Перайсці да зместу

Міхал Анемпадыстаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Уладзіміравіч Анемпадыстаў
Фатаграфія
Дата нараджэння 16 сакавіка 1964(1964-03-16)
Месца нараджэння
Дата смерці 23 студзеня 2018(2018-01-23) (53 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Род дзейнасці перакладчык, паэт, графічны дызайнер
Вучоба
Уплыў Васіль Сумараў
Член у
Сайт mihail-anempodistov.arxip.com
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхаіл Уладзіміравіч Анемпадыстаў (16 сакавіка 1964, Мінск, Беларуская ССР, СССР — 24 студзеня 2018, Мінск, Беларусь[2]) — беларускі мастак, дызайнер, паэт, культуролаг, мастацтвазнавец.

Нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года ў Мінску ў рускай сям’і. Спачатку Міхал з бацькамі жыў у Мінску на бульвары Шаўчэнкі, а пасля сям’я пераехала ў раён Камароўкі. Міхал лічыў Мінск сваім горадам: «Я мянчук. Жылі мы на бульвары Шаўчэнкі, а пасля пераехалі на Камароўку. Так што для мяне Менск, безумоўна, родны горад, які я люблю і нават ведаю»[3].

Маці Міхала нарадзілася ў Львове, але сваімі каранямі паходзіць з-пад Варонежа, дзе яе дзеда і бабулю раскулачылі пасля Кастрычніцкага перавароту ў Расіі ў 1917 г.: Міхалавага прадзеда саслалі на Салаўкі, а прабабулю і пяць яе дачок (у тым ліку і бабулю Міхала) выселілі ў найбліжэйшы населены пункт каля Варонежа. Бабуля Міхала выйшла замуж за чыгуначніка, з якім у 1945 годзе пераехала на сталае жыхарства ў далучаны да Савецкага Саюза горад Львоў. Маці Міхала працавала на геаграфічным факультэце БДУ ў Мінску[3].

Бацька Міхала нарадзіўся ў Рагачове, куды сям’я бацькі патрапіла ў час Першай сусветнай вайны, пераехаўшы з Падмаскоўя. 6 верасня 1937 года ў Рагачове дзед Міхала быў арыштаваны супрацоўнікамі ГПУ і расстраляны ў кастрычніку 1937 г., калі бацька Міхала (Уладзімір) быў першакласнікам. Бацька Уладзімір у часы Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Баранавічах, а пасля вайны паступіў у Маскоўскі горны інстытут. Частка Міхалавых рускіх сваякоў (стрыечная бабуля) пераехала ў Польшчу[3].

Прозвішча «Анемпадыстаў» утворана ад мужчынскага імя «Анемпадыст», якое маецца ў праваслаўных святцах. Па выказванні Міхала, яго «досыць экзатычнае» прозвішча «цяжка кладзецца на вуха», а таму Міхалу прыходзілася чуць ад прачытання іншымі людзьмі нават такія версіі яго прозвішча як «Антыфашыстаў» ці «Апладысмэнтаў», да чаго сам Міхал адносіўся з гумарам і разуменнем[3].

Яго сапраўднае імя «Міхаіл», але яшчэ ў часы навучання ў мастацкім вучылішчы з падачы сяброў за ім замацаваўся неафіцыйны «польскі» варыянт імя «Міхал» (з націскам на першы склад), бо Міхаіл Аменпадыстаў часта выязджаў за мяжу ў Польшчу да сваякоў (па стрыечнай бабулі), што для савецкага часу было вялікім прэстыжам і «дэфіцытам». З таго часу ён пачаў публічна карыстацца варыянтам «Міхал» (з націскам на другі склад), а не «Міхаіл», хоць не меў этнічна польскіх каранёў[3].

Жонкай Міхала Анемпадыстава была Алена Георгіеўна Дашкевіч[4][5][6].

