Пярэжыр
Вёска
Пярэжыр
| ||||||||||||||||||||
Пярэ́жыр[1] (трансліт.: Piarežyr, руск.: Пережир) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Месціцца за 45 кіламетраў на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 1 кіламетр ад чыгуначнага прыпыначнага пункту Седча на лініі Мінск — Асіповічы, каля ракі Свіслач. У ранейшыя часы паселішча месцілася на беразе возера, якое было асушана каналамі ў XIX стагоддзі. Возера было на паўднёвым усходзе ад вёскі, паміж Пярэжырам і Зазер’ем.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, пярэжыр — тып сенажаці, калі ніва рыхтуецца праз выпальванне пнёў, а не карчаваннем. Пры гэтым назва магла трансфармавацца з «пярэдзір» (ад слова «дзерці»)[2].
Паводле мовазнаўцы Валянціны Лемцюговай, пярэжар — пясчанае поле, на якім выгараюць пасевы[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ранняя гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У першай палове XV стагоддзя Пярэжыр належаў Судзівою Валімунтавічу, адносіўся да Бакштанскай воласці. У 1447 годзе Станіслаў Кезгайла праз сваю рэлігійнасць аддае частку бакштанскіх маёнткаў разам з местам Ігуменам і 2000 сялянамі ва ўласнасць біскупам віленскім. Гэтая перадача ўключала Пярэжыр, а таксама суседнія вёскі і маёнткі: Азярычына, Узляны, Лешніцу, Такарню і інш[4]. У XVI стагоддзі ў складзе Менскага павета Віленскага, з 1566 года Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, цэнтр уладанняў[5].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Землі былі канфіскаваны ў каталіцкай царквы, у межах падаравання зямель за часамі кіравання Кацярыны II Пярэжыр з Такарнёй быў аддадзены генералу Аляксандру Іскрыцкаму[6], цэнтр уладанняў быў у Такарні.
У 1800 годзе была ўніяцкая царква Мікалая Цудатворцы, якая згарэла ў 1812 годзе, карчма. У 1842 годзе была пабудавана новая драўляная праваслаўная царква Святога Мікалая на месцы старой уніяцкай, фундаваная генералам Іскрыцкім. Пасля 1861 года Пярэжыр стаў цэнтрам воласці Ігуменскага павета. У 1866 годзе было адкрыта народнае вучылішча, у якім на 1886 год вучылася каля 80 дзяцей, 1 дзяўчынка, на 1892 год вучыліся 62 хлопчыкі. У 1879 годзе Пярэжырская царква мела 23 дзесяціны ворыва, 10 дзесяцін сенакосу[7]. У 1886 годзе ў сяле быў млын і вінакурны завод. Паводле перапісу 1897 года ў сяле быў хлебазапасны магазін і піцейны дом.
У 1900 годзе настаўнікам працаваў Фёдар Пасюк. У 1906 годзе народнае вучылішча атрымала ўласнае памяшканне. Настаўнік Адам Вайцяхоўскі за ўдзел у 1-м нелегальным з’ездзе настаўнікаў Мінскай губерні 9 ліпеня 1906 года быў пакараны звальненнем з пасады. Побач з сялом на 1906 год месціўся аднайменны чыгуначны раз’езд[7].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У пачатку 1920-х гадоў працавала няпоўная сярэдняя школа, у 1922 годзе было 3 настаўнікі і 150 вучняў.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Пярэжырскага сельсавета Смілавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 8 ліпеня 1931 года Пухавіцкага раёна, з 12 лютага 1935 года Рудзенскага раёна. У 1927 годзе створана тарфяная арцель, у 1929 годзе калгас «Перамога». З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У ваколіцах дзейнічала савецкае падполле. У студзені 1943 года нямецкімі войскамі было спалена 28 дамоў, забіты 32 чалавекі[8].
З 20 студзеня 1960 года ў Пухавіцкім раёне.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1776 год — 24 двары, 66 жыхароў мужчынскага полу
- 1858 год — 435 жыхароў
- 1886 год — 100 двароў, 750 жыхароў
- 1897 год — 119 двароў, 758 жыхароў
- 1908 год — сяло, 164 двары, 1561 жыхар; чыгуначны раз’езд, 3 двары, 56 жыхароў
- 1917 год — 186 двароў, 1020 жыхароў
- 1960 год — 84 жыхары
- 2001 год — 191 двор, 435 жыхароў[9]
- 2002 год — 193 двары, 445 жыхароў
- 2009 год — 492 жыхары
- 2019 год — 533 жыхары[10]
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічае Пярэжырская сярэдняя школа імя А. Гурыновіча (пры ёй музей імя былога міністра замежных спраў БССР Анатоля Гурыновіча), ёсць вясковая амбулаторыя, аддзяленне сувязі
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Чыгуначнае збудаванне (кан. XIX ст.)
