Княжацкі церам (Полацк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Полацкія княжацкія палаты)
Каменны церам і драўляная пабудова

Княжацкі церам — колішні палац полацкіх князёў, які існаваў у Полацку ў XIIXVI стст.

Пабудаваныя ў паўночнай частцы полацкага дзядзінца ў трэцяй чвэрці XII ст., найверагодней, разам з царквой Архангела Міхаіла[1]. Відаць, у XVI ст. ўваходзілі ў палацавы комплекс полацкага намесніка. Рэшткі выяўленыя выпадкова адкрыты падчас пракладкі вадаправоднай траншэі ў 1976 г. У 19761977 гг. П. А. Рапапортам былі праведзены раскопкі помніка[1]. Захаваліся падмурак і частка цаглянай сцяны.

Асноўны будынак (4,7х4,2 м) амаль квадратны ў плане, складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», з заходняга боку да яго быў прыбудаваны меншы аб'ём (2,5х2,4 м). Падмурак таўшчынёй 60—75 см (у малым памяшканні 50 см) і глыбінёй 1,8 м зроблены з камянёў на вапнавым растворы. У XIV ст. з паўночнага боку да палат прыбудаваны драўляны, з сасновых брусоў, квадратны ў плане (5,3x5,4 м) аб'ём, сцены якога ўнутры былі абмазаны глінай. У палатах знаходзіліся печы, у іх канструкцыі выкарыстаныя гаршковыя і пазней каробчатыя кафлі.

Полацкі церам меў бэлькавыя перакрыцці, некалькі паверхаў і разам з драўлянымі прыбудовамі ўтвараў маляўнічы архітэктурны выгляд.

Магчыма, выява церама змешчана на мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, дзе згадваецца пра мор у Полацку 1092 г. У тэксце летапісу згаданы «хароміны», а на мініяцюры змешчана выява вузкага двухпавярховага будынка з дзвярамі на першым паверсе і вялікім акном на другім. Верагодна, менавіта гэты мураваны будынак (грыдніца) прызначаўся для княжацкіх сходак і піроў[1].

Бліжэйшыя аналагі яму можна знайсці ў Гародне, Чарнігаве і Смаленску. Напрыклад, княжацкія церамы ў Смаленску і Гародне былі размешчаны, як і Полацкі, на краю дзядзінца, над схілам да ракі[1].

Зноскі

  1. а б в г Д. У. ДУК. ГІСТОРЫЯ ПОЛАЦКА: ПА МАТЭРЫЯЛАХ АРХЕАЛАГІЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]