Перайсці да зместу

Каір

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Горад Каір)
Горад
Каір
القاهرة (al-Qāhira)
Сцяг
Сцяг
Краіна
Каардынаты
Кіраўнік
Абдэль Азім Муса Вазір
Заснаваны
6 ліпеня 969
Першая згадка
969
Плошча
214 км²
Вышыня цэнтра
23 м
Водныя аб’екты
Насельніцтва
7,7 млн. чалавек (2005)
Часавы пояс
Тэлефонны код
02
Паштовыя індэксы
11511–11668
Афіцыйны сайт
Каір на карце Егіпта
Каір (Егіпет)
Каір
Каір (Егіпет)
Каір

Каі́р (араб. القاهرة‎‎; al-Qāhirah) — сталіца Егіпта і найбуйнейшы горад у арабскім свеце і Афрыцы, і 16-ы найбуйнейшы мегаполіс у свеце[1][2]. Горад быў заснаваны ў 969 годзе нашай эры і на сённяшні момант яго гісторыя мае звыш тысячы гадоў. Сваю мянушку «горад тысячы мінарэтаў» Каір атрымаў за перавагі ісламскай архітэктуры, горад ужо даўно з’яўляецца цэнтрам палітычнага і культурнага жыцця рэгіёна. Каір быў заснаваны дынастыяй Фатымідаў у X стагоддзі нашай эры, аднак на сённяшні момант тэрыторыя сучаснага горада ўключае ў свой склад месцы былой нацыянальнай сталіцы, чые рэшткі застаюцца бачнымі ў некаторых частках Старога Каіра. Каір таксама цесна звязаны са Старажытным Егіптам з-за сваёй блізкасці да старажытных гарадоў Мэмфіс, Гізы і Фустата, якія месцяцца непадалёк ад Вялікага Сфінкса і пірамід Гізы.

Егіпцяне сёння часцяком называюць горад як Маср (араб. مصر‎‎), што ў арабскім вымаўленні азначае імя самога Егіпта, падкрэсліваючы, такім чынам, што горад мае велізарны егіпецкі ўплыў на працягу ўсёй гісторыі існавання горада[3][4]. Каір з’яўляецца найстарэйшым і найбуйнейшым цэнтрам кіна- і музычнай індустрыі ў арабскім свеце, а таксама мае другую паводле ўзросту ўстанову вышэйшай адукацыі ў свеце, універсітэт аль-Азгар. Многія міжнародныя СМІ, прадпрыемствы і арганізацый маюць рэгіянальныя штаб-кватэры ў горадзе. Штаб-кватэра Лігі арабскіх дзяржаў знаходзілася ў Каіры на працягу большай часткі існавання арганізацыі.

Пры насельніцтве ў 6,76 млн чалавек[5] горад месціцца на тэрыторыі 453 км², што робіць Каір, безумоўна, самым буйным горадам у Егіпце. Разам з яшчэ дзесяццю мільёнамі жыхароў, якія жывуць у непасрэднай блізкасці ад горада, Каір знаходзіцца ў цэнтры найбуйнейшай агламерацыі ў Афрыцы і з’яўляецца адзінаццатай паводле велічыні гарадской тэрыторыяй у свеце[6]. Каір, як і многія іншыя мегаполісы, пакутуе ад высокага ўзроўню забруджвання і трафіку, але яго метрапалітэн, адзіны на афрыканскім кантыненце пасля алжырскага метрапалітэна, пачаў працу з 1 лістапада 2011 года. Ён таксама ўваходзіць у лік пятнаццаці самых загружаных у свеце[7], з перавозкай звыш за 700 млн пасажыраў штогод. Эканоміка Каіра займае першае месца на Блізкім Усходзе[8], і 43-е ў сусветным маштабе паводле інфармацыі глабальнага рэестру гарадоў[9].

