Перайсці да зместу

Армянская Апостальская Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Армянская апостальская царква
Հայաստանեայց Առաքելական Եկեղեցի
Асноўная інфармацыя
Заснавальнікі Апостал Варфаламей, Апостал Фадзей
Прадстаяцель у наш час Гарэгін II, Каталікос усіх армян
Цэнтр Вагаршапат
Рэзідэнцыя Прадстаяцеля Вагаршапат
Юрысдыкцыя (тэрыторыя) Сцяг Арменіі Арменія
Сцяг Нагорна-Карабахскай Рэспублікі НКР
Джавахетыя
Мова набажэнстваў армянская
Каляндар Грыгарыянскі, Юліянскі
Колькасць
Вернікаў 9 млн
Сайт


Армя́нская Апо́стальская Ца́рква (арм.: Հայաստանեայց Առաքելական Եկեղեցի; поўная афіцыйная саманазва — Адзіная Святая саборная Апостальская Праваслаўная Армянская Царква; распаўсюджана, але не выкарыстоўваецца ў самой Царкве назва Армяна-Грыгарыянская Царква) — адна са старажытных хрысціянскіх цэркваў, якая мае шэраг істотных асаблівасцей, якія адрозніваюць яе як ад праваслаўя, так і рымскага каталіцызму. Звычайна залічваецца рэлігіязнаўцамі да групы дахалкедонскіх арыентальных цэркваў. Некаторымі разглядаецца як самая старажытная «нацыянальная царква» ў свеце.[1] Адміністрацыйна, існуе дзве незалежныя структуры: з цэнтрам у Эчміядзіне і Кілікійскі каталікосат — Каталікосат Вялікага Дома Кілікійскага (арм.: Մեծի Տանն Կիլիկիոյ Կաթողիկոսութիւն) з цэнтрам (з 1930) у Анцэліясе, Ліван.

Часам заснавання прынята лічыць 301 год — яна была створана намаганнямі свяціцеля Грыгорыя Асветніка (памёр у 335 г.), сын і пераемнік якога, Арыстакес, быў удзельнікам I Сусветнага сабору. У сваёй дагматыцы грунтуецца на пастановах трох першых Сусветных сабораў і прытрымваецца хрысталогіі свяціцеля Кірыла Александрыйскага (г. зн. міяфізіцтва; багаслоўскія крытыкі ААЦ традыцыйна сцвярджалі, што яе багаслоўе варта тлумачыць як монафізіцкае). У IV Сусветным саборы не ўдзельнічала па аб'ектыўных прычынах і пастаноў яго не прыняла. У перыяд з 491 па 536 канчаткова адасобілася ад Канстанцінопальскага патрыярхата і сусветнай царквы.

У цяперашні час налічае 5 епархій у межах Арменіі і некалькі іншых у Амерыцы, Азіі, Еўропе і Аўстраліі.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Звесткі аб раннім перыядзе хрысціянскай пропаведзі ў межах Арменіі малалікія.

Па шэрагу сведчанняў (на армянскай, сірыйскай, грэчаскай і лацінскай мовах), хрысціянства ў Арменіі прапаведавалі святыя апосталы Фадзей і Варфаламей, якія сталі, такім чынам, заснавальнікамі Царквы ў Арменіі.

Паводле падання Армянскай Царквы, пасля Ушэсця Збаўцы адзін з Яго вучняў, Фадзей, прыбыўшы ў Эдэсу, вылечыў цара Асраены Аўгара ад праказы, пасвяціў Адэя ў епіскапы і адправіўся ў Вялікую Арменію з пропаведдзю Слова Божага. Сярод мноства звернутых ім да Хрыста была дачка армянскага цара Санатрука Сандухт. За пропаведзь хрысціянства апостал разам з царэўнай і іншымі новазвернутымі прынялі па загадзе цара пакутніцкую смерць у Шаваршане, у гаварэ Артаз.

Праз колькі гадоў, на 29 год кіравання Санатрука, апостал Варфаламей пасля пропаведзі ў Персіі прыбыў у Арменію. Ён звярнуў да Хрыста сястру цара Вогуі і шматлікіх вяльможаў, пасля чаго па загадзе Санатрука прыняў пакутніцкую смерць у м. Арэбанос, якое размешчана паміж азёрамі Ван і Урмія.

