Перайсці да зместу

Аксана Барысаўна Аракчэева

Гэты артыкул выстаўлены на рэцэнзію
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аксана Аракчэева
Фатаграфія
Аксана Аракчэева, вернісаж выставы ў музее Янкі Купалы, Мінск.
Імя пры нараджэнні Аксана Барысаўна Аракчэева
Дата нараджэння 24 сакавіка 1963(1963-03-24) (61 год)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Бацька Барыс Уладзіміравіч Аракчэеў
Род дзейнасці мастачка, графік, ілюстратарка, настаўніца мастацтва
Вучоба
Мастацкі кірунак Станковая і кніжная графіка, жывапіс, анімацыя
Член у
Узнагароды
Сайт arakcha.by/…
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аксана Барысаўна Аракчэева (нар. 24 сакавіка 1963(1963-03-24), Мінск) — беларуская мастачка, педагог, пісьменніца. Член Беларускага саюза мастакоў. Лаўрэат прэміі Васіля Віткі, дыпламант ЮНЕСКА. Куратар перасоўнай галерэі «GalerieKaras»[1][2][3][4].

Куратар выстаў у пасольстве Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Супрацоўнік «Таварыства чэшска-беларускага сяброўства ў Празе»[5].

Аўтар больш за ста жывапісных партрэтаў (Францыска Скарыны, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы, Тадэвуша Кандрусевіча і іншых). Яе працы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў галерэях ды прыватных калекцыях замежжа. Яе руцэ належыць мастацкае афармленне больш за 70 кніжак, пераважна для дзяцей[6][⇨].

Асноўныя творы: цыкл «Казкі лета», дыптых «Мой Мінск», «Гаспадыня Зіма», «Паненка Восень», трыпціх «Сланечнікі», палотны з цыклу «Нам засталася спадчына», цыкл «Мінскія вокны»[3].

Біяграфія

Аксана Аракчэева нарадзілася ў Мінску ў 1963 годзе ў сям’і вядомага беларускага мастака і выкладчыка жывапісу Барыса Уладзіміравіча Аракчэева[7] і Галіны Ягораўны Перасецкай (працавала загадчыцай касцюмернага цэха ў Оперным тэатры)[8].

З пяці гадоў вучылася маляванню ў студыі заслужанага настаўніка БССР мастака-жывапісца Сяргея Каткова, а таксама ў скульптара Святланы Гарбуновай. Научалася ў мінскай мастацкай школе № 1. У 1982 годзе скончыла Мінскае мастацкае вучылішча[9].

З 1982 па 1988 год была студэнткай Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (аддзяленне станкавай графікі). Кіраўніком дыплома быў прафесар, заслужаны дзеяч мастацтва Уладзімір Пятровіч Савіч. Аркушы з дыпломнай працы (ілюстрацыі да казкі Змітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка») былі набыты Фондам Саюза мастакоў Беларусі[9].

З 1986 года прымае ўдзел у выставах. Працуе ў станковой і кніжнай графіцы, жывапісу, анімацыі[10].

З 1994 года — член Беларускага саюза мастакоў[11].

З 2010 з’яўляецца куратарам выстаў у пасольстве Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама каардынатарам выставы беларускіх мастакоў «Душа Беларусі» ў Парламенце Чэхіі ў Празе[5].

Восенню 2016 года арганізавала ў гістарычным цэнтры Прагі, у Страгаўскім манастыры, вялікую выставу «Шляхам Скарыны да Прагi», прысвечаную 500-гадоваму юбілею беларускага кнігадрукавання. На выставе былі прадстаўлены творы чатырох беларускіх дынастый мастакоў і майстроў фота — Аракчэевых, Бархатковых, Бацюковых і Масленіковых[12].

Выкладала малюнак, жывапіс, кампазіцыю ў мінскай школе № 185 з архітэктурна-мастацкім ухілам[13].

