Перайсці да зместу

Леся Украінка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леся Украінка
Ларыса Пятроўна Косач-Квітка
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Лариса Петрівна Косач
Псеўданімы Леся Украінка
Дата нараджэння 13 (25) лютага 1871[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 1 жніўня 1913(1913-08-01)[2][3][…] (42 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства  Расійская імперыя
Бацька Пётр Антонавіч Косач[d]
Маці Алена Пчолка
Муж Клімент Васілевіч Квітка
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэтка, перакладчыца, пісьменніца, драматург
Гады творчасці 18841913
Жанр драматычная паэма, верш
Мова твораў украінская, руская[5], французская[6]
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ле́ся Украі́нка (укр.: Леся Українка), сапраўднае імя Лары́са Пятро́ўна Ко́сач-Кві́тка (укр.: Лариса Петрівна Косач-Квітка; 25 лютага 1871 — 1 жніўня 1913) — украінская паэтэса і пісьменніца, перакладчык, культурны дзеяч. Пісала ў розных жанрах -- паэзіі, лірыцы, эпасе, драме, прозе, публіцыстыцы. Таксама займалася фалькларыстыкай, яе голасам запісана 220 народных мелодый, і актыўна ўдзельнічала ва ўкраінскім нацыянальным руху.

Вядома сваімі зборнікамі вершаў «На крылах песень» (1893), «Думы і мары» (1899), «Водгукі» (1902), паэм «Старая казка» (1893), «Адно слова» (1903), драм «Баярыня» (1913), «Касандра» (1903—1907), «У катакомбах» (1905), «Лясная песня» (1911) і іншымі.

Маці, Вольга Пятроўна Драгаманава-Косач — пісьменніца, тварыла пад псеўданімам Алена Пчолка (яе паэзію і апавяданні для дзяцей на ўкраінскай мове добра ведалі ва Украіне), была актыўнай удзельніцай жаночага руху, выдавала альманах «Першы вянок». Бацька — высокаадукаваны памешчык, які вельмі любіў літаратуру і жывапіс. Дзіцячыя гады прайшлі на Валыні: у Наваград-Валынскам (1871 г. — вясна 1879 г.), Луцку, у сяле Калодзежнае, што пад Ковелем.

У доме Косачаў часта збіраліся пісьменнікі, мастакі і музыкі, праводзіліся вечарыны і хатнія канцэрты. Дзядзька Лесі (так яе называлі ў сям’і, і гэта хатняе імя стала літаратурным псеўданімам) — Міхаіл Драгаманаў — быў вядомым вучоным, грамадскім дзеячам, які перад эміграцыяй у Францыю і Балгарыю супрацоўнічаў з І. Франком. Яму належыць адна з вядучых роляў у фарміраванні пляменніцы ў адпаведнасці са сваімі сацыялістычнымі перакананнямі, ідэаламі служэння радзіме, ён жа дапамагаў ёй як літаратурны крытык і фалькларыст.

Ларыса Косач нарадзілася 13 (25) лютага 1871 ў горадзе Наваград-Валынскім.

Леся Украінка і яе брат Міхаіл (у сям’і іх называлі агульным імем — «Мішалося») вучыліся ў прыватных настаўнікаў. Рана (у 4 гады) навучылася чытаць[7]. У студзені 1876 А. П. Косач з дзецьмі Міхаілам і Ларысай прыехалі ў Кіеў, каб развітацца з М. П. Драгаманавым перад яго вымушанай эміграцыяй.

" Памятаю… я прывезла сваіх старэйшых дзяцей Міхася і Лесю ў Кіеў; жылі яны некаторы час у Міхаіла, каб колькімага бліжэй спазнацца з дзядзькам і яго сям'ёй[8] "

Улетку таго ж года А. П. Косач разам з Лесяй і Міхаілам адпачываюць у вёсцы Жабарыцэ. Тут Леся ўпершыню пачула апавяданні маці пра Маўку.

