Такіпона

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Такіпо́на (toki pona) - мова, створаная канадкай Соняй Элен Кіса. Прэтэндуе на намінацыю самай простай са штучных моў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая інфармацыя аб мове з’явілася ў Сусветнай сетке ў 2001 годзе. Назва Toki Pona перакладаецца як "мова дабрыні" (магчымыя пераклады: "добрая мова", "простая мова" ці "добрая размова"). Кіса падчас працы над стварэннем мовы натхнялася вучэннямі аб даа і дзэн і працамі філосафаў-прымітывістаў. Ёсць таксама паралелі з працамі Анны Вяжбіцкай.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Такіпону выкарыстоўваюць у асноўным у Сеціве, а за яе межамі - у Канадзе, ЗША, Еўропе, Японіі і Расіі. Такіпона не класіфікуецца як мова міжнацыянальных зносін. Вядомая галоўным чынам сярод карыстальнікаў сеціва, яна служыць прыкладам інтэрнэт-культуры. Колькасць размаўляючых на такіпоне ацэньваецца прыблізна ў некалькі соцен чалавек.

Лексічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Міраўспрыяцце такіпоны знайшло сваё адлюстраванне ў яе структуры і змесце. У слоўніку мовы каля 120 каранёў - паводле думкі аўтара, самых неабходных. Мінімалізм лексікі даведзены да таго, што ў мове адсутнічаюць назвы жывёл і раслін. Але ў неафіцыйным слоўніке такіпоны ёсць вызначэнні для краін, нацый, моў, а таксама імёны людзей (ma Nijon - Японія toki Epelanto - Эсперанта jan Tana - Таня). Спрошчаная лексіка такіпоны спалучаецца з простымі граматыкай, фаналогіяй і сінтаксісам.

Фанетыка[правіць | правіць зыходнік]

Мова такіпона ўтрымлівае 14 фанем: 5 галосных (a e i o u) і 9 зычных (j k l m n p s t w). Зычныя фанемы не падзяляюцца паводле звонкасці/глухасці, мяккасці/цвёрдасці. Галосныя вымаўляюцца наступным чынам:

  • a - як а
  • e- як э
  • i - як і
  • o - як о
  • u - як у

Зычныя вымаўляюцца наступным чынам:

  • k - як к
  • l - як л, але можа быць змякчоным
  • m - як м
  • p - як п
  • s - як с
  • t - як т
  • w - вымаўляць трэба праз акругленне губ і спробу вымавіць в, але губы не змыкаць
  • j - як й

У такіпоне з’яўляецца дапушчальным азванчэнне зычных падчас вымаўлення, гэта значыць вымаўленне p як b, s як z, t як d, k як g. Націск заўсёды ставіцца на першы склад, нават у запазычаных імёнах і назвах краін і гарадоў.

Карта Еўропы з падпісанымі назвамі краін на такіпоне

Афіцыйна словы запісваюцца пры дапамозе лацінскага алфавіта, як апісана ў раздзеле "фанетыка". Словы вымаўляюцца так, як напісана. Не з’яўляецца дапушчальнай рэдукцыя галосных о і е ў ненаціскным стане. Зараз разглядаюцца варыянты запіса слоў мовы пры дапамозе складавых алфавітаў, узятых з розных моў ці вынайдзеных спецыяльна для такіпоны, ці нават іерогліфаў. Словы ў такіпоне будуюцца са складоў. Калі склад не знаходзіцца ў пачатку слова, то ён можа не ўтрымліваць першую зычную, у астатніх выпадках склад - гэта зычная+галосная+апцыянальная n. n не ставіцца, калі за ёй ідуць n ці m. З усіх варыянтаў складаў у такіпоне забаронены склады: ji, wo, wu (з прычыны цяжкага вымаўлення). Словы ў такіпоне не змяняюцца пры дапамозе канчаткаў, прыставак і суфіксаў. Многія словы могуць выкарыстоўвацца і як назоўнік, і як дзеяслоў, і як прыметнік, і як прыслоўе. Пры гэтым словы ў адрозненні ад беларускамоўных не змяняюцца падчас напісання.

Шматзначнасць[правіць | правіць зыходнік]

Амаль усе словы ў такіпоне маюць шмат сэнсаў. Напрыклад, pona - просты, добры, дабро, рамантаваць(!). З-за гэтага такі сказ як "jan li pona" магчыма перакласці некалькімі спосабамі: чалавек - добры, ці чалавек рамантуе. Таму пераклад робіцца сыходзячы з кантэкста ці ўдакладняецца. Напрыклад, калі ў прыведзеным прыкладзе неабходна падкрэсліць, што чалавек рамантуе, то магчыма назваць рэч, якую ён рамантуе: jan li pona e tomo (чалавек рамантуе будынак). Калі не пазначаны аб'ект рамонту, то амаль заўсёды можна лічыць, што "pona" мае сэнс "добры, просты".

Слоўнік[правіць | правіць зыходнік]

Назвы частак цела

Зараз выкарыстоўваецца каля 125 каранёў[1] паводле прынцыпа дабрахвотнага спрашчэння і ігнаравання складанасцей. З-за невялікай колькасці каранёў, словы з другіх моў часта перакладаюцца на такіпону з выкарыстаннем некалькіх каранёў, напрыклад "вучыць", "навучаць" будзе "pana e sona", літаральна "даваць веды"[2]. Хаця такіпону часта называюць "мовай са 120 слоў", скептыкі лічаць, што гэта не зусім так: у ёй выкарыстоўваецца шмат словазлучэнняў і стандартных зваротаў, якія неабходна завучваць, як асобныя лексічныя адзінкі. З пункту гледжання такіпаністаў уяўленні аб "завучванні словазлучэнняў і зваротаў" з’яўляюцца нявернымі. Такіпаніст сам камбінуе паняцці з існуючых слоў, якія знаходзяцца ў сеціве. "Словазлучэнні і стандартныя звароты" - гэта ўсяго толькі рэкамендацыі. Увогуле, нельга гаварыць пра нешта стандартнае ў такіпоне (акрамя, зразумела, граматыкі і базавага слоўніка): усё залежыць ад самога такіпаніста. Напрыклад, слова "стол" у залежнасці ад кантэкста можа перакладацца як "supa sitelen" ("мэбля для пісьма"), "supa moku" ("мэбля для ежы") ці нават "supa kiwen ike ("мэбля цвёрдая і благая"), калі, напрыклад, гаворачы ўдарыўся аб яго.

Зноскі

  1. Згодна са сцвяржэннямі носьбітаў такіпоны, існуе так званы "класічны спіс", сфарміраваны прыкладна да 2007 года, які складаецца з 118 каранёў. У сувязі са значнай, але не завершанай працай па рэфармаванню спіса словаў і іх значэнняў, на гэты момант супольнасцю выкарыстоўваецца 123-126 словаў (падрабязней гл. тут(недаступная спасылка) і тут(недаступная спасылка))
  2. Хуткасць думкі(недаступная спасылка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Слоўнікі і падручнікі[правіць | правіць зыходнік]