Аксана Аракчэева першым шлюбам была за Уланоўскім. Сын ад першага шлюбу — Ягор, займаецца музыкай[14]. Трэцім шлюбам (з 2017 года) — за Хельмутам Кіппхардтам (ням.: Kipphardt Helmut), родам з Гамбурга (Германія). Пасля трэцяга шлюбу Аксана Аракчэева жыве і працуе часам у родным Мінску, часам у Гамбургу, дзе пражывае яе муж[4].

Творчасць

Аксана Аракчэева ў сваёй майстэрні, сярод сваіх работ і са сваімі кнігамі.

Пісаць партрэты мастачка Аксана Аракчэева пачала з дзяцінства. Спачатку малявала бацькоў і сясцёр, потым пачала сяброў з двара[15]. Першапачаткова планавала вывучыцца на мадэльера, але трапіўшы на графічнае аддзяленне, улюбілася ў гэтую справу[16].

Вучылася ў такіх мастакоў, як Віктар Варламаў, Леанід Каленік, Генадзь Грак, Віктар Мікіта, Людміла Кальмаева, Уладзімір Савіч. Пасля завяршэння аддзялення графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута працавала ў розных выдавецтвах, стварала ілюстрацыі да кніг[10].

Аформіла каля 70 кніг[17][6], сярод якіх: «Сярэбраная табакерка» Змітрака Бядулі, «Басни» (бел.: «Байкі») Івана Крылова, «Резвушка — хохотушка…» (бел.: «Гарэзка-рагатушка») Ізы Заслонавай, «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Людмілы Рублеўскай, «Брык і Шуся» Таццяны Сівец, «Звяры ў трамваі» Ніны Галіноўскай, казкі Алеся Карлюкевіча, «Мяне завуць Лахнеска» Алены Масла, «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка», «Чароўны кошык» і «Сад з матылькамі» Тамары Бунта, «Закаханы трэцякласнік» Уладзіміра Ліпскага, «Байкі і казкі бабкі Параскі» Таццяны Атрошчанкі і інш.. Супрацоўнічае з выдавецтвамі «Пачатковая школа», «АЗБУКВАРИК», «Мастацкая літаратура», «Вышэйшая школа», з часопісамі «Вясёлка», «Рюкзачок» і інш[18]. Сама мастачка так апісвае сваю працу афармлення кніг:

«Калі працую над кнігай, то амаль жыву, патанаю ў ёй. Спачатку чытаю першы раз, раблю эскізы, потым перачытваю зноў і зноў. Працую ў кожную вольную хвіліну, нават у самалёце»[19].

У лістападзе 2009 года ў мінскім Літаратурным музеі М. Багдановіча адбылася выстава Аксаны Аракчэевай «Зачараваныя…», якой мастачка распачала свой новы праект у творчым жыцці — складанне галерэі вобразаў асоб, якія ўнеслі значны ўклад ў духоўнае развіццё Беларусі[9]. Да пачатку 2011 года Аксана Аракчэева намалявала і напісала на палатне больш за сотню партрэтаў. Галерэя выяў, створаных пэндзлем мастака, гэта людзі, якія зрабілі ўклад у духоўнае развіццё грамадства: дырэктары, супрацоўнікі музеяў і галерэй, святары, мастакі, урачы, музыкі, дыпламаты і іншыя[10].

Вясной 2010 года ў памяшканні Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі прайшла выстава «Паміж Мінскам і Прагай…», на якой былі прадстаўлены каля 20 графічных і жывапісных партрэтаў супрацоўнікаў пасольства і іншых дыпламатаў, а таксама беларускіх дзеячаў: Наталлі Шаранговіч, Дзяніса Барсукова, Жанны Лашкевіч, віцэ-міс «Мінск-2009» Дар’і Саладухі і іншых[9]. Падчас адкрыцця выставы Пасол Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас[cs] адзначыў, што для яго працы беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай сталі адкрыццём і ён выказаў надзею, што супрацоўніцтва ў сферы мастацтва паміж Беларуссю і Чэхіяй будзе паглыбляцца[20][21].

