Хурыты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хурыты
Выява на мітанійскай цыліндрычнай пячатцы
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Блізкі Усход
Мова хурыцкая
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы урарты, магчыма субарэі

Хуры́ты  — старажытныя плямёны, па сваёй мове роднасныя урартам.

Хурыты вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Паўночнай Месапатаміі і на левых прытоках ракі Тыгр, у 2-м тыс. да н.э. таксама ў верхнім і сярэднім цячэнні ракі Еўфрат, у Сірыі, у гарах Таўра, месцамі ў Палесціне і інш. Xурытаў звязваюць з кура-аракскай культурай. Лічыцца, што цэнтрам іх распаўсюджання было Закаўказзе. У Сірыі і Месапатаміі жылі ўперамежку з семітамі.

У XVIXIII ст. да н.э. хурыты заснавалі ў Паўночна-Заходняй Месапатаміі дзяржаву Мітані і паўплывалі на Хецкае царства. У 1-м тыс. да н.э. жылі разарванымі арэаламі па заходніх, паўночных і ўсходніх ускраінах Армянскага нагор’я.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Першыя даследчыкі Мітані прынялі хурытаў за індаеўрапейцаў, паколькі ў тэкстах гэтай дзяржавы сустракаліся індаарыйскія імёны людзей і багоў. Аднак далейшыя даследаванні паказалі, што хурыцкая мова была звязана з урарцкай, але не з індаеўрапейскімі, а індаарыйскія імёны сустракаюцца толькі сярод вышэйшых колаў Мітані.

У нашы дні разглядаюцца тры асноўныя версіі паходжання хурытаў і ўрартаў:

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Леў і каменная пліта з самым раннім вядомым тэкстам на хурыцкай мове, 21 ст. да н.э., Уркеш. Цяпер захоўваецца ў Луўры.

Матэрыялы для вывучэння хурыцкай мовы: надпіс хурыцкай жрыцы Цішары з Уркіша (3-е тыс. да н.э.), рэлігійныя тэксты з Мары і Вавілоніі, акадска-хурыцкія білінгвы (двухмоўныя тэксты) і фрагменты шумерска-хурыцкага слоўніка з Угарыта, рэлігійна-літаратурныя тэксты з Хатусаса (гл. Багазкёй; 2-е тыс. да н.э.) і інш.

У сваёй пісьменнасці карысталіся рознымі відамі клінапісу.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Рэлігія хурытаў была політэістычнай, заснаванай на веры ў шматлікіх багоў.

Міфалогія, культы і рытуалы хурытаў не з’яўляліся чымсьці аднастайным, не было адзінай сістэмы[1]:87. Хурыты актыўна пераймалі ў свой пантэон багоў іншых народаў або атаяснялі іх з ужо наяўнымі. Асабліва актыўна яны ўзаемадзейнічалі з месапатамскім пантэонам[1]:87.

Існавалі агульнапрызнаныя ва ўсіх хурытаў божаствы, напрыклад Тэшуп (бог буры і цар астатніх багоў[1]:88). Самая галоўная багіня хурытаў — Шавушка. У яе падпарадкаванні былі пытанні цялеснага кахання і войны[1]:89. Што характэрна, у Царстве Мітані яе наогул шанавалі як вярхоўную багіню[1]:90. Богам Сонца і Месяца быў Шыміке[1]:92. Да найстаражытнейшых запазычаных багоў адносіцца Нерыгал[1]:94.

Да дахурыцкіх, аднак шанаваных хурытамі багоў можна аднесці бога вайны Аштабі[1]:97. Існавалі ў хурыцкім пантэоне і так званыя падземныя багі[1]:97.

Найбольш важныя багі:

  • Кумарбі — вышэйшы бог, заступнік Уркеша.
  • Хепат — багіня жыцця, звязаная з культам мацярынства.
  • Тэшуб — бог надвор’я, блізкі па функцыях да ўрарцкага бога Тэйшэба.
  • Шаушка — багіня ўрадлівасці. Культ Шаушкі блізкі да культу Іштар.
  • Шымегі — бог сонца.

У дзяржаве Мітані вышэйшыя колы таксама шанавалі індаарыйскіх багоў.

Міфалогія[правіць | правіць зыходнік]

Магчымасці вывучэння хурыцкай міфалогіі абмежаваныя крыніцамі з Хатусы[1]:99. Большасць хурыцкіх міфаў дайшла да нас на хецкай мове.

У цэнтры даступнай нам хурыцкай міфалогіі стаіць уяўленне пра чаргаванне пакаленняў багоў і іх спадчыннасць[1]:100. Цікавым прадстаўніком хурыцкай міфалогіі з’яўляецца «Песня пра царства ў нябёсах», якая апавядае пра ўсталяванне панавання бога буры[1]:101.

З аднаго боку, хурыты запазычылі сюжэты месапатамскай міфалогіі. З другога, яны аказвалі ўплыў на вераванні іншых народаў Блізкага Усходу.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л Вильхельм, Гернот. Древний народ хурриты: Очерки истории и культуры. — Москва: Наука, 1992. — 158 с. — (По следам исчезнувших культур Востока). — ISBN 5-02-016596-4.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]