" …Відаць было, што знаходжанне ў Жабарыцэ пакінула на Лесі вельмі вялікае ўражанне і вельмі ёй спадабалася: яна, бывала, раз-пораз з уцехаю ўспамінае, што тое ці то чула, ці бачыла ў Жабарыцэ… Жабарыцкія песні, казкі, розныя павер'і, звычаі, купальскія, жніўныя і г. д. Леся памятала і часта ўспамінала…[9] "

У 6 гадоў Леся пачала вучыцца вышываць.

" Леся сканцэнтраваная і вельмі ўражлівая. Шмат часу прысвячае вышыванню, магла нават вышыць бацьку кашулю[10] "

У 1878 годзе бацькі Лесі паехалі на сусветную выставу ў Парыж, дзе сустракаліся з М. П. Драгаманавым. У гэты час даглядаць за дзецьмі прыязджае Алена Антонаўна Косач, сястра Лесінага бацькі. Сяброўства з «цёткай Алею» пакінула прыкметны след у жыцці і творчасці паэткі[11].

7 (19) лістапада таго ж года загадам міністэрства ўнутраных спраў П. А. Косач пераведзены на працу ў Луцк.

" …Айца нашага перавялі з абжытага месца, каб пакараць за яго «ўкраінафільства» і за спатканне падчас падарожжа ў Парыж на выставу 1878 г. з эмігрантам, яго сябрам, а матчыным братам Міхаілам Пятровічам Драгаманавым ([12] "

У сакавіку 1879 года арыштавалі Алену Антонаўну Косач, цётку Лесі, за ўдзел у замаху на шэфа жандараў Дрэнтельна, пазней яе выслалі ў Аланецкую губерню, а ў 1881 г. саслалі ў Сібір на 5 гадоў (у г. Ялутароўск Цюменскай вобл., а затым у г. Цюмень)[13] Даведаўшыся пра гэта, Леся ў канцы 1879 г. ці ў пачатку 1880 г. напісала сваю першую паэзію — «Надзея».

Улетку 1880 года Аляксандра Антонаўна Косач-Шыманоўская, цётка Лесі, з двума сынамі пераязджае ў Луцк, жыве ў сям’і Косачаў. Прычынай пераезду стаў арышт і высылка ў Сібір яе мужа Барыса Шыманоўскага. «Цётка Саша» — першая Лесіна настаўніца музыкі. Да яе Леся захоўвала ўсё жыццё пачуццё вялікай падзякі.

6 (18) студзеня Леся вельмі прастудзілася, так пачалася цяжкая хвароба.

У гэтым жа годзе А. П. Косач павезла Міхаіла, Лесю, Вольгу ў Кіеў для навучання пад кіраўніцтвам прыватных настаўнікаў. Міхаіл і Леся пачалі вучыцца па праграме мужчынскай гімназіі, там Леся бярэ ўрокі гульні на фартэпіяна ў жонкі Лысенкі — Вольгі Аляксандраўны О’Конар.

У пачатку мая 1882 года Косачы пераязджаюць у сяло Калодзежнае, што з гэтага часу стала іх сталым месцам жыхарства.

" Наша сям'я жыла ў вельмі блізкіх адносінах з сялянамі, усе мы, у тым ліку і Леся, можа, яшчэ больш, чым хто, мелі паміж жыхарамі не толькі знаёмых, але і сяброў, і сябровак, і таварышаў, таму ўвесь іх побыт вельмі хутка стаў нам вядомым, а далей і родным "

А тым часам Леся з братам Міхаілам жывуць у Кіеве, вучацца ў прыватных настаўнікаў, у прыватнасці вывучаюць грэчаскую і лацінскую мовы.

Улетку 1883 года Лесі дыягнаставалі туберкулёз костак, у кастрычніку гэтага ж года прафесар А. Рынек аперыраваў ёй левую руку, выдаліўшы падчас аперацыі косткі, пашкоджаныя туберкулёзам. У снежні Леся вяртаецца з Кіева ў Калодзежнае, стан здароўя паляпшаецца, з дапамогай маці Леся вывучае французскую і нямецкую мовы.

29 мая (10 чэрвеня) 1882 года нарадзілася сястра Аксана, 22 жніўня (2 верасня) 1884 года — брат Мікалай.