З 2010 года сумесна з чэшскім пасольствам у Рэспубліцы Беларусь Аксана Аракчэева правяла 46 выстаў у сталічных музеях, бібліятэках, у ДУ «Карцінная галерэя ім. Г. Х. Вашчанкі» (Гомель), Полацкай мастацкай галерэі, Парламенце Чэхіі[22]. Вы­сту­пала ар­га­ні­за­та­рам вы­ста­ў бе­ла­рус­кіх мас­та­коў у Чэ­хіі, у га­ле­рэі ста­ра­даў­ня­га зам­ка ў го­ра­дзе Тршэбіч[23]. Таксама ў горадзе Тршэбіч арганізуе выставы «Katolické gymnázium v Třebíči» (Galerie Chodba).

У лютым 2011 года ў мінскім Палацы мастацтва адбылася персанальная выстава Аксаны Аракчэевай «Зазірнуць у люстэрка душы»[9]. У красавіку 2013 года ў Палацы мастацтваў адкрыўся вернісаж Аксаны Аракчэевай «Бацькаў дар» — рэтраспектыўны паказ твораў жывапісу і графікі мастачкі[24].

У 2013 годзе мастачка зрабіла серыю партрэтаў вядучых салістаў беларускага балета. Карціны экспанаваліся ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета[25]. Гэта партрэты народных артыстаў Беларусі Вольгі Гайко, Людмілы Кудраўцавай і Ігара Артамонава, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Ірыны Яромкінай і Антона Краўчанка, уладальнікаў медаля Францыска Скарыны Дзяніса Клімука і Марыны Вежнавец[10]. Партрэты рэгулярна выстаўляюць на ўсеагульны агляд у фае Вялікага тэатра. За ўшанаванне тэатральных дзеячаў сродкамі выяўленчага мастацтва ў 2015 годзе Аксана Аракчэева атрымала дыплом ЮНЕСКА[26].

У лістападзе 2013 года адбылося адкрыццё выставы мастачкі Аксаны Аракчэевай «Бацькоўскі дар» у Хрустальнай зале РЦНК у Празе (Чэхія). Мерапрыемства было падрыхтавана і праведзена прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Чэхіі сумесна з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Чэхіі. На адкрыцці выставы прысутнічалі ў тым ліку супрацоўнікі МЗС Чэхіі, былы пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Йіржы Карас, а таксама чэшскі графік і ілюстратар Адольф Борн[27].

У 2015 годзе стварыла галерэю вобразаў «Купалінкі» — партрэты кіраўніц Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, сярод якіх: Уладзіслава Луцэвіч (жонка Янкі Купалы), Ядзвіга Раманоўская, Жанна Дапкюнас, Алена Ляшковіч; а таксама партрэты супрацоўніц музея. Серыя знаходзіцца ў фондах музея. Падчас адкрыцця выстаўкі «Купалінкі» мастачцы Аксане Аракчэевай быў уручаны дыплом сябра музея «За папулярызацыю спадчыны Першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы і падтрымку дзейнасці музея»[28].

Аксана Аракчэева падчас творчай сустрэчы з аформленымі ёй кнігамі і з уласнымі творамі.

У 2017 годзе адкрыццём выставы ілюстрацый беларускай мастачкі Аксаны Аракчэевай да дзіцячых кніг «Мой казачны свет» у галерэі «Карас» у замку Тршэбіча распачаўся «Беларускі тыдзень» у Празе, прысвечаны святкаванню 500-годдзя беларускага кнігадрукавання[29].

Аксана Аракчэева таксама з’яўляецца пісьменніцай, яна напісала і адначасова з тым аформіла кнігі пра свайго любімага сабачку: «Фанечка» (2020 год) і «Фанечка: мандарынавая гісторыя» (2021 год)[6].

