Перайсці да зместу

Сапраўдныя вожыкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Erinaceinae)
Сапраўдныя вожыкі

Еўрапейскі вожык (Erinaceus europaeus)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Erinaceinae G. Fischer, 1814

Роды

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  633423
NCBI  30577
FW  67971

Сапра́ўдныя во́жыкі (Erinaceinae) — падсямейства сысуноў у складзе сямейства вожыкавых атрада Eulipotyphla. Сучасныя вучоныя вылучылі 6 родаў сапраўдных вожыкаў, якія ўключаюць у сябе 30 прадстаўнікоў. З іх да нашых дзён дажылі 16 відаў з 5 родаў. Сапраўдныя вожыкі сустракаюцца ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, яны завезены чалавекам у Новую Зеландыю. Іх няма ў прыродзе Аўстраліі і Паўночнай ды Паўднёвай Амерыкі (вымерлы род Amphechinus калісьці прысутнічаў на тэрыторыі Паўночнай Амерыкі). Сапраўдныя вожыкі маюць агульнага продка з землярыйкамі (сямейства Soricidae), а гімнуры, якія амаль не змяніліся за апошнія 15 млн гадоў, магчыма, з’яўляюцца прамежкавым звяном між імі[1]. Як і многія іншыя першыя сысуны, сапраўдныя вожыкі адаптаваныя да начнога спосабу жыцця[2]. Калючкі вожыкаў могуць нагадваць падобныя абарончыя органы іншых сысуноў, з якімі вожыкі не маюць блізкага сваяцтва: напрыклад, дзікабразаў (атрад грызуноў) або яхіднаў (атрад аднапраходных).

Сапраўдныя вожыкі лёгка пазнаюцца па іх калючках, якія ўяўляюць сабой полыя валасы, арагавелыя праз вялікую колькасць кераціну[3]. Калючкі вожыкаў не атручаныя, але вытрымліваюць значна большую нагрузку, чым калючкі іншых сысуноў, што робіць іх эфектыўным абарончым сродкам. Зрэшты, нармальны жыццёвы цыкл вожыка абавязкова ўключае ліньку: існуе адна поўная замена адносна мяккіх і рэдкіх калючак маладых вожыкаў на больш цвёрдыя і частыя калючкі дарослых, а таксама паступовая замена іх на працягу ўсяго жыцця. Празмернае выпадзенне калючак можа сведчыць аб тым, што жывёла хворая або знаходзіцца ў стане надзвычайнага стрэсу.

Скурна-шкілетная прэпарацыя.
Канцавыя 5 мм калючкі вожыка (РЭМ-мікраскапія).
Канцавыя 0,4 мм калючкі вожыка пад РЭМ.

Усе віды сапраўдных вожыкаў маюць абарончую здольнасць да згортвання ў маленькі шар з адначасовым выстаўленнем усіх калючак[3]. Паколькі эфектыўнасць гэтай стратэгіі залежыць ад колькасці і трываласці калючак, некаторыя эфіопскія вожыкі, якія ў працэсе эвалюцыі паменшыліся ў памерах і сталі мець больш мяккія і лёгкія іголкі, больш схільныя да ўцёкаў ад драпежніка або нават да яго тарана ігламі, таму для гэтых эфіопскіх вожыкаў згортванне ў клубок з’яўляецца апошняй спробай выжыць. Розныя віды сапраўдных вожыкаў з’яўляюцца ахвярамі розных драпежнікаў: у той час, калі лясным вожыкам пагражаюць пераважна птушкі (асабліва совападобныя) і фрэткі, вожыкі меншага памеру, як, напрыклад, вушастыя, становяцца ахвярамі ліс, ваўкоў і мангуставых.

Сапраўдныя вожыкі пераважна вядуць начны спосаб жыцця, але некаторыя віды могуць быць актыўнымі ўдзень. Большую частку дня Erinaceinae спяць у кустах, траве або скалах, але большасць іх жыве ў гнёздах або норах. Зрэшты, жыллёвыя паводзіны сапраўдных вожыкаў змяняюцца ў залежнасці ад віду. Усе дзікія вожыкі маюць уласцівасць да ўпадання ў спячку, але яе наяўнасць ды працягласць залежаць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя, відавой прыналежнасці вожыка і колькасці з’едзенай ежы перад спячкай.

