Перайсці да зместу

Бобр (гарадскі пасёлак)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гарадскі пасёлак
Бобр
Сядзіба. Дом работнікаўская
Сядзіба. Дом работнікаўская
Краіна
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1516
Гарадскі пасёлак з
Вышыня цэнтра
176 м
Насельніцтва
  • ▼855 чал. (1 студзеня 2026)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1796
Паштовыя індэксы
222040
СААТА
6230857905
Бобр (Беларусь)
Бобр
Бобр


Мапа

Бобр[2] (трансліт.: Bobr) — гарадскі пасёлак у Крупскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Бобрскага сельсавета. Знаходзіцца за 10 км ад Крупак, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Бобр (лінія Мінск — Орша). Насельніцтва 948 чал. (2017)[3].

Яшчэ ў 1897 г. наконт назвы бярэзінскага прытоку рэчкі Бобр філолаг-славіст А. Качубінскі ў 1897 г. пісаў:

"Выглядае так, што ў славянстве гэтага імені наўрад ці можна сумнявацца. Але мы думаем, што і тут мы маем справу з літоўскай мовай: у аснове імя ляжыць літоўскае слова, якое блізкае па форме да славянскага і тоеснае па значэнні. У літоўскім bėbrus, babras - наша "бобр"; у латышскім bebra. Без вялікай цяжкасці літоўскае імя пазней магло атрымаць рускую афарбоўку".[4]

Паводле В. Жучкевіча, назва Бобр відавочна звязаная з назвай жывёлы бабёр[5].

На думку У. Тапарова, у назве ракі Бабруя (> Бабруйка) фармант -уя мяркуе зыходную аснову на -u (літ. bebrus), параўн. літ. Bebrujts[6].

Літоўскія гідронімы Babrūngas, Babrūnė, Babrinis, Babrūtė А. Вананас тлумачыць ад bãbras — тое ж, што і літ. bebras «бабёр»[7].

Паводле Ю. Покарнага, ад індаеўрапейскага кораня *bhe-bhros «карычневы; бабёр» паходзяць ст.-інд. babhrú-h «чырвона-карычневы», авест. bawra- «бабёр», ст.-верх.-ням. bibar, літ. bė̃bras, bãbras, bė̃brus, слав. *bebrъ у польскай рачной назве Biebrza, рус. bobr і інш.[8].

На думку У. Тапарова, верхнедняпроўская Бебря, судзячы па вакалізму -е-, з балц., параўн. ст.-пруск. Bebra[9]. Паводле А. Ванагаса, літоўская Bebrė ад літ. bė̃bras[10].

Першы пісьмовы ўспамін пра Бобр датуецца 1516 годам, калі князь Іван Друцкі-Красны адпісаў яго разам з Сакаловічамі і Недаходавым сваёй жонцы Марыне з князёў Заслаўскіх. У 1559 годзе мясцовасць згадваецца як уладанне Хадкевічаў. Захаваўся дакумент 1573 года на перадачу Бабра ў заставу швагру Яна Хадкевіча Станіславу Пацу, у якім паселішча значыцца як мястэчка Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У гэты час тут, паводле інвентару, быў 71 дом, дзейнічаў гасціны двор[11]. Чыншавыя сяляне маёнтка плацілі чынш памерам 50—60 грошаў, па адной бочцы жыта і аўса, па паўтара пуда мёду, «кликуновщину» (1 грош), «вепровщину» (4 грошы), «бирчее» (5—6 грошаў), «поповщину» (1 грош) и па адным кольцы ильну, а таксама павінны былі рамантаваць двор, масты, гаці і млыны[12].

Як сведчыць інвентар, станам на 1614 год у Бабры было 180 аселых мяшчанскіх двароў (пляцаў) на абодвух берагах рэчкі. Апрача таго, мяшчанам належала 90 надзелаў ворыўнай зямлі, вымеранай у валоках і моргах, і 16 г.зв. «гуменных» пляцаў пад гаспадарчымі пабудовамі. Сярод уладальнікаў валокаў і гуменных пляцаў сустракаюцца прозвішчы яшчэ прыкладна 44 мяшчан, не пазначаных у ліку ўладальнікаў мяшчанскіх пляцаў. У Бабры існавала царква, святару якой айцу Фёдару належалі пляц і валока, вольныя ад усіх падаткаў. Згадваюцца таксама карчма на рыначнай плошчы, вадзяны млын з дзвюма коламі і мост, якія здаваліся ў арэнду. У 1699 годзе маёнткам валодаў Бенедыкт Павел Сапега, які ў 1700 годзе прадаў яго Яну Казіміру Лендорфу.

