Перайсці да зместу

Сцерлядзь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сцерлядзь
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Acipenser ruthenus Linnaeus, 1758

Ахоўны статус
Знаходзяцца ва ўразлівым становішчы
Уразлівыя
IUCN 3.1 Vulnerable : / 227

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  161079
NCBI  7906
EOL  211359

Сце́рлядзь, мясцовая назва чачуга (Acipenser ruthenus) — від рыб сямейства асятровых.

Сцерлядзь самыя маленькая і адзіная цалкам прэснаводная з асятровых рыб. Звычайная мае даўжыню 40-60 см і вагу 0,3-1,0 кг. Цела вераценападобнае, пакрытае дробнымі касцявымі пласцінкамі. Уздоўж тулава маецца пяць шэрагаў буйных касцявых пласцінак. Спінныя пласцінкі датыкаюцца адна да адной, бакавыя — шчыльна прыціснуты паміж сабой. Грудныя плаўнікі ў сцерлядзі доўгія, шырокія. Спінны і анальны плаўнікі — невялікія, пасунуты назад. Хваставы плаўнік асіметрычны. На сярэдзіне рыла паміж вачамі і верхнім краем жабернай шчыліны маецца невялікая адтуліна, якая характэрна толькі для асятровых рыб. Рот размешчаны на ніжнім баку галавы і мае мясістыя губы. З іх дапамогаю сцерлядзь можа высоўваць яго вонкі і захопліваць ежу. Наперадзе рота маюцца чатыры вусікі. Спіна сцерлядзі цёмна-бурая, бруха жаўтаватае або белаватае, плаўнікі шэрыя.

Сустрэць сцерлядзь можна ў басейнах рэк Чорнага, Каспійскага мораў, а таксама ў шэрагу сібірскіх рэк.

Да пачатку XX стагоддзя сцерлядзь з’яўлялася звычайнай прамысловай рыбай у большасці беларускіх рэк басейна Чорнага мора. Яшчэ ў першай палове ХХ стагодзя яна была досыць шматлікай у Бярэзіне і з’яўлялася прамысловым відам. Зараз сустракаюцца толькі асобныя экзэмпляры (напрыклад, у Бярэзінскім запаведніку, басейне Дняпра, Сожа і г. д.).

З сярэдзіны XIX стагоддзя праводзілася акліматызацыя волжскай сцерлядзі ў рэках Вілія, Нёман, Заходняя Дзвіна, але беспаспяхова. У 1948—1954 гадах у Заходнюю Дзвіну (у межах Латвіі) і Нёман (у межах Літвы) было выпушчана 5000 малявак сцерлядзі. Аднак, у выніку шматгадовых назіранняў адзначалася толькі памяншэнне іх колькасці. На тэрыторыю Беларусі на нераст рыбы не заходзілі. Пазней спробы зарыблення сцерляддзю праводзяцца на рацэ Прыпяць.

У садковых гаспадарках вырошчваецца адносна непатрабавальны гібрыд сцерлядзі і бялугі — бесцер.

Біялагічныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]
Паштовая марка Беларусі

Жыве сцерлядзь ля дна рэк у самых глыбокіх месцах — праточных ямінах з пясчаным або галечным дном. У стаячыя воды заходзіць толькі ў час кармёжкі. Прычым зімуе яна ў нізоўі рэк. Вясной падымаецца ў іх вярхоўі. На гэта ім патрабуецца 4-5 тыдняў. Сілкуецца галоўным чынам ракападобнымі, чарвякамі, лічынкамі хіранамід і іншымі насякомымі.

Нерасціцца таксама на вялікай глыбіні пры высокім узроўні вады ў другой палове красавіка — пачатку траўня. Тэмпература ў рацэ пры гэтым павінна быць не меней 10 °C. Ікрынкі вельмі моцна прыклейваюцца да субстракта. Лічынкі з’яўляюцца ў ікрынках праз 6-9 дзён і спачатку сілкуюцца за кошт жаўтка. Малькі першы час трымаюцца ля нерасцілішча і толькі як трошку падрастуць пачынаюць выходзіць на заіленыя ўчасткі, дзе маецца болей корму.

Па меры таго, як у рацэ падае ўзровень вады, сцерлядзь паступова пачынае перамяшчацца з вярхоўяў у нізоўі. Гэты працэс распачынаецца на пачатку лета і сканчваецца глыбокай восенню. Расце сцерлядзь вельмі хутка. Так, ужо да першай восені яна дасягае 15-20 см пры вазе 75-100 г. Працягвае яна расці хуткімі тэмпамі і ў далейшыя гады.

Памятная манета Беларусі
Памятная манета Беларусі

З 1981 года від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Зубр еўрапейскі Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
 I катэгорыя (CR)