Да нас дайшоў фрагмент гістарычнага падання, якое апавядае аб пакутніцтве Св. Воскеанаў і Св. Сукіасэанаў у Арменіі ў канцы I — пачатку II стагоддзяў. Аўтар спасылаецца на «Слова» Таціяна (II ст.), які быў добра знаёмы з гісторыяй апосталаў і першых хрысціянскіх прапаведнікаў. Паводле гэтага пісання, вучні апостала Фадзея на чале з Хрусіем (грэч. «золата», па-армянску «воскі»), што былі рымскімі пасламі да армянскага цара, пасля пакутніцкай смерці апостала атабарыліся ў вытоках ракі Еўфрат, у цяснінах Цахкеац. Пасля ўзыходжання на трон Арташэса яны, прыйшлі ў палац і сталі прапаведаваць Евангелле.

Заняты вайной на ўсходзе, Арташэс папрасіў прапаведнікаў ізноў прыйсці да яго пасля яго вяртання і працягнуць гутаркі аб Хрысце. У адсутнасць цара Воскеаны звярнулі ў хрысціянства некаторых прыдворных, што прыбылі з краіны аланаў да царыцы Саценік, за што былі адданы пакутніцкай смерці царскімі сынамі. Звернутыя ў хрысціянства аланскія князі пакінулі палац і пасяліліся на схілах гары Джрабашх, дзе, пражыўшы 44 гады, прынялі пакутніцкую смерць на чале са сваім правадыром Сукіясам па загадзе аланскага цара.

У I стагоддзі распаўсюджванню хрысціянства ў Арменіі спрыяў шэраг знешніх і ўнутраных прычын. Так, напрыклад, у той час хрысціянства атрымала шырокае распаўсюджанне ў суседніх з Арменіяй краінах: Кападокіі, Асраене і Адыябене, гандлёвыя, палітычныя і культурныя сувязі з якімі стваралі спрыяльныя ўмовы для распаўсюджання хрысціянства ў Арменіі.

Акрамя таго, у I-III стагоддзях Малая Арменія палітычна з'яўлялася часткай рымскай правінцыі Кападокіі, і цалкам натуральна, што хрысціянства магло праз Малую Арменію распаўсюджвацца ў Вялікай Арменіі.

Важнай перадумовай для распаўсюджання хрысціянства з'яўлялася існаванне ў Арменіі яўрэйскіх калоній. Як вядома, першыя прапаведнікі хрысціянства звычайна пачыналі сваю дзейнасць у тых месцах, дзе знаходзіліся яўрэйскія абшчыны. Так, апостал Фадзей, прыбыўшы ў Эдэсу, спыніўся ў доме нейкага вяльможы-яўрэя Тубіі. Яўрэйскія абшчыны існавалі ў галоўных гарадах Арменіі: Тыгранакерце, Арташаце, Вагаршапаце і інш.

Тэртуліян у кнізе «Супраць іўдзеяў», напісанай у 197 годзе, апавядаючы аб народах, якія прынялі хрысціянства: парфянах, лідыйцах, фрыгійцах, кападакійцах, — згадвае і аб армянах. Гэтае сведчанне пацвярджае і святы Аўгусцін († 430) у сваім творы «Супраць маніхеяў».

У канцы II — пачатку III стагоддзяў хрысціян у Арменіі праследавалі цары Вагарш II (186196). Хасроў I (196216) і іх пераемнікі. Гэтыя ганенні апісаў епіскап Кападакійскай Кесарыі Фірміліян (230268) у сваёй кнізе «Гісторыя ганенняў на Царкву».

Яўсевій Кесарыйскі згадвае пра ліст Дыянісія, епіскапа Александрыйскага «Аб пакаянні да братоў у Арменіі, дзе епіскапам быў Меружан» (VI, 46. 2). Ліст датуецца 251255 гг. Такім чынам, у сярэдзіне III стагоддзя ў Арменіі існавала арганізаваная і прызнаная Сусветнаю Царквой хрысціянская супольнасць.

У 301 цар Трдат III абвясціў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй, адмежаваўшыся ў рэлігійных адносінах ад сасанідскага Ірана, з якім Арменія да таго складала фактычна адзінае цэлае. Першарадную ролю ў прыняцці хрысціянства адыграў Грыгорый Асветнік Арменіі, які стаў першым Католікосам Армянскай Царквы (302—326).

