Перайсці да зместу

Гісторыя філасофскай думкі на Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гісторыя філасофскай думкі на Беларусі — дысцыпліна, якая вывучае гісторыю станаўлення, адметнасці, а таксама ўмовы і набыткі мыслення ў межах Беларускай прасторы. Канцэптуальна, з’яўляецца часткай шырэйшай дысцыплінарнасці — гісторыі еўрапейскай альбо заходняй філасофіі. У гэтых межах яна даследуе лакальны, рэгіянальны кантэкст заходняй філасофіі. Гісторыя беларускай філасофіі ўваходзіць у гісторыю філасофскай думкі на Беларусі і носіць канатацыі нацыянальнай філасофіі, што ёсць неабходнай часткай інтэлектуальных набыткаў гэтай дысцыпліны.

Канцэнтрацыя дысцыплінарнасці на лакальнай, рэгіянальнай традыцыі мыслення абумоўлівае тэрытарыяльную абмежаванасць даследавання. Згаданая абмежаванасць звязана з усходнееўрапейскім памежжам і ўключае тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі і Малдовы. Канцэптуальна, рэгіянальная традыцыя мыслення знаходзіцца на перакрыжаванні двух вектараў духоўнай дамінацыі: Поўнач — Поўдзень, Захад — Усход.

Характарыстыкі

[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівасці прасторы рэгіянальнай традыцыі мыслення абумоўліваюць шэраг характарыстык, якія з’яўляюцца адметнасцямі філасофскай думкі на Беларусі.

  • Прынцыповы полілінгвізм — рэгіянальная традыцыя мыслення характарызуецца адсутнасцю дамінантнай мовы. Празрыстасць і даступнасць дзвюх і больш моў для адукаванага насельніцтва згаданай тэрыторыі спарадзіла феномен полілінгвізму, калі рэгіянальнае мысленне выражалася на лацінскай, старажытнаславянскай, польскай, беларускай, украінскай, яўрэйскай, літоўскай, рускай і іншых мовах.
  • Памежнасць традыцыі — адметная асаблівасць рэгіянальнага мыслення, у якой закладзена ўзаемапранікненне больш гамагенных інтэлектуальных традыцый. Характарызуецца ўзаемаўплывам візантыйскай, лацінскай, праваслаўна-еўразійскай і іншых традыцый у межах аднаго рэгіёна.
  • Наднацыянальнасць — асаблівасць, якая апісвае прынцыповае несупадзенне межаў нацыянальных дзяржаў з рэгіёнам традыцыі мыслення. Дзякуючы гэтай асаблівасці, героі рэгіянальнай традыцыі мыслення з’яўляюцца сваімі для беларускай, польскай, літоўскай, украінскай, а часам і рускай гісторыі.
  • Перыферыйнасць — асаблівасць, якая ўвасабляецца ў кансервацыі філасофскай традыцыі ў мясцовым рэгіёне. Кожная новая традыцыя прыходзіць са спазненнем, а мінулая захоўваецца на доўгі тэрмін, кансервуецца і падтрымліваецца настолькі доўга, наколькі гэта магчыма.

Прыход філасофіі на беларускія землі неадрыўна звязаны з пісьменнасцю. Культурны і інтэлектуальны ўплыў Візантыі, які адбываўся як праз хрысціянізацыю, так і праз увядзенне пісьма, прынёс не толькі інтэлектуальную спадчыну айцоў царквы, але і набыткі старажытнагрэчаскай філасофіі. Інтэлектуальная дамінацыя, якая ўзнікла на аснове сінтэзу платанізму, арыстоцелізму і філасофіі айцоў царквы, набыла сваю адметнасць у рэгіёне дзякуючы постацям Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага.

Кірыл Тураўскі
Тытульны ліст кнігі Т. Білевіча «Рацыянальная філасофія…», 1675 г.

Дадзены перыяд характарызуецца дамінацыяй хрысціянскай праблематыкі, дзе не апошняе месца займала крытыка язычніцтва і грэчаскай філасофіі. Дзякуючы гэтаму, мясцовыя інтэлектуалы спрычыняюцца да традыцыі старажытнагрэчаскай філасофіі, чытаючы як вытрымкі, так і каментары да Платона і Арыстоцеля.

Эпоха Адраджэння

[правіць | правіць зыходнік]

Эпоха заняпаду Сярэднявечча (Рэнесанс, Адраджэнне), якая найбольш звязана з поўднем Еўропы і лакалізуецца ў Італіі, ажыццяўляла ўплыў на рэгіянальную традыцыю мыслення. Дамінантай гэтага перыяду з’яўляецца разняволенне свецкасці, а таксама спалучэнне філасофскіх і сацыяльна-палітычных ідэй, што было не характэрна для росквіту Сярэднявечча.

