, Астрыд (нарв.: Astrid), была дачкой бонда Эйрыка Б’ёдаскалі, «магутнага мужа» з Опрастадзіра (у Оплане).

Олаф нарадзіўся каля 963 года, хоць гэта дата з’яўляецца спрэчнай. У розных крыніцах прыводзяцца даты ад 963 да 969 года. Тым не менш, «Сага пра Олафа сына Тругві» сведчыць, што Олаф быў названы ў гонар дзеда, а паводле скандынаўскіх традыцый, калі б хлопчык нарадзіўся пасля смерці бацькі, то быў бы названы ў гонар яго, а не дзеда[2] (хоць, у самой Сазе гаворыцца, што Астрыд нарадзіла ўжо пасля смерці мужа). Астрыд бегла з сынам у Оплан да бацькі, а пазней — у Швецыю, ратуючыся ад забойцаў мужа. Са Швецыі Астрыд вырашае ехаць да свайго брата Сігурда Эйрыксана, які служыў у дружыне князя наўгародскага Уладзіміра Святаславіча (будучага хрысціцеля Русі Уладзіміра Святога). Аднак па дарозе ў Ноўгарад на карабель, дзе знаходзіліся Астрыд і Олаф напалі піраты—эсты. У паўрабскім стане Олаф з маці жылі ў краіне эстаў шэсць гадоў, пакуль пасланы збіраць з эстаў падаткі Сігурд выпадкова не сустрэў пляменніка і не выкупіў яго.

Наўгародскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Патрапіўшы на Русь у дзевяцігадовым узросце (г.зн. у 972 годзе), ён пражыў тут яшчэ дзевяць. Тым часам, у 970 годзе быў забіты конунг Харальд Шэрая Шкура і нарвежская карона перайшла да караля Даніі Харальда Сінязуба, а фактычная ўлада апынулася ў руках ярла Хокана Магутнага.

Олаф быў узяты ў дружыну Уладзіміра Святаславіча. Олаф карыстаўся папулярнасцю сярод дружыннікаў, ён таксама набыў сімпатыю з боку вялікага князя, як сказана ў Сазе: «Вальдымар конунг зрабіў яго начальнікам войска, якое ён пасылаў на абарону сваёй краіны»[2]. Праяваў у паходзе Уладзіміра Святаславіча на Чэрвенскія гарады ў 981 годзе. Узвышэнне Олафа і яго цесныя адносіны з жонкай Уладзіміра (у сазе яна названа Алогіяй, паводле Тацішчава — яе імя Олава) выклікалі незадаволенасць і здагадкі. Зайздроснікам удалося пераканаць вялікага князя ў тым, што далейшае знаходжанне Олафа на Русі небяспечна.

Каля 981 года Олаф пакідае службу ва Уладзіміра і адпраўляецца ў паход па Балтыцы.

Польскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У 982 годзе ён патрапіў у шторм у зямлі вендаў (верагодна, Польшча), дзе застаўся на зіму і ажаніўся з дачкой мясцовага караля Бурыслава Гейрай. Каго сагі называюць Бурыславам дакладна невядома. Некаторыя навукоўцы лічаць, што гэта зборная выява каралёў Мешка I і яго сына, Баляслава Храбрага[2]. Таксама ёсць версія, што ў адным з польскіх княстваў сапраўды кіраваў князь па імі Бурыслаў (Баляслаў). Узімку 982/983 гадоў Олаф ваяваў у Швецыі (Сканія і Готланд) і захапіў вялікую здабычу.

У гэты ж час на поўначы пачынаецца вайна Харальда Сінязубага з яго ўласным сынам Свенам Вілабародым, які не пажадаў прыняць хрысціянства. Хваляванні неўзабаве перакінуліся і на землі славян, якія пачалі знішчаць цэрквы і выразаць хрысціянскае духавенства (Славянскае паўстанне 983 года). У гэтых умовах Атон II Руды, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі, збірае войска, да якога далучаюцца саксы, франкі, фрызы і палякі, і арганізуе паход супраць славянскіх, дацкіх і нарвежскіх язычнікаў. Пры гэтым, нягледзячы на сведчанне сагі, сам Атон (конунг Ота) у паходзе не ўдзельнічаў: у ліпені 983 года памёр Папа Бенедыкт VII, і Атон адправіўся ў Рым на выбары новага. Знаходзячыся ў Рыме, у снежні 983 года Атон, даведаўшыся пра няўдачы на поўначы, памёр.

