Камароўка (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Камароўка, Мінск)
Jump to navigation Jump to search
Камароўскі рынак ноччу

Камароўка, Камароўскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы горада, за Траецкай Гарой і Залатой Горкай. Раней жыхары адрознівалі Старую Камароўку (раён цяперашніх плошчы Якуба Коласа, бульвара Уладзіміра Мулявіна і вуліцы Краснай) ад Новай Камароўкі (дзялянка паміж праспектам Машэрава і вуліцай Харужай).[1]

На паўднёвым захадзе ад Камароўкі месціцца Старажоўка, на захадзе — Пярэспа, на поўдні — прадмесце Залатая Горка, на ўсходзе — Ваньковічаў лес (парк Чалюскінцаў), на паўночным ўсходзе ад прадмесця знаходзіўся Гарадскі выган (Камароўскае балота).[2][3]

Этымалогія назвы[правіць | правіць зыходнік]

Існуе некалькі версіяў адносна паходжання назвы месца. Першая з іх звязаная з народнай легендай пра юродзівага Федзьку Камара, які паквапіўся на скарб памерлага і патануў у багне.[4] Другая версія атаясамлівае назву мясціны з камарамі, якія насялялі тамтэйшае балота.

Трэцюю, навуковую, версію прапанаваў беларускі гісторык і археолаг Пётр Аляксандравіч Русаў. У сваім даследаваньні ён давёў, што ў старажытных дакументах мясціну называлі «Камораўкай». У летапісных крыніцах слова «камара», «камора», «комора» пазначалі скляпы, скляпенні або памяшканні. Гэтак жа звалі кантору пры лясніцтве, а ў XV — XVIII стст. — мытню.[5]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая згадка пра мясцовасць датаваная 1552 годам[5] (паводле іншых звестак Камароўскае балота пачынае згадвацца ў актах пачатку XVII ст.[6]). Некалі на месцы прадмесця існавала вёска Камароўка, якая да 1812 належыла князям Радзівілам (пасля таго, як Радзівілы выступілі на баку Напалеона вёска і прылеглыя тэрыторыі былі адабраныя ў іх расійскімі ўладамі і перапрададзеныя мінскаму абшарніку Станіславу Ваньковічу).

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX ст. Камароўка была адметная «сваімі гарамі, густым хваёвым лесам, і швейцарскім дамком, і маслабойнымі».[7] У 1879 «вёска Камароўка» (2 вярсты ад тагачаснага цэнтра горада — сучаснай плошчы Свабоды) — «каля 40 жыхароў». Да канца XIX ст. вёска ўвайшла ў межы горада, а яе назва распаўсюдзілася на ўсю паўночна-ўсходнюю частку Мінска.

У пачатку XX ст. Камароўка ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада. Пачыналася на паўночны-захад ад Камароўкай вуліцы (цяпер праспект Машэрава) і амаль цалкам належыла абшарніку П. С. Ваньковічу, чые продкі і сваякі былі вядомымі культурнымі дзеячамі. Праз прадмесце праходзілі Старавіленская, Магілёўская (Аляксандраўская), Георгіеўская, Плябанская (Шырокая, цяпер Куйбышава), Бондараўская (Гікалы) — тамака сяліліся рамеснікі-бондары, Казакоўская (Пугачоўская) — назва пайшла ад прозвішча ўладальніцы гэтай дзялянкі зямлі абшарніцы Аўгусціны Казаковай), Паміжтрактавая (не існуе), Турэцкая (Беламорская), Кітайская (Усходняя) вуліцы, Лагойскі (вуліца Якуба Коласа) і Барысаўскі (праспект Незалежнасці) тракты, дарога на Цну, Казакаўскі завулак.[2][8][9]

У асноўным у прадмесці сяліліся рамеснікі і працоўныя. Многія насельнікі здымалі жытло. Гэтая мінская ўскраіна была адной з самых занядбаных. Санітарныя ўмовы пражывання былі даволі кепскімі. Апроч таго, мясцовасць была нізіннай, і пасля дажджоў вуліцы ператвараліся ў непраходнае балота.

Далейшая храналогія падзеяў:

  • 1910: на Камароўскай плошчы на сродкі 120-га пяхотнага Серпухаўскага палка была пабудаваная Свята-Аляксееўская царква, у 1918 храм згарэў.[10]
  • 1911: для вывучэння праблемаў асушвання балотных тэрыторыяў у прадмесці адкрылася Мінская балотная доследная станцыя.
  • 1925: былі праведзеныя працы па асушванні Камароўскага балота.
  • 1929: трамвайная лінія злучыла Камароўку з Таварнай станцыяй.
  • 1939: на стыку колішніх Лагойскага і Барысаўскага трактаў збудавалі будынак Інстытуту фізкультуры (архітэктары. А. Ваяроў, А. Брэгман).
  • 19411945: у раёне дзейнічала падпольная група.
  • сяр. 1950–х: пачаўся знос старых драўляных хатаў. Адбыўся пуск тралейбуса.
  • 1964: быў пабудаваны Дом мэблі.
  • 1972: на плошчы Якуба Коласа (да 1956 Камароўскай) усталявалі помнік народнаму паэту.
  • 1979: адкрыўся цэнтральны калгасны рынак — Камароўскі.[11]
  • 2001: на плошчы перад Камароўскім рынкам адкрыўся шматступенны фантан, вакол якога былі ўсталяваныя бронзавыя скульптуры Уладзіміра Жбанава «Конь і верабей», «Пані з сабачкай» і «Фатограф».
  • 6 мая 2009: Камісія па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліцаў і іншых частак Мінска на сваім пасяджэнні прыняла рашэнне па наданні безымяннаму скверу ў межах вул. В. Харужай — ГЦ «Люстэрка» — крама «Дом мэблі» назвы «Камароўскі».[12]

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Драўляная забудова прадмесця не захавалася, зберагліся толькі асобныя фрагменты прысядзібных садоў.[13]

Тапонім застаўся замацаваны за раёнам горада, што размешчаны вакол Камароўскага рынку і Камароўскага скверу.

Зноскі

  1. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 225
  2. 2,0 2,1 «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 196—197
  3. «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 550—551
  4. Шэйкін Г. М. Камар // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 302
  5. 5,0 5,1 УП «Минский Комаровский рынок». Зазвенели монетки на старой Комаровке
  6. Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  7. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 468
  8. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст.
  9. План губернского города Минска (1898) // Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
  10. Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А.М. Кулагін; маст. І.І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 268
  11. УП «Минский Комаровский рынок». Комаровка
  12. У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // Наша Ніва, 14 траўня 2009
  13. Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. Мінск, Полымя, 1991. С. 62

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]