Найбольш яскравай праявай Адраджэння ў лакальнай традыцыі з’яўляецца постаць Францыска Скарыны, які пераклаў і выдаў Біблію, а таксама змясціў прадмову і ўласныя каментары. Безумоўным набыткам Адраджэння з’яўляюцца Статуты ВКЛ, а таксама лацінскамоўная творчасць Міколы Гусоўскага.

Эпоха рэфармацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Філасофія позняга Рэнесансу (Паўночны Рэнесанс, Рэфармацыя) выявілася ў дзвюх надзвычайна істотных для рэгіянальнай традыцыі мыслення пазіцыях. Першая пазіцыя заключалася ў перакладзе рэлігійнай літаратуры на лакальную мову, а таксама наданне асаблівай увагі канцэпту «свабоды» (Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Волан). Другая пазіцыя заключалася ў росквіце палемічнай літаратуры, дзе мысленне ў форме дыспуту спрабавала выявіць кропкі супадзення і раз’яднання шматлікіх канфесій рэгіёна (Мялецій Сматрыцкі, Стэфан Зізаній, Афанасій Філіповіч, Пётр Скарга, Іпацій Пацей, Я. Руцкі).

Контррэфармацыя і другая схаластыка

[правіць | правіць зыходнік]

Рэфармацыя, якая стала асноўнай небяспекай для каталіцтва ў Еўропе, выклікала да жыцця ордэн езуітаў, які змагаўся з ерэтычнымі праявамі сіламі лацінскай адукацыі і мыслення. Набраўшы вагі ў Еўропе, ордэн езуітаў дасягнуў і перыферыйных арэалаў, адным з якіх быў мясцовы кантэкст. Стварыўшы найбольш разгалінаваную сістэму адукацыі, езуіты сталіся асноўнай адукацыйнай сілай рэгіёна. Менавіта з гэтым звязана актуалізацыя лацінскай мовы ў філасофскім і навуковым жыцці, а таксама вяртанне сярэднявечнай рэлігійнай праблематыкі, што выявілася ў феномене Другой схаластыкі (Мацей Сарбеўскі, А. Каяловіч, Т. Білевіч і інш.).

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта і касцёл Св. Янаў (1840-1850-я)

Змена інтэлектуальнай парадыгмы ў Еўропе, калі інтэлектуальнае першынство ад універсітэцкіх прафесараў перайшло да інтэлектуальных герояў, якія раней стаялі на маргінэсе філасофскага жыцця (Дэкарт, Спіноза, Лейбніц), спарадзіла ў мясцовым кантэксце спробу сінтэзу ўніверсітэцкай схаластыкі з набыткамі новай філасофскай плыні (А. Скаульскі, С. Шаурскі і інш.). Папулярным робіцца канцэпт эксперыменту, што знаходзіць сваё яскравае выяўленне ў пастаноўцы навуковых эксперыменаў (фізіка) у маёнтках шляхты.

Асветніцтва, як і іншыя філасофскія эпохі, у мясцовым кантэксце таксама набывала перыферыйны кшталт. З’явілася як рэакцыя на інтэлектуальны выклік новага філасофскага напрамку, галоўнай постаццю якога выявіўся Імануіл Кант. Цэнтрам асветніцтва стаў Віленскі ўніверсітэт, у сценах якога схаластычныя набыткі ўніверсітэцкай навукі спалучалі з вывучэннем пазітыўнай навукі. У дачыненні да новай філасофскай плыні прафесура была падзелена на крытыкаў (Б. Дабшэвіч, А. Снядэцкі, Я. Снядэцкі, А. Доўгірд) і паслядоўнікаў (І. Быхавец, Ю. Галухоўскі).

Падзелы Рэчы Паспалітай, а таксама закрыццё Віленскага ўніверсітэта прывяло да расцякання рэгіянальнай традыцыі мыслення па інтэлектуальных цэнтрах Расійскай Імперыі (Варшава, Пецярбург, Масква). Тое ж стала прычынай змены шляху пранікнення актуальных філасофскіх плыняў у перыферыйную прастору мясцовага рэгіёна. Гэтым разам пранікненне адбывалася не праз Захад, але праз Расію. Выразнікамі рамантызму робяцца Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч. Як і паўсюль, мясцовы рамантызм з далікатнасцю ставіцца да фальклору, эксплуатуе тэму народных павер’яў, а таксама звяртаецца да нацыянальнай праблематыкі (вяртанне літвінізму).