На спіне сапраўдных вожыкаў знаходзяцца дзве вялікія цягліцы, якія кантралююць пазіцыю калючак. Сярэдні вожык мае прыкладна ад 5000 да 6500 калючак, якія з’яўляюцца цвёрдымі звонку, але ўнутры змяшчаюць паветраны пухір. Калі жывёла зварочваецца ў клубок, калючкі на спіне абараняюць галаву, ногі ды жывот, якія імі не пакрытыя. Гэта апошняя, але вельмі эфектыўная, спроба абароны вожыкаў.

Вожыкі маюць даволі складаную сістэму вакальнай камунікацыі, якая ўключае ў сябе камбінацыю рохкання, сапення, піску ды іншых гукаў, якія вызначаюцца відавой прыналежнасцю.

Самазмазванне.

У некаторых выпадках сапраўдныя вожыкі выконваюць рытуал змазвання. Калі жывёла вызначае новы пах, яна пачынае лізаць і кусаць яго крыніцу, затым з рота вожыка выдзяляецца пахучае пена, якую ён наносіць на свае калючкі з дапамогай языка. Мэта гэтых паводзін застаецца невядомай сучаснай навуцы, але некаторыя эксперты мяркуюць, што змазванне камуфліруе вожыкаў новым пахам на тэрыторыі яго распаўсюджвання і дае магчымасць змазаць іголкі меркаванымі ядам або крыніцай інфекцыі, каб мацней пашкодзіць драпежніка ў выпадку нападу. Змазванне часам называюць паліваннем, або энтынгам, з прычыны наяўнасці падобных паводзін у птушак.

Гэтак жа, як і апосумы, мышы і краты, сапраўдныя вожыкі маюць, у некаторай ступені, натуральны імунітэт супраць змяінага яду, бо маюць у сваёй цягліцавай сістэме бялок эрынацын. Зрэшты, эрынацын эфектыўны толькі супраць невялікіх доз яду, таму ўкус гадзюкавых можа быць фатальным[4]. Акрамя гэтага, сапраўдныя вожыкі з’яўляюцца адной з чатырох вядомых груп сысуноў, што маюць мутацыі, якія абараняюць ад яшчэ аднаго змяінага яду — α-нейратаксіну. Дзікі, медаеды, мангуставыя ды сапраўдныя вожыкі маюць змененыя нікацінавыя ацэтылхалінавыя рэцэптары, якія не могуць звязвацца з α-нейратаксінам. Што цікава, ва ўсіх гэтых груп жывёл мутацыі развіліся асобна і незалежна адна ад адной[5].

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Нюхальныя зоны ў сапраўдных вожыкаў пакуль што не былі рупліва даследаваны. У сысуноў нюхальныя зоны галаўнога мозга знаходзяцца пад неакортэксам, што ўскладняе іх даследаванне. Зрэшты, магчымасць правядзення канкрэтных інвазійных прыжыццёвых даследаванняў (фактычна — вівісекцыі) залежыць, у тым ліку, і ад этычных фактараў. Па дадзеных неінвазійнай прыжыццёвай электраэнцэфалаграфіі сапраўдныя вожыкі падчас нюхання дэманструюць такую жа электрычную актыўнасць мозга, як і кошкі[6].

Малады еўрапейскі вожык.

Нягледзячы на тое, што раней сапраўдных вожыкаў традыцыйна адносілі да састарэлага таксона насякомаедных, насамрэч гэтыя жывёлы з’яўляюцца ўсёеднымі. Яны харчуюцца насякомымі, смаўжамі, бясхвостымі земнаводнымі, змеямі, птушынымі яйкамі, здыхляцінай, грыбамі, каранямі травы, ягадамі, дынямі і кавунамі[3]. Нягледзячы на тое, што большасць вожыкаў дэманструе пераважна драпежны лад харчовых паводзін, існуюць такія выключэнні, як, напрыклад, афганскі вожык, які ранняй вясной пасля абуджэння ад спячкі харчуецца пераважна ягадамі.