- Брацкая магіла Дукорскіх партызан 1920 года
- Дзве брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан Другой сусветнай вайны
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Царква Святога Мікалая (1842)
- Капліца (упамінаецца ў 1886 годзе)
- Валуны Дзям’ян і Мар’я
Паданні
[правіць | правіць зыходнік]Возера
[правіць | правіць зыходнік]Паводле мясцовага падання, запісанага краязнаўцам Аляксандрам Ельскім у канцы XIX стагоддзя, вёска раней была значна большай, але праз нейкае страсенне яна правалілася і на яе месцы ўтварылася возера[6]. Само возера было асушана каналамі ў XIX стагоддзі, цяпер урочышча на яе месцы завецца Возера[11].
Дзям’ян і Мар’я
[правіць | правіць зыходнік]Доўгі час у Пярэжыры шанаваліся два культавыя камяні: Дзям’ян і Мар’я, якія месціліся ля возера на ўзгорку з назвай Прошча. Валуны былі апісаны этнографам Адамам Багдановічам у канцы XIX стагоддзя. Паводле Багдановіча, валуны месціліся адзін ад аднаго на адлегласці каля 100 сажняў. Мар’я вышынёй у два аршыны, шырыню каля аршына, адзін фут таўшчынёй. Дзям’ян крыху меншы. Людзі бачылі ў валунах прыкметы людзей, Мар’я мела ўзвышэнне пасярэдзіне, якое лічылася жаночымі грудзьмі[12].
Ёсць два паданні пра ўзнікненне валуноў. Паводле першага, у час натоўпу муж з жонкай ратаваліся на лодцы, каля ўзгорка іх прыбіла да берага. Выратавацца можна было з адной умовай — не азірацца, пакуль не спадзе вада, але ў часе ўдару перуна яны абодва не вытрымалі і азірнуліся, пасля чаго адразу ж скамянелі. Паводле другога падання, Бог ператварыў Дзям’яна і Мар’ю ў камяні за працу ў святочны дзень[13].
Лічылася, што валуны лячылі паралюш, глухату, кульгавасць і шэраг іншых хвароб. Маладыя прасілі спрыяння ў шлюбе. Лічылася, што найбольшай сілай камяні валодаюць на маладзік і на Тройцу[14]. Шанаваць валуны прыходзілі з Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай, Пскоўскай і іншых губерняў[12]. Ім прыносілі ахвяраванні (лён, палатно, масла, сыр, ручнікі іншае), дзяўчаты неслі каралі і завушніцы.
У 1932 ці 1933 годзе, за часамі камуністычнага змагання з рэлігіяй, адзін з мясцовым жыхароў перавёз валуны на свой двор, пазней выкарыстаў іх у часе будавання склепу. Паводле мясцовага падання, жыццё ў гэтага чалавека не склалася, яго сын загінуў, а самому яму давялося з’ехаць з вёскі, праз нейкі час ён зрабіў самагубства[15].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Пярэ́жара, н.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 285
- ↑ Яшкін І. Я. 1971.
- ↑ SgKP 1886, с. 788.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 244, [3] с., іл. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 126—127.
- ↑ а б SgKP 1887, с. 10.
- ↑ а б Памяць 2003, с. 716.
- ↑ Поиск - Белорусские деревни, сожжённые в годы Великой Отечественной войны . db.narb.by. Праверана 2 верасня 2024.
- ↑ БелЭн 2001.
- ↑ Belarus . pop-stat.mashke.org. Праверана 5 верасня 2024.
- ↑ Памяць 2003, с. 38.
- ↑ а б Адам Е. Багдановіч. Пережитки древняго миросозерцания у бѣлоруссов. — Гродна: Губернская тип., 1895. — С. 23—24. — 204 с.
- ↑ Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі 2022, с. 75.
- ↑ Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі 2022, с. 155.
- ↑ Памяць 2003, с. 40.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пярэжыр // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 172—173. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць: Пухавіцкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Пярэжыр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 160. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Jelski A. Pereżyry // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście (польск.). — Warszawa, 1887. — S. 9.
- Jelski A. Ozieryczyn // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 788.
- Яшкін І. Я. Пярэжар // Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. / Рэд. М. В. Бірыла. — Мн.: Навука і тэхніка, 1971. — С. 160. — 256 с. — 2 800 экз.
- А. Карабанаў, В. Вінакураў, Л. Дучыц, А. Зайцаў, І. Клімковіч. Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут прыродакарыстання. — 2-е. — Беларуская навука, 2022. — 404 с. — ISBN 978-985-08-2793-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пярэжыр