У 1733 годзе Бобр перайшоў у валоданне Агінскіх. Станам на 1743 год у мястэчку было 60 дымоў. У 1760 годзе тут збудавалі мураваны Марыінскі касцёл; мястэчка налічвала каля 100 двароў і было найбуйнейшым з усіх паселішчаў сучаснай Крупшчыны.

1 снежня 1762 года (паводле іншых звестак у 1735 годзе[13]) кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бабру магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі дзве збройныя постаці святых Глеба і Барыса ў каронах»[14].

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бобр апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1828 годзе ў мястэчку пачала працаваць цагельня. У 1842 годзе тут збудавалі царкву. Станам на 1885 год існавалі 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца на 12 месцаў, народнае вучылішча, праваслаўная і 3 яўрэйскія і школы, 2 млыны, 22 крамы; праводзіліся 3 рэгулярныя кірмашы. У 1904 годзе працавалі 2 цагельні. На 1907 год — 445 будынкаў. У Першую сусветную вайну ў 1918 годзе мястэчка занялі нямецкія войскі.

Панарама мястэчка Бобр, 1918

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Бобр увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Бобр вярнулі БССР. 27 верасня 1938 года статус паселішча панізілі да вёскі, аднак ужо 17 лютага 1941 года яно атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года Бобр знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. З 31 сакавіка 1977 года да 18 лютага 2010 года цэнтр Бобрскага пасялковага савета.

  • XIX стагоддзе: 1857 год — 1151 чал., у тым ліку 721 іўдзей[15]; 1863 год — 1113 чал.[16]
  • XX стагоддзе: 1907 год — 2340 чал.; 1969 год — 3 тыс. чал.[17]; 1992 год — 1522 чал.[18]
  • XXI стагоддзе: 2005 год — 1,2 тыс.; 2006 год — 1,2 тыс.; 2008 год — 1,1 тыс.; 2009 год — 1118[19] чал. (перапіс); 2016 год — 957 чал.[20]; 2017 год — 948 чал.[3]

Прадпрыемствы лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці.

Знаходзіцца за 120 км на паўночны ўсход ад Мінска, на аўтамабільнай дарозе Р19. За 4 км на поўдзень ад мястэчка праходзіць шаша М1 (E30)

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

У Бабры працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, 2 бібліятэкі, кінатэатр.

Касцёл Найсв. Дзевы Марыі, знішчаны бальшавікамі

Страчаная спадчына:

Мікалаеўская Царква

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. ↑ Численность населения на 1 января 2026 г. и среднегодовая численность населения за 2025 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, посёлков городского типа — Минск: Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2026. — 30 с.
  2. ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Бабёр
  3. 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. ↑ А. А. Кочубинскій. Территория доисторической Литвы // Журналъ Министерства народнаго просвѣщенія. CCCIX. 1897. Январь. С.-Петербургъ, 1897. С. 87.
  5. ↑ В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 29.
  6. ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 165, 177.
  7. ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 55.
  8. ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 136.
  9. ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 176.
  10. ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 60.
  11. ↑ ЭнцВКЛ 2005, с. 336.
  12. ↑ Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов / [личный состав Виленской комиссии для разбора древних актов: Ф. Н. Добрянский (председатель) и др.]. Т. 14: Инвентари имений XVI столетия. — Вильна: в тип. губерн. правл., 1887. — XXIV, 702 с. — № 11.
  13. ↑ Памяць. Крупскі раён 1999.
  14. ↑ Геральдыка беларускіх местаў 1998.
  15. ↑ Bobr // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 258.
  16. ↑ Беларусь 1995.
  17. ↑ ЭГБ 1994, с. 50.
  18. ↑ ЭГБ 1994, с. 49.
  19. ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  21. ↑ Свято-Николаевская церковь г. п. Бобр
  22. ↑ Царква і праваслаўны прыход Свяціцеля Мікалая