У 303 быў пабудаваны сабор Эчміядзін (ля Ерэвана), што стаў рэлігійным цэнтрам усіх армян і месцазнаходжаннем Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян (за выключэннем параўнальна невялікага гістарычнага перыяду XIV—XV стст.).

Па імені першага католікоса Грыгорыя Армянская Апостальская Царква часам называецца грыгарыянскай.

У часы Св. Грыгорыя хрысціянства прыняў таксама агванкскі цар Урнайр.

Царкоўная структура і прававы статут

[правіць | правіць зыходнік]

Эчміядзінскаму каталікасату кананічна падпарадкоўваюцца Іерусалімскі і Канстанцінопальскі армянскія патрыярхаты.

Епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША (Каліфарнійскае і Паўночнаамерыканскае), у Паўднёвай Амерыцы, у Заходняй Еўропе (цэнтр — у Парыжы), на Блізкім і Сярэднім Усходзе (Ірана-Азербайджанскае, Тэгеранскае, Ісфаганскае, Іракскае, Егіпецкае), на Далёкім Усходзе (Індыйска-Далёкаўсходняе), на Балканах (Румынскае, Балгарскае і Грэчаскае) знаходзяцца пад кіраваннем Кілікійскага каталікасата.

Дагматычныя асаблівасці Армянскай Царквы

[правіць | правіць зыходнік]

Дагматычнае багаслоўе Армянскай Царквы засноўваецца на вучэннях вялікіх айцоў Царквы IV — V стст.: св. Афанасія Александрыйскага (†370), св. Васілія Вялікага (†379). св. Грыгорыя Багаслова (†390), св. Грыгорыя Ніскага (†394), св. Кірыла Александрыйскага (†444) і інш., а таксама на дагматах, прынятых на Нікейскім (325 г.), Канстанцінопальскім (381 г.) і Эфескім (431 г.) Сусветных саборах. Акрамя хрысталагічнага пытання аб злучэнні дзвюх — боскай і чалавечай — прырод у Хрысце, у астатнім вучэнне Армянскай Царквы цалкам адпавядае веравучэнню Праваслаўнай царквы.

Сабраны ў 451 г. у Халкедоне IV Сусветны сабор з яго веравызначэннем стварыў раскол у Царкве, наступствам якога стала адчужанасць паміж Армянскай і Візантыйскай цэрквамі, між якімі да таго існавалі цесныя сувязі і супрацоўніцтва. Армянская Царква у пачатку VI стагоддзі афіцыйна асудзіла веравызначэнне IV Сусветнага Халкедонскага сабору. Праваслаўныя цэрквы абвінавацілі Армянскую Царкву ў ерасі монафізіцтва. Аднак Армянская Царква, як і IV Сусветны сабор, асудзіла Еўтыхія, настаўніка монафізіцкай ерасі, а яго абаронца Дыяскар Александрыйскі не быў прылічаны да ліку святых.

У Новым Запавеце гаворыцца, што Чароўны Логас, нарадзіўшыся ад Прасвятой Багародзіцы, прыняў дасканалую чалавечую сутнасць. Паводле гэтага, Царква зацвердзіла, аспрэчваючы дакетаў (ератычнае вучэнне, што аспрэчвае праўдзівасць увасаблення Хрыста), праўдзівае ўвасабленне Хрыста і, аспрэчваючы арыян, — Яго Боскасць. Аднак не зусім ясна была ўзаемаадносіна боскай і чалавечай сутнасцей Хрыста: ці злучыліся яны ў адно цэлае, ці засталіся незалежныя, не ўздзейнічаючы адна на адну. Боскі і чалавечы пачаткі ў Хрысце айцы Царквы назвалі прыродай, або існасцю.

Прадстаўнікі Антыяхійскай школы — Дыядор Тарсійскі і Феадор Мапсуестыйскі — прызнавалі ў Хрысце дзве розныя прыроды, боскую і чалавечую, як супрацьлегласці, якія не могуць быць злучаныя, злітыя разам. Прадстаўнікі Александрыйскай школы, узначаленыя архіепіскапам Александрыі Св. Кірылам (†444), засноўваючыся на вучэннях Св. Афанасія (†370) і кападакійскіх айцоў — Св. Васілія Вялікага (†379), Св. Грыгорыя Багаслова (†390) і Св. Грыгорыя Ніскага (†394), — сцвярджалі, што «дзве прыроды злучаныя, але пасля злучэння дзяленне на дзве існасці не мае месца, таму верым, што адна прырода Сына» (PG 72, 192—193, Epist. 40).