Выхаванне і адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]

У дзяцінстве Міхал марыў стаць заолагам альбо біёлагам, вандроўнікам і шукальнікам скарбаў. Добра маляваць пачаў у дзяцінстве — свае першыя малюнкі Міхал размяшчаў у самаробных «энцыклапедыях» пра жывёл: рабіў старонкі з уласна намаляванымі малюскамі, іншымі рознымі жывёламі і асабіста падпісваў[6].

Рос у рускамоўным асяроддзі, але яшчэ ў школьныя часы захапіўся беларускай мовай і беларускай культурай, чаму ён пачаў надаваць вялікую ўвагу і што пачаў даследваць і пазней развіваць ужо сам[7]. Глебай гэтага была спрыяльная атмасфера ў коле яго знаёмых: адным з лепшых сяброў Міхала быў Андрэй Занеўскі, чый бацька працаваў на факультэце архітэктуры ў Беларускім політэхнічным інстытуце і запрашаў да сябе дамоў беларускіх мастакоў, якія ўжывалі беларускую мову ў гасцях. Спрыялі таксама і падарожжы па беларускай правінцыі, дзе Міхал непасрэдна пазнаёміўся з багатай і цікавай беларускай народнай культурай[3].

Вучыўся ў дзіцячай народнай студыі выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры тэкстыльшчыкаў (1965—1985) у Мінску, якой кіраваў беларускі жывапісец Васіль Сумараў[8].

У 1979—1983 гг. вучыўся і скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, дзе панавала пэўная свабода і плюралізм, а само вучылішча стала прыкметнай кузняй творчых асоб[3]. На першым курсе яшчэ не вельмі добра ведаў беларускую мову і здаў іспыт па беларускай мове на 3 балы з 5 мажлівых, але на трэцім курсе ўжо чытаў з захапленнем Уладзіміра Караткевіча, а на чацвёртым курсе спецыяльна папрасіў настаўніцу пераздаць іспыт па беларускай мове і пераздаў яго на «пяцёрку». Дыпломная работа ў вучылішчы была па плакату[6].

Непрацяглы час уваходзіў у склад мінскай нефармальнай маладзёжнай суполкі, якая мела назву «пацыфісты» (неахіпі), і пачаў з таго часу насіць звычайна доўгія валасы. Усе нефармальныя маладзёжныя суполкі аж да распаду СССР знаходзіліся пад пільнай увагай КДБ ці міліцыі, таму за доўгія валасы быў аднойчы схоплены міліцыяй і меў непрыемнасці. Па ўласным прызнанні, Міхал своечасова перастаў цікавіцца «пацыфістамі» (неахіпі), бо там прысутнічалі наркотыкі, і многія юнакі, хто своечасова не выйшаў з суполкі, на жаль, загінулі ад наркотыкаў. У вучылішчы бачыў, які робіцца пераслед з боку міліцыі і дырэктара вучылішча юнакам, што размаўлялі без аніякіх крамольных думак на беларускай мове ў вучылішчы і па-за яго межамі[3].

Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979—1984), уступіўшы ў суполку ў 1982 г. Прывёў Міхала ў суполку Тодар Кашкурэвіч[3]. Пазней Міхал сам прывёў у «Беларускую Майстроўню» сваіх сяброў — Сяргея Харэўскага і Андрэя Лапцёнка (апошнія два з’яўляюцца адзін аднаму стрыечнымі братамі і ім было па 15 год)[9], Юлію Лыскову[10]. Міхал Анемпадыстаў вельмі цаніў свой досвед і сувязі, атрыманыя ў «Беларускай Майстроўні». У «Майстроўні» ён, паводле ўласнага сведчання, знайшоў для сябе тое, што цікавіла — магчымасць свабодна дакрануцца да беларускай мовы, гісторыі і культуры і жыць імі. Яму асабліва падабалася слухаць у суполцы даклады і мець мажлівасць размаўляць па-беларуску. Анемпадыстаў адзначае, што ў «Беларускую Майстроўню» (1979—1984) людзей вяла цікавасць моладзі да нацыянальнай культуры, а не нейкі пратэст супраць афіцыйнай улады[3].

