Яванцы
(Wong Jawa) | |
Агульная колькасць | 95 217 022 ў Інданезіі (2010 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Інданезія |
Мова | яванская |
Рэлігія | іслам |
Блізкія этнічныя групы | мадурцы, тэнгеры, бетаві, балійцы, осінг |
Яванцы (яв.: Wong Jawa) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі вострава Ява ў Інданезіі. Жывуць таксама на іншых астравах Інданезіі, у Нідэрландах, Усходнім Тыморы, Сінгапуры, Саўдаўскай Аравіі, Новай Каледоніі і ў іншых краінах. Агульная колькасць у Інданезіі (2010 г.) — 95 217 022 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Яванцы — нашчадкі старажытных аўстранезійцаў, якія трапілі на востраў Ява прыкладна ў 2500 — 2000 гг. да н. э.[2] У 1 тысячагоддзі н. э. у выніку пашырэння сувязяў з Паўднёвай Індыяй на востраве пачаў распаўсюджвацца індуізм, узніклі першыя вядомыя дзяржаўныя ўтварэнні. У 732 г. была заснавана буйная дзяржава Матарам, якая дамінавала ў Цэнтральнай і пазней Усходняй Яве да пачатку XI ст. Акрамя індуізму, яе жыхары спавядалі будызм. Матарамцамі былі пабудаваны Барабудур і Прамбанан. З перыядам існавання Матарам звязана фарміраванне старажытнаяванскай мовы і перакладной літаратуры[3][4]. З межамі гэтай дзяржавы прыкладна супадае распаўсюджанне культуры яванцаў.
Пасля заняпаду Матарам большая частка вострава Ява апынулася пад уплывам выхадцаў з Суматры і Малайскага паўвострава. На захадзе Явы існавала дзяржава сундаў. Толькі на ўсходзе працягвалі развівацца дзяржавы, уладары якіх сцвярджалі сваё паходжанне ад Матарам. У канцы XIII ст. на аснове аднаго з іх, Сінгасары, узнікла індуісцкая імперыя Маджапахіт. Яе панаванне распаўсюджвалася на значныя тэрыторыі сучаснай Інданезіі. У XV ст. на Яве ўзмацнілася мусульманская абшчына. Войны паміж мусульманамі і індуістамі прывялі да заняпаду Маджапахіт і далейшага распаўсюджвання ісламу. Індуізм захавала толькі невялікая група тэнгераў. Ява была расколата на некалькі дзяржаў.
У 1511 г. ля ўзбярэжжа Явы з’явіліся партугальскія караблі. Умяшанне еўрапейцаў прывяло да саслаблення мясцовых манархій. У 1619 г. галандцы заснавалі на Яве калонію Батавія і да канца XIX ст. захапілі ўвесь востраў.
У 1945 г. была абвешчана незалежная Інданезія. Яванцы актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за самастойнасць краіны і ў яе развіцці. У нашы дні яванцы — найбуйнейшы народ Інданезіі.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Галоўным заняткам яванцаў з’яўляецца земляробства. Асаблівае значэнне мае вырошчванне рысу на паліўных палетках. Дзякуючы складанай сістэме ірыгацыі рыс сеюць не толькі ў нізінах, але і на тэрасіраваных схілах гор[5]. Земляробы шырока выкарыстоўваюць такія прылады працы, як драўляны плуг з металічным ралам, прамыя і серпападобныя нажы, матыкі і інш. Частку ўраджаю абмалочваюць адразу пасля збору ўручную і сушаць збожжа на цыноўках. Астатні ўраджай апрацоўваюць на спецыяльных рысавых млынах. Акрамя таго, вырошчваюць кукурузу (асабліва на засушлівым усходзе Явы), розныя клубневыя расліны, спецыі, арахіс, сою, какосы, тытунь, цукровы трыснёг і г. д. Жывёлагадоўля мае дадатковае значэнне. Яванцы трымаюць кароў, буйвалаў, авечак, коз, курэй, качак.
На марскім узбярэжжы развіта рыбалоўства. Рыбу трымаюць у штучных сажалках і на затопленых рысавых палетках. У мінулым сяляне ахвотна палявалі ў горных лясах, збіралі мёд і ядомыя травы, аднак скарачэнне лясоў прывяло да заняпаду гэтых форм здабычы. У горных раёнах здабываюць серу, фасфарыты, на ўзбярэжжы — соль.
Традыцыйныя рамёствы — прадзенне і ткацтва, пляценне, апрацоўка металаў, ювелірная справа, ганчарства, разьбярства па дрэве. Яванцы вядомы як выдатныя вытворцы батыку, полымепадобных крысаў, афарбаваных цыновак, меднага і срэбнага посуду, разьбяных дзяржальняў і скрыняў, масак[6][7]. Ужо ў сярэднявеччы вылучыліся прафесійныя рамеснікі. Вытворчасць батыку ладзіцца пераважна ў дробных майстэрнях, дзе здаўна існуе падзел працы. З пачатку XX ст. на Яве існуе буйная прамысловасць. Сярод яванцаў шмат рабочых і служачых.