Першапачаткова Каір размяшчаўся не на беразе Ніла. На поўдзень ад горада знаходзілася сталіца тагачаснага Егіпта — Мемфіс, які быў заснаваны ў ХХІХ стагоддзі да н. э. Першым паселішчам, якое з’явілася на месцы будучага Каіра, быў рымскі форт, які быў заснаваны ў 150 годзе н. э. Вакол форта з’явілася невялікае паселішча, у якім жылі копты. У 642 годзе арабскія войскі (пад кіраўніцтвам Амр Ібн аль-Аса) заваявалі форт і ўмацавалі яго. Паселішча вакол яго пачало хутка расці. Хутка тут з’явілася першая ў Афрыцы мячэць.

Паступова паселішча пераўтварылася ў горад. З 973 года Каір стаў сталіцай Фацімідскага халіфата. У гэтыя гады горад стаў цэнтрам арабскай філасофіі і навукі. Універсітэт Аль-Азгар стаў галоўным цэнтрам ісламскіх штудыяў. У 1517 годзе Каір быў заваяваны Асманскай імперыяй. У 1798 годзе Егіпет быў заваяваны войскамі Напалеона. Але французская акупацыя скончылася праз тры гады. У 1851 годзе Каір быў злучаны чыгункай з Александрыяй. Значны ўплыў на развіццё горада аказала і будаўніцтва Суэцкага канала, пасля яго пабудовы ўсё больш еўрапейцаў пачало сяліцца ў горадзе. У 1860-х гадах наступіў эканамічны бум, звязаны з гандлем бавоўнай.

Тагачасны ўладар Мухамед Алі, замест таго каб рэстаўраваць горад, пачаў будаваць новыя кварталы на захад ад старога горада. Для забудовы горада былі нанятыя французскія архітэктары. Былі пабудаваныя багатыя вілы і міністэрскія сядзібы. У новым горадзе пачалі ездзіць трамваі. Пасля брытанскай акупацыі, а потым і каланізацыі забудова горада працягвалася. Пасля пабудовы новага канала Каір пачаў разрастацца і ў бок пустыні. Хуткімі тэмпамі расло насельніцтва. Каір прыцягваў як мясцовых сельскіх жыхароў, так і еўрапейцаў. Падчас вайны з Ізраілем ў ХХ стагоддзі насельніцтва горада значна ўзрасло за кошт бежанцаў з Сінаю.

Сучасны Каір — гэта цэнтр ісламскага свету, дзякуючы ўніверсітэту Аль-Азгар. З ХІХ стагоддзя Каір стаў цэнтрам турызму, дзякуючы блізкасці вядомых мясцін і вялікай колькасці музеяў.

Вуліца ў ісламскай частцы горада

Каір знаходзіцца на поўначы Егіпта, часткі вядомай як Ніжні Егіпет, у 165 кіламетрах на поўдзень ад Міжземнага мора і у 120 кіламетрах на захад ад Суэцкага заліва і Суэцкага канала[10]. Уздоўж горада цягнецца рака Ніл, аднак на поўдні горада рака пакідае свае пустынныя даліны і разветліваецца ў нізінным рэгіёне дэльты Ніла. Нягледзячы на тое, што сталіца распасціраецца ад Ніла ва ўсіх кірунках, горад знаходзіцца толькі на ўсходнім беразе ракі і мае два вострава, а таксама агульную плошчу ў 453 км²[11]. Да сярэдзіны XIX стагоддзя, калі рака была прыручана плацінамі, дамбамі і іншымі элементамі кіравання ракой, Ніл у раёне Каіра быў вельмі ўстрымальны да змен кірунку і ўзроўню вады. За гэтыя гады, Ніл паступова ссоўваецца на захад.