У 1983—1985 гг. праходзіў тэрміновую службу ва Узброеных сілах СССР. У час службы ў войску ліставаўся са сваімі сябрамі з «Беларускай Майстроўні», асабліва з Сяргеем Харэўскім і Вінцуком Вячоркам: Харэўскі з радасцю паведамляў Міхалу, што ў Мінску партыйныя ўлады зацвердзілі план рэстаўрацыі гістарычнай забудовы цэнтра Мінска — абнавіць і аднавіць усе каталіцкія і ўніяцкія кляштары мінскага Верхняга горада, у Траецкім прадмесці адкрыць музей, цалкам рэстаўраваць Татарскае прадмесце[3][11].

Аб сваіх густах Міхал выказаўся: «У мяне няма любімага колеру, любімай песні, любімай стравы, таму што мне болей падабаецца разнастайнасць і спалучэнне»[6].

Творчая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Жывапіс і дызайн

[правіць | правіць зыходнік]

У першую чаргу Міхал лічыў сябе мастаком, але стаў таксама вядомы як паэт, фатограф, культуролаг і публіцыст[12].

Працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плаката, фатаграфіі: пачынаў з плаката, пасля зацікавіўся графікай, а пазней і фатаграфіяй. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выстаўках у Беларусі і за мяжой.

З сакавіка 1987 г. быў членам арт-лабараторыі «Галіна» (нефармальнай мастацкай суполкі) у Мінску, якая сваёй платформай абвясціла «неакрытычны рэалізм як метад, скіраваны на бічаванне застойных з’яў у нашым грамадскім жыцці»[13].

З 1989 па 1994 г. працаваў мастацкім рэдактарам у беларускім часопісе «Бярозка», дзе рэалізоўваў сябе супольна з такімі талентамі як Адам Глобус, Уладзімір Сіўчыкаў, Ігар Бабкоў, Максім Клімковіч, Алесь Бадак і інш.[6]

З 1997 г. быў членам Беларускага саюза дызайнераў, а з 2011 г. членам яго праўлення.

Быў дызайнерам вядомых лагатыпаў — у тым ліку, лагатыпа беларускай грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», беларускага рок-фестывалю «Басовішча-2007» і «Басовішча-2008»[14] і інш. Стварыў серыю анімаваных паштовак «Будзьма з беларускімі святамі», а таксама іншыя серыі[15].

Стаў аўтарам ілюстрацый для кнігі Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» (2011) і інш. Аўтар альбомных вокладак для CD-дыскаў гурта «N.R.M.», гурта «Партызанская школа», спевака Зміцера Вайцюшкевіча і інш.[6] Зрабіў беларускамоўны дызайн этыкеткі для маркі гарэлкі і вокладкі для кружэлак[6].

У 2011 г. дэбютаваў як фатограф, прэзентаваўшы фотавыстаўку «Under Ground»: у фотапрацах засяродзіўся на беларускай гародніны, каб такім спосабам адкрыць глыбейшае вымярэнне беларускай культуры. Выбар сваёй тэматыкі патлумачыў тым, што беларусы, на думку Анемпадыстава, як гародніна, хаваюць цікавыя рэчы ў сабе, не паказваюць іх навонкі — нацыя заглыбленых у сябе людзей: выглядаюць звычайна, а ўнутры фантастычныя — пад запэцканай (ад глебы) кажурой бульбы схавана «залатое сонца»[16].