Падчас спячкі тэмпература цела сапраўднага вожыка можа зніжацца да 2 °C. Калі жывёла абуджаецца ад спячкі, тэмпература яе цела павялічваецца з 2-5 °C назад да нармальных 30-35 °C[7].

Размнажэнне і тэрміны жыцця

[правіць | правіць зыходнік]
Сям’я вожыкаў.

У залежнасці ад відавой прыналежнасці тэрмін цяжарнасці сапраўдных вожыкаў вагаецца ў інтэрвале ад 35 да 58 дзён. Звычайна нараджаюцца 3-4 вожыкі ў відаў вялікага памеру і 5-6 у драбнейшых відаў. Як і ў многіх іншых жывёл, часта можа назірацца сітуацыя, калі дарослы вожык-самец забівае нованароджаных вожыкаў-самцоў.

Сапраўдныя вожыкі маюць адносна доўгі тэрмін жыцця для жывёл іх памеру. Буйнапамерныя віды жывуць 4-7 гадоў у дзікай прыродзе (зрэшты, зафіксаваныя некаторыя жывёлы, якія дажывалі да 16 гадоў), а драбнейшыя віды — 2-4 гады (4-7 гадоў ва ўмовах няволі). Для параўнання: мыш жыве прыкладна 2 гады, а вялікі пацук — 3-5 гадоў. Адсутнасць драпежнікаў і кантраляванне харчавання дазваляе працягнуць жыццё сапраўдных вожыкаў у няволі да 8-10 гадоў (у залежнасці ад памеру).

Сапраўдныя вожыкі нараджаюцца сляпымі з абарончай мембранай, якая пакрывае іх калючкі[8]. Гэта мембрана высыхае і сціскаецца на працягу некалькіх гадзін пасля нараджэння. Калючкі прарэзваюцца праз скуру пасля таго, як мембрана счышчаецца або адпадае[9].

Драпежнікі, што пагражаюць вожыкам

[правіць | правіць зыходнік]

Сапраўдным вожыкам пагражаюць розныя драпежнікі ў залежнасці ад рэгіёна іх пражывання. Найчасцей гэта драпежныя птушкі, сысуны ды змеі.

Напрыклад, у Вялікабрытаніі галоўным паляўнічым на вожыкаў з’яўляецца барсук. Папуляцыя еўрапейскага вожыка ў Вялікабрытаніі значна ніжэйшая ў месцах кампактнага пражывання барсукоў, таму брытанскія таварыствы выратавання вожыкаў не адпускаюць іх пасля аказання дапамогі на тэрыторыі, заселеныя барсукамі[10][11].

Косткі сапраўдных вожыкаў часта знаходзяцца ў кале пугача[12].

Утрыманне ў няволі

[правіць | правіць зыходнік]
Афрыканскі карлікавы вожык на руках.
Вожык-альбінос.

Найбольш папулярныя сапраўдныя вожыкі, што ўтрымліваюцца як хатнія жывёлы, звычайна з’яўляюцца гібрыдамі паўднёвых белагрудых або чатырохпальцых вожыкаў і алжырскіх вожыкаў. Гэтыя гібрыды меншыя за еўрапейскіх вожыкаў, таму іх часта называюць афрыканскімі карлікавымі вожыкамі. Калі разглядаць у якасці хатніх жывёл не гібрыдаў, а прыродныя віды, то папулярнасць маюць вушастыя і нашыйнікавыя вожыкі.