III Сусветны сабор, які адбыўся ў Эфесе ў 431 годзе, асудзіў вучэнне паслядоўніка Антыяхійскай школы Нестара, які не прызнаваў Прасвятую Багародзіцай і вызнаваў існаванне дзвюх самастойных прырод, а такім чынам, дзвюх асоб у Хрысце. Праз некалькі гадоў архімандрыт аднаго з канстанцінопальскіх манастыроў Еўтыхій прапаведаваў, што «Госпад наш складаўся з двух існасцей перш злучаных, а пасля злучэння сталі адна існасць».

У азначэнні веры Халкедонскага сабора гаворыцца:

«Итак, следуя святым Отцам, все мы единогласно ўчим, что Господь наш Иисус Христос есть один и тот же Сын, один и тот же совершенный по Божеству и совершенный по человечеству, истинный Бог и истинный Человек, один и тот же, состоящий из словесной (разумной) души и тела, единосущный Отцу по Божеству и тот же единосущный нам по человечеству, подобный нам во всем, кроме греха; рожденный от Отца прежде веков по Божеству, но Он же рожденный в последние дни ради нас и нашего спасения от Марии Девы и Богородицы по человечеству; один и тот же Христос, Сын, Господь, Единородный, познаваемый в двух природах (εν δύο φύσεσιν) неслиянно, неизменно, нераздельно, неразлучно; различие Его природ никогда не исчезает от их соединения, но свойства каждой из двух природ соединяются в одном лице и одной ипостаси (εις εν πρόσωπον και μίαν υπόστασιν συντρεχούση) так, что Он не рассекается и не разделяется на два лица, но Он один и тот же Сын Единородный, Бог Слово, Господь Иисус Христос; такой именно, как говорили о Нем пророки древних времен и как Сам Иисус Христос научил нас, и как передал нам Символ Отцов».

Здавалася, што веравызначэннем Халкедонскага сабора было знойдзена рашэнне праблемы: вызнаюцца абедзве існасці Хрыста, і боская і чалавечая, якія не губляюць сваіх уласцівасцей у злучэнні — гэтым аспрэчвалася ерась Еўтыхія. Вызнаецца і адна асоба, адна выява — гэтым аспрэчвалася ерась Несторыя. Аднак Халкедонскі сабор не мог растлумачыць, як дзве дасканалыя існасці могуць злучыцца ў адной асобе. Прыняццю азначэння «дзве існасці ў адной асобе і ў адным вобразе» перашкаджала перакананне таго часу, што дзве дасканаласці не могуць быць адзіныя, і што наяўнасць дзвюх існасцей прадугледжвае наяўнасць дзвюх асоб.

Многія ўсходнія епіскапы падазравалі, што ў веравызначэнні Халкедонскага сабора таемна хаваецца нестарыянства.

Веравызначэнне Халкедонскага сабора сустрэла сур'ёзнае супраціўленне ва Усходніх цэрквах: на Кіпры, у Палесціне, у Кападокіі, у Сірыі, у Егіпце і нават у Канстанцінопалі. Яно аспрэчвалася шматлікімі памеснымі саборамі. Даследуючы хрысталагічную думку настаўнікаў Армянскай царквы V—VIII стагоддзяў, можам спыніцца на наступных выказваннях.

Петрас Сюнеці (VI ст.) піша: «Ва ўлонні Св. Дзевы злучыліся дасканалае Боства і дасканалая чалавечая прырода непадзельным і неразлучным аб'яднаннем».

Каталікос Ован Одзнеці (717—728) адзначае, што «трэба правільна разумець выраз „адзіная прырода“. Калі гаворыцца: „адзіная прырода ўвасобленага Слова Божага“, мы не павінны дапускаць думкі, быццам бы адна растварылася ў другой або што дзве прыроды зліліся ў адну. Калі гаворыцца: „адзіная прырода“, маецца на ўвазе неапісальнае злучэнне Логаса з целам». У Хрысце дасканалая боская і дасканалая чалавечая існасці злучыліся непадзельна, такім чынам, пасля злучэння «адзіная існасць Хрыстова». Улічваючы гэта, можам сказаць і «адна існасць», і «дзве існасці», калі іх вызнаваць праваслаўна. У Хрысце дзве існасці па сутнасці і адна існасць па злучэнні".