З-за руху Ніла, новая частка горада, як то раёны Гардэн-Сіці, цэнтр горада Каіра, і Замалек, размешчаны бліжэй за ўсё да берага ракі. Гэта вобласці, у якіх месціцца большасць пасольстваў Каіра, акружаныя на поўначы, усходзе і поўдні старой часткай горада. Стары Каір, размешчаны на поўдзень ад цэнтра, мае рэшткі старажытнага горада Фустат і з’яўляецца сэрцам копцкай хрысціянскай абшчыны Егіпта і называецца копцкім Каірам. Раён Булак, які знаходзіцца ў паўночнай частцы горада, быў пабудаваны ў XVI стагоддзі як порт, а ў цяперашні час з’яўляецца буйным прамысловым цэнтрам. Каірская крэпасць размешчана на ўсход ад цэнтра горада вакол ісламскага Каіра. Яе гісторыя ўзыходзіць да эпохі Фатымідаў і часоў заснавання горада. Нягледзячы на тое, што ў заходнім Каіры дамінуюць шырокія бульвары, адкрытыя прасторы і сучасная еўрапейская архітэктура, усходняя палова горада павялічвалася выпадкова і бессістэмна на працягу стагоддзяў, у ёй пераважаюць дробныя завулкі, перапоўненыя шматкватэрныя дамы і ісламская архітэктура. Новая частка горада размяшчаецца на ўсход, займаючы даўнія сельскагаспадарчыя тэрыторыі. Гэтыя кварталы былі пабудаваныя ў асноўным у ХІХ стагоддзі, тут шмат шырокіх вуліц, зелені і адкрытых плошчаў. У старой частцы горада вельмі густая забудова, невялікія крывыя вуліцы, якія часта канчаюцца тупікамі. Большая частка офісаў і дзяржаўных устаноў знаходзяцца ў заходняй частцы горада, а ва ўсходняй частцы знаходзяцца амаль усе мячэці Каіра.

Горад разрастаецца і ў пустыню. Масты злучаюць абодва берага Ніла, злучаючы астравы Гезіра і Рода з берагамі. На захад ад Каіра знаходзяцца вядомыя старажытнаэгіпэцкія помнікі — Сфінкс і Вялікія Піраміды, а ў 18 км ад Каіра знаходзяцца руіны старажытных гарадоў Мемфіса і Сакры. Паўночная і крайняя ўсходняя частка Каіра, якія ўключаюць у сябе гарады-спадарожнікі, з’яўляюцца аднымі з самых апошніх дапаўненняў да горада, бо яны былі распрацаваны ў канцы XX і пачатку XXI стагоддзяў для размяшчэння насельніцтва горада, якое кожны год стала павялічваецца. Заходні бераг Ніла звычайна ўключаецца ў гарадскі раён Каіра, аднак яго паселішчы з’яўляюцца часткай горада Гіза і Гізаўскай правінцыі. Гіза таксама зведала значнае пашырэнне ў апошнія гады, і сёння горад з’яўляецца горадам-спадарожнікам Каіра, маючы насельніцтва ў 2,7 млн чалавек[11].

Каір размешчаны на шыраце прыкладна 30 градусаў ад экватара і знаходзіцца на паўднёвай мяжы субтрапічнага поясу. Зіма ў горадзе цёплая, лета — спякотнае, тэмпература нярэдка перавышае 40 градусаў. Днём узімку тэмпература звычайна перавышае 20 градусаў, уначы халадней да 10 градусаў, часта — да 5, зрэдку замаразкі. Паколькі горад знаходзіцца ля пустыні Сахары, ападкі выпадаюць вельмі рэдка, бо клімат з’яўляецца засушлівым, але калі ж выпадаюць, то вельмі інтэнсіўна, часцяком выклікаючы навадненні.

Клімат Каіра
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 31,0 36,1 39,6 43,0 44,4 47,8 44,3 41,4 43,0 41,1 37,2 32,5 47,8
Сярэдні максімум, °C 18,9 20,4 23,5 28,3 32,0 33,9 34,7 34,2 32,6 29,2 24,8 20,3 27,8
Сярэдняя тэмпература, °C 14,0 15,0 17,6 21,5 24,9 27,0 28,4 28,2 26,6 23,3 19,5 15,4 21,8
Сярэдні мінімум, °C 9,0 9,7 11,6 14,6 17,7 20,1 22,0 22,1 20,5 17,4 14,1 10,4 15,8
Абсалютны мінімум, °C 2,4 3,0 4,0 6,8 11,9 13,0 17,3 18,0 16,0 11,1 5,0 3,9 2,4
Норма ападкаў, мм 5,0 3,8 3,8 1,1 0,5 0,1 0,0 0,0 0,0 0,7 3,8 5,9 24,7
Крыніца: World Meteorological Organization, BBC Weather