Утрыманне вожыкаў як хатніх жывёл у некаторых краінах (асабліва тых, дзе вожыкі не сустракаюцца ў прыродзе ці знаходзяцца пад пагрозай знікнення) рэгулюецца і, часам, нават абмяжоўваецца законам. Напрыклад, забаронена валодаць любымі сапраўднымі вожыкамі ў некаторых штатах ЗША і муніцыпалітэтах Канады, прычым нават у тых адміністрацыйных адзінках, дзе ўтрыманне вожыкаў легальнае, патрабуецца спецыяльная ліцэнзія на іх развядзенне. У Еўропе жа падобныя абмежаванні не з’яўляюцца настолькі распаўсюджанымі і існуюць у Скандынавіі і Вялікабрытаніі, бо на гэтых тэрыторыях вожыкі знаходзяцца ва ўразлівым стане[13]. У Італіі забаронена трымаць у якасці хатніх жывёл дзікіх вожыкаў, але дазваляецца ўтрыманне экзатычных формаў і гібрыдаў[14].

На тэрыторыях, куды сапраўдныя вожыкі былі завезеныя, але дзе яны натуральна не сустракаліся, напрыклад, у Новай Зеландыі ці на астравах Шатландыі, яны могуць стаць сапраўднай праблемай. У Новай Зеландыі вожыкі прыносяць значную шкоду мясцовым відам, уключаючы насякомых, смаўжоў, яшчарак і птушак, якія маюць гнёзды на зямлі, асабліва ўзбярэжных[15]. Як і многім іншым завезеным у Новую Зеландыю жывёлам, сапраўдным вожыкам для рэгулявання колькасці бракуе прыродных драпежнікаў.

Эрадыкацыя сапраўдных вожыкаў з такіх тэрыторый можа быць ускладнена. Спробы вынішчэння вожыкаў на заселеных рэдкімі птушкамі Знешніх Гебрыдскіх астравах сустрэлі рэзкія супраціў і асуджэнне з боку міжнароднай супольнасці. Эрадыкацыя пачалася ў 2003 г. з забойства 690 вожыкаў. Актывісты — абаронцы жывёл пачалі масавыя мерампрыемствы па іх выратаванні, якія праходзілі з пераменным поспехам. К пачатку 2007 г. была выдадзеная судовая забарона на забойства сапраўдных вожыкаў. У 2008 г. тактыка эрадыкацыі была зменена з забойстваў вожыкаў на іх адлоў з наступным вывазам на востраў Вялікабрытанія[16].

Сапраўдныя вожыкі маюць шмат агульных захворванняў з людзьмі[17]. Яны ўключаюць у сябе рак, стэатоз печані і сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Рак вельмі распаўсюджаны сярод сапраўдных вожыкаў. Найбольш часта ў іх сустракаецца лускавата-клетачная карцынома. У адрозненні ад людзей, найчасцей лускаватыя клеткі распаўсюджваюцца ў вожыкаў з костак у парэнхіматозныя органы. Спробы хірургічнага лячэння не вельмі ўдалыя, бо для паспяховага выніку варта выдаліць значную частку касцявой масы вожыка.

Па меркаванні вучоных, стэатоз печані выклікаецца ў сапраўдных вожыкаў благім харчаваннем: вожыкі з задавальненнем любяць есці ежу, багатую на тлушч і цукар, што ў спалучэнні са страваваннем вожыкаў, прыстасаваным для пераварвання багатых на бялок і бедных на тлушч насякомых, вядзе да атлусцення, якое, у сваю чаргу, вядзе не толькі да стэатозу, але і да сардэчна-сасудзістых хвароб.

Сапраўдныя вожыкі вельмі рэдка пераносяць характэрнае скурнае грыбковае захворванне, спецыфічнае для чалавека і іншых вожыкаў, якое з клінічнага пункту гледжання ўяўляе дэрмататрыхафітыю[18].

Вожыкі і людзі

[правіць | правіць зыходнік]

Як і для большасці маленькіх сысуноў, што жывуць каля людзей, аўтамабілі ўяўляюць велізарную пагрозу для сапраўдных вожыкаў. Многія вожыкі гінуць падчас спроб пераходу дарог.

Вожык на памятнай манеце Нацыянальнага банка Беларусі, 2011.