Пачынаючы з 1884 года, Леся актыўна піша вершы («Ландыш», «Сафо», «Лета чырваней прайшло» і інш.) і публікуе іх у часопісе «Зара». Менавіта ў гэтым годзе з’явіўся псеўданім «Леся Украінка».

Сардэчная дружба аб’ядноўвае Ларысу з яе старэйшым братам Міхаілам. Па неразлучнасці ў сям’і іх называлі агульным імем «Мішалося», пазней Ларысу пераназвалі ў сям’і на Лесю.

Некаторы час Ларыса вучылася ў школе Аляксандра Мурашкі ў Кіеве. З гэтага перыяду засталася адна карціна, намаляваная алейнымі фарбамі. Пазней ёй прыйшлося атрымліваць адукацыю самастойна, у чым дапамагала маці.

Яна ведала многія еўрапейскія, у тым ліку і славянскія мовы: рускую, польскую, балгарскую і інш., а таксама старажытнагрэчаскую, лацінскую, што сведчыла аб яе высокім інтэлектуальным узроўні. Алена Пятроўна выхоўвала яе як моцнага чалавека, які не меў права да празмернага выказвання сваіх пачуццяў. След гэтай «paidei» можна знайсці ў кожным творы «самотнага мужчыны». Аб узроўні яе адукацыі можа сведчыць факт, што ў 19-гадовым узросце яна напісала для сваіх сясцёр падручнік «Старажытная гісторыя ўсходніх народаў» (надрукаваны ў Екацярынаславе ў 1918 г.). Украінка шмат перакладала (Гогаля, А. Міцкевіча, Г. Гейнэ, В. Гюго, Гамера і інш.).

Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей. Экспазіцыя музея.

Пабываўшы ў 1891 годзе ў Галічыне, а пазней і на Букавіне, Украінка пазнаёмілася з многімі выдатнымі дзеячамі Заходняй Украіны: І. Франком, М. Паўлікам, В. Кабылянскай, В. Стэфанікам, О. Макавеем, Н. Кобрынскай. Падмурак сацыяльна-палітычны светапогляду Л. Косач сфарміраваўся і сфармаваўся пасля круглагоднага (1894—1895 гг.) яе знаходжання ў М. Драгаманава ў Сафіі і трагічнай падзеяй, якой была для яе смерць дзядзькі.

Гісторыю кахання Лесі Украінкі часта пачынаюць з Сяргея Мяржынскага. Таямніца Лесі Украінкі і Вольгі Кабылянскай (захаваліся лісты Л. Косач) дапамагае ў разуменні Лесінага твора «Блакітная ружа» (1896 г.).

Вымушаныя неабходнасцю лячэння, падарожжы ў Германію, Аўстра-Венгрыю, Італію, Егіпет, неаднаразовыя знаходжанні на Каўказе, Адэшчыне, у Крыме ўзбагацілі яе ўражанні і спрыялі пашырэнню далягляду пісьменніцы.

У пачатку сакавіка 1907 г. Леся Украінка пераязджае з Калодзежнага ў Кіеў[14]. А ў канцы сакавіка разам з К. Квіткай здзейсніла паездку ў Крым, дзе, у прыватнасці, пабывала ў Севастопалі, Алупцы і Ялце[15][16].

7 жніўня 1907 года Леся Украінка і Клімент Квітка афіцыйна аформілі шлюб у царкве і пасяліліся на вуліцы Вялікай Падвальнай (цяпер вул. Яраславаў вал), 32, кв. 11 у Кіеве[17]. 21 жніўня яны разам адпраўляюцца ў Крым, дзе Квітка атрымаў пасаду ў судзе[18].

У гэты час Леся шмат працуе на літаратурнай ніве. 5 мая 1907 года яна завершыла драматычную паэму «Айша і Махамед», 18 мая канчаткова завяршыла паэму «Касандра», працу над якой пачала яшчэ ў 1903 г. 12 мая накіравала ў альманах «З няволі» (Волагда) драматычную паэму «На руінах». Выданне прызначалася для дапамогі палітычным сасланым[19]. У верасні быў напісаны верш «За гарой зарніцы», працягнутая праца над творамі «У пушчы», «Мой Руфiн і Прысцыла»[20].

