Калінкавіцкія ручнікі
Калінкавіцкія ручнікі — традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюцца пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім, Жлобінскім раёнах. Вядомы з сярэдзіны ХІХ ст. Даўжыня 310—400 см, шырыня 26 — 30 см. Ткуць у 2 — 4 ніты. Кампазіцыя ручнікоў бывае 2 відаў: у адных папярочныя вузкія палосы аднолькавай шырыні запаўняюць усё поле ручніка, у другіх — шырокія папярочныя шчыльна запоўненыя ўзорыстыя палосы па канцах ручніка паступова пераходзяць у вузейшыя да сярэдзіны і раствараюцца ў яго асноўным фоне. Пераважае старадаўні геаметрычны арнамент у выглядзе ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, крыжыкаў і інш. Для калінкавіцкіх ручнікоў характэрна выразнае рытмічнае чаргаванне ўзорыстых каляровых і белых палос. Каляровая гама ручнікоў стрыманая чырвона-белая, радзей чырвона-бела-чорная. Ткуць з ільняных і баваўняных (белька, горынь, забалач) нітак.
Акрамя ўзорыстага ткацтва (тэхніка бранага, шматнітовага ткацтва), аздабляюць вязанымі кручком карункамі, вышыўкай (процяг, падліковая гладзь), паскамі (кавалкі задрапіраванага ў складкі белага паркалю), махрамі. У дэкоры калінкавіцкіх ручнікоў шмат агульнага з калінкавіцкім строем.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).