У Еўропе сапраўдныя вожыкі з’яўляюцца сысунамі, якія найчасцей за іншых гінуць у аўтамабільных катастрофах. У адпаведнасці з дадзенымі за перыяд з красавіка 2008 г. па лістапад 2010 г., на 50 430 км дарог у Еўропе прыходзіліся 133 смерці сапраўдных вожыкаў. Вучоныя сабралі 135 шкілетаў вожыкаў на дарогах па ўсёй Ірландыі; было высветлена, што большасць загінулых была самцамі, прычым пік смяротнасці самцоў прыходзіўся на май і чэрвень, а пік смяротнасці самак — на чэрвень, ліпень і жнівень. Мяркуецца, што гэтыя пікі звязаныя з перыядам размнажэння сапраўдных вожыкаў і далейшымі іх міграцыямі[19].

У 2006 г. McDonald’s змяніў дызайн сваіх кантэйнераў для McFlurry на больш бяспечны для вожыкаў[20]. Раней сапраўдныя вожыкі ўшчамляліся ў кантэйнерах у спробах з’есці рэшткі ежы ў іх. Не маючы магчымасці вызваліцца, яны паміралі ад голаду. Хатнія вожыкі сутыкаюцца з падобнай праблемай, калі захрасаюць галавой у трубах (звычайна ў пустых катушках ад туалетнай паперы) і сноўдаюць па памяшканнях, не маючы магчымасці зняць іх. Уладальнікі вожыкаў называюць такі тып паводзін «т’юбінгам» і часта стымулююць яго, забяспечваючы вожыкаў чыстымі трубамі. Большасць гаспадароў, зрэшты, дастаткова адказная, каб прынамсі разрэзаць трубу ўздоўж яе даўжыні, каб вожык мог вызваліцца з яе пры жаданні. Аднак здараюцца выпадкі, калі вельмі цікаўныя людзі свядома пакідаюць жывёл у трубах на некалькі гадзін[21].

Кулінарнае і медыцынскае выкарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]

Сапраўдныя вожыкі з’яўляюцца крыніцай ежы ў многіх культурах. Імі харчаваліся ў Старажытным Егіпце, а некаторыя рэцэпты перыяду Позняга Сярэдневякоўя ўключалі мяса гэтых жывёл[22]. Вожыкамі гандлявалі на тэрыторыі Еўразіі і Афрыкі, каб забяспечыць патрэбы народнай медыцыны і вядзьмарства. На Блізкім Усходзе, асабліва сярод бедуінаў, прынята лічыць, што мяса вожыкаў валодае медыцынскімі якасцямі: ім можна лячыць рэўматызм, артрыт, туберкулёз і імпатэнцыю[23]. У Марока ўдыханне дыму ад падпаленай скуркі вожыка вызнаюць за лячэбны працэс, што можа дапамагчы ад ліхаманкі, мужчынскай імпатэнцыі і захворванняў мачавой сістэмы. Кроў там прадаецца як лекавы сродак ад дэрмататрыхафітыі, сонечных апёкаў, а мяса з’ядаецца як сродак супраць праклёнаў і наведзенага чараўніцтва[24]. Цыганы дагэтуль ядуць сапраўдных вожыкаў у смажаным, запечаным або вараным выглядзе, а таксама ўжываюць кроў і тлушч з прычыны іх меркаванага медыцынскага эфекту[25]. На працягу 1980-х гадоў чыпсы «са смакам вожыка» былі прадстаўлены ў Вялікабрытаніі, але прадукт не змяшчаў ніякіх слядоў вожыкаў[26].

У папулярнай культуры

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік Вожыку ў Кіеве.

У п’есе Шэкспіра «Макбет» (акт 4, сцэна 1), Другая Вядзьмарка кажа: «Thrice; and once the hedge-pig whined» (слова «вожык» вылучана тлустым шрыфтам), каб пазначыць сваю гатоўнасць пачаць заклінанне.

Англійскі парламентарый Рычард Онслау (1601—1664), параўноўваў караля Карла I Сцюарта з вожыкам[27][28].

Галоўны герой напісанай у 1905 г. дзіцячай кнігі Беатрыкс Потэр «Казка пра місіс Тігі-Вінкль» — вожык.