Каір ва ўсіх адносінах з’яўляецца цэнтрам Егіпта, у тым ліку і ў сферы эканомікі, з часоў свайго заснавання ў 969 годзе нашай эры. Большасць гандлю краіны генеруецца ў горадзе альбо праходзіць праз яго. Большасць выдавецтваў і сродкаў масавай інфармацыі і амаль усе кінастудыі месцяцца ў Каіры, як і палова шпіталяў краіны і ўніверсітэтаў. Гэта спарадзіла бурнае будаўніцтва ў горадзе будынкаў, якія з’яўляюцца ў пяць разоў вышэйшымі за тыя, якія будавалі 15 гадоў таму. Гэты рост да нядаўняга часу рос у процівагу да гарадскіх сэрвісных службаў. Дарогі, электрычнасць, тэлефонная сувязь і каналізацыйныя паслугі з’яўляюцца ў дэфіцыце.

Каірскае таксі

Транспарт у Каіры ўключае ў сябе разгалінаваную сетку аўтамабільнай, чыгуначнай сістэмы, метрапалітэну і марскіх перавозак. Аўтамабільны транспарт у асноўным прадстаўлены асабістым транспартам, таксі, прыватнымі аўтобусамі, мікрааўтобусамі. Метрапалітэн, які афіцыйна называецца як «метро» (араб. مترو‎‎), з’яўляецца хуткім і эфектыўным спосабам руху ў горадзе, аднак у гадзіны пік у ім можа стаць вельмі шматлюдна. Два вагоны, то бок чацвёрты і пяты, зарэзерваваны толькі для жанчын, аднак яны могуць ездзіць у любым вагоне, якім яны хочуць.

Шырокая сетка дарог злучае Каір з іншымі егіпецкімі гарадамі і вёскамі. Існуе новая кальцавая аўтадарога, якая атачае ўскраіны горада, са з’ездамі, якія дасягаюць знешніх раёнаў Каіра. Ёсць некалькі эстакад і мастоў, як то мост шостага кастрычніка, які, калі трафік не цяжкі, дазваляе хутка пераадолець адлегласць з адной часткі горада ў іншую. Каірскі аўтамабільны гарадскі рух, як вядома, з’яўляецца вельмі перагружаным і перапоўненым[12]. Кіроўцы, як правіла, агрэсіўныя ў адносінах да іншых удзельнікаў руху, але на скрыжаваннях яны больш ветлівыя, па чарзе прапускаючы адзін аднаго. У больш густанаселеных рэгіёнах рух ажыццяўляецца з дапамогай кіравання паліцыі.

Дзеючы з 1945 года шматтэрмінальны і шматпалосны Каірскі міжнародны аэрапорт-хаб — адзін з самых загружаных на Блізкім Усходзе і галоўны ў краіне. З 1856 года дзейнічае каірскі вакзал Рамзеса першай у Афрыцы чыгуначнай сеткі. Ва ўсе гарады ніжняга Егіпта і на Сінай з Каіра ходзяць міжгароднія аўтобусы. У горадзе ёсць порт і некалькі прыстаняў для пасажырскага, турыстычнага і грузавога суднаходства па Ніле.

Першая цывілізацыя з’явілася ў рэгіёне чатыры тысячы гадоў таму ў часы Старажытнага Егіпта. З гэтага перыяду ў раёне існавалі старажытнаегіпецкая і грэчаская, вавілонская і рымская культуры, якія пакінулі свае адбіткі тут. Мусульмане з Аравійскага паўвострава, на чале з Амр ібн аль-Асам, шырока распаўсюдзілі іслам у Егіпце. Хедыва Мухамед Алі, са сваімі албанскімі сямейнымі каранямі, паставіў Егіпет на шляху да сучаснасці. Культурная сумесь у гэтым горадзе выглядае толькі натуральна, улічваючы ўсе аспекты ягонай спадчыны. Егіпет можна параўнаць з музеем пад адкрытым небам з помнікамі розных гістарычных эпох, якія сустракаюцца ў горадзе паўсюль.