У 2023 годзе да 60-гадовага юбілею мастачкі выйшла кніга-каталог Аксаны Аракчэевай «Бацькаў дар» — альбом жывапісу і графікі, у які ўвайшлі рэпрадукцыі карцін са славутай серыі Аракчэевай «Мінскія вокны», шэраг жывапісных палотнаў, партрэты славутых гістарычных асоб (Францыск Скарына, Кастусь Каліноўскі) і сучаснікаў: артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета РБ, пісьменнікаў, артыстаў, святароў, дыпламатаў, выдаўцоў, супрацоўніц Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і іншае. Прэзентацыя кнігі адбылася ў мінскім музеі Якуба Коласа[30][26].

Працы мастачкі Аксаны Аракчэевай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Фондзе СМ РБ, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Літаратурным музеі М. Багдановіча, мастацкіх галерэях гарадоў Полацк, Гомель, Светлагорск, Крупкі, Баранавічы, а таксама ў галерэях і прыватных калекцыях замежных краін (Расія, Украіна, ЗША, Канада, Венесуэла, Ізраіль, Італія, Нідэрланды, Германія, Румынія, Сербія, Чэхія, Славакія, Польшча і інш.)[31][32]. Таксама займаецца арганізацыяй выстаў карцін свайго бацькі, мастака Барыса Аракчэева[8].

Крытыка і ацэнка творчасці

Па словах дырэктара мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» і дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Паўла Сапоцькі, творчая дынастыя Аракчэевых — гэта ўнікальная з’ява беларускай культуры. Аксана Аракчэева з'яўляецца не проста паслядоўніца свайго бацькі, але і папулярызатарам беларускага мастацтва. Дзякуючы яе намаганням праведзены дзясяткі выстаў беларускіх мастакоў не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе[33].

Аўтар сумеснага праекта штотыднёвіка «ЛіМ» і Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі «Кніжны свет» Сяргей Шычко лічыць, што сярод работ сучасных беларускіх кніжных графікаў, якія асабліва плённа працуюць над афармленнем выданняў для дзяцей, здабыткі мастачкі Аксаны Аракчэевай асабліва ўражваюць. Кнігі, прачытаныя яе мастакоўскім мысленнем, выходзяць у выдавецтвах «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда». Як адзначае сама мастачка, непасрэдны ўплыў на яе творчасць зрабіў чэшскі ілюстратар графік Адольф Борн[34].

На думку рэдактара аддзела мастацтваў газеты «Літаратура i мастацтва» арт-крытыка Вікторыі Аскера, партрэты, напісаныя Аксанай Аракчэевай, нясуць пазітыўную энергетыку, у іх няма сумных вачэй альбо халодных твараў. Для Аракчэевай больш важна не раскрыць чалавека вонкава, а паказаць яго знутры, каб была заўважная яго глыбіня. Як мяркуе крытык, стаць знакамітай мастачкай і кніжнай ілюстратаркай Аксане Аракчэевай у шмат чым дапамаглі творчая атмасфера ў сям’і і асабістае імкненне. У сваю чаргу сама мастачка заўважае, што яна здолела адтачыць індывідуальны падыход да творчага працэсу і не стала копіяй свайго бацькі, мастака Барыса Аракчэева. Ёй атрымалася пайсці сваім шляхам, і з бацькам яны абсалютна розныя па стылі і тэхніцы жывапісу творцы[15].

