Буйніцкае поле

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Капліца

Буйніцкае поле - месца значных гістарычных падзей каля вёскі Буйнічы Магілёўскага раёна Беларусі.

У час антыфеадальнага казацка-сялянскага паўстання ў 1595 тут адбыўся бой паміж казацка-сялянскім атрадам Налівайкі і войскам ВКЛ. У снежні 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тысячнае войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс. чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.

Дыярама «Абарона Буйніцкага поля» у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».

У Вялікую Айчынную вайну Буйніцкае поле стала месцам жорсткіх баёў савецкіх воінаў 172-й стралковай дывізіі і магілёўскіх апалчэнцаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час абароны Магілёва.

Нямецкае камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з паўднёвага захаду (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танкавую дывізію і пяхотныя часці. Ім процістаяла 172-я стралковая дывізія (генерал-маёр М.Ц.Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралковы полк (палкоўнік С.Ф.Куцедаў), 340-ы лёгкі артылерыйскі полк (палкоўнік І.С.Мазалаў) і батальён народнага апалчэння (камісар П.Е.Цярэнцьеў). 3 10 ліпеня праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артылерыйскі абстрэл, 12 ліпеня савецкая артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на савецкія пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі савецкія войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня.

Пад час бітвы, 13-14 ліпеня на полі знаходзіўся карэспандэнт газеты «Известия» К. Сіманаў. Падзеі тых часоў ён адлюстраваў у рамане «Жывыя і мёртвыя» і ў дзённіку «Розныя дні вайны». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полем.

Тут пастаўлены помнік y гонар воінаў 388-га стралковага палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці К. Сіманава.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]