Апошнія гады жыцця Л. Косач-Квіткі прайшлі ў падарожжах на лячэнне ў Егіпет і на Каўказ. Разам з мужам, Кліментам Квіткай, яна працавала над сходным фальклорам, інтэнсіўна апрацоўвала ўласныя драмы. На вестку аб цяжкім стане Ларысы Пятроўны ў Грузію прыехала яе маці. Так уласна ёй пісьменніца дыктавала праекты сваёй так і ненапісанай драмы «На берагах Александрыі». Сімвалічнае значэнне яе творчасці можна прачытаць у малітве дзяцей да Геліяса над манускрыптамі.

Памерла 19 ліпеня (1 жніўня) 1913 года ў горадзе Сурамі ва ўзросце 42 гадоў. Пахавана на Байкавых могілках у Кіеве (надмагільны помнік — бронза, граніт; скульптар Г. Л. Петрашэвіч; усталяваны ў 1939 годзе)[21].

Пісаць паэзію Леся Украінка пачала рана — 9-гадовай дзяўчынай (верш «Надзея»). Леся напісала гэты першы ў сваім жыцці верш пад уплывам весткі пра лёс сваёй цёткі Лены Антонаўны Косач (у жаніцьбе Цясленка-Прыходзька), засланай за ўдзел у рэвалюцыйным руху. Упершыню надрукаваныя вершы «Ландыш» і « Сафо» былі прысвечаныя сваёй цётцы Аляксандры Судаўчыковай, выйшлі ў львоўскім часопісе «Зара» ў 1884 годзе. У 1885 годзе ў Львове выйшаў зборнік яе перакладаў з Мікалая Гогаля (выраблены ёю сумесна з братам Міхаілам).

Літаратурная дзейнасць Лесі Украінкі ажывілася з сярэдзіны васьмідзясятых гадоў, калі Косачы пераехалі ў Кіеў і ў асяроддзі сем’яў Лысенкі і Старыцкага яна ўвайшла ў літаратурны гурток «Плеяда». У 1892 годзе ў Львове выйшла «Кніга песень» Генрыха Гейнэ ў перакладах Лесі Украінкі (сумесна з М. Славінскім). Першы зборнік яе арыгінальных вершаў «На крылах песень» з’явіўся ў Львове (1893 г., другое выданне ў Кіеве ў 1904 г.), там жа выйшаў і другі зборнік «Думы і мары» (1899 г.), трэці «Водгукі» (1902 г.) — у Чарнаўцах.

Пасля таго Леся Украінка працавала цэлае дзесяцігоддзе і напісала больш за сотню вершаў, з якіх палова за яе жыццё не была надрукаваная.

У канон ўкраінскай літаратуры Леся Украінка ўвайшла найперш як паэт мужнасці і барацьбы. Тэматычна багатую яе лірыку некалькі ўмоўна (з прычыны ўзаемасувязі матываў) можна падзяліць на асабістую, пейзажную і грамадзянскую. Галоўныя тэмы яе ранніх лірычных вершаў: прыгажосць прыроды, любоў да роднага краю, асабістыя перажыванні, прызначэнне паэта і роля паэтычнага слова, сацыяльныя і грамадскія матывы. У першых творах яе прыкметны ўплыў Тараса Шаўчэнкі, Панцеляймона Куліша, Міхаіла Старыцкага, Генрыха Гейнэ, але і ў іх бачны выразны ўплыў Вольгі Пятроўны і Міхаіла Драгаманава (псеўданім — Украінец) на выбар яе матываў.