Групавыя выстаўкі

[правіць | правіць зыходнік]
  • 1987:
    • выстаўка аб’яднання «Галіна» на Рэспубліканскай выстаўцы плаката (г. Мінск, Беларусь).
    • 15-31 ліпеня — выстаўка аб’яднання «Галіна» у Палацы культуры чыгуначнікаў (г. Мінск, Беларусь)[17]. Удзельнікі ад аб’яднання «Галіна»: Аляксандр Тарановіч, Андрэй Бялоў, Дзмітрый Ярмілаў, Міхал Анемпадыстаў, Уладзімір Акулаў.
    • 5-20 кастрычніка — выстаўка аб’яднання «Галіна» у Рэспубліканскім Доме работнікаў мастацтва Беларускага тэатральнага аб’яднання (г. Мінск; праспект Леніна, 26)[18]. Удзельнікі ад аб’яднання «Галіна»: Уладзімір Акулаў, Міхал Анемпадыстаў, Андрэй Бялоў, Аляксандр Пашкевіч, Аляксандр Тарановіч, Дзмітрый Ярмілаў.
  • 1988: выстаўка «Мы» (г. Мінск, Беларусь).
  • 1990: выстаўка «Грюнвальд» (г. Мінск, Беларусь).
  • 1992: выстаўка «Калядная Выстава» (г. Мінск, Беларусь).
  • 2008—2011: выстаўка «Беларускі плакат» (г. Варшава; г. Берлін; г. Дрэздэн; г. Брусель; г. Тулуза; г. Бон).
  • 2010: выстаўка «Рэканструкцыя Перабудовы» (г. Вільнюс, Літва).
  • 2011: выстаўка «Перабудова. Афіша на свабодзе» (г. Морж, Швейцарыя).
  • 2011: выстаўка «Тыдзень Дызайна» (г. Вільнюс, Літва).
  • 2011: выстаўка «Дызайн Дыялог» (г. Мінск, Беларусь; г. Торунь, Польшча).
  • 2011: выстаўка «Беларускі плакат 1961—2011» (г. Мінск, Беларусь).

Персанальныя выстаўкі

[правіць | правіць зыходнік]
  • 1993: выстаўка ў «Pilango Gallery» (г. Берлін, Германія)
  • 1994: выстаўка ў «Teatr NN». (г. Люблін, Польшча)
  • 1994: выстаўка ў «Pilango Gallery» (г. Берлін, Германія).
  • 1994: выстаўка ў «Ratz Fatz Gallery» (г. Берлін, Германія).
  • 1995: выстаўка ў «Horshol» (г. Капенгаген, Данія).
  • 2010: выстаўка ў галерэі «Dzyga» (г. Львоў, Украіна).
  • 2011: 14 кастрычніка — 10 лістапада — выстаўка ў Галерэі Беларускага саюза дызайнераў (г. Мінск, Беларусь)[19].
  • 2012: студзень-люты — фотавыстаўка «Under Ground» у Café Galerie (г. Леверкузен, Германія)[20].
  • 2013: фотавыстаўка «Under Ground» (г. Торунь, Польшча)[16]

Літаратурная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]
Міхал Анемпадыстаў (злева) і Лявон Вольскі ў Львове, фота 2009 г.

Пачынаючы з 1990-х гг. Міхал Анемпадыстаў быў адным з актыўных стваральнікаў беларускай рок-паэзіі. Пісаў на беларускай мове.

Аўтар ідэі і тэкстаў (апроч двух народных) культавага беларускамоўнага музычнага праекту — рок-мюзікла «Народны альбом», які выйшаў у 1997 г. і быў абраны «альбомам году» (паводле музычнай прэміі «Рок-каранацыя»). Менавіта стварэнне «Народнага альбому» Міхал лічыў сваім галоўным дасягненнем у жыцці, бо гэты праект паўплываў на цэлае пакаленне беларускай моладзі: "«Народны альбом» — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і тых цудаў, якое нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву."Народны альбом" аптымістычны і вітальны. Любоў да чагосьці болей стваральная матывацыя, чым нянавісць. Асабліва, калі нам патрэбная матывацыя на працяглы перыяд"[21].

