Перайсці да зместу

Славенская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Славенская)
Славенская мова
Саманазва slovenski jezik, slovenščina
Краіны Славенія, Аўстрыя, Італія, Венгрыя, Харватыя, Германія, ЗША, Канада, Аргенціна, Аўстралія, ПАР
Афіцыйны статус Сцяг Славеніі Славенія,
Сцяг ЕС ЕС
Арганізацыя, якая рэгулюе Славенская акадэмія навук і мастацтваў
Агульная колькасць носьбітаў 2,2 млн
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейскія мовы

Славянскія мовы
Паўднёваславянскія мовы
Заходняя група
Пісьменнасць Лацініца (славенскі алфавіт)
Моўныя коды
ДАСТ 7.75–97 слв 610
ISO 639-1 sl
ISO 639-2 slv
ISO 639-3 slv
WALS slo
Ethnologue slv
ABS ASCL 3506
IETF sl
Glottolog slov1268
Вікіпедыя на гэтай мове

Славенская мова (славенск.: slovenski jezik, slovenščina) належыць да заходняй галіны паўднёваславянскіх моў. Лік славенскамоўных — каля 2 млн чалавек, большасць якіх жыве ў Славеніі. Славенская мова адна з нешматлікіх славянскіх моў, якія захавалі парны лік. Саманазва славенскай мовы (як і славацкай) — «славянская».

Узнікненне славенскай пісьмовасці і станаўленне літаратурнай мовы было непасрэдна звязана з кірыла-мяфодзіеўскімі традыцыямі, хоць і адбывалася ва ўмовах іншаземнага (германскага, пазней — аўстра-венгерскага) уплыву, паколькі ўжо з VIII стагоддзя славенскае княства Карантанія трапіла пад уладу франкаў.

Найстаражытнейшым (X—XI стст.) помнікам славенскай пісьмоваці з’яўляюцца Фрэйзінскія ўрыўкі, якія ў Славеніі прынята называць Брыжызінскія. Нягледзячы на іх старажытнасць, у пераважнай большасці лінгвісты вядуць гаворку аб дакладнай моўнай аднесенасці помніка (не адносяць да ліку помнікаў стараславянскай мовы славенскай рэдакцыі) не толькі таму, што Фрэйзінскія ўрыўкі напісаныя лацініцай, але, у першую чаргу, на аснове аналізу моўных асаблівасцей. Даследчык В.Вондрак даказаў, што помнік быў перапісаны з першапачаткова напісанага славянскай графікай чэшскага альбо славацкага варыянтаў.

У наступныя пяць стагоддзяў галоўную ролю ў грамадскім і культурным жыцці выконвалі лацінская і нямецкая мовы. Адзінкавыя помнікі славянскага пісьма адносіліся да рэлігійнай сферы і вызначаліся моўнай (дыялектнай) і графічнай неаднастайнасцю.

Узнікненне славенскай літаратурнай мовы ў сярэдзіне XVI стагоддзя звязана з рухам Рэфармацыі і імёнамі П. Трубара, Ю. Далмаціна, С. Крэля і іншых прадстаўнікоў лютэранства, намаганнямі якіх выдаюцца першыя друкаваныя кнігі на славенскай мове (пераклады кніг Свяшчэннага пісання, буквары). Асаблівае значэнне ў кадыфікацыі норм тагачаснай літаратурнай мовы мела напісаная на лацінскай мове А. Бахорычам першая граматыка славенскай мовы і прапанаваны ім удасканалены варыянт славенскай графікі (у гонар стваральніка названы «бахорычыцай»). Аднак падзеі Контррэфармацыі прыпынілі працэс развіцця ўніфікаванай літаратурнай мовы.

У розных славенскіх землях узнікалі не звязаныя адна з адной літаратурныя традыцыі. У канцы XVIII стагоддзя робяцца спробы стварэння рэгіянальных літаратурных моў на базе карантыйскіх, прэкмурскага і штырыйскага дыялектаў. У гэты ж перыяд заўважаецца тэндэнцыя, накіраваная на пераадоленне рэгіяналізму і апору на традыцыі пратэстанцкай літаратурнай мовы XVI стагоддзя.