А ўжо верш «Contra spem spero» (1890 г.) характарызуе антычнае разуменне доблесці (arete), бліскучае валоданне міфалагічнымі ілюзіямі, аўтакрэацыя жанчыны-ваяра. Менавіта гэты аспект творчасці на доўгія гады вызначаў тонус навуковага «лесезнаўства». Такія асноўныя матывы паэтэчных твораў «Да таварышаў», «Таварышу на памяць», «Грэшніца», «Slavus-Sclavus», «Fiat nox», «Эпілог» і многіх іншых. Матыў свабоды паказваецца ў ёй у вельмі разнастайных фарбах: ад непакорнасці традыцыйнаму разуменню імперыі да індывідуальнага выбару modus vivendi, што азначае адкрыццё ісціны і служэнне ёй. Здрада на любой плоскасці тоесная з трагедыяй, з учынкам Медэі. Лірыка прагі і схаванага трыумфу, звязанага з немагчымасцю рэалізаваць сваю любоў, экспануе схему рыцарскай любові. Лірычная гераіня — рыцар, які спявае сваёй даме сэрца. Эратызм такіх вершаў як «Хацела б я цябе як плюшч абняць», «Твае лісты заўсёды пахнуць завялымі ружамі» — гэта містычныя дыфірамбы ў гонар чароўнай палюбоўніцы.

Элемент эпасу, уласцівы шматлікім лірычным вершам Украінкі, знайшоў пазней ўвасабленне ў баладах, легендах, паэмах, напісаных на сюжэты сусветнай культуры, праектаваных на актуальныя праблемы свабоднага чалавека ў свеце заняволення («Самсон», «Роберт Брус, кароль шатландскі», «Віла-пасястра», «Адно слова» і інш.) і ролю паэта ў гэтай барацьбе («Старая казка», «Саул», «Арфея цуд»).

У другой палове 1890-х гадоў Леся Украінка звяртаецца да драматургіі. Першая яе драма «Блакітная ружа» (1896 г.) з жыцця ўкраінскай інтэлігенцыі распаўсюджвае тэматыку тагачаснай украінскай драмы ды паказвае пераважна жыццё сялянства. Філасофскі дыскурс драмы, накіроўваючы да творчасці Гаутпмана, прадстаўляе не толькі вар’яцтва як форму свабоды, але і пэўную тугу за целам.

Далей Леся Украінка, шырока выкарыстоўваючы тэмы і вобразы сусветнай літаратуры, развіла новы жанр — драматычную паэму.

Першая з іх — «Апантаная» (1901 г.). Канва біблейскай гісторыі Мірыям і Месіі трансфармуецца ў матыў Эраса і Танатаса, якія, быўшы самім увасабленнем жыцця, складаюць антытэзу да паставы Мірыям. Асаблівае месца ў яе творчасці займаюць драматычныя паэмы на тэмы вавілонскага палону пры аналогіі палону Украіны ў Расійскай імперыі («На руінах», «Вавілонскі палон», «У доме працы — у краіне няволі»). Сімвалічны сэнс гэтых паэм паэтка раскрыла у вершы «І ты калісьці змагалася, як Ізраіль, Украіна мая», дзе можна знайсці такія радкі: «Доўга яшчэ, Госпадзе, доўга мы будзем блукаць і шукаць роднага краю на сваёй зямлі?». Складаюць яны своеасаблівы ключ да разумення ладу няволі як абразу душы раба уласных стэрэатыпаў. Персанажы раб-егіпцянін і раб-яўрэй з паэмы «У доме працы — у краіне няволі» — гэта людзі, якія забыліся пра свае карані. Духоўная слепата становіцца вызначаным лейтматывам творчасці Лесі Украінкі.

У драматычнай паэме «Касандра» (1907 г.) пісьменніца развівае метафару чалавечай праўды і трагічнай ісціны, якую ўвасабляе галоўная гераіня. Дагаджальніцтва і пасіўнасць ўмеранай грамады дакарае паэтка у драматычнай паэме «У катакомбах» (1905 г.). Свабода стваральніка гэта не служба народу і яго утылітарным мэтам. Пакаранне за гэты ўчынак — немагчымасць тварыць далей. Матыў вышэйшага паклікання мастака, які ярка выяўляецца ўжо ў цыкле вершаў «Сем струн» у вершы «Fa» (фантазія, ты сіла чароўная) у дадзенай драме набываюць асаблівае абвастрэнне. У драме «Мой Руфiн і Прысцыла» светлы вобраз хрысціянкі супрацьпастаўлены грубай сіле імператарскага Рыма. Драматычная паэма «Баярыня» ў новым ракурсе выяўляе тэму свабоды. Выходзячы за схему матыву «ўкраінскага Рысарджымента», прадстаўленую ў інтэрпрэтацыі Д. Данцова, можна прачытаць фігуру Аксаны як вобраз чалавека, які не адкрыў, чым ёсць сапраўдная свабода ў яе антычнай хрысціянскай іпастасі.

