Віцебскія ручнікі
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f4/%D0%A0%D1%83%D1%87%D0%BD%D1%96%D0%BA._1920-%D1%8F._%D0%A8%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D1%9E%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%BD.jpg/250px-%D0%A0%D1%83%D1%87%D0%BD%D1%96%D0%BA._1920-%D1%8F._%D0%A8%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D1%9E%D1%88%D1%87%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D1%80%D0%B0%D1%91%D0%BD.jpg)
Віцебскія ручнікі — традыцыйныя тканыя ручнікі, якія выраблялі народныя майстры вёсак Шаркаўшчынскага, Мёрскага, Браслаўскага, Віцебскага раёнаў. Вядомы з 19 ст. Даўжыня 120—300 см, шырыня 23 — 30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Аздаблялі на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца выкладаннем чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых нітак бавоўны (выбарнае ткацтва), што нагадвае вышыўку па гатовай тканіне.
У арнаментыцы пашыраны раслінныя (дрэва жыцця, вазоны, букеты кветак, парасткі), геаметрычныя (ромб, крыжык, зоркі — пальметкі), антрапаморфныя і зааморфныя (выявы людзей, птушак) матывы. Раслінны, зааморфны і антрапаморфны арнамент звычайна не мае рытмічнага паўтору, адзінкавая выява даецца буйным планам амаль на ўсю шырыню ручніка. Уласцівыя Віцебскім ручнікам сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору назіраюцца таксама ў афармленні нар. адзення, розных відаў мастацкіх тканін гэтай этнаграфічнай зоны.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Віцебскія ручнікі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 235. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).