Вучэнне Армянскай Царквы па дадзеным пытанні канчаткова сфармулявана Св. Нерсесам Шноралі ў «Выкладзе веры Армянскай царквы», адрасаваным імператару Візантыі Мануілу Камніну ў 1166 годзе: «Исповедуем, что Единое из Трёх Лиц, Сын… вместился во чрево Девы… прияв от Нея наше греховное и тленное естество: душу, ум и тело… Слово… не призрачно прошло через Неё, как бы чрез канал какой, как превратно ўмствовал Евтихий… Не иной и иной ещё, но Единое Существо и Единое Лице из двух естеств, во Едином Иисусе Христе соединённых несмесным и нераздельным соединением… Мы исповедуем, что от двух естеств соделалось единое и что в соединении не потерялось ни которое из обоих».

Кажучы аб праблеме дзвюх воль і двух уздзеянняў, Св. Нерсэс падкрэслівае: «… Аб волі разумеем мы не так, каб Божая воля ў Хрысце была адваротная волі чалавечай або чалавечая воля Божай, але Адзінай Істоты, што зрабілася поўнай, воля была па розных часах іншая — часам боская, калі жадаў Ён уяўляць сілу Божую, і часам чалавечая, калі жадаў паказваць пакору чалавечае…» «Па падабенстве таго, што ў адзінай самаўладнай волі Боства дваякае было жаданне бяз супраціву (аднаго другому), Божае і чалавечае, верым, што і дзеянне ў злучэнні таксама было Божае і чалавечае… Злучаны з дзвюх супраціўных, стаўшы Адзіным, насіў у Сабе супраціўныя адчуванні абодвух. чалавечай існасцю — пакута і смерць, а Божай — свабода ад страсцей і неўміручасць. Той жа, Які памёр целам, жывы быў па Бостве». З сярэдневечча і да апошняга часу Армянская царква называла Праваслаўную дыяфізіцкай, а Праваслаўная царква Армянскую — монафізіцкай.

У 1964 г. у м. Оргус (Данія) пачаўся дыялог паміж багасловамі Праваслаўных і Старажытнаўсходніх цэркваў. Бакі прыйшлі да наступных высноў:

  • Праваслаўныя цэрквы не з'яўляюцца дыяфізіцкімі, бо дыяфізіцтва — гэта нестарыянства, а Праваслаўныя цэрквы адхіляюць нестарыянства;
  • Старажытнаўсходнія Цэрквы, у тым ліку і Армянская — не монафізіцкія, бо монофізіцызм — гэта еўтыхіянская ерась, якая аддана анафеме Армянскай Царквой.

Дыялог працягваецца і дагэтуль.

Каляндарна-абрадавыя асаблівасці Армянскай царквы

[правіць | правіць зыходнік]

Адной з абрадавых асаблівасцей Армянскай апостальскай царквы з'яўляецца матах, з-за чаго розныя цэрквы і сёння вінавацяць Армянскую апостальскую царкву, называючы яе рэшткай іўдаізму або паганства.

Галоўным сэнсам ахвярапрынашэння з'яўляецца прынясенне дарунка Богу і аказанне літасці бедным.

Ахвярапрынашэнне ў Армянскай апостальскай царкве здзяйсняецца, напрыклад, у перыяд вялікіх свят або ў сувязі з асвячэннем царквы, і матывуецца па-рознаму — хадайніцтва за спачын, у падзяку Богу за літасць, або просьбай аб дапамозе.

У ахвяру прыносяць быка, барана або хатнюю птушку. Ахвяра варыцца ў вадзе, з даданнем асвячонай солі. Мяса яе раздаюць блізкім, прычым яно не павінна заставацца на наступны дзень. Так мяса бычка раздаюць у 40 хат, барана — у 7 хат, пеўня — у 3 хаты. Калі для матаха выкарыстоўваецца голуб — яго выпускаюць на волю.