Паэма «Оргія» ў пэўным сэнсе працягвае тэму папярэдняй драмы. Антычны фон падзей экспліцыруе вядучыя пытанні філасофіі. Кантраст паміж дыанізыйскім і апалінскім пачаткамі падкрэслівае фігуру спевака Антэя. Разумеючы, чым з’яўляецца мастацтва і яго роля ў гісторыі, ён выбірае смерць, пераносіць яго ў несмяротнасць.

Да выдатных твораў Лесі Украінскі належаць драмы «Каменны гаспадар» і «Лясная песня». Традыцыйная тэма сусветнай літаратуры знайшла ў драматычнай паэме «Каменны гаспадар» (1912 г.) цалкам арыгінальную трактоўку вобраза Дон Жуана. Жаноцкасць героя і мужчынская пастава Доны Ганны працягвае класічную традыцыю змены роляў, якая прыводзіць да сімвалічнай смерці Дон-Жуана. «Лясная песня» (1911 г.) — вяршыня творчасці Лесі Украінкі. У ёй паказаны канфлікт паміж высокім ідэалам і празаічнай дробязнай штодзённасцю. Галоўная гераіня драмы-феерыі Німфа не толькі паэтычны вобраз казачнай істоты, але і філасофскае абагульненне ўсяго прыгожага, вечна жывога. Цыклічнасць натуры супрацьпастаўляецца чалавечаму жыццю. І то ўласна натура перамагае, абыякавая да трагедый.

Асобнае месца ў літаратурнай спадчыне Лесі Украінкі мае мастацкая проза. Першыя апавяданні з сельскага жыцця («Такі яе лёс», «Святы вечар», «Веснавыя песні») зместам і мовай звязаны з народнымі песнямі. У жанры казкі напісаны «Тры жамчужыны», «Чатыры казкі зялёнага шуму», «Лелія», «Бяда навучыць», «Матылёк». Вострым драматызмам азначаюцца аповесці «Шкада» і «Таямніца». Засталася скончанай перадсмяротная аповесць Украінкі «Екбаль Ганем», у якой яна хацела адлюстраваць псіхалогію арабскай жанчыны.

Ацэнкі творчасці

[правіць | правіць зыходнік]

Выключна вялікае значэнне творчасці Лесі Украінкі ў гісторыі ўкраінскай літаратуры заключаецца ў тым, што яна ўзбагаціла ўкраінскую паэзію новымі тэмамі і матывамі; дасканала валодаючы катрэнамі і актавамі, санетамі і арыгінальнымі страфічнымі будынкамі, выкарыстоўваючы гексаметр, верлібр, пятыстопавы ямб і г. д., яна ўзбагацілі строфіку, рытміку і метрыку ўкраінскай паэзіі. На пераломе 19—20 стст., выкарыстоўваючы вандроўныя сюжэты сусветнай літаратуры, Леся Украінка стала ў авангардзе творчых сіл, якія выводзілі ўкраінскую літаратуру на шырокую арэну сусветнай літаратуры.

Яе творы выдаваліся шмат разоў. Навукова аб’ектыўным з’яўляецца выданне «Книгоспілка» (у 7 т. 1923—25 гг. і ў 12 т. 1927—30 гг.) з прафесійнымі прадмовамі М. Зерава, Б. Якубскага, М. Драй-Хмары, П. Руліна, Е. Ненадкевіча, О. Білецкага і іншых. Усе пазнейшыя выданні маюць наўмысныя цэнзурныя пропускі: у 5 т. (1951—56 гг.), у 10 т. (1963—65 гг.) і ў 12 т. (1975—79 гг.). Каштоўнае багатым біяграфічным і эпісталярным матэрыялам выданне А. Косач-Крывінюк «Леся Украінка. Храналогія жыцця і творчасці» (Нью-Ёрк, 1970 г.).