Яванскія вёскі звычайна маюць лінейную планіроўку, выцягнуты ўздоўж дарог і каналаў. Традыцыйная хаціна Omah Joglo уяўляе сабою каркасна-слупавую канструкцыю. Яна будуецца на каменным або цагляным фундаменце, на які ставяцца апорныя 4 слупы. Каркас і дах робяць з дрэва і абцягваюць іх бамбукавымі цыноўкамі. Дахі бываюць з 2 і 4 нахіламі, крыюцца пальмавым лісцем, дранкай або чарапіцай. У кантавой частцы хаціны ладзяць дзверы. Гэта не толькі ўваход, але і адзіная адтуліна, скрозь якую ў хаціну пранікае святло[8][9]. Такі тып жытла добра прыстасаваны для кліматычных асаблівасцяў спякотнай Явы, дазваляе падтрымліваць камфортны тэмпературны рэжым[10]. Для яванцаў характэрна жыць сядзібамі, прычым не толькі ў вёсках, але і ў шматлікіх гарадскіх прадмесцях, дзе дамы не сутыкаюцца адзін з адным.
Са старажытных часоў яванская культавая архітэктура знаходзілася пад уплывам знешніх традыцый, што адлюстравалася ў пабудове грандыёзных будысцкіх помнікаў Барабудур, Прамбанан, індуісцкіх і будысцкіх комплексаў канды, якія запазычвалі многія элементы індыйскага будаўнічага мастацтва. У XV — XVI стст. у будаўніцтве мячэцяў пераважаў арабскі ўплыў[11], аднак паступова сфарміраваўся так званы «малайска-яванскі» архітэктурны стыль, што ўключаў многія традыцыі Паўднёва-Усходняй Азіі.
Аснову яванскай кулінарыі складае вараны на на пару або вараны, а потым падсмажаны рыс, які падаюць з лустамі гародніны і прыправамі. Існуюць разнастайныя стравы з кукурузы, крухмалу, рыбы, садавіны і гародніны. Мяса ў звычайны рацыён уваходзіць рэдка. Малочныя прадукты атрымалі распаўсюджанне толькі пад уплывам еўрапейскай культуры. У ежу абавязкова кладзецца шмат перцу. Папулярныя напоі — кава і чай. Іх ужываюць з салодкімі выпечанымі стравамі. З мясцовых прадуктаў (какосаў, цукровага трыснягу, пальмавага соку і г. д.) робяць прахаладжальныя напоі, піва, віно.
Галоўная традыцыйная вопратка мужчын і жанчын — саронг. Доўгія саронгі апранаюць у святочныя дні, кароткія — падчас працы. Саронг таксама сумяшчаюць са штанамі, курткамі, суколкамі, батыкавымі хусткамі ікет і інш. Мусульмане носяць аксамітныя капялюшыкі.
Яванскае традыцыйнае грамадства фарміравалася шмат стагоддзяў пад уплывам мясцовых звычаяў, індуізму, ісламу, рэлігійнага і саслоўнага падзелу. Сярод яванцаў вылучаюцца тры буйныя групы — абанган, прыяі і сантры (або муслімін)[12]. Абанган складаюць большасць насельніцтва і лічацца простымі. Прыяі — высакародныя. Да сантры адносяць многіх гараджан, рамеснікаў, гандляроў, мусульманскіх святароў. Кожная з гэтых груп мае ўнутраны падзел. На самай ніжэйшай прыступцы грамадскай лесвіцы знаходзіцца частка абанган — вонг чылік (літаральна «малыя людзі»)[13]. Групы маюць няроўны статус, свае традыцыі паводзін, рэлігійных звычаяў. У нашы дні падзел на абанган, прыяі і сантры хутчэй нагадвае стары перажытак і не можа цалкам атаясняцца з падзелам на саслоўі або касты, але яго важнасць у паўсядзённым жыцці яванцаў усё яшчэ дастаткова заўважная.
Яванцы гуртуюцца ў абшчыны дэса, якія маюць малодшыя падпадзяленні дукухі. Дэса займаецца арганізацыяй супольнай працы і святаў, агульным кіраваннем, збірае падаткі. Ужо ў феадальны перыяд яна ператварылася ў адміністрацыйную адзінку дзяржавы. Такое становішча дэса захоўваецца і ў нашы дні. Нават у мінулым сацыяльнае і прававое становішча чальцоў яванскай абшчыны было розным. Вылучаўся пласт паўнапраўных абшчыннікаў, арандатараў і наёмных рабочых. Дэса мела сваю адміністрацыйную структуру. Абшчынныя пасады маглі аплачвацца грашыма, але часцей старасты, духоўныя асобы і іх дапаможцы атрымоўвалі дадатковыя часовыя надзелы.