  • Стаўленне да абразоў

Часта Армянскай апостальскай царкве прыпісваюць іканаборства. Для гэтага ёсць шэраг гістарычных перадумоў. Найперш — валадарства ў VIII—IX стст. у Арменіі арабаў, рэлігія якіх забараняла маляваць людзей, і такім чынам іканапіс быў заменены роспісам. Па-другое — атаясамленне іконашанавання з Візантыйскай царквой, з якой у Армянскай апостальскай царквы былі пэўныя разыходжанні з часоў Халкедонскага сабора. Але к XI стагоддзю падобнае стаўленне змянілася, і ў пытаннях іконашанавання Армянская апостальская царква не адрозніваецца ад Праваслаўнай традыцыі.

  • Перадавы пост

Перадавы пост, які надыходзіць за 3 тыдні да Вялікага Паста, прысутнічае толькі ў Армянскай апостальскай царкве, хоць па сцвярджэннях армянскіх сярэдневяковых пісьменнікаў, Перадавы пост таксама раней існаваў у грэкаў, і лацінян. У час Перадавога паста даўней дазвалялася есці толькі хлеб з соллю, а таксама забаранялася служыць Св. літургію. Ёсць два тлумачэнні назвы «Перадавога» поста. Першае грунтуецца на тым, што Перадавы Пост папярэднічае Вялікаму пасту. Другі — што Перадавы Пост ёсць першы Армянскі пост.

  • Прычашчэнне

Хлеб у Армянскай Апостальскай Царкве пры здзяйсненні еўхарыстыі паводле старажытнага звычаю выкарыстоўваецца прэсны, чаму (у адрозненне ад ПЦ) не аддаецца дагматычнага значэння.

Віно пры здзяйсненні таінства еўхарыстыі ў Армянскай апостальскай царкве выкарыстоўваецца неразведзенае вадой. Звычай гэты ўнікальны для Армянскай апостальскай царквы. Астатнія цэрквы выкарыстаюць разведзенае вадой віно.

  • Каляды

У адрозненне ад іншых цэркваў, Армянская апостальская царква адзначае Каляды Хрыста 6 студзеня (у ноч з 5 на 6 студзеня. Па старым стылі — 19 студзеня) адначасова з Вадохрышчам, што завецца разам «Богаяўленні». Дадзеная традыцыя ў Армянскай апостальскай царкве паводле падання існуе з III ст. Такім чынам, астатнія святы, якія маюць сваёй асновай дату Каляд, адпаведна адзначаюць:

«Стрэчанне Гасподне» (на 8 дзень пасля Каляд) — 13/26 студзеня (ПЦ — 1/14 студзеня)

«Грамніцы» (пасля 40 дзён пасля Каляд) — 14/27 лютага (ПЦ — 2/15 лютага)

«Дабравешчанне» (за 9 месяцаў да Каляд) — 7/20 красавіка (ПЦ — 25 сакавіка/7 красавіка)

Паміж Расіяй, Турцыяй і Іранам

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля страты Арменіяй сваёй дзяржаўнасці (XIV стагоддзе) Армянская апостальская царква заставалася цэнтралізаванай нацыянальнай арганізацыяй.

У 1441 г. Эчміядзін зноў стаў і да цяперашняга часу застаецца рэзідэнцыяй прадстаяцеля Армянскай апостальскай царквы.

У XVII—XVIII стст. узмацніўся ўплыў Расіі ў Арменіі ў супрацвагу Турцыі і Ірана. Ва ўмовах іншаземнага паняволення Арменіі Армянская апостальская царква з'яўлялася цэнтрам навукі і культуры. У школах пры манастырах побач з рэлігійнымі прадметамі выкладалася рыторыка, граматыка, філасофія, матэматыка, жывапіс. У манастырах перапісваліся кнігі і рукапісы.

Пасля ўключэння Арменіі ў Расію (1828) царскі ўрад пацвердзіў асноўныя прывілеі Армянскай царквы.

Як і іншыя цэрквы, Армянская Апостальская Царква варожа паставілася да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

З узнікненнем Армянскай рэспублікі (1918—1920) Армянская Апостальская Царква падтрымлівала яе ўрад і садзейнічала станаўленню армянскай дзяржаўнасці.

Пасля ўсталявання Савецкай улады ў Арменіі (1920) царква заняла лаяльную пазіцыю да Савецкай дзяржавы. Стаўленне савецкай улады таксама можна назваць добразычлівым.

Зноскі

  1. The Journal of Ecclesiastical History — Page 268 by Cambridge University Press, Gale Group, C.W. Dugmore