Экранізацыі, тэатральныя пастаноўкі

[правіць | правіць зыходнік]

Ёй прысвечаны мастацкі фільм Н. Машчанкі «Іду да цябе» (1972 г.) па сцэнарыі І. Драча, навукова-папулярныя карціны «Леся Украінка» (1957 г.), «Леся Украінка» (1969 г.), дакументальны фільм «Леся Украінка» (1971 г.). Вядомыя экранізацыі яе твораў — «Лясная песня» (1961 г.) В. Іўчанкі і «Лясная песня. Маўка» (1980 г.) Ю. Ілленка, «Спакуса Дон Жуана» (1985 г.) В. Левіна, тэлевізійнае прадстаўленне «Оргія» (1991 г.).

Кампазітар А. Скарульскі ў 1936 годзе напісаў балет «Лясная песня» па аднайменнай драме-феерыі Лесі Украінкі. Прэм’ера балета адбылася ў 1946 годзе ў Кіеўскім тэатры оперы і балета УССР імя Тараса Шаўчэнкі. З 1958 года балет «Лясная песня» ідзе ў пастаноўцы балетмайстра В. Вронскага[22]. Харкаўскім тэатрам «P.S.» быў пастаўлены спектакль «Маналогі. Вечар Слова», паэтычны спектакль па вершах Лесі Украінкі (рэжысёр С. В. Пасічнык). Харкаўскім тэатрам імя Тараса Шаўчэнкі быў пастаўлены спектакль «Адвакат Марціян» (рэжысёр С. В. Пасічнык).

  • Леся Украинка. Собрание сочинений в 3-х тт. М. 1950. (Рецензія П. О. в Літ.-Наук. Збірнику УВАН, кн. 1. Нью-Йорк 1952) (руск.)
  • Spirit of Flame. A Collection of the Works of Lesya Ukrainka. Translated by Percival Cundy. Foreword by Clarence A. Manning. Нью-Ёрк 1950. (англ.)

Беларускія пераклады

[правіць | правіць зыходнік]

На беларускую мову яе творы пераклалі Эдзі Агняцвет, Анатоль Астрэйка, Мікола Аўрамчык, Артур Вольскі, Анатоль Вялюгін, Юрка Гаўрук, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Сяргей Дзяргай, Хведар Жычка, Ніна Загорская, Іван Калеснік, Уладзімір Корбан, Еўдакія Лось, Піліп Пестрак, Паўлюк Прануза, Язэп Семяжон, Валерый Стралко, Мікола Хведаровіч і іншыя[23][24].

  • Вершы і паэмы / Леся Украінка. — Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1957. — 254, [1] с., [1] л. партр.
  • Лясная песня: драма-феерыя ў 3 дзеях / Леся Украінка. — Мінск : Беларусь, 1971. — 126, [1] с.
  • Лясная песня: Драма-феерыя, вершы / Леся Украінка — Мн.: Юнацтва, 1996.
  • Адно слова. Якуцкая паэма: паэмы / Леся Украінка. — Самвыдат. — Койданава : Алесь Баркоўскі, 2014. — [1], 21 л.