Кароль вендаў Бурыслаў таксама далучыўся да германскіх войскаў (ізноў жа можна атоесніць Бурыслава з Мешкам I, які быў вымушаны пайсці на саюз з імперыяй ва ўмовах небяспекі, якая зыходзіла ад язычніцкай Даніі ў пачатку 980-х гадоў). Олаф таксама далучыўся да польскіх войскаў. У сазе дапушчана недакладнасць — разам з апісаннем паходу палякаў супраць паўсталых славян і датчан у 983 годзе апісваюцца падзеі першага паходу Атона II супраць Харальда Сінязубага, які адбыўся ў 973/974 г. Апісана бітва каля Дацкага Вала (Даневірке). Войскам не ўдалося ўзяць вал, які абараняў нарвежскі ярл Хокан. Далей апісана заключэнне міру паміж Атонам і Харальдам Сінязубым, умовай якога стала хрышчэнне Свена, сына Харальда і ярла Хокана.

Вярнуўшыся ў краіну вендаў, Олаф пражыў са сваёй жонкай усяго 3 гады, пасля чаго яна нечакана захварэла і памерла. Цяжка перажываючы гэта, Олаф пакінуў конунга Бурыслава і зноў адправіўся ў марскі паход.

Олаф I руйнуе язычніцкіх ідалаў

Існуе версія, якую адпрэчвае шэраг айчынных гісторыкаў, паводле якой, пасля трох гадоў знаходжання на Балтыцы Олаф вярнуўся на Русь. Тут яму, нібы, прысніўся сон пра рай і ад, і было бачанне, што ён павінен адправіцца ў Грэцыю і прыняць хрысціянства. Далей, вярнуўшыся з Грэцыі, Олаф звярнуў у хрысціянства Уладзіміра Святаславіча і яго жонку. Гэта версія заснавана на так званай «Вялікай Сазе» ці «Сазе Ода», многія эпізоды з якой адсутнічаюць у «Сазе пра Олафа Тругвасана» Сноры Стурлусана. Некаторыя заходнія і айчынныя даследчыкі (Бумгартэн, Таўбэ) у цэлым прымаюць версію «Вялікай сагі» і не адмаўляюць удзелу Олафа ў хрышчэнні, іншыя ж (Рыдзеўская, Шаскольскі, Рам, Джаксан) лічаць гэту версію не больш чым выдумкай[3].

Т. М. Джаксан праводзіць таксама паралель з эпізодам з Аповесці мінулых гадоў, у якой пад 983 годам згадваюцца словы нейкага варага, які прыйшоў з грэчаскай зямлі, пра хрысціянскую веру («Багі вашы ёсць дрэва. Сёння ёсць, а заўтра згніюць. Яны не ядуць, не п’юць і не гавораць і зроблены рукамі з дрэва. А Бог ёсць адзіны, яму ж служаць Грэкі і кланяюцца»[заўв 1]). Частка выказвання варага супадае са словамі Олафа Тругвасана пра язычніцтва, якія прыведзены ў «Вялікай сазе».

Ірландскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля працяглага знаходжання ў землях славян Олаф адправіўся ў Англію. Ён ваяваў у Нартумберлендзе, а таксама ў Шатландыі, Ірландыі і Уэльсе. Пасля гэтага ён адправіўся на астравы Сілі (Сюлінгі). Там ён сустрэўся з вешчуном, які прадрок яму вялікую будучыню: стаць конунгам і звярнуць многіх людзей у хрысціянскую веру. Сага прыводзіць словы вешчуна:

Ты будзеш знакамітым конунгам і здзейсніш славутыя справы. Ты звернеш многіх людзей у хрысціянскую веру і тым дапаможаш і сабе, і многіх іншым. І каб ты не сумняваўся ў гэтым маім прадказанні, я дам табе такі знак: у цябе на караблях будзе здрада і бунт. Адбудзецца бітва, і ты страціш некалькі сваіх людзей, а сам будзеш паранены. Рану тваю палічаць смяротнай, і цябе аднясуць на шчыце на твой карабель. Але праз сем дзён ты вылечышся ад гэтай раны і неўзабаве прымеш хрышчэнне[2].

Паводле легенды, так і адбылося — вярнуўшыся да сваіх караблёў, Олаф сустрэў разбойнікаў і ў бітве з імі быў паранены, але вылечыўся праз 7 дзён. Пасля гэтага Олаф і яго дружына прынялі хрышчэнне.

Хрысціўшыся, Олаф вярнуўся ў Ірландыю, дзе жаніўся з Гюдай (Гідай), дачкой Олафа Кварана, караля Дубліна. Тым часам, у разгары была вайна Харальда Сінязубага з сынам Свенам Вілабародым.

Олаф жыў у Ірландыі і там яго звалі Алі. Калі Хокан Магутны, кіраўнік Нарвегіі, даведаўся пра «нарвежскага конунга Алі» ён стаў цікавіцца яго паходжаннем і сапраўдным імем. Пасланцы Хокана прыбылі да Олафа і расказалі яму, што Хокан вельмі магутны ярл, але нарвежцы жадаюць бачыць ва ўладзе нашчадка караля Харальда Цудоўнавалосага.