Пераважаюць манагамныя шлюбы, хаця мусульманскія звычаі дазваляюць палігінію. Для хлопца лепшым лічыцца шлюбны саюз з дачкой брата маці або траюраднымі сёстрамі. Аднак у большасці выпадкаў выбар робіцца па дамоўленасці паміж самімі маладымі людзьмі. Муж і жонка лічацца роўнымі паміж сабой. У ідэале, яванская сям'я нуклеарная, але недахоп сродкаў на асабістае жытло і гаспадарку часцяком вымушае маладыя сем’і жыць разам з бацькамі. Пры разводзе жонка разам з дзецьмі вяртаецца ў сям’ю свайго бацькі.
Адметнасцю яванскага фальклору з’яўляецца мноства казачных і міфічных сюжэтаў[14]. Некаторыя з іх запазычаны з індыйскай эпічнай традыцыі. Яванцы вераць у шматлікіх духаў і звышнатуральных істот[15]. Шырока вядомы танцы яванцаў. Яны падзяляюцца на народныя і тыя, што былі распаўсюджаны пры палацах манархаў, аднак і тыя, і другія глыбока звязаны з гістарычнымі каранямі ранняга сярэднявечча[16]. Першапачаткова танцы арганізоўваліся ў рытуальных мэтах. Пры палацах меліся трупы прафесійных выканаўцаў, якія рыхтавалі тэатральныя і танцавальныя відовішчы, дэманстравалі сцэны з Махабхараты і Рамаяны. Народныя танцы з цягам часу запазычвалі многія элементы прафесійных. У вёсках і гарадах папулярны лялечны тэатр ваянг. Святочныя відовішчы заўсёды суправаджаюцца ігрой аркестраў, якія выконваюць рытмічную музыку на гамелане[17]. Яванскія музыканты — выдатныя імправізатары.
-
Апрацоўка рысавага поля
-
На базары
-
Рыбалоўства (1932 г.)
-
Яванскі батык
-
Яванская маска
-
Яванская вёска, пачатак XX ст.
-
Мужчыны ў традыцыйнай вопратцы
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Яванская мова адносіцца да інданезійскай групы аўстранезійскай моўнай сям’і. Першыя запісы на старажытнаяванскай мове адносяцца да IX — X стст. У розныя часы выкарыстоўваліся разнастайныя алфавіты. У нашы дні пераважае лацінка. Сучасная яванская мова канкуруе з інданезійскай і паступова выціскаецца ёю з літаратуры, са сродкаў масавай інфармацыі і нават пабытовага жыцця.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнай рэлігіяй яванцаў з’яўляецца іслам суніцкага кірунку. Сярод мусульман вылучаецца група абанган, якая практыкуе сінкрэтычныя культы. Папулярны ў мінулым індуізм захаваўся сярод тэнгераў.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Kewarganegaraan, Suku Bangsa, Agama dan Bahasa Sehari-hari Penduduk Indonesia — Hasil Sensus Penduduk, 2010. Badan Pusat Statistik. 2011.
- ↑ West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. — New York, 2009. — P. 343.
- ↑ The Mataram Kingdom & Royal Palaces In Yogyakarta and Surakarta Архівавана 21 верасня 2010.
- ↑ Old Javanese Literature
- ↑ Padi fields: Rice in Central Java, Indonesia
- ↑ Batik Crafts
- ↑ Indonesian Arts & Handicrafts — Living in Indonesia
- ↑ Joglo, A Remarkable Javanese Traditional Home Architecture Архівавана 26 лютага 2014.
- ↑ Java House Traditional Elements Архівавана 25 лістапада 2013.
- ↑ Traditional Javanese Residential Architecture Designs and Thermal Comfort. A Study Using a Computational Fluid Dynamics Program to Explore, Analyse, and Learn from the Traditional Designs for Thermal Comfort: Absract
- ↑ Ahmed E. I. Wahby. The Architecture of the Early Mosques and Shrines of Java: Influences of the Arab Merchants in the 15th and 16th Centuries? Dissertation in der Fakultät Geistes- und Kulturwissenschaften (GuK) der Otto-Friedrich-Universität Bamberg. — Bamberg, 2007.
- ↑ The Javanese Архівавана 7 кастрычніка 2012.
- ↑ The Javanese family
- ↑ Introduction to Indonesian Folklore
- ↑ Countries and Their Cultures: Javanese
- ↑ Javanese Traditional Dance Архівавана 14 ліпеня 2014.
- ↑ Fredric Lieberman, Relationships of Musical and Cultural Contrasts in Java and Bali(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 ліпеня 2015. Праверана 12 красавіка 2014.