Зноскі

  1. Lesya Ukrainka // Find a Grave — 1996. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Lessja Ukrajinka // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Lesia Ukrainka // Store norske leksikon — 1978. — ISSN 2464-1480
  4. https://dlibra.kul.pl/dlibra/publication/66784/edition/62738/content — С. 1.
  5. рускай мовай напісаныя літаратурна-крытычныя артыкулы «Два кірункі ў найноўшай італьянскай літаратуры», «Маларускія пісьменнікі на Букавіне», «Новыя перспектывы і старыя цені», «Нататкі аб найноўшай польскай літаратуры», «„Міхаэль Крамер“. Апошняя драма Гергарта Гаўптмана»
  6. французскай мовай напісаны артыкул «Голас рускага зняволенага»
  7. Спогади про Лесю Українку. — К. : «Дніпро», 1971 г., стар. 42
  8. Спогади про Лесю Українку. – К. : «Дніпро», 1971 г., стар. 81
  9. Спогади про Лесю Українку. – К. : «Дніпро», 1971 р., стар. 36
  10. Косач-Кривинюк О. Хронологія життя і творчості Лесі Українки. – Інстытут літаратуры імя Т. Шаўченкі АН УССР, аддзел рукапісаў, ф. 107
  11. Спогади, с. 48
  12. Спогади, с. 44).
  13. Деятели, Т. 2. Вып. 2. с. 659
  14. Косач-Кривинюк О. Хронологія життя і творчості Лесі Українки. — Інстытут літаратуры імя Т. Шаўченкі АН УССР, аддзел рукапісаў, ф. 107
  15. Ліст Лесі Украінкі да А. П. Косач (сястры) ад 19 сакавіка 1907 г.
  16. Ліст Лесі Українкі да сям’і Косачаў ад 15 сакавіка 1907 г.
  17. Ліст Лесі Украінкі да А. П. Косач (маці) ад 25 ліпеня 1907 г.
  18. Лісты Лесі Украінкі да бацькоў ад 10 і 17 жніўня 1907 г.
  19. Ліст Лесі Украінкі да сям’і Касачоў ад 29 красавіка 1907 г.
  20. Ліст Лесі Украінкі да О. П. Косач (маці) ад 10 верасня 1907 г.
  21. Київ: Енциклопедичний довідник / За редакцією Кудрицкого А. В. — К.: Головна редакція Української Радянської Енциклопедії, 1981. — 736 с., іл.
  22. Марія Загайкевич. Про балет «Лісова пісня» // «Лісова пісня». Праграмка да выставы. — Выданне Нацыянальнай оперы Украіны імя Тараса Шаўчэнкі. — Кіеў, 2009.
  23. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
  24. Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
  • Франко І. «Леся Українка». ЛНВ, т. III, Л. 1898, кн. 7
  • Забужко О. Notre Dame d’Ukraine: Українка в конфлікті міфологій. — К. 2007
  • Зеров М. Леся Українка. X. — К. 1924
  • Музичка А. Леся Українка, її життя, гром. діяльність і поетична творчість. О. 1925
  • Драй-Хмара М. Леся Українка. Життя і творчість. К. 1926
  • Леся Українка. Публікації. Статті. Дослідження, т. І — III. 1954 — 60
  • Одарченко П. Леся Українка і М. П. Драгоманов. Нью-Йорк 1954
  • Бабишкін О. і Курашова В. Леся Українка. Життя і творчість. К. 1955
  • Бабишкін О. Драматургія Лесі Українки. К. 1963
  • Журавська І. Леся Українка та зарубіжні літератури. К. 1963
  • Спогади про Лесю Українку. К. 1963. 2 вид. 1971
  • Денисюк І., Міщенко Л. Дивоцвіт. Джерела і поетика «Лісової пісні» Лесі Українки. Л. 1963
  • Аврахов Г. Художня майстерність Лесі Українки. К. 1964
  • Кулінська Л. Поетика Лесі Українки. К. 1967
  • Сверстюк Є. «На полі чести». В кн. Є. Сверстюк, «Собор у риштованні». Париж — Балтімор. 1970, стар. 106 — 12, а також у газ. Літературна Україна, ч. 61, 1963
  • Леся Українка. Документи і матеріали. 1871—1970. К. 1971
  • Кулінська Л. У світі ідей та образів. (Особливості поетики драми Лесі Українки). К. 1971
  • Костенко Л. Леся Українка. К. 1971
  • Дзюба І. «Та, що пильнувала ватри». (До 50-ої річниці з дня смерті Лесі Українки). У книзе Л. Українка. «Бояриня». Торонто 1971, стар. 110 — 28
  • Леся Українка. Публікації. Статті. Дослідження. К. 1973
  • Вишневська Н. Лірика Лесі Українки. Текстологічне дослідження. К. 1976
  • Кулінська Л. Проза Лесі Українки. К. 1976
  • Агеєва В. Поетеса зламу тисячоліть. Творчість Лесі Українки в постмодерній інтерпретації. — К.,2001
  • Олесь Ільченко про Леонардо да Вінчі, Карла Ліннея, Жюля Верна, Джона Рокфеллера, Лесю Українку, Вінстона Черчілля / О. Ільченко. — Київ : Грані-Т, 2007. — 92 с. : іл. — (Життя видатних дітей). — ISBN 978-966-2923-79-7