Паўстанне ў Нарвегіі і прыход Олафа да ўлады

[правіць | правіць зыходнік]

Скарыстаўшыся народнымі настроямі, Олаф адпраўляецца ў Нарвегію, каб заваяваць трон. Спачатку ён заручаецца падтрымкай Сігурда Хлодвірсана, ярла Аркнейскіх астравоў, якога вымушае прыняць хрышчэнне. Аднак па парадзе Торыра, падручнага ярла Хокана, Олаф вырашыў не раскрываць свайго імя, каб не распускаць чуткі і заспець нарвежскага кіраўніка знянацку.

Паўстанне ў Нарвегіі пачалося нават не пад уплывам вяртання Олафа Тругвасана. Кіраванне ярла Хокана, а, дакладней, яго адносіны з бондамі—землеўладальнікамі (Хокан прымушаў бондаў прывозіць да яго сваіх жонак і дочак), выклікалі сур’ёзную незадаволенасць. Сага называе ініцыятарам паўстання супраць Хокана бонда па імі Орм Люрг’я. Даведаўшыся пра пачатак паўстанні, а затым і пра набліжэнне Олафа Тругвасана, ярл Хокан бег у Оркдал (Оркадаль), каб схавацца ў доме сваёй палюбоўніцы Торы.

Тым часам, Олафу ўдаецца перамагчы ў бітве Эрленда Хокансана, аднаго з сыноў ярла Хокана. У гэтай бітве Эрленд загінуў. Пасля гэтага бонды, якія паўсталі, аб’ядноўваюцца вакол Олафа і пачынаюць пошукі ярла Хокана. Олафу ўдалося даведацца, што Хокан знаходзіцца ў доме ў Торы. Раб Хокана, Тормад Карк, які даведаўся пра гэта і быў напужаны расправай, забіў гаспадара і адрэзаў яму галаву, якую паднёс затым Олафу. Зрэшты, гэта не дапамагло Карку, які паплаціўся за сваю здраду — яго галава была адсечана ўслед за галавой ярла Хокана. Абедзве галавы былі вывешаны на ўсеагульны агляд у Нідархальме (ваколіцах сучаснага Тронхейма) у знак перамогі Олафа Тругвасана.

Так, у 995 годзе Олаф Тругвасан на ўсеагульным тынгу быў абвешчаны вярхоўным конунгам (каралём) Нарвегіі. Нарвегія выйшла з-пад дацкай улады. У 997 годзе Олаф заснаваў горад Нідарас (Тронхейм), на цэнтральнай плошчы горада знаходзіцца помнік Олафу I.

Завалодаўшы Нарвегіяй, Олаф стаў дбайна ўкараняць у ёй хрысціянства. Ён хрысціў нарвежскія правінцыі (Вік, Агдыр, Рогаланд). Ад яго хрышчэнне прыняў першаадкрывальнік Амерыкі Лейф Эрыксан, які прывёз з Нарвегіі біскупа ў Грэнландыю і хрысціў яе. Па загадзе Олафа хрысціянства прыняло насельніцтва Аркнейскіх астравоў і іх кіраўнік[4]. Па заданні Олафа біскупам Тангбрандам была хрышчоная Ісландыя[5].

Увесну 996 года Олаф вырашыў пасватацца да Сігрыд Гордай. Яе паходжанне невядома: у крыніцах яна фігуруе пад імёнамі Сігрыд, Гунхільда і Святаслава. Незразумела, ці рэальная гэта гістарычная асоба ці зборны вобраз. Цітмар Мерзебургскі і Адам Брэменскі паведамляюць пра польскую князёўну, дачку Мешкі I, якая спачатку была жонкай Эрыка Пераможнага, а пасля Свена Вілабародага, і стала маці сына апошняга — Кнуда Вялікага. Паводле іншай версіі, яна была дачкой Скагула Тоста.

У сазе яна названа Гунхільдай, дачкой Бурыслава (такім чынам, яна магла быць сястрой Гейры, першай жонкі Олафа). Прапануючы шлюб, Олаф запатрабаваў, каб Сігрыд прыняла хрысціянства. Яна адмовілася, паміж імі адбылася сварка, падчас якой Олаф ударыў Сігрыд па твары. Яна адказала на гэта фразай: «Гэта можа прывесці да тваёй смерці»[2]. Помсту з боку Сігрыд называюць адной з прычын паўстання супраць Олафа. Пасля сваркі з Олафам, Сігрыд выйшла замуж за яго праціўніка, караля Даніі Свена Вілабародага. Сам Олаф ажаніўся з сястрой Свена Вілабародага, Цірай, якая павінна была выйсці за караля вендаў Бурыслава (магчыма, за Баляслава Храбрага).