Узнагароды

На ўручэнні дыплома ЮНЕСКА.
  • 2015 год — дыплом камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА «За дзейнасць па ўшанаванні тэатральных дзеячаў сродкамі выяўленчага мастацтва»[35].
  • 2015 год — прэмія імя Васіля Віткі за афармленне твораў, змешчаных у часопісе «Вясёлка» на працягу 2015 года[36].
  • 2016 год — медаль Васіля Віткі за мастацкую працу ад часопіса «Вясёлка»[35].
  • 2017 год — падзяка міністра культуры за высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускага выяўленчага мастацтва[35].
  • 2017 год — грамата міністэрства культуры Беларусі «за шматгадовую добрасумленную працу, выдатныя творчыя дасягненні і высокае прафесійнае майстэрства»[35].
  • 2017 год — дыплом за мастацкае афармленне ў намінацыі «Мастак кнігі» на Міжнародны кніжным фестывалі «Зялёная хваля» (Адэса, Украіна), за ілюстраванне казкі Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска». Мерапрыемства праходзіла пад патранатам Украінскай Асацыяцыі выдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў Адэскай гарадской рады[37].

Бібліяграфія

Ілюстрацыі да кніг

Зноскі

  1. Весялуха, М.М. Мінск — Тржэбіч // Літаратура і мастацтва : газ.. — 2014-11-17. — № 41. — С. 9.
  2. Аракчеева Оксана Борисовна. Мастацкая галерэя «БелАрт »Беларускага саюза мастакоў. Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2023. Праверана 10 кастрычніка 2023.
  3. а б Новое издание в коллекции «Дары Президенту Республики Беларусь». Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь (20 снежня 2019). Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2023. Праверана 10 кастрычніка 2023.
  4. а б Завадская І. Переехав в Гамбург, художница Оксана Аракчеева не исчезла из белорусского арт-пространства (руск.). СБ. Беларусь сегодня (28 ліпеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 4 верасня 2023. Праверана 4 верасня 2023.
  5. а б Анталогія беларускага мастацтва. Аксана Аракчэева (руск.). Museum.by — «Музеi Беларусi» (14 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2023. Праверана 15 кастрычніка 2023.
  6. а б в Грушэцкі, А.Л.. Мастакі таксама бываюць пісьменнікамі. Новы Час (22 мая 2022). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 2 верасня 2023.
  7. Ширко Н. Творческое наследие Мастера (руск.). Чырвоны прамень (8 кастрычніка 2019). Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2019. Праверана 10 лістапада 2019.
  8. а б Весялуха М.. Правілы жыцця Барыса Аракчэева. Звязда (19 красавіка 2016). Праверана 10 лістапада 2019.
  9. а б в г д 2 лютага (серада) 2011 года, а 18-й гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” (руск.). Беларускі саюз мастакоў (11 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2015. Праверана 13 кастрычніка 2023.
  10. а б в г Бурак И. От земли до небес с Оксаной Аракчеевой(руск.) // Во славу Родины : газета. — Мн.: Мінабароны РБ, 6 ліпеня 2013. — В. 123. Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2017.
  11. Смольскі А. Борис и Оксана Аракчеевы приглашают на «Соборную площадь» (руск.). Белорусская деловая газета (26 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 7 ліпеня 2014. Праверана 24 сакавіка 2016.
  12. Хамицевич Т.. Столицы женское лицо. Солнечная и талантливая Оксана Аракчеева (руск.). Минск-Новости (28 кастрычніка 2016). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2023. Праверана 15 кастрычніка 2023.
  13. Выставка произведений заслуженного деятеля искусств Беларуси Бориса Аракчеева и его дочери Оксаны. Светлик (11 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2023. Праверана 15 кастрычніка 2023.
  14. Аскеро 2017, с. 14.
  15. а б Аскера В. Гісторыі жыцця праз выстаўку партрэтаў мастачкі Аксаны Аракчэевай. Звязда (16 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2023. Праверана 9 верасня 2023.
  16. Аскеро 2017, с. 17.
  17. Крупянькова А. Бэз малюецца на шчасце. Маладзечанская газета (4 кастрычніка 2019). Праверана 10 лістапада 2019.