Сацыяльна-дэмакратычны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Актуалізацыя сацыяльна-дэмакратычнай праблематыкі ў Еўропе прыводзіць да з’яўлення гэтай плыні і ў мясцовым арэале. Пасярэдніцтва зноў адбываецца праз Пецярбург і Маскву. Папулярнасць набывае праблематыка вызвалення і сацыяльнай роўнасці. У той жа час, адметнай з’яўляецца ўвага да нацыянальнай лучнасці з вызваленнем, што стварае ўмовы для развіцця не чыстай сацыяльнай праблематыкі, а антыкаланіяльнага мыслення (Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Ігнат Абдзіраловіч). Той жа посткаланіяльны вектар абумовіў канчатковае сепарыраванне, драбленне рэгіянальнай інтэлектуальнай традыцыі на шэраг нацыянальных, а менавіта польскай, беларускай, літоўскай і ўкраінскай.

Варта заўважыць, што шэраг вучоных, мысляроў і філосафаў увогуле лічылі сябе часткай агульнарускай традыцыі, хоць даследавалі рэгіянальную праблематыку (Адам Міцкевіч, Міхаіл Восіпавіч Каяловіч і інш.).

Францішак Багушэвіч

Беларуская савецкая філасофія

[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская савецкая філасофія стала вынікам інстытуцыяналізацыі філасофскай думкі і філасофскіх даследаванняў, што выявілася ў адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1921) і Інстытута філасофіі Акадэміі навук БССР (1931). Такая інстытуцыянальная падзеленасць афармляецца ў падвоены вектар даследавання і дзейнасці гэтых устаноў. Калі для БДУ асноўным напрамкам развіцця з’яўляецца агульнаадукацыйны кантэкст філасофіі (філасофіі як дысцыплінарнасці, для патрэбаў выкладання), то Інстытут філасофіі больш канцэнтруецца на нацыянальных акалічнасцях філасофіі, іншымі словамі, даследуе гісторыю рэгіянальнага кантэксту мыслення (Дарашэвіч, Конан, Майхровіч, Падокшын і інш.)

У сваю чаргу, навуковы напрамак БДУ таксама дзеліцца на два вектары даследавання, што не ў апошнюю чаргу звязана было з адрознасцю навуковай праблематыкі дзвюх кафедраў: кафедра філасофіі і логікі (цяпер кафедра філасофіі культуры) і кафедра філасофіі (цяпер кафедра філасофіі і метадалогіі навукі). Найбольшы росквіт, а таксама вызначэнне напрамку інтэлектуальных вышукаў не ў апошнюю чаргу звязана з загадчыкамі гэтых кафедр (А. А. Міхайлавым і В. С. Сцёпіным). Такім чынам, кафедра Анатоля Міхайлава сфакусавалася на гісторыка-філасофскім кантэксце (адукацыя), а Вячаслава Сцёпіна — на метадалогіі навукі.

Сучасная філасофія на Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная беларуская філасофія неад’емна звязана з беларускай савецкай філасофіяй. Яе інтэлектуальныя падзелы і факусіроўка праблематыкі наўпрост звязаны з інстытуцыянальным падзелам беларускай савецкай філасофіі.

Пасля знікнення СССР большасць даследчыкаў знаходзілася ў разгубленасці. З аднаго боку, частка мусіла далей паразітаваць на савецкім варыянце марксісцкай філасофіі. Далей гэты кірунак выліўся ў дзяржаўную беларускую ідэалогію.[крыніца?] Астатнія вымушаны былі шукаць новыя шляхі развіцця філасофскай думкі.

Інстытут філасофіі сканцэнтраваўся на беларускім кантэксце, а менавіта на больш грунтоўным даследаванні беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Гэта спарадзіла такія інтэлектуальныя плыні, як філасофія памежжа (Ігар Бабкоў) і этнакасмалогія (Сяргей Санько).

У межах адукацыйнай парадыгмы кафедральны падзел замацаваўся ў больш трывалы, універсітэцкі. Створаны Анатолем Міхайлавым Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт сканцэнтраваўся на даследаваннях у рэчышчы сучаснай еўрапейскай філасофіі (Уладзімір Фурс, Таццяна Шчытцова, Вольга Шпарага і інш.) — заходні вектар штудый, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, наадварот, аддаў прыярытэт філасофіі навукі і ўсходняму вектару штудый.

Апроч інстытуцыянальнага абшару філасофіі на Беларусі, нацыянальнае адраджэнне выштурхнула на паверхню адметную форму мыслення — беларускую філасофію, асаблівасцю якой з’яўляецца даследаванне мясцовага кантэксту, пільная ўвага да гісторыі філасофіі рэгіёна, а таксама беларуская мова як асноўны інструмент мыслення (Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Пётр Рудкоўскі і інш.).

  • Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Эпоха Сярэднявечча / В. Б. Евароўскі [і інш.]; рэд. кал.: В. Б. Евароўскі [і інш.]; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т філасофіі. — Мінск: Беларус. навука, 2008. — 578 с. ISBN 978-985-08-0967-4.