Навуковае падмацаванне ідэя адзінай літаратурнай мовы знаходзіць у пачатку XIX стагоддзя ў працах Копітара, Водніка і інш. Значэнне граматыкі В. Водніка яшчэ і ў тым, што гэта была першая граматыка, напісаная па-славенску. Паколькі Славенія знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі, то ў якасці афіцыйнай мовы славенская не фігуравала, хоць і займала некаторыя пазіцыі ў адміністрацыйна-юрыдычнай сферы (у прыватнасці, на ёй складаліся тэксты прысяг і рабіліся запісы ў судовых пратаколах) і пачатковай адукацыі (з 1870-х гадоў). Нямецкая і лацінская (у рэлігійнай сферы) мовы мелі велізарны ўплыў на славенскую, гэта былі мовы эліты, таму і навукоўцы (нават славенскія) пісалі на гэтых мовах (да 1920-х гадоў).

Практычная рэалізацыя ідэі літаратурнай славенскай мовы ў XIX стагоддзі ажыццяўлялася ў супрацьдзеянні агульнаславянскага і ўласнаславенскага кірункаў. На прыхільнікаў першага значны ўплыў аказалі культурныя славянскія рухі ілірызм і панславянізм, таму, ва ўмовах татальнай германізацыі, мэтазгодным лічылася збліжэнне з іншай славянскай мовай для выпрацоўкі адзінай мовы паўднёвых славян (ці нават агульнаславянскай — М. Маяр), альбо выкарыстанне ў якасці літаратурнай славенскай мовы якой-небудзь распрацаванай славянскай мовы (у тым ліку рускай — Ф. Цэлесцтын, Ф. Падгорнік). Гэтым імкненням прадстаўнікі другога накірунку супрацьпаставілі ідэю захавання самабытнасці славенскай мовы і развіцця на яе аснове нацыянальнай свядомасці і культуры. Вялікую ролю ў гэтым накірунку мела творчасць славенскіх літаратараў (М. Похліна, В. Водніка, Ф. Прэшэрна і інш.), а таксама стварэнне ў 1863 годзе Славенскай Маціцы (навукова-культурнай установы), якая адстойвала пазіцыі славенскай мовы, прапагандавала яе вывучэнне, ажыццяўляла выдавецкую дзейнасць.

Абвяшчэнне роўнасці ўсіх моў на тэрыторыі Аўстрыйскай імперыі (пасля рэвалюцыі 1848 года) стварыла спрыяльныя ўмовы для фактычнага заканчэння працэсу стабілізацыі славенскай літаратурнай мовы з наступным яе замацаваннем. Асновай літаратурнай мовы сталі цэнтральныя гаворкі вакол Любляны (за норму быў узяты доленскі кансанантызм і горанскі вакалізм), а ў марфалагічным плане кадыфікацыю атрымалі некаторыя асаблівасці нецэнтральных дыялектаў.

XX стагоддзе характарызуецца ўдасканаленнем і замацаваннем норм літаратурнай мовы, распрацоўкай сур’ёзных граматык, грунтоўных слоўнікаў. Асобным эпізодам падчас знаходжання Славеніі ў складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў была спроба адраджэння ідэі адзінай «паўднёваславянскай» мовы (новаілірыйцы на чале з Ф. Ілешычам).

Пасля Другой сусветнай вайны ў складзе СФРЮ славенская мова як адна з афіцыйных моў значна пашырыла свае сацыяльныя функцыі і выкарыстоўвалася на тэрыторыі гэтай федэратыўнай рэспублікі практычна ва ўсіх сферах грамадскага жыцця за выключэннем ваеннай і федэратыўнага ўзроўню. Мовай югаслаўскай арміі і вышэйшага кіраўніцтва Югаславіі, іншых найвышэйшых федэратыўных устаноў была сербскахарвацкая.

З 1991 года, калі Славенія атрымала незалежнасць, славенская мова стала адзінай афіцыйнай мовай, што дало ёй магчымасць замацаваць пазіцыі на ўсіх узроўнях як унутры краіны, так і за яе межамі. Славенская мова стала адной з афіцыйных моў Еўрасаюза з 2004 года.

Славенскі алфавіт створаны на лацінскай аснове.

літара гук (МФА) алафоны
A a [a]
B b [b] [p]
C c [ts] [dz]
Č č [tʃ] [dʒ]
D d [d] [t]
Dž dž [ʤ] [ʧ]
E e [e, ɛ]
F f [f]
G g [g] [k]
H h [x] [ɣ]
I i [i]
J j [j]
K k [k] [g]
L l [l, w]
літара гук (МФА) алафоны
Lj lj [ʎ]
M m [m]
N n [n] [ŋ]
Nj nj [ɲ]
O o [o, ɔ]
P p [p] [b]
R r [r]
S s [s] [z]
Š š [ʃ] [ʒ]
T t [t] [d]
U u [u]
V v [v] [f]
Z z [z] [s]
Ž ž [ʒ] [ʃ]