Перайсці да зместу

Барысаўскі галодны бунт (1932)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Барысаўскі галодны бунт, 1932)

Барысаўскі галодны бунт — антысавецкі выступ рабочых Барысава 7 — 9 красавіка 1932 года.

Вынікам абвесткі 5 красавіка 1932 года пра змяншэнне нормаў на хлеб і зняцця з забеспячэння дзяцей рабочых і служачых 3-й катэгорыі 7 красавіка ў Барысаве адбыўся стыхійны мітынг. Праз два дні намеснік паўнамоцнага прадстаўніка (ПП) АДПУ па БССР С. С. Дукельскі і загадчык сакрэтна-палітычнага аддзела ПП АДПУ па БССР Зубрыцкі паведамлялі: «7-га красавіка як у самім горадзе, так і ў прыгарадзе Нова-Барысаў рушылі ўслед масавыя выступленні пераважна жанчын, у выніку чаго была разгромлена хлебная крама і расхоплены хлеб з двух вазоў, якія рухаліся да хлебных крам. З боку жанчын, якія пазапаўнялі вуліцы, і часткова мужчын колькасцю ад 300 да 500 чалавек раздаваліся антысавецкія выкрыкі і заклікі[1] вроде: „Бей всех советских бл…дей“[2]».

Гарадскія чыноўнікі страцілі кантроль над горадам. Міліцыянты спачувальна адносіліся да пратэстуючых. Некаторыя чыноўнікі паўцякалі[1].

Пратэстуючыя неаднаразова звярталіся па паратунак да ваенных. У Барысаве стаялі 7-ы конна-артылерыйскі і 4-ы стралковы палкі. Пад час бойкі з міліцыяй працоўныя крычалі ваенным: «Бараніце рабочых, ім не даюць хлеба, саджаюць у турму»[2].

Пад канец дня найбольш актыўных пратэстуючых арыштавалі. Уначы хлеб быў развезены па крамах. 8 красавіка хваляванні і рабаванні хлебных крамаў аднавіліся. Працоўныя шэрагу прадпрыемстваў не вышлі на працу. Пад час выступу сакратара Барысаўскага райкама Тамашэўскага, абураныя жанчыны выкрыквалі: «Чаму нашым дзецям не даюць хлеба, чым яны горш за іншых?!», «Чаму забяспечваецца Чырвоная Армія, жонкі камсастава, якія нічога не робяць?!», «Згубілі нас!» і г. д. Падчас прамовы Тамашэўскага адзін з рабочых заклікаў натоўп збіць яго, але быў арыштаваны. Людзі патрабавалі яго вызвалення, але гэта не было зроблена[2].

У той самы дзень барысаўскім рабочым на цэхавых сходах было абвешчана, што дзеці аднаўляюцца на цэнтралізаваным забеспячэнні і будуць атрымліваць 200 грам хлеба.

9 красавіка каля хлебных крамаў ізноў збіраліся натоўпы, пераважна з жанчын. Аднак колькасць выступоўцаў зменшвалася. Каля крамаў увесь час дзяжурылі міліцыянты і дружыннікі-камуністы. было зафіксавана толькі тры спробы расхопу хлеба. 10 красавіка выступы сціхлі.

Пытанне аб колькасці людзей, рэпрэсаваных за ўдзел у барысаўскіх хваляваннях, застаецца невысветленым. Працу па выяўленні завадатараў і найбольш актыўных удзельнікаў выступленняў ДПУ пачало адразу. У дакладной запісцы ДПУ ўказана колькасць жыхароў Барысава, якіх планавалася арыштаваць у ноч з 9 на 10 красавіка — 54 чалавека, у тым ліку трое дзяцей. Пераважную большасць складалі так званыя былыя жандары, афіцэры, памешчыкі, дваране і г. д. Колькі людзей было арыштавана непасрэдна пад час хваляванняў 7 — 9 красавіка 1932 года — невядома. У палітыка-эканамічным аглядзе Барысаўскага раёна па стану на 1940 год ёсць наступныя звесткі: «У 1932 г. у горадзе Барысаве была ўскрыта і ліквідаваная к/р група, якая, скарыстаўшыся часовымі цяжкасцямі, спрабавала выклікаць беспарадкі ў горадзе Барысаве. У склад к/р групы ўваходзілі: адзін был. памешчык, 5 был. паліцэйскіх, 1 поп, 2 кулака, 3 гандляра, іншых 5, а ўсяго 17 чалавек».

Бунты паўтарыліся праз год: як пісаў гісторык Юрка Віцьбіч, 3 мая 1933 года, натоўп барысаўскіх жанчын разам з дзецьмі рушыў да прадуктовых складоў, частка складоў была разрабаваная. Супрацоўнікі НКВД паспрабавалі спыніць жанчын, але ім гэтага не ўдалося — жанчыны рушылі да запалкавай фабрыкі, каб выклікаць на вуліцу сваіх мужчынаў.

Паводле гісторыка Юркі Віцьбіча, у выніку бунтаў каля 1400 барысаўцаў былі арыштаваныя, дзвесьце з іх былі расстраляныя адразу, іншыя былі высланыя ў сталінскія канцлагеры і ніводзін з высланых дадому не вярнуўся. Расстрэлы адбываліся ў мясцовасці, якую барысаўцы называюць «Батарэі». На пачатку 2000-х мясцовыя актывісты ўсталявалі там крыжы ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў, але ў 2008 годзе крыжы спілавалі камунальшчыкі.[3]

  1. а б Уладзімір Давыдоўскі. Галадамор у Беларусі (1932—1934 гг.) // Абажур № 3 (72), 2008. С. 53 [1]
  2. а б в Ізноў пра галодны бунт Архівавана 4 сакавіка 2016. на borisov-e.info Архівавана 19 кастрычніка 2010.
  3. https://www.svaboda.org/a/1119337.html Радыё Свабода. Барысаў: на Батарэях знішчылі крыжы