Партрэтная галерэя роду Сапегаў
Партрэтная галерэя роду Сапегаў у Кодзені — збор партрэтаў прадстаўнікоў роду Сапегаў, створаных у адзіным стылі, які першапачаткова размяшчаўся ў Кодзенскім касцёле Святой Ганны[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ініцыятарам стварэння родавай галерэі быў троцкі ваявода Казімір Уладзіслаў Сапега. Хутчэй за ўсё, ён выдумаў легендарных продкаў, якія выводзіліся ад Пунігайлы, альбо Сунігайлы. Збор партрэтаў прадстаўнікоў роду Сапегаў быў замоўлены яго сынам Янам Фрыдэрыкам Сапегам, канцлерам літоўскім, у 1709 годзе для «пашырэння хвалы Сапежынскага Дому». У Аддзеле графікі Нацыянальнага музея ў Кракаве знаходзіцца альбом з праектам рысункаў коданьскай партрэтнай генеалогіі (MNK, sygn.Ew.III/Rys./5803). Ён быў задуманы адпаведна радзівілаўскаму Icones, створанаму ў 1646—1653 гадах для Багуслава Радзівіла. М. Каламайска-Саід параўноўвае мастацкія вартасці сапежынскага і радзівілаўскага альбомаў і сапежынскі ацэньвае вышэй. З гэтага альбома ў 1709 годзе былі зроблены алейныя партрэты коданьскай табліцы[2].
Падчас яе стварэння Ян Фрыдэрык Сапега карыстаўся дапамогай прадстаўніка чарэйскай лініі, гетмана вялікага літоўскага Казіміра Яна, які сам моцна ангажаваўся ў стварэнне родавай славы. Ян Фрыдэрык пазычаў у Юзафа Францішка для капіявання партрэты Сапегаў, якіх не хапала. Ён быў у цесным кантакце з Юзафам Аляксандрам Ябланоўскім, аўтарам Трактата пра польскія фаміліі (Traktat o familiach polskich)[2].
У 1731 годзе Ян Фрыдэрык замовіў аналагічную гравюру Ёгану Фрыдрыху Мыліюсу. У 1750 годзе да галерэі дадаліся партрэты яшчэ трох Сапегаў, намаляваныя Аўгустынам Мірысам[2].
Пасля смерці заказчыка, які памёр без нашчадкаў, гэтая табліца больш за 100 гадоў пылілася ў коданьскім касцёле. У 1842 годзе там яе ўбачыў Ю. І. Крашэўскі. У 1855 годзе Юзаф Лоскі перамаляваў табліцу і тэкст да яе. У 1857 годзе ў варшаўскай афіцыне М. Фаянса выйшла літаграфія, на якой пададзена генеалагічная табліца роду Сапегаў у выглядзе 75 партрэтаў прадстаўнікоў коданьскай галіны гэтага славутага роду. Яна абапіралася на кодзенскую партрэтную галерэю[2].
Пасля студзеньскага паўстання, у 1875 годзе, кодзенскі касцёл, дзе знаходзілася партрэтная галерэя, быў закрыты расійскімі ўладамі і перароблены на царкву, а партрэты перавезены ў замак Леана Сапегі ў Красічыне . У 1898 годзе пра табліцу ўзгадаў Юзаф Прушкоўскі (псеўданім J.K.P. Podlasiak) у манаграфіі «Кодань Сапегаў. Яго касцёлы і старажытны абраз Маткі Боскай Коданьскай (de Guadelupe) з даўніх і сучасных крыніц» (Pruszkowski Józef. Kodeń Sapiehów. Jego kościoły i starożytny obraz Matki Boskiej Kodeńskiej (de Guadelupe) z dawnych i współczesnych zródeł, Кrаków, 1898)[2].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Ён уяўляў з сябе каласальны па памерах (11 х 8 м) збор 76 аднолькавых прамавугольных выяваў, размешчаных у 9 шэрагаў, абкружаных адной рамай, увенчанай княскай мітрай і стужкай з надпісам GENEALOGIA SAPIEHARUM. Яшчэ ў 1811 годзе партрэтаў было 79, але потым 4 з найніжэйшага шэрагу зніклі. Аўтар твора невядомы, хаця М. Каламайска-Саід называе некалькі мастакоў, якія працавалі на Сапегаў (Ян Самуэль Моцк, Мацей Стружыньскі, Сымон Чаховіч, Аўгустын Мірыс , Адам Маніокі , Ян Бенядыкт Гофман, Грыгор Ладзінскі, Мацей Сязевіч)[2].
Коданьская Genealogia Sapieharum вылучаецца на тле падобных радаводаў сваёй унікальнасцю. Пра гэта сведчыць арыгінальная фармальна-змястоўная канцэпцыя, паводле якой партрэтная галерэя атрымала структуру генеалагічнай табліцы, што само па сабе з’яўляецца цікавай задумай, але адначасова праз кампазійцыйную схему паасобных партрэтаў і змяшчэнне іх усіх у адной агульнай раме набыла форму родавай эпітафіі, падобных да якой проста няма[2].
У генеалагічнай табліцы з касцёла ў Кодані адлюстраваны як гістарычныя, так і легендарныя асобы. Эпіграмы да партрэтаў, як паказала М. Каламайска-Саід, належаць пяру Казіміра Уладзіслава Сапегі і ксяндза Казіміра Яна Вайшнаровіча, што апісаў гербы Сапегаў яшчэ раней — да 1677 года[2].
Такім чынам, табліца, або галерэя партрэтаў viribus celebris роду Сапегаў з Коданьскага касцёла з’яўляецца ўнікальным радаводам і адначасова пантэонам і эпітафіяй прадстаўнікам роду, выдатным творам сармацкай культуры, які паўставаў тады, калі гэтая эпоха адыходзіла ў мінулае, таму, магчыма, гэты шэдэўр не меў працягу[2].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Анатоль Грыцкевіч. Сапегі Архівавана 19 снежня 2021. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- ↑ а б в г д е ё ж з KAŁAMAJSKA-SAEED, MARIA. Genealоgia przez obrazy. Barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych. Warszawa: Instytut sztuki PAN, 2006. — 287 s. // Альбіна Семянчук