Паўстанне супраць Олафа. Бітва ў Свольдэра

[правіць | правіць зыходнік]

Незадаволеныя кіраваннем Олафа, а асабліва, насаджэннем хрысціянства нарвежскія вяльможы пачалі шукаць саюза з праціўнікамі Нарвегіі — дацкім каралём Свенам Вілабародым і шведскім Олафам Шатконунгам. Сігрыд Гордая таксама пераконвала мужа выступіць супраць Олафа Нарвежскага, войскі бондаў узначальваў сын забітага ярла Хокана Эйрык.

Олаф выступіў супраць кааліцыі сваіх ворагаў. Ён адправіўся ў Польшчу, каб забраць маёмасць сваёй жонкі, якая павінна была выйсці замуж за польскага караля Баляслава, але гэта вяселле не адбылося. Назад у Нарвегію Олаф вырашыў ісці з усім сваім флотам, але яму здрадзіў правадыр ёмсвікінгаў Сігвальд Струт-Харальдсан, які пераканаў яго, што ворагі не збіраюцца атакаваць Олафа. Кароль Нарвегіі адпусціў большую частку караблёў, але, нягледзячы на словы Сігвальда, ён быў атакаваны.

У верасні 1000 года Олаф загінуў у бітве каля Свольдэра. У сазе была змешчана легенда, што Олаф, нібы, мог выратавацца, таму што ніхто не бачыў, як ён загінуў[2]. Зрэшты, гэта легенда адносіцца, хутчэй за ўсё, да ліку паданняў пра вечна жывых «спячых» герояў. Пасля смерці Олафа I Нарвегія зноў перайшла пад уладу дацкай кароны.

Помнік Олафу I як заснавальніку Тронхейма на цэнтральнай плошчы горада

Паводле паведамленняў саг, у Олафа Тругвасана было чатыры жонкі.

  • Гейра, дачка вендскага караля Бурыслава (магчыма, Мешкі I). Олаф пабраўся з ёй шлюбам у 981 ці 982 годзе. У 985 годзе Гейра памерла. Дзяцей у шлюбе не было.
  • Гіда (Гюда), дачка (паводле сагі сястра) дублінскага караля Олафа III Кварана. Шлюб быў заключаны ў канцы 980-х гадоў, прычым, права ўзяць шлюб з Гідай Олаф заваяваў, перамогшы яшчэ аднаго прэтэндэнта на хольмгангу. Шлюб доўжыўся да пачатку 990-х гадоў, калі Олаф вярнуўся ў Нарвегію.
    • Ад гэтага шлюбу, меркавана, Олаф меў сына Тругві Прэтэндэнта, які ў 1033 годзе паспрабаваў заваяваць уладу ў Нарвегіі. Зрэшты, паходжанне Тругві Прэтэндэнта не вядома, магчыма, ён быў самазванцам.
  • Гудрун Скегідоцір, дачка знатнага бонда Жалезнага Скегі. Гэты шлюб быў заключаны ў 996 ці 997 годзе па патрабаванні сваякоў Жалезнага Скегі, забітага за нежаданне прыняць хрысціянства. Паводле сагі, гэты шлюб доўжыўся ўсяго адну ноч — у першую ж шлюбную ноч Гудрун паспрабавала забіць Олафа, але ён здолеў прадухіліць напад. Пасля гэтага Гудрун пакінула Олафа і ніколі больш з ім не жыла.
  • Ціра (Цюра, Цюры), дачка Харальда Сінязубага, караля Даніі. Шлюб быў заключаны ў 999 годзе. Ціра была выдадзена бацькам замуж за Бурыслава Вендскага, бацьку першай жонкі Олафа Тругвасана, але неўзабаве яна збегла ад мужа — «конунга язычніка і старога»[2]. Дабраўшыся да Нарвегіі, яна сустрэлася з Олафам, які прапанаваў ёй пабрацца з ім шлюбам. Гэты шлюб быў бяздзетным і працягваўся нядоўга — ужо ў наступным годзе загінуў Олаф Тругвасан, а ўслед за ім, паводле сагі, скончыла жыццё самагубствам і Ціра.

Вобраз Олафа Тругвасана ў сучаснай культуры

[правіць | правіць зыходнік]

У мультфільмах

[правіць | правіць зыходнік]
  1. бо бз҃и на древо . днс̑ь єсть . а оутро изъгнеєть не ӕдѧть бо ни пьют̑ . ни молвѧт̑ но суть дѣлани руками в деревѣ . а Бъ҃ єсть єдинъ ємуже К служат̑ Грьци . и кланѧютсѧ
Пры напісанні артыкула выкарыстаны матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона (1890—1907).