Эдыт Несбіт напісала апавяданне-фэнтэзі пад назвай «Прынцэса і вожык», у якім прынц знаходзіцца пад зачараваннем, а яго ператварэнне ў вожыка дазваляе збыцца цікаваму прароцтву.

У навеле Тэрэнса Хэнберы Уайта «Меч у камені», напісанай у 1938 г., хлопчык Уарт (або Бародаўка), які ператварыўся ў барсука, сустракае вожыка і пагражае з’есці яго (у 21 раздзеле). Жывёла абараняецца, згортваючыся ў шар, і абуджае ў хлопчыку спагаду праз спяванне папулярных вясковых песень. Затым высвятляецца, што Уарт бачыў гэтага вожыка раней, калі быў зусім малым і наведваў катэдж чараўніка Мерліна (у 3 раздзеле). Калі Уарт даведваецца, што з’яўляецца насамрэч каралём Артурам, вожык прэзентуе яму пяць брудных лісцікаў у якасці падарунка на каранацыю (у 24 раздзеле). У навеле 1977 г. «Кніга Мерліна», якая пабачыла свет пасля смерці Уайта, Мерлін наведвае Артура перад яго апошняй бітвай з Мордрэдам і бярэ караля на сустрэчу з антрапаморфнымі жывёламі з кнігі «Меч у камені», сярод якіх ёсць і вожык.

У навеле Рычарда Адамса «Жыхары пагоркаў», напісанай у 1972 г., вожыкі з’яўляюцца персанажамі адной з гісторый, што трусы распавядаюць адно аднаму: трусы згадваюць, як аднойчы бачылі гібель вожыка ў аўтакатастрофе.

«Вожык у тумане» — савецкі мультыплікацыйны фільм, зняты Юрыем Нарштэйнам у 1975 годзе.

Вожык Сонік, упершыню прадстаўлены публіцы ў 1991 годзе, з’яўляецца сінім антрапаморфным вожыкам і галоўным героем некалькіх відэагульняў, коміксаў і мультфільмаў кампаніі «Sega».

Вушастыя вожыкі.
Белагруды вожык.

Падсямейства падзяляецца на роды:

Зноскі

  1. Reiter C, Gould GC (1998). "Thirteen Ways of Looking at a Hedgehog". Natural History. 107 (6): 52.
  2. WildlifeTrust.org.uk(недаступная спасылка). WildlifeTrust.org.uk. Архівавана з першакрыніцы 12 лютага 2013. Праверана 28 лютага 2013.
  3. а б в Attenborough, David (2014). Attenborough's Natural Curiosities 2. Vol. Armoured Animals. UKTV.
  4. Omori-Satoha, Tamotsu; Yoshio Yamakawab; Dietrich Mebs (November 2000). "The antihemorrhagic factor, erinacin, from the European hedgehog (Erinaceus europaeus), a metalloprotease inhibitor of large molecular size possessing ficolin/opsonin P35 lectin domains". Toxicon. 38 (11): 1561–80. doi:10.1016/S0041-0101(00)00090-8. PMID 10775756.
  5. Drabeck, D.H.; Dean, A.M.; Jansa, S.A. (June 1, 2015). "Why the honey badger don't care: Convergent evolution of venom-targeted nicotinic acetylcholine receptors in mammals that survive venomous snake bites". Toxicon. 99. Elsevier: 68. doi:10.1016/j.toxicon.2015.03.007.
  6. Adrian, E. D. (1942). "Olfactory reactions in the brain of the hedgehog". The Journal of Physiology. 100 (4). Cambridge: The Physiological Laboratory: 459–473. doi:10.1113/jphysiol.1942.sp003955/abstract (неактыўны 2016-04-27). PMC 1393326. PMID 16991539.{{cite journal}}: Папярэджанні CS1: неактыўны DOI з красавік 2016 (спасылка)
  7. Suomalainen, Paavo; Sarajas, Samuli (1951-08-01). "Heart-beat of the Hibernating Hedgehog". Nature. 168 (4266): 211. Bibcode:1951Natur.168..211S. doi:10.1038/168211b0. ISSN 0028-0836. PMID 14875055.
  8. Litter — Burlington and MIDI (04/19/2004). hamorhollow.com
  9. The Hedghogz Home Page – Babies & Reproduction(недаступная спасылка). Hedghogz.co.uk. Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2013. Праверана 8 сакавіка 2009.
  10. Hof, A. R.; Bright, P. W. (2010). "The value of agri-environment schemes for macro-invertebrate feeders: Hedgehogs on arable farms in Britain" (PDF). Animal Conservation. 13 (5): 467. doi:10.1111/j.1469-1795.2010.00359.x. Badger predation of hedgehogs was high in the study site and the main cause of death
  11. Where have all the hedgehogs gone ? Архівавана 17 чэрвеня 2018.. Snufflelodge.org.uk. Retrieved on 2013-09-05.
  12. Social Behaviour / Territoriality / Predation / Learning: West European Hedgehog. wildlifeinformation.or
  13. "Facts about British Hedgehog". Праверана 16 January 2011.
  14. Fauna selvativa e specie protette(недаступная спасылка). Corpo Forestale dello Stato. Архівавана з першакрыніцы 2 лістапада 2016. Праверана 31 August 2014.
  15. Hedgehogs pose prickly problem for native fauna. Landcare Research media release (17 верасня 2003). Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2003. Праверана 6 December 2011.
  16. Ross, David (14 January 2009). "18 Trappers Sought for Hebrides to Protect Birds from Hedgehogs". The Herald. Праверана 12 June 2009.
  17. List of Hedgehog diseases(недаступная спасылка). Wildlifeinformation.org. Архівавана з першакрыніцы 26 July 2010. Праверана 8 сакавіка 2009.
  18. Takahashi, Yoko; Ayako Sano; Kayoko Takizawa; Kazutaka Fukushima; Makoto Miyaji; Kazuko Nishimura (2003). "The epidemiology and mating behavior of Arthroderma benhamiae var. erinacei in household four-toed hedgehogs (Atelerix albiventris) in Japan" (PDF). Japanese Journal of Medical Mycology. 44 (1): 31–8. doi:10.3314/jjmm.44.31. PMID 12590257.
  19. Haigh, Amy; O'Riordan, Ruth M.; Butler, Fidelma (2014). "Hedgehog Erinaceus europaeus mortality on Irish roads". Wildlife Biology. 20 (3): 155. doi:10.2981/wlb.12126.
  20. Lean, Geoffrey (10 September 2006). "Hedgehogs saved from death by McFlurry". The Independent. London. Праверана 2009-05-21.
  21. A community for African Pygmy Hedgehog Owners and Breeders – Environmental Enrichment. Hedgehog World. Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2008. Праверана 8 сакавіка 2009.
  22. Pidd, Helen (14 September 2007). "Roast hedgehog and nettle pud – a slap-up feast for ancient Britons". The Guardian. London. Праверана 12 June 2009.
  23. Qumsiyeh, Mazin B. (1996). Mammals of the Holy Land. Texas Tech UP. p. 64. ISBN 978-0-89672-364-1.
  24. Nijman, V.; Bergin, D. (2015). "Trade in hedgehogs (Mammalia: Erinaceidae) in Morocco, with an overview of their trade for medicinal purposes throughout Africa and Eurasia". Journal of Threatened Taxa. 7 (5): 7131. doi:10.11609/JoTT.o4271.7131-7.
  25. Wood, Manfri Frederick (1979). In the Life of a Romany Gypsy. J.A. Brune. pp. 80–81. ISBN 978-0-7100-0197-9.
  26. "Potato Crisps – A History". BBC. 7 December 2002. Праверана 22 March 2010.
  27. Dictionary of National Biography, Vol. XLII, 1895
  28. Henning, B.D., рэд. (1983). "ONSLOW, Sir Richard (1601–64), of West Clandon, Surr. and Arundell House, The Strand, Westminster". The History of Parliament: the House of Commons 1660–1690. Boydell and Brewer.
Лагатып Вікіслоўнікі
Лагатып Вікіслоўнікі