Адзіная эканамічная прастора

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абрэвіятура АЭП
Папярэднік Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі
Пераемнік Еўразійскі эканамічны саюз
Утварэнне 1 студзеня 2012
Юрыдычны статус агульны рынак
Штаб-кватэра Расія, Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга, раён Замаскварэчча, вул. Летнікоўская, д. 2
Дзяржавы-члены
Афіцыйныя мовы
Кіруючы орган Еўразійская эканамічная камісія
Сайт ЕЭК.

Адзіная эканамічная прастора — агульны рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, створаны 1 студзеня 2012 года.

Задачамі аб’яднання з'яўляюцца лібералізацыя ўнутрыэканамічных адносінаў і здзяйсненне знешняга калектыўнага пратэкцыянізму. Дзяржавамі-членамі зяўляюцца:

17 пагадненняў[правіць | правіць зыходнік]

19 снежня 2011 года ў Маскве (Расія) Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў зацвердзіў Рашэнне № 9 «Аб уступленні ў сілу міжнародных дамоваў, якія ўтвараюць Адзіную эканамічную прастору Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі»[1]. Паводле Рашэння, прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Дзмітрый Мядзведзеў пастанавілі: «З 2012 года, з улікам выканання Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан і Расійскай Федэрацыяй належных унутрыдзяржаўных працэдураў, увесці ў дзеянне наступныя міжнародныя дамовы»:

  • Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах тэхнічнага рэгулявання ў Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліцы Казахстан і Расійскай Федэрацыі ад 18 лістапада 2010 года;
  • Пагадненне аб супрацы па супрацьдзеянні нелегальнай працоўнай міграцыі з трэціх краін ад 19 лістапада 2010 года;
  • Пагадненне аб прававым статусе працоўных мігрантаў і членаў іх сямей ад 19 лістапада 2010 года;
  • Пагадненне аб забеспячэнні доступу да паслуг натуральных манаполіяў у сферы электраэнергетыкі, згодна з асновамі цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі ад 19 лістапада 2010 года;
  • Пагадненне аб узгодненай макраэканамічнай палітыцы ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб стварэнні ўмоваў на фінансавых рынках для забеспячэння свабоднага руху капітала ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб узгодненых прынцыпах валютнай палітыкі ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах рэгулявання дзейнасці суб'ектаў натуральных манаполіяў ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах канкурэнцыі ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб адзіных правілах выдачы прамысловых субсідый ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб адзіных правілах дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб дзяржаўных закупках ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб гандлі паслугамі і інвестыцыямі ў дзяржавах-удзельніцах Адзінай эканамічнай прасторы ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб адзіных прынцыпах рэгулявання ў сферы аховы і абароны правоў інтэлектуальнай уласнасці ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб правілах доступу да паслуг суб'ектаў натуральных манаполіяў у сферы транспартавання газу па газатранспартных сістэмах, згодна з асновамі цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі ад 9 снежня 2010 года;
  • Пагадненне аб рэгуляванні доступу да паслугаў чыгуначнага транспарту, згодна з асновамі тарыфнай палітыкі ад 9 снежня 2010 года[2].

17-е пагадненне «Аб парадку арганізацыі, кіравання, функцыянавання і развіцця агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі» ад 9 снежня 2010 года ўступіла ў сілу 23 мая 2013 г., калі ўрад Казахстана ратыфікаваў казаска-расійскае Пагадненне «Аб гандлёва-эканамічнай супрацы ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Рэспубліку Казахстан» ад 9 снежня 2010 года.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

19 верасня 2003 прэзідэнты Беларусі, Казахстана, Расіі і Ўкраіны падпісалі Пагадненне аб намеры сфарміраваць Адзіную эканамічную прастору. Аднак Украіна зацягвала працэс, імкнуўшыся да атрымання палітычных і эканамічных пераваг, а з прыходам да ўлады прэзідэнта Юшчанкі пачала развіваць ідэю Еўраатлантычнай інтэграцыі (уваходу ў Еўрапейскі Саюз і НАТА).

18-19 лістапада 2010 года ў Санкт-Пецярбургу (Расія) прэм’ер-міністры Беларусі, Казахстана і Расіі Сяргей Сідорскі, Карым Масімаў і Уладзімір Пуцін падпісалі першыя 4 пагадненні «ў мэтах утварэння Адзінай эканамічнай прасторы». Падпісанне адбылося ў рамках Міждзяржаўнага савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці на ўзроўні кіраўнікоў урадаў. 9 снежня 2010 года ў Маскве, Беларусь, Казахстан і Расія падпісалі на паседжанні Міждзяржсавету ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў астатнія 13 пагадненняў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы. З іх 3 падпісалі прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Дзмітрый Мядзведзеў: «Аб узгодненай макраэканамічнай палітыцы», «Аб стварэнні ўмоў на фінансавых рынках для забеспячэння свабоднага руху капіталу» і «Аб узгодненых прынцыпах валютнай палітыкі». Астатнія 10 падпісалі віцэ-прэм’еры ўрадаў[3].

21 снежня 2010 года ўсе 17 пагадненняў ратыфікавала Палата прадстаўнікоў Беларусі, а 22 снежня — Савет Рэспублікі.

18 лістапада 2011 года ў Маскве (Расія) прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі А.Лукашэнка, Н.Назарбаеў і Д.Мядзведзеў падпісалі Дамову «Аб Еўразійскай эканамічнай камісіі», якую стварылі «як адзіны пастаянна дзейны рэгулюючы орган Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы». Паводле 3-га артыкула Дамовы, Камісія атрымлівала паўнамоцтвы ў 19 галінах, у тым ліку праз 17 пагадненняў 2010 года, якія ўтваралі АЭП[4].

Зноскі

  1. Максім Карлюк (27 верасня 2012). "Інстытуцыйная структура Еўразійскай інтэграцыі" (PDF). Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (Вільнюс). Праверана 9 лістапада 2017.
  2. "Рашэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ад 19 снежня 2011 г. № 9 «Аб уступленні ў сілу міжнародных дамоваў, якія ўтвараюць Адзіную эканамічную прастору Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі»" [руская]. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. 20 снежня 2011. Праверана 9 лістапада 2017.
  3. "Адзіная эканамічная прастора: даведка" [руская]. Расійскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны». 1 студзеня 2012. Праверана 9 лістапада 2017.
  4. "Дамова «Аб Еўразійскай эканамічнай камісіі»" (PDF) [руская]. Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. 2012. Праверана 9 лістапада 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]