Шчара
Шчара | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 325 км |
Басейн | 6 730 км² |
Расход вады | 31 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | возера Калдычэўскае |
• Каардынаты | 53°16′02″ пн. ш. 26°04′29″ у. д.HGЯO |
Вусце | Нёман |
• Каардынаты | 53°26′25″ пн. ш. 24°44′20″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 0,2 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Нёман → Балтыйскае мора |
|
|
Краіна | |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Шча́ра (афіц. транс.: Ščara) — рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўжыня 325 км. Вадазбор 6730 км²[1]. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 ‰. Агульнае падзенне ракі 77,7 м.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва балцка-яцвяжскага паходжання. У пісьмовых крыніцах фігуруе ў формах «до рѣкы Шарьѣ», «на Щари», «у Шчарю реку», з якіх аднаўляецца адпачатная балцкая форма *Skērijā[2].
Гідранімічны аналаг — прускі гідронім Skarra (< *Skarā). Далей звязана з індаеўрапейскім *(s)ker- «скакаць» (> «бегчы, спяшацца»), якое ў літоўскай дало skėrys «саранча (жамяра, што скача)»[3].
Значэнне назвы Шчара можна перадаць як «Скорая (= хуткаплынная) (рака)».
Шчара цалкам працякала ў землях яцвягаў. Пра гэта сведчаць водныя назвы «Зъято» (ад якой Дзятлава) бліжэй да вусця Шчары і Zyatha адразу на поўдзень ад яе. Гэтыя назвы аднаўляюцца як *Zeitō «Блішчастае (возера)»[4].
У «яцвяжскім» гідранімічным арэале на поўдні ад Нёмана налічваецца цэлы шэраг бессуфіксальна ўтвораных рачных назваў з сугучным пачаткам асноў Sk- і падобнай структурай гукаскладу: Скупа, *Skiba (> Шчыба), сюды ж *Skida (> Скідзель). Меркавана яцвяжскія, яны, аднак, вытлумачваюцца па-рознаму.
Агульнае
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаецца на Навагрудскім узвышшы з возера Калдычава, упадае ў раку Нёман за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Дашкаўцы Мастоўскага раёна. Суднаходная ад аграгарадка Быцень (за 155 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. Праз Выганашчанскае возера злучана Агінскім каналам з ракой Ясельдай (басейн Прыпяці).
Веснавое разводдзе пачынаецца ў пачатку сакавіка і доўжыцца ў сярэднім 65—80 сутак; ускладняецца нераўнамернасцю снегараставання і выпадзеннем дажджоў. Сярэдняе перавышэнне найвышэйшага ўзроўню над летне-асенняй межанню 1,8 м. Замярзае ў канцы снежня (найбольшая таўшчыня лёду 40—65 см), крыгалом у сярэдзіне сакавіка.
Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Шчара падзяляецца на 2 участкі. Ад вытоку да ўпадзення р. Грыўда даліна трапецападобная (шырыня 1,5 км), са стромкімі схіламі вышынёй 15—20 м, пойма нізкая, забалочаная і купістая, перасечана асушальнымі каналамі. Шырыня разліву ад 200 м да 3 км. Ад вусця Агінскага канала пойма парэзана сеткай каналаў, па якіх (і па Агінскім канале) у веснавое разводдзе адбываецца пераліў вады з Шчары ў возера Выганашчанскае.
Рэчышча звілістае, акрамя каналізаваных участкаў у вытоку і перад упадзеннем Грыўды; яго шырыня 15—30 м, месцамі да 60 м. Берагі нізкія, пераважна тарфяністыя. На ўчастку ад упадзення р. Грыўда да вусця даліна трапецападобная, яе шырыня 3—5 км. Схілы стромкія, вышынёй 10—20 м, месцамі 35—40, у ніжнім цячэнні спадзістыя. Пойма забалочаная, яе шырыня ў пачатку ўчастка 1,5 — 2,5 км, у сярэдняй частцы 0,5—0,8 км, у ніжняй 50—300 м.
Асноўныя прытокі
[правіць | правіць зыходнік]Правыя: Ліпнянка, Мышанка, Лахазва, Іса, Воленка, Бярэзніца, Пад’яварка, Артычанка, Смалянка, Трыцаўка. Левыя: Ведзьма, Грыўда, Луконіца, Сіпа, Бабачка, Свідроўка.
На рацэ
[правіць | правіць зыходнік]Гарады: Слонім. Вадасховішчы: Даманаўскае (у сутоках з р. Грыўда), Чамялынскае. ГЭС: Мініцкая ГЭС. Зоны адпачынку: Шчара (на поўдзень ад г. Ляхавічы).
Геалогія
[правіць | правіць зыходнік]Шчара пачынаецца ў паніжэнні рэльефу паміж Навагрудскім і Капыльскім узвышшамі і працягваецца з поўначы на поўдзень у напрамку да р. Ясельды (Палессе). Гэта старажытнае рэчышча існавала да вызвалення Нёманскай нізіны ад ледавіковага покрыва, што дазволіла вадацёкам павярнуць у бок Балтыйскага мора. На ўчастку скразной даліны Шчара заварочвае пад прамым вуглом, перахапляе вусце р. Мышанкі і з дапамогай рэгрэсіўнай эрозіі паварочвае на поўнач — паўночны захад да Слонімскага ўзвышша. Працяг старажытнага мерыдыянальнага адрэзка Шчары разам з Выганашчанскім возерам паслужыў асноўным напрамкам Агінскага (Днепра-Нёманскага) канала.
Зноскі
- ↑ Основные характеристики речных бассейнов (с площадью водосбора ≥ 200 км²) Гродненской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»(недаступная спасылка)
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. — P. 541—542.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 933—934.
- ↑ А. П. Непокупный. Лингвогеографические связи литовских и белорусских форм названий г. Дятлово и его окрестностей // Балто-славянские исследования. М., 1974. С. 153, 155.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.