Самыя вядомыя з музеяў у Каіры:

  • Каірскі егіпецкі музей
  • Копцкі музей
  • Музей ісламскага мастацтва
  • Музей сучаснага мастацтва
  • Ваенны музей
  • Этнаграфічны музей
  • Музей аль-Гезіра
  • Паштовы музей
  • Чыгуначны музей

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]
  • Сусветна вядомыя егіпецкія піраміды знаходзяцца на ўскраіне Гізы, паўднёва-заходняга прыгарада Каіра. З асноўнай часткай горада Гізу звязвае акруговая аўтамабільная дарога і шашы Al Ahram. У цяперашні час гарадская забудова падышла ўшчыльную да плато Гіза, і бліжэйшы дом знаходзіцца ўсяго толькі ў 200 метрах ад Сфінкса.
  • Непасрэдна над пірамідамі праходзіць авіятраса, якая вядзе да глісады каірскага аэрапорта, таму авіяпасажыры, чые самалёты садзяцца ў Каіры, маюць магчымасць перад пасадкай палюбавацца гэтымі цудамі святла.
  • На 18-мільённы Вялікі Каір прыпадае толькі 9 светлафораў, згодна з інфармацыяй на май 2008 года. Пры гэтым кіроўцы абсалютна спакойна едуць на чырвонае святло
  • На ўскрайку горада ёсць незвычайны квартал, вядомы як «Горад сметнікаў». Ён населены егіпецкімі хрысціянамі — коптамі, якія займаюцца зборам смецця са ўсяго горада і сартаваннем яго для другаснага выкарыстання. Адходы знаходзяцца паўсюль пасярод дамоў, на дахах і ў дварах, распаўсюджваючы па кварталах непрыемны пах. Гэты сямейны бізнес, які прыносіць яго ўдзельнікам неблагія, паводле мясцовых меркаў, даходы. У самай верхняй кропцы кварталу пабудаваны сучасны храма-рэлігійны комплекс, багата аздоблены і цудоўна абсталяваны. Кафедральны сабор, які размешчаны ў пячоры і тоўшчы скалы, змяшчае да 20 тысяч прыхажан.

Выбітныя ўраджэнцы і жыхары

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Santa Maria Tours (2009-09-04). «Cairo — „Al-Qahira“- is Egypt’s capital and the largest city in the Middle East and Africa». PRLog.
  2. «World’s Densest Cities». Forbes.
  3. Behrens-Abouseif, Doris (1992). «Islamic Architecture in Cairo» (2nd ed.). Brill. ISBN 978-90-04-09626-4, p. 8
  4. # Golia, Maria (2004). «Cairo: city of sand». Reaktion Books. ISBN 978-1-86189-187-7, p. 152
  5. Population and Housing Census 2006, Governorate level, Population distribution by sex Архівавана 24 студзеня 2009., Central Agency for Public Mobilisation and Statistics. Adjusted census result, as Helwan governorate was created on 17 April 2008 from a.o. parts of the Cairo governorate.
  6. «Demographia World Urban Areas & Population Projections», Demographia
  7. Mustafayev, Nicat (29 June 2009). «World metro systems by annual passenger rides» Архівавана 13 чэрвеня 2012.. en.apa.az.
  8. «The 150 Richest Cities in the World by GDP in 2005». CityMayors.com
  9. «The 2010 Global Cities Index» Архівавана 19 жніўня 2010.. Foreign Policy.
  10. «Cairo to Suez». WolframAlpha. Wolfram Research.
  11. а б Brinkhoff, Thomas. «Egypt: Governorates & Cities». City Population.
  12. «Al-Ahram Weekly. Features. Reaching an impasse» Архівавана 18 мая 2009.. Weekly.ahram.org.eg
  13. «New York City Global Partners» Архівавана 21 мая 2008.. The City of New York. 2010.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1998. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2