  18. Анталогія беларускага мастацтва. Аксана Аракчэева (руск.). Музеи Беларуси (11 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 2 кастрычніка 2023. Праверана 24 сакавіка 2016.
  19. Весялуха М. Прэзентацыя: Шубуршун пакрыўдзіўся. Літаратура і мастацтва (14 сакавіка 2014). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 2 верасня 2023.
  20. В Минске открылась выставка портретов Оксаны Аракчеевой (руск.). БелаПАН (8 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2023. Праверана 14 кастрычніка 2023.
  21. В Минске открылась выставка портретов Оксаны Аракчеевой (руск.). Современное белорусское искусство (8 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2023. Праверана 14 кастрычніка 2023.
  22. Оксана Аракчеева – дочь гениального живописца, график и аниматор (руск.). СТБ (14 ліпеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 24 сакавіка 2016.
  23. Шыч­ко С. Сон­ца ланд­шаф­таў і кніг. Звязда (11 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2020. Праверана 24 сакавіка 2016.
  24. Вернісаж Аксаны Аракчэевай “Бацькаў дар”. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (2013-04-39). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2023. Праверана 10 кастрычніка 2023.
  25. Іванюшко А. Художница Оксана Аракчеева создала экспозицию своих картин в Национальном академическом Большом театре оперы и балета. Минский Курьер (24 мая 2013). Праверана 6 красавіка 2016.
  26. а б Шыдлоўская С. Увлекательная история. О чем книга белорусской художницы «Бацькаў дар» (руск.). Мінскі кур'ер (6 мая 2023). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 2 верасня 2023.
  27. Выставка белорусской художницы Оксаны Аракчеевой в РЦНК в Праге (руск.). Рускі дом у Празе (5 лістапада 2013). Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2023. Праверана 13 кастрычніка 2023.
  28. Шымук Т. Кветкі Купалавага дома // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 24 красавіка 2015. — В. 4816. — № 16. — С. 16.
  29. Плескачэўская І.. Как проходит белорусская неделя в Праге (руск.). СБ. Беларусь сегодня (14 чэрвеня 2017). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2023. Праверана 15 кастрычніка 2023.
  30. Масла А. Натхняльніца. Сакрэт шчаслівага жыцця Аксаны Аракчэевай. Слушна («Медыцынскі веснік») (27 красавіка 2023). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 2 верасня 2023.
  31. Бацькаў дар. Интерфакс-Запад (25 красавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2016. Праверана 24 сакавіка 2016.
  32. Аскеро 2017, с. 16.
  33. Григорян А. Счастье быть вместе(руск.) // Во славу Родины : газета. — Мн.: Мінабароны РБ, 5 жніўня 2017. Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2018.
  34. Шычко С. У складанага ёсць сінонім – вясёлае // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 2014. — № 38. — С. 9. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2023.
  35. а б в г Аракчеева Оксана Борисовна (руск.). Мастацкая галерэя «БелАрт» (11 лістапада 2017). Архівавана з першакрыніцы 2 верасня 2023. Праверана 9 верасня 2023.
  36. Віншуем лаўрэатаў!. Вясёлка (28 студзеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2022. Праверана 24 сакавіка 2016.
  37. Иванова Т. «Зеленая волна» принесла Беларуси заслуженные награды . Міністэрства адукацыі РБ (11 жніўня 2017). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2017. Праверана 17 жніўня 2017.
  38. Рублеўская Л. Обзор книг Бориса Аракчеева «Бэз малюецца на шчасце». Нарисованное снится. СБ. Беларусь сегодня (26 красавіка 2019). Праверана 10 лістапада 2019.
  39. Шычко С. Бэз: Мастацтва і кветкі. Выдавецкі дом «Звязда» (6 красавіка 2019). Праверана 10 лістапада 2019.

Літаратура

На беларускай мове

На рускай мове

  • Аскеро В. Оксана Аракчеева: «Гордость нашей семьи — быть разными» // Город женщин : журнал. — 2017. — В. 27. — № 5. — С. 16—19.
  • Аскеро В. Только смелым покоряется Олимп // Минский курьер : газета. — 5 октября 2010. — В. 2019. — № 180.

Спасылкі