Песні на беларускамоўныя вершы Міхала Анемпадыстава выконваюцца беларускімі музычнымі гуртамі «Новае Неба», «N.R.M.», «IQ48», спявачкай Касяй Камоцкай[22]. Аўтар перакладаў тэкстаў польскіх музычных гуртоў «Brygada Kryzys», «Republika», «Chłopcy z Placu Broni  (польск.)», «Perfekt», а таксама, Марка Грэхуты.

Член Беларускага ПЭН-цэнтру з 2009 г.[23]

Выступаў з паэтычнымі чытаннямі сваіх вершаў[23]:

У 2013 г. выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы».

Культаралагічная і асветніцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Драўляны дом у Юрацішках. Фота 2013 г.

У 2004—2011 гг. быў членам журы фестываля «Бардаўская Восень» (г. Бельск, Польшча). У 2007 г. быў членам журы рок-фестываля «Basowiszcza» (г. Гродак, Польша)[23].

У 2009 г. паэты Міхал Анемпадыстаў і Леанід Дранько-Майсюк уручалі ўзнагароды беларускай музычнай прэміі «Рок-каранацыя» (акрамя Галоўнай Рок-кароны, якую ўручыў бізнесмэн і шоўмен Алесь Мухін).

Быў удзельнікам (лектарам і выкладчыкам) беларускай грамадскай адукацыйнай праграмы «Лятучы ўніверсітэт», якой кіруе Уладзімір Мацкевіч: у 2011 г. Міхал Анемпадыстаў чытаў у рамках праграмы ў Мінску лекцыю «Беларусь: вобраз і стыль», у 2012 г. у Мінску і Магілёве — лекцыю «Колер Беларусі», у 2012 г. у Магілёве — лекцыю «Беларускі стыль», а ў 2014 г. — лекцыю «Межы памежжа». У рамках той жа праграмы вёў у 2012—2013 гг. дызайнерскую майстэрню «Дэзань!», у 2014 г. — майстэрню «D2», а ў 2015 г. вёў майстэрню «DIII: Дызайн як сродак камунікацыі»[24].

Быў удзельнікам грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»[12]. З 30 студзеня 2013 г. вёў аўтарскую калонку «Простыя рэчы» на сайце грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!», дзе разважаў пра штодзённыя і адначасова элітарныя праявы беларускай культуры і культуры ўвогуле[25].

З 2006 г. мэтанакіравана рабіў шмат фотаздымкаў Мінска, бо хацеў зафіксаваць у фатаграфіях сучасны Мінск, архітэктура і дызайн якога, на думку Міхала, з вялікай хуткасцю змяняюцца ў горшы бок. Хацеў зрабіць выстаўку сваіх фатаграфій Мінска і напісаць кнігу пра Мінск, якая, як плануецца, будзе працягам кнігі Артура Клінава «Мінск. Горад сонца» (2006) і аўтарскай ацэнкай і адлюстраваннем гораду з розных бакоў, каб асэнсаваць гісторыю, асяроддзе і жыццё горада і дапамагчы стварэнню агульнагарадскога «міфа»[6].

Пакроўская царква з вёскі Логнавічы — у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту

Даўно цікавіўся колерам у гісторыі і культуры Беларусі і пісаў кнігу «Колер Беларусі» — аб тым, як выкарыстоўваўся той ці іншы колер у традыцыйнай культуры Беларусі. Міхал Анемпадыстаў лічыў, што менавіта шэры колер займаў значнае месца ў традыцыйнай сялянскай і шляхецкай культуры Беларусі і мае дызайнерскія вартасці з-за сваіх адценняў і мажлівасцей выкарыстання: «З пункту гледжання прафесіяналаў — архітэктараў, дызайнераў — ён адзін з лепшых. Ён нейтральны, ён не раздражняе, ён ідэальна пасуе да любой драўніны, да металу, да керамікі, да фарфору»[21][26]. Міхал адзначае, шэры колер (традыцыйны колер інтэлекта) мае пазітыўную канатацыю і прысутнічае паўсюль у Беларусі: шэры колер — гэта беларускае неба і азёры, беларускі лён і ільняное адзенне, шэрыя беларускія палі ранняй вясной і позняй восенню, шэрыя беларускія старажытныя драўляныя хаты і шляхецкія двары, героі народных казак для дзетак (шэры кот, шэры воўк, шэрая мышка, шэры зайчык, шэрая галка і інш.), шэрань, шэрыя вочы і г.д.[26]

Выказванні пра жыццё і мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]
Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына каля Косаўскага палаца
Бела-чырвона-белыя сцягі на святкаванні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы на Грунвальдскім полі, фота 2010 г.
  • (аб асаблівасцях беларускай народнай культуры): «Наша традыцыйная культура перастала быць традыцыйнай пасля Першай сусветнай вайны, як, зрэшты, і традыцыйная культура па ўсёй Еўропе. Беларуская народная традыцыя была вельмі стрыманай у дачыненнях з колерамі. Перавага аддавалася натуральным матэрыялам і іх натуральным колерам[21] <…> Нашая традыцыя — гэта адсутнасць яркіх фарбаў у штодзённым жыцці. Гэта — натуральнасць матэрыялаў. Інтэграванасць жытла ў прыроднае асяроддзе»[27] (2012/2014 г.)
  • (аб часавай пераемнасці старой традыцыі): «Сэнс захавання традыцыі не ў тым, каб карыстацца рэчамі гэтак сама, як імі карысталіся ў традыцыйным грамадстве. А проста каб ведаць іх каштоўнасць, іх унутраныя эстэтычныя законы. Каб гэтыя ўнутраныя законы можна было, асэнсаваўшы, выкарыстоўваць. Каб умець стылізаваць іншыя прадукты — візуальныя, архітэктурныя, рэкламныя — стылізаваць паводле нацыянальных каштоўнасцяў. Традыцыйныя рэчы, якія прайшлі выпрабаванне часам, — яны „адшліфаваныя“, там няма нічога лішняга»[27] (2012 г.)
  • (аб дасканаласці беларускага народнага дызайна): «Напрыклад, возьмем традыцыйную беларускую кераміку — гэта абсалютна геніяльныя формы! Я параўноўваў у варшаўскім этнаграфічным музеі, дзе выстаўленая кераміка з усяе Польшчы — у тым ліку з беларускіх земляў, Беласточчыны і Падляшша. Сапраўды, беларуская кераміка адрозніваецца і вылучаецца — найперш прыгажосцю сваіх формаў <…> Кераміка ўразіла гарманічнымі, прапарцыйнымі формамі. Уразіў яе чорны колер, які падкрэсліваў гэтую чысціню формы. А чорны колер прыгожы»[27] (2012 г.)
  • (аб чырвоным колеры ў беларускім дызайне): «Я не ўпэўнены, што чырвоны колер — гэта колер агрэсіі. Кожны час надае колерам свае сэнсы, сваё прачытанне. Чырвоны колер у многіх культурах заўсёды быў пазітыўны і боскі. Беларуская традыцыйная культура ў гэтым сэнсе не выключэнне. І выяўлялася гэта якраз у народным арнаменце — на рушніках, кашулях <…> Для мяне згарманізаванае — гэта, напрыклад, спалучэнне колераў Мірскага замка: [чырвоная] цэгла і белая тынкоўка»[27] (2012 г.)
  • (аб уласным выбару ў якасці сімвала Беларусі): «Бела-чырвона-белы сцяг, адзін з найпрыгажэйшых сцягоў у свеце і Пагоню. Навошта прыдумваць нешта новае, калі яно ўжо нашымі папярэднікамі прыдумана?[21] <…> Наш сцяг падаецца мне адным з самых прыгожых у свеце. Я разумею, што не магу быць незаангажаваным, але гэтае спалучэнне колераў аб’ектыўна пасуе для акцэнтацыі аб’екта з пункту гледжання каларыстыкі, оптыкі, псіхалогіі і фізіялогіі зроку. Узнікае такі аптычны эфект, быццам сцяг сам выпраменьвае святло. Ён урачысты, пазітыўны, вітальны. Чырвоны і белы — колеры Хрыстовы, таму гэта боль і пакута, перамога над смерцю і Любоў. Аднак не толькі і не столькі эстэтычнымі катэгорыямі вымяраецца вартасць сцяга, перадусім яна вымяраецца нашымі перамогамі і годнымі учынкамі. Вымяраецца нашымі краявідамі, паданнямі і міфамі, нашым мінулым і той будучыняй, якую мы ствараем цяпер[28]» (2014 г.)
  • (аб каштоўнасці часу ў жыцці): «Час ідзе вельмі хутка, і кожны момант непаўторны. І кожны момант трэба не толькі пражыць, а пражыць і асэнсаваць яго каштоўнасць» (2006 г.)[6]

Адзнакі і ўзнагароды

[правіць | правіць зыходнік]
  • 1996 — перамога ў намінацыі «За асабісты ўклад у беларускую рок-музыку» — беларуская музычная прэмія «Рок-каранацыя».
  • 1997 — перамога ў намінацыі «Лепшыя тэксты года» — беларуская музычная прэмія «Рок-каранацыя».
  • 1997 — перамога ў намінацыі «Лепшы альбом года» («Narodny Album») — беларуская музычная прэмія «Рок-каранацыя».
  • 1997 — спецыяльная ўзнагарода Беларускай асацыяцыі журналістаў — беларуская музычная прэмія «Рок-каранацыя».
  • 1999 — канцэрт «Narodny Album» адзначаны сярод найважнейшых культурных падзеяў 1998 года — паводле рэйтынгу журналістаў рэгіянальных аддзелаў газеты «Gazeta Wyborcza» (Польшча).
  • 2006 — Міхал Анемпадыстаў быў абраны «Чалавекам году» па версіі музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў»[29].

Калумністыка ў Сеціве

[правіць | правіць зыходнік]

Смерць і пахаванне

[правіць | правіць зыходнік]

Памёр 24 студзеня 2018 года ў Мінску ад інсульту[30]. Развітанне з Міхалам адбылося 25 студзеня ў Мінску ў культурнай прасторы «ОК-16» (вуліца Кастрычніцкая, 16). Цела было крэміравана на мінскіх Паўночных могілках, а пасля рэшткі былі пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска[5] (сектар 8/1, рад 8, уч. 68)[31]. У 2020 годзе на магіле быў пастаўлены помнік[32].

  1. Анемпадыстаў МіхалKamunikat.org.
  2. Памёр паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў. Радыё Свабода (24 студзеня 2018). Праверана 24 студзеня 2018.
  3. а б в г д е ё ж з і к Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 94-99
  4. Памяці Міхала Анемпадыстава
  5. а б Беларусь развітваецца з Міхалам Анемпадыставым. «Класік! Асоба! Грамадзянін!»
  6. а б в г д е ё ж з КУЛЬТурныя людзі: Міхал Анемпадыстаў
  7. Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 98—99.
  8. Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя… С. 324.
  9. Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 207.
  10. Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду… С. 239.
  11. Нічога з плана рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру Мінска не было зроблена.
  12. а б Міхал Анемпадыстаў адзначае юбілей
  13. Мастацкая суполка «Галіна» Архівавана 26 лістапада 2016.
  14. «Бясконцы рух і васьмёрка як лічба году» — Міхал Анемпадыстаў распрацаваў лягатып Басовішча-2008
  15. Міхал Анемпадыстаў // mogilove.com
  16. а б Край у колеры Зямлі. Размова з Міхаілам Анемпадыставым пра сучасную Беларусь ды беларусаў Архівавана 14 лютага 2019.
  17. 1987 — выстава аб’яднання «Галіна» Архівавана 5 сакавіка 2016.
  18. 1987 — выстава групы «Галіна» Архівавана 26 лістапада 2016.
  19. «Under Ground» / фотавыстава Міхала Анемпадыстава
  20. В немецком Леверкузене открылась выставка Андрея Щукина и Михаила Анемподистова
  21. а б в г Міхалу Анемпадыставу — 50! Пра 90-ыя, 2014-ты, любімы колер беларусаў і прыгажосць (+відэа!) Архівавана 7 сакавіка 2016.
  22. О’К (1998). "Анемпадыстау, Мiхал :: Атэкстацыi (вершы для песень, книга)". Музыкальная газета(руск.) (34). Архівавана з арыгінала 2020-04-22. Праверана 2020-04-22.
  23. а б в Міхал Анемпадыстаў // kamunikat.org
  24. Міхал Анемпадыстаў Архівавана 9 ліпеня 2017.
  25. Калонка Міхала Анемпадыстава — «Простыя рэчы»
  26. а б Ахраматычныя беларусы Архівавана 10 лістапада 2012.
  27. а б в г Які колер з’яўляецца колерам Беларусі? Архівавана 17 сакавіка 2018.
  28. „Простыя рэчы“ Міхала Анемпадыстава: Сцяг
  29. Скарабагатава, Алена. Два тэксты - адна перамога (недаступная спасылка). Тузін Гітоў (16 жніўня 2006). Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2012. Праверана 13 ліпеня 2020.
  30. Памёр стваральнік «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў
  31. Аблажэй — Брыль – Белліт  (14 ліпеня 2023). Праверана 18 ліпеня 2024.
  32. «Простыя словы, простыя рэчы». Глядзіце, які помнік паставілі на магіле Міхала Анемпадыстава // nashaniva.by 26 лістапада 2020
  • Narodny albom [Гуказапіс] : Супольны музычны праект / Ідэя, канцэпцыя і ўклад. альбому М. Анемпадыстаў; Выкан.: Л. Вольскі, спеў; К. Камоцкая, спеў, і інш. — Мінск : Ковчег, 1997. — 1 компакт-диск ([62.20 мин]).
  • Анемпадыстаў, М. Атэкстацыі : Вершы для песень / Міхал Анемпадыстаў. — Мінск : Ковчег, 1998. — 49 с.
  • «Za niebokresem Europy». Antologia nowej poezii bialoruskiej 1987—1997. — Białystok : Niwa, 1998.
  • Анемпадыстаў, М. «Narodny Album»: scenariusz / М. Анемпадыстаў, Л. Вольскі. — Białystok : Kartki, 2000. — 136 s.
  • Анемпадыстаў, М. «Narodny Album»: п’еса / М. Анемпадыстаў, Л. Вольскі; ілюстрацыі М. Анемпадыстава. — Мінск : Medisont, 2008. — 91 с.
  • Д.П., Дарашкевіч Ю. АНЕМПАДЫСТАЎ МІХАЛ (Анемподистов Михаил, Anempadystau Michal) // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі (бел.) / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 17–18. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-6783-42-8.
  • Анемпадыстаў, М. Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы / Міхал Анемпадыстаў. — Мінск : Логвінаў, 2013. — 112 с.
  • Вітушка, С. Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі / Сяржук Вітушка; ілюстрацыі М. Анемпадыстава. — Мінск:Зміцер Колас, 2011. — 113 с.
  • Колер Беларусі. Мінск: Логвінаў, 2017. — 196 с., іл. ISBN 978-609-8147-89-6. (1-е выд.); Вільна: Логвінаў, 2018. — 196 с., іл. ISBN 978-609-8213-37-9 (2-е выд.) Наклад 1700 асобнікаў. (Эсэістыка ды здымкі)
  • Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду / Сяргей Дубавец; фота А. Канцавога. — [Б. м.] : Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012, — 457 с.
  • Жбанков, М. NO STYLE. Белкульт между Вудстоком и «Дажынкамі» / М. Жбанков. — Вильнюс : ЕГУ, 2013. — 268 с.
  • Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2011. — 432 с